it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 23

гэтаму куфру, паводле маіх падлікаў, пад 120 год. я цудам змог атрымаць яго ў сваю ўласнасьць.
пару месяцаў таму мне пашчасьціла адшукаць магілу майго прапрадзеда Кандрата Вітко і ягонай жонкі, мае прапрабабкі Зосі.
як высьветлілася, захавалася й ягоная хата -- што праўда, паваенная, бо старая згніла. цяперашні гаспадар хаты, спадар Віталь (вялікі дзякуй яму!), ласкава дазволіў мне забраць некаторыя рэчы з гарышча: кавалкі кроснаў, пабіты гарлач, зьвязку старых ключоў, некалькі здымкаў.
а самыя каштоўныя і маштабныя рэчы -- вось гэты куфар, а таксама дзьве лавы (гл. фота ніжэй).
пару дзён я забраў куфар і перавёз яго сабе на лецішча (дзякуй Алесю Мазаніку за дапамогу!).

у прапрадзеда было 2 сыны і 3 дачкі. сыноў забілі ў вайну свае ж, партызаны пад кіраўніцтвам савецкага выблядка ваўпшасава. дочкі пайшлі ў прымы. значыцца, куфар мог застацца як пасажны ад ягонай жонкі?.. а гэта канец ХІХ стагоддзя.

цяпер ён будзе саграваць мяне каля пісьмовага стала на паддашку.

вось такія 2 лавы ад прапрадзеда вярнуліся да мяне

печ ў прапрадзедавай хаце

на Дзяды мы з братам правялі талаку: паправілі помнікі, устялявалі агароджу. недзе на гэтых могілках пахаваны й мой прапрапрадзед Зьмітрок. гэтае адкрыцьцё -- яшчэ наперадзе.

а ў гэты раз я паехаў на могілкі пераведаць  -- і заграз у полі на паўдарогі. спадар Віталь ласкава прыехаў мяне выцягваць -- і таксама засеў! выратаваў нас толькі старшыня на "ніве", які перад гэтым паўшчуваў: "чаго вы паехалі па пасевах?!" (дарога была размытая)

хата прапрадзеда Кандрата лічылася самай цёплай у вёсцы, да яго хадзілі грэцца сьцюдзёнымі зімовымі вечарамі. Кандрат Вітко нарадзіўся ў 1870 годзе, а памёр у 1957, пражыўшы 87 гадоў.

Тэгі: