it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 26

пасьля публікацыі labadzenka.by пра цудоўны касьцёл у Беніцы і апаганеныя сатаністам парэшткі пахаваньняў тэму ўзьняла маладэчанская "Рэгіянальная газэта". вельмі спадзяюся, што гэта дасьць вынікі!..

Пракурор: “Заяву пра апаганьванне Беніцкага касцёла перагледзяць”

НАСТАССЯ РОЎДА АЛЯКСАНДРА ПАРАХНЯ, Рэгіянальная газэта

МАЛАДЫ ЧАЛАВЕК ВЫКЛАЎ СВАЁ ФОТА З КАСЦЁЛА Ў БЕНІЦЫ Ў САЦЫЯЛЬНАЙ СЕТЦЫ.

Яшчэ 7 студзеня ў Маладзечанскім РАУСе з’явілася заява сябра таварыства аховы помнікаў Андрэя Радкова. У ёй паведамлялася пра маладога чалавека, які зладзіў фотасесію з чарапамі паноў Коцелаў у касцёле Святой Тройцы і Святога Міхала, а потым забраў іх з сабой дадому.

Адказ Андрэю Радкову прыйшоў праз тры тыдні. У ім гаварылася, што дома ў 22-гадовага хлопца чарапы не знайшлі.

З-за таго, што касцёл не знаходзіцца пад аховай і туды можа трапіць фактычна хто заўгодна, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы спадару Андрэю  было адмоўлена.

Больш чым праз паўгода справа зноў пачала набіраць абароты. І можа быць, што хлопец яшчэ панясе пакаранне.

Пракурор Маладзечанскага раёна Роберт ЗУБАІРАЎ:

– Рашэнне няправільнае. Яго трэба адмяняць.

Справа ў тым, што афіцыйна касцёл ні за кім не лічыцца. Ён прызнаны помнікам архітэктуры, які мае гісторыка-культурную значнасць. Але пасля таго, як пры савецкай уладзе касцёл выкарыстоўвалі замест  склада, ён стаіць і руйнуецца.

Пры гэтым атрымліваецца, што ў сельскага Савета няма грошай на яго добраўпарадкаванне, а каталікі кажуць, што не забяруць касцёл, пакуль ён не будзе ў належным стане.

Таму маладога чалавека нельга асудзіць за здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, бо касцёл адчынены і не ахоўваецца, і хлопец ніякіх пашкоджанняў помніку не прычыніў.

Але ён здзекаваўся над чалавечымі астанкамі. Гэта ўключае і  фатаграфаванне. Калі ацэньваць з маральнага пункту гледжання, то ў гэтым ёсць склад злачынства.

Дазнаўцу складана вінаваціць, бо падобнай практыкі вельмі мала, наша грамадства яшчэ не скацілася да такіх выпадкаў. Здаралася, што помнікі валілі на могілках, але каб фатаграфаваліся з чарапамі…

А калі б ён ведаў, што з яго астанкамі паступяць гэтак жа? Што з яго чэрапам, умоўна, будуць гуляць у футбол? Як бы ён да гэтага паставіўся? Тым больш, што хлопец фатаграфаваўся з астанкамі, якія знаходзяцца ў храме, ды яшчэ і пахваліўся гэтым, каб падняць свой імідж. Але гэта не мае розніцы. Любы чалавек заслугоўвае годнага пахавання.

Зразумела, што яго ні саджаць, ні забіваць ніхто не будзе, але сам факт таго, што такія дзеянні ім жа самім не асуджаюцца, ён лічыць, быццам раз адчынена – значыць, усё можна, з’яўляецца амаральным. Так няправільна.

З улікам гэтага пракуратура вывучыць справу і будзе адмяняць прынятае рашэнне і даваць указанні наконт прыцягнення да адказнасці. Расследаванне ўжо пакажа, вінаваты малады чалавек ці не.

Андрэй Радкоў успамінае, як пачыналася справа

– Спадар Андрэй, як вы, жывучы ў Мінску, даведаліся пра апаганьванне касцёла ў Беніцы?

– Я пабачыў фотаздымкі ў адной з сацыяльных сетак. На іх хлопец трымаў у руках чарапы. З гэтым хлопцам у нас ёсць агульныя знаёмыя, таму яго здымкі і з’явіліся ў стужцы навін на маёй старонцы.

– І адразу ж вы напісалі заяву ў міліцыю

– Так, я звярнуўся ў міліцыю на наступны дзень. Мяне так абурыла тое, што я пабачыў! У Беніцы я ніколі не быў, але не змог стрымаць сябе і адразу ж падрыхтаваў заяву.

– Ці даўно касцёл знаходзіцца ў занядбаным стане?

– Пасля таго, як змянілася мясцовае насельніцтва, касцёл стаў непатрэбным. Цяпер там не жыве столькі каталікоў, як раней. Храм належаў Беніцкай парафіі, якой цяпер няма. На будынку касцёла вісіць шыльда, на якой пазначана, што касцёл – гісторыка-культурная каштоўнасць. Але ў ім няма дзвярэй, няма ніякай аховы. Скляпенні разбураныя, у іх можа свабодна зайсці любы ахвотны.

– Як спрацавала міліцыя ў адказ на вашу заяву?

– Заяву прынялі, але  міліцыя адрэагавала надта позна. Аператыўна-пошукавыя работы прайшлі несвоечасова. З-за гэтага не знайшлі падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы.

– У сацыяльных сетках абмяркоўвалася інфармацыя аб тым, што гэты хлопец забраў чарапы дамоў. Ці так гэта?

– Ад агульных знаёмых у мяне ёсць дакладная інфармацыя. Адзін з чарапоў ён падарыў сябру. Другім ён гуляў у футбол. І дзе чарапы шукаць цяпер – невядома.

– Чаму вы не абскардзілі рашэнне міліцыі, якая не пабачыла злачынства ў дзеяннях хлопца?

– Можна сказаць, што я яго пашкадаваў. Мне стала вядома, што ў яго вялікія праблемы. Таму не наважыўся падаць заяву ў другі раз.

– Што трэба змяніць у Беніцы, каб падобныя выпадкі не паўтараліся?

– Найлепшы варыянт, які я бачу, – аднавіць Беніцкую парафію. Але гэта наўрад ці магчыма. Трэба, каб альбо мясцовы райвыканкам, альбо ўвогуле Міністэрства культуры выдзелілі грошы хаця б на дзверы і замкі.

– Якія наступствы ўчынак можа мець у будучыні?

– Над гэтым варта задумацца. Калі наша пакаленне зараз гуляе з касцямі продкаў, можна задаць сабе пытанне: што ж з нашымі касцямі будуць рабіць нашы нашчадкі? І ўявіць жахліва!

– На вашу думку, што можа падштурхнуць чалавека на такі ўчынак?

– Цяжка сказаць. Па-першае, гэта відавочны вынік недахопу выхавання. Па-другое, чалавек, які ідзе на такі ўчынак, не бачыць свайго месца ў грамадстве, не можа вызначыцца ў каштоўнасных арыенцірах. І па-трэцяе, свой адбітак даюць уласныя праблемы.

Тэгі: ,