it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 10

ніжэй перадрукоўваю матэрыял, дзе мяне зачапіла прозьвішча Паўлава, колішняга "мэра" горада-героя Менску.
у сьвятле ягонай практычна кананізацыі (і парк ягонага імя на паўднёвым захадзе, і ледзьве ня помнік яму) -- гэта важная інфармацыя.

Паўлаў запомніўся тым, што прыбраў зь менскіх вуліц шапікі. а гэта -- 40 тысяч беспрацоўных. бо было 20 тысяч шапікаў, у якіх прадавачкі зазвычай працавалі па двое. ужо не кажу пра нязручнасьці для ўсіх і кожнага. элементарную жуйку не стала дзе купіць -- ідзі ў краму. а ў краме даражэй, чым у шапіку было.

другое. менавіта за часам Паўлава распачалося канчатковае зьнішчэньне старога Менску, запачаткаванае яшчэ савецкімі ашавуркамі Панамарэнкам і Машэравым. картбланш атрымала "Мінская спадчына", спрыяў гэтаму адзін з падначаленых Паўлава, кіраўнік аддзела культуры -- таварыш Кураш, цяперашні намесьнік Латушкі. начальнікам у "Мінскай спадчыне" якраз тады зрабіўся былы начальнік "Мілавіцы" Міхаіл Жых. дапамагаў таварыш Нікіцін, былы галоўны архітэктар горада-героя. апошняга як пса пагналі, бо не ўслужыў нейкім там чарговым малпам-інвестарам.

тое, што кажа Абрамава пра Паўлава -- вельмі важна. бо кожны мусіць застацца ў гісторыі самім сабой.

і, вядома, называць сквер імем Паўлава, калі ў Менску няма ані сквера, ані вуліцы Быкава -- гэта абсалютная ганьба. ці былы начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва таварыш Ладуцька спадзяецца, што ў будучыні і ягоным імем сквер назавуць?

 

Вольга Абрамава парушыла зарок маўчаньня

Радыё Свабода

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава перад чарговымі парлямэнцкімі выбарамі распавяла «Свабодзе» пра тое, як фальшаваліся вынікі выбараў па яе менскай акрузе нумар 108 на папярэдніх выбарах — у 2008 годзе. Дэталі падзеяў, пра якія дэпутатка маўчала 4 гады.

Вольга Абрамава

Вольга Абрамава цяпер на пэнсіі, апошнія гады шмат часу прысьвяціла сваёй цяжка хворай маці. Апрача таго, яна піша аналітыку для замежных інстытутаў і СМІ.

Адбылася дэвальвацыя інстытуту выбараў

Спадарыня Абрамава сочыць за цяперашняй выбарчай кампаніяй і як палітоляг фіксуе падзеньне цікавасьці і грамадзтва, і ўлады да выбараў, зьніжэньне якасьці кандыдатаў:

«Адбылася поўная дэвальвацыя інстытуту парлямэнтарызму і інстытуту выбараў. Гэта дыягназ».

Дзеяньні беларускай апазыцыі ў часе цяперашняй кампаніі, калі адны выступаюць за байкот, а іншыя за ўдзел, спадарыня Абрамава называе дэпрэсіўнымі паводзінамі:

«Гэта наступствы той фрустрацыі, якую апазыцыя адчула ў 2010 годзе па выніках прэзыдэнцкіх выбараў, гэта стан прыгнечанасьці і адчаю, спроба нешта рабіць у найцяжэйшых умовах безь якой-кольвечы надзеі на вынік і нават на прамежкавую перамогу. Але гэта лепей, чым нічога».

У такіх умовах спадарыня Абрамава лічыць лягічным скасаваць інстытут выбараў ці прынамсі скараціць колькасьць дэпутатаў:

«Прынамсі, адбылася б эканомія дзяржаўных сродкаў. Затраты на выбары неадэкватныя выніку. Паводле суадносін цана-якасьць не праходзіць... Вы б такі тавар не купілі, калі б вам прапаноўвалі ў вольным канкурэнтным продажы».

Вольга Абрамава кажа пра надзвычай нізкую цікавасьць грамадзян да цяперашніх выбараў і прагназуе, што 23 верасьня яўка ў цэлым складзе каля 50 працэнтаў, але будуць акругі, дзе яўка не складзе і 40 працэнтаў. Астатняе прыпішуць, перакананая Абрамава.

У 2008-м на Абрамаву ціснулі Пяткевіч і Паўлаў

Тэхналёгіі і мэханізмы фальсыфікацыі выбараў добра адпрацаваныя, кажа Вольга Абрамава: калі ў 2000-м годзе пераважала ўкідваньне бюлетэняў, то цяпер няма і такой патрэбы, асабліва пасьля таго, як было ўхваленае рашэньне захоўваць бюлетэні пасьля выбараў не 4 гады, а толькі паўгода. Гэта пралабіявалі рэгіянальныя начальнікі, якія ўсё ж пабойваюцца гіпатэтычнай адказнасьці.

Вольга Абрамава кажа, што зазнала дзеяньне мэханізмаў фальсыфікацыі на ўласным досьведзе падчас выбараў 2008 году. На той час яна была дзейным дэпутатам ужо тры скліканьні і мела ў акрузе вялікую папулярнасьць, асабліва пасьля таго, як прагаласавала супраць скасаваньня ільготаў. Паводле зьвестак сацыёлягаў, яе падтрымлівалі тады больш за 80 працэнтаў выбарцаў. Перад выбарамі ўлады паспрабавалі «пераканаць» Абрамаву адмовіцца ад балятаваньня:

Вольга Міхайлаўна, што вы хочаце ў якасьці кампэнсацыі за тое, што вы больш ня будзеце дэпутатам? ...

«У чэрвені мяне запрасіла ў адміністрацыю Натальля Пяткевіч. Размова пайшла адразу наступным чынам: «Вольга Міхайлаўна, што вы хочаце ў якасьці кампэнсацыі за тое, што вы больш ня будзеце дэпутатам?» У мяне сківіца адвісае, я кажу: «Як?», а потым прыходжу ў сябе і пытаюся: «А як вы гэта сабе ўяўляеце?»

Вольга Абрамава тады заявіла Пяткевіч, што яе адносіны з выбарцамі акругі такія, што перамагчы яе ў сумленнай барацьбе ня зможа ніводзін кандыдат, хіба што Лукашэнка, і то не абавязкова. Але Пяткевіч настойвала, і тады Абрамава назвала дзьве пасады, на якія яе апрыёры не прызначылі б:

«Яна нават пакрыўдзілася і сказала нешта накшталт: ну, гэта для сваіх... Наступным разам я, каб закрыць тэму, патэлефанавала ёй і сказала: «Давайце будзем лічыць, што ніякай гутаркі ў нас не было. Ініцыятыва была вашая, і ў мяне ніякіх пытаньняў да ўлады няма».

Такіх «някемлівых» дэпутатаў у Менску выявілася некалькі, і іх запрасілі да кіраўніка Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава:

Павінна быць ратацыя. Тыя, хто быў дэпутатамі два і тры разы, больш дэпутатамі ня будуць ...

«Ён вымавіў сакрамэнтальную фразу: „Павінна быць ратацыя. Тыя, хто быў дэпутатамі два і тры разы, больш дэпутатамі ня будуць“. Прычым ён сказаў гэта ў прысутнасьці вялікай колькасьці чыноўнікаў».

Вольга Абрамава паспрачалася і з Паўлавым, і не адмовілася ад удзелу ў выбарах. Але неўзабаве адчула, што пачаўся ціск. Зьбіральнікаў подпісаў за яе пераконвалі «не марнаваць часу», бо Абрамава ўжо ня будзе дэпутатам, а два працоўныя калектывы, якім яна як дэпутат дапамагала, у апошні момант адмовіліся яе вылучаць:

«Адзін з кіраўнікоў клінікі кажа: мы ня можам гэтага зрабіць, нам тэлефанавалі з гарвыканкаму (дагэтуль памятаю прозьвішча гэтага чыноўніка) і ў скрайне грубай форме выказалі пагрозу зьняць кіраўніка, калі мне будзе дадзеная рэкамэндацыя».

Абрамава як дзейны дэпутат і кандыдат не змагла сустрэцца з калектывамі 5 устаноў на тэрыторыі сваёй акругі. Толькі рэктар Мастацкай акадэміі прыслаў ліст з выбачэньнямі, іншыя нават не адказалі. Абрамава перакананая, што ў яе выпадку рашэньне прымалі не Пяткевіч і ня Паўлаў, а асабіста Лукашэнка.

У назіральніка былі два розныя пратаколы выбараў

Калі падводзіліся вынікі выбараў 2008 году, зьвесткі зь яе 108-йКаліноўскай акругі ў ЦВК паступілі аднымі з апошніх, нават затрымалі агульную справаздачу ЦВК:

«Уяўляеце, якая там была „нестыкуха“, што, нягледзячы на датэрміновае галасаваньне, ім не ўдалося зьвесьці канцы з канцамі. Тыя назіральнікі, якіх паставіў БХК, і некаторыя замежныя назіральнікі зафіксавалі маю вялікую перавагу ў дзень выбараў».

Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў, паводле якіх Абрамава набрала 24 працэнты галасоў, а яе мала каму вядомы канкурэнт Мікалай Казак — 60, да Абрамавай прыйшоў міжнародны назіральнік:

«Пры гэтым ён сказаў: „Давайце вырашаць, што будзем рабіць. У мяне прамыя доказы фальсыфікацый, мы можам узарваць усю сытуацыю“. Ён прынёс мне копіі двух пратаколаў — той, які раздалі назіральнікам пасьля заканчэньня выбараў у асноўны дзень галасаваньня, і той, які ён змог вырваць у старшыні акруговай камісіі на наступны дзень, які пайшоў у ЦВК. Гэта былі два розныя пратаколы».

Вольга Абрамава тады вырашыла прамаўчаць. Тыя дакумэнты пасьля назіральнік аддаў Лідзіі Ярмошынай.

Хай людзі пабачаць, што ёсьць іншая думка

Выбарцы са 108-й акругі ў 2008-м доўга абураліся, стварылі нават аргкамітэт для змаганьня за Абрамаву. Але яна вырашыла не завастраць сытуацыю. Чаму?

«Як і ў лекара, у мяне ў палітыцы прынцып: не нашкодзіць. І тады ў мяне была надзея на „Ўсходняе партнэрства“. Я вельмі спадзявалася, што гэты працэс зрушыцца, я ведала, што калі я раскажу ўсё, што адбывалася ў маёй акрузе, то гэта можа нэгатыўна адбіцца на сытуацыі».

Вольга Абрамава гэтак адказала, чаму цяпер, праз чатыры гады пасьля тых падзеяў, вырашыла агучыць гэтыя факты:

я прыхільніца таго, каб пачаць збор подпісаў за ўнясеньне ў Крымінальны кодэкс зьменаў, каб жорстка караць за фальсыфікацыі ажно да пажыцьцёвага зьняволеньня ...

«Можа, пасьля гэтай публікацыі, па-першае, на ўзроўні рэгіянальных уладаў людзі хоць пра нешта задумаюцца, хаця б пра сваю бясьпеку — я прыхільніца таго, каб пачаць збор подпісаў за ўнясеньне ў Крымінальны кодэкс зьменаў, каб жорстка караць за фальсыфікацыі ажно да пажыцьцёвага зьняволеньня. І другое — я апэлюю да ўлады: чаго вы баіцеся? Палітычны расклад сёньня такі, што ўсё роўна большасьць будзе за вамі. Пакуль што. Унясіце хаця б нейкую канкурэнцыю ў парлямэнт, зрабіце палітычны працэс цікавейшым, хай людзі пабачаць, што ёсьць іншая думка».

Тэгі: ,