it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 01
  • Глеб Лабадзенка, фота і відэа прадставіў Сяргей Дубавец, TUT.BY

Цыкл публічных лекцый “Urbi et Orbi” (“Гораду і свету”) – праект Лятучага Універсітэта, накіраваны на фармаванне аўтарытэтаў нацыянальнага масштабу, на прыцягненне выбітных дзеячоў культуры, навукоўцаў, даследчыкаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў да інтэлектуальнага дыялогу па найбольш актуальных пытаннях развіцця Беларусі. Лекцыя Сяргея Дубаўца адкрывае другі сезон. За мінулы год адбылося паўтара дзясятка лекцый, слухачы якіх мелі ўдачу паслухаць Сяргея Харэўскага, Ігара Бабкова, Уладзіміра Мацкевіча, Юлію Чарняўскую, Андрэя Кудзіненку, Міхала Анемпадыстава, Генадзя Сагановіча ды многіх іншых.

 

“Жыццё ў спыненым часе” – так называецца публічная лекцыя літаратара, журналіста і мысляра Сяргея Дубаўца з цыклу “Urbi et Orbi”. Лекцыя адбудзецца 5 кастрычніка (пятніца), у 18.30, у Галерэі "Ў" (пр-т Незалежнасці, 37а) Уваход вольны!
Сяргей Дубавец – чалавек, які ў 1991-м годзе адрадзіў легендарную газету “Наша Ніва” і быў яе рэдактарам да 2000 года. Чалавек, які ўдзельнічаў у стварэнні легендарнай “Беларускай Майстроўні” – галоўным асяродку беларушчыны ў Мінску пачатку 1980-х. Чалавек, які напісаў шэраг эсэ і кніг, якія сталі культавымі ў нацыянальным асяродку. З пачатку 1990-х Дубавец жыве ў Вільні – але ўвесь час бывае ў Беларусі. Цяпер працуе на “Радыё Свабода” ў Празе. Лекцыя 5 кастрычніка – пра тое, чаму “нічога не адбываецца”, пра біяграфіі людзей, якія складаюць нашу гісторыю, пра “Беларускую Майстроўню”. Рэдкая магчымасць паслухаць Сяргея Дубаўца ў Мінску.


Адкрыць/спампаваць вiдэа  (9.34 МБ)

“Людзі назавуць вам дзясяткі прозвішчаў палітыкаў, артыстаў, журналістаў... з Расеі. У Беларусі выбітных сучаснікаў няма”

Вашая кніга пра Майстроўню, кнігі Аляксандра Тамковіча з біяграфіямі сучаснікаў – ці значыць гэта сканчэнне пэўнай эпохі, што час падвесці рысу гэтаму пакаленню і занатаваць біяграфіі найвыбітных ягоных прадстаўнікоў?
Сяргей Дубавец: Кнігі Тамковіча – пра людзей, нашых сучаснікаў, якіх у нармальнай сітуацыі ведала б уся краіна, яны былі б героямі публічнага поля, мы бачылі б іх у тэлевізары. Але сітуацыя ненармальная. Ці памятаеце, у 1990-я была такая газэта "Имя"? Улады яе закрылі, калі праводзілі зачыстку публічнага поля. Каго з выбітных сучаснікаў сёння прыгадае нам чалавек з вуліцы? Прэзідэнта? У тэлевізары паказваюць толькі тых, чыя выбітнасць – толькі ў тым, што іх паказваюць у тэлевізары. Людзі назавуць вам дзясяткі прозвішчаў палітыкаў, артыстаў, журналістаў... з Расеі. У Беларусі выбітных сучаснікаў няма. Вось гэтую тэзу абвяргае сваімі кнігамі Аляксандр Тамковіч. У мяне стаяла іншая задача – распавесці пра кавалак найноўшай гісторыі, сведкам якой я быў, праз гутаркі з маімі таварышамі, якія стварылі Беларускую Майстроўню (1980-1985). У нармальнай сітуацыі пра гэты пачатак публічнага незалежніцкага руху ведаў бы кожны школьнік, пра гэта здымалі б фільмы, а героі кнігі былі б вядомымі ў Беларусі людзьмі. Але сітуацыя ненармальная. Ніхто ў Беларусі на афіцыйным узроўні найноўшую гісторыю не вывучае і не папулярызуе. У апытанках людзі кажуць, што пасля гібелі Машэрава краіну ўзначаліў Лукашэнка, хоць гэтыя падзеі падзяляюць пятнаццаць гадоў. Адкуль узялася незалежнасць і калі, ніхто толкам не ведае. Кажуць, упала з неба. Вось гэтую тэзу я і абвяргаю сваёй кнігай. І гэта тое, што робіць нашы з Тамковічам задачы падобнымі. Мы запаўняем пустату. Гэта толькі гэта і азначае. Бо ніякая эпоха не сканчаецца і рысу падводзіць пакуль няма пад чым. У Беларусі адбылася рэсаветызацыя, у выніку якой насельніцтва ў сваім самапачуванні было адкінутае кудысці ў 1970-я гады. Гэта вызначэнне Вінцука Вячоркі, і я з ім згодны. Выходзіць, што ў сэнсе грамадскае атмасферы кніга пра Майстроўню – яшчэ і пра будучыню.
Майстроўня з’явілася ў, здавалася б, неспрыяльны час: яшчэ дастаткова моцны Савецкі Саюз, слова “нацыяналіст” лічыцца абразай і г.д. Потым, за часам Адраджэння 1991-1994 гадоў, было шмат добрых справаў ды ініцыятываў – але не такіх легендарных, як Майстроўня ці Талака. Сёння мы вярнуліся да пары застою – чаму ж не ўзнікаюць “майстроўні”?
Сяргей Дубавец: Вось таму і не ўзнікаюць, што грамадская атмасфера адпавядае 1970-м гадам. Гэта яшчэ не позні застой. З іншага боку, існуе шмат усялякіх маладзёвых суполак і ініцыятываў, няма сітуацыі першародства і адпаведнай яму пасіянарнасці. Плюс неадэкватная рэакцыя ўладаў на ўсё беларускае. Расклад зорак у небе не паказвае шлях, і месяц не выклікае прыліву. Але ўсё можа зьмяніцца імгненна. Беларусь ужо страціла ладны кавалак таго, што мы называем незалежнасцю, але ўсведамленне страты не авалодвае масамі. Гэта небяспечны стан. Мы гатовыя аднойчы прачнуцца ў якасці расейскай губерніі. Для многіх гэта будзе шокам. Яны адчуюць сябе вельмі жорстка і незваротна падманутымі. І акажацца, што "пакуль тое", грамадская атмасфера спаўзла ўжо ажно ў ХІХ стагоддзе. А там не "майстроўні" стваралі.

“Мы не мусім пакідаць Беларусь, бо нашыя месцы займаюць чужыя людзі”

Практычна ўвесь час незалежнасці Беларусі Вы жывяце за мяжою. Якая галоўная прычына гэтаму? Што парадзіце нацыянальна арыентаваным людзям, якія на раздарожжы: з’яжджаць ці не?
Сяргей Дубавец: Калі я з’ехаў, быў яшчэ Савецкі Саюз. І з’ехаў я ў Вільню, неаддзельную ад беларускай гісторыі і культуры. Мэтай маёй было адрадзіць "Нашу Ніву" там, дзе яна калісьці нарадзілася. Калі ўлічыць, што за ўвесь гэты час не было тыдня, каб я не ўзнікаў недзе ў Астраўцы ці Мазыры, у Горадні, Полацку, Століне (далей поўны спіс беларускіх гарадоў), найчасцей, натуральна, у Менску, дык слова "з’ехаў" будзе гучаць недакладна. Не прадпрымаў я і спробаў натуралізавацца ў літоўскім асяроддзі, хоць маю там шмат сяброў і знаёмцаў. Лішне казаць, што і грамадзянства ў мяне беларускае. Вільня стала для мяне "базай" – бяспечнай, утульнай, спрыяльнай, куды вяртаешся з перманентнага падарожжа. І ўсе мае зацікаўленні – у беларушчыне. У Вільні я сяджу на гары і пазіраю, што робіцца ў даліне –Беларусі. Застаецца дадаць, што ўсе гэтыя гады будаваліся планы пераезду ў Беларусь. Цяпер нейкі час я адпрацоўваю ў Празе, а вяртацца буду ўжо не ў Вільню, а ў Менск. Мы не мусім пакідаць Беларусь, бо калі нас там няма, там роўна настолькі меншае колькасьць беларусаў, а нашыя месцы займаюць чужыя людзі.
У свой час Вы былі адным са стваральнікаў міфа пра ідэальную Вільню як ідэальны беларускі горад. Як лічыце цяпер, ці не памыліліся з выбарам горада? Бо нас ад Вільні аддязліла не проста мяжа, а мяжа Еўразвяза – большасці беларусаў цяжка туды патрапіць. З сённяшняй вышыні – ці не правільней было б выбраць Полацк, Наваградак ці нешта падобнае?
Сяргей Дубавец: Я казаў пра Вільню, як адзін з трох складнікаў беларушчыны. А такія рэчы не змяняюцца за дзесяць, дваццаць і нават сто гадоў. Сёння Вільня 20 гадоў за мяжой, але 500 гадоў яна была калыскай беларускай культуры. Што будзе заўтра і паслязаўтра, не ведае ніхто. А што будзе, калі Беларусь стане нармальнай, беларускай? Як ёй без Вільні? Ніяк. Тут гаворка не пра рэванш, а пра месца Вільні ў беларускіх галовах.

“Мы мусім усвядоміць страту незалежнасці – чым раней, тым менш вусцішна будзе потым”

У інтэрнэце даводзілася бачыць Вашыя рэфлексіі на тэму “русскоязычной культуры и литературы Белоруссии”. Калі коратка: ці мае права на існаванне такая з’ява?
Сяргей Дубавец: У літаратуры ўсё, што існуе, мае права на існаванне. Але я такой літаратуры не ведаю, бо ўсе, хто пішуць па-расейску, шукаюць поспеху ў Маскве. Калі ім дастаткова сваіх Саратава ці Пензы, яны проста ніколі не будуць з’явамі. Менск у гэтым кантэксце – такая ж правінцыя, як Саратаў ці Пенза. Калі яны думаюць, што ад таго, што назавуцца ірландскімі пісьменнікамі, дык адразу стануць Джойсамі і Шоў, гэта іх права. Я не бачу тут праблемы.
Вы нарадзіліся 17 верасня – у дзень “шчаслівага яднання народа Усходняй і Заходняй Беларусі”. Як Вы называеце тое, што адбылося 17 верасня 1939 года? Ці хацелі б Вы “адматаць” гэта назад – пры ўмове, што Гародня і Нясвіж будуць польскімі гарадамі?
Сяргей Дубавец: Я хацеў бы, каб Беласток быў беларускім горадам, а не спаланізаваным сіламоц.
Адна з тэзаў лекцыі гучыць “Чаму нічога не адбываецца”. А што павінна адбывацца – калі глядзець не ў абсалюце, а ў сённяшняй рэальнай сітуацыі?
Сяргей Дубавец: Заўсёды павіннен адбывацца рух да справядлівасці. У рэальнай сытуацыі гэта азначае пашырэнне роднае мовы ўсімі спосабамі, стварэнне беларускіх школ і ўсведамленне страты незалежнасці – чым раней, тым менш вусцішна будзе потым.
ТАКІМ ЧЫНАМ
Лекцыя Сяргея Дубаўца з цыклу “Urbi et Orbi”
“Жыццё ў спыненым часе”
адбудзецца 5 кастрычніка (пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
У Галерэі "Ў" – пр-та Незалежнасці, 37а
(ст.м. "Плошча Перамогі")
On-line трансляцыя лекцыі (можна зайсці як госць)
Тэгі: ,