it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 07


відэа: Радыё Свабода

унікальныя людзі, унікальная арганізацыя!

МАТЭРЫЯЛ ЕЎРАРАДЫЁ:

 

“Сённяшнія маладафронтаўцы яшчэ не бачылі асабіста Севярынца і Дашкевіча”

Легендарная моладзевая арганізацыя адзначыла 15-годдзе ўручэннем дыпломаў героям усіх гадоў

Аўтар: Еўрарадыё 06.09.2012 21:55

 

Імпрэза адбылася на Управе БНФ (Чарнышэўскага, 3). Дамовіцца на памяшканне было даволі лёгка: сённяшні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч – сам выйшаў з “Маладога Фронту”. Сярод ганаровых гасцей вечарыны быў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

 

Станіслаў Шушкевіч: “Я проста цешуся з той нагоды, што ў Беларусі ёсць шчырыя, сапраўдныя беларускія маладыя людзі, якія хочуць будаваць сапраўдную беларускую краіну, сапраўдную дэмакратыю, людскія адносіны між людзьмі. Яны вельмі адрозніваюцца ад нашай улады, дзе многа цемрашалаў і звяр’я”.

 

Станіслаў Шушкевіч і Уладзімір Някляеў

 

Госці ішлі з падарункамі. Паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прынёс свае кнігі “Кон”.

Уладзімір Някляеў: “Вось тут у пакунку мая кніжка “Кон”. Гэта не “конь без мяккага знака”, як мне адказваюць дзеці ў школе. Да чаго давялі краіну, калі я перад выбарамі ездзіў па школах – і толькі ў адзінаццатай па ліку школе мне вучні (адзін знайшоўся) сказалі, што такое “кон”!.. Поспехаў нам усім! Жыве Беларусь!”

 

Грамадскі дзеяч Андрэй Кім прынёс на вечарыну рарытэтныя ўлёткі.

 

Андрэй Кім: “Я вось прынёс улёткі “Маладога Фронту” канца 1990-х. Вельмі тут усё класна, проста і весела: “Ты можаш пляваць на ўсё і чакаць, пакуль гэтая поскудзь дабярэцца да цябе, можаш прадацца ў “лукамол”, альбо быць разам з намі. Малады Фронт”. На жаль, гэтая ўлётка актуальная і цяпер – можна яе раздаць міліцыі і бэтэшнікам, якія пільнуюць тут пад вокнамі”.

 

Намесніца старшыні арганізацыі Наста Палажанка, якая на час зняволення лідара Змітра Дашкевіча фактычна выконвае ролю кіраўніка арганізацыі, адзначыла, што найвялікшая каштоўнасць маладафронтаўцаў – пераемнасць пакаленняў.

 

Наста Палажанка: “Я рада вітаць і бачыць тут тых людзей, якія былі ў “Маладым Фронце” калі яшчэ нас тут не было. Вось яна – пераемнасць пакаленняў! Увогуле, маладафронтаўскі ген пальцам не размажаш. Гэта – адзін дух, дзе б мы ні былі, чым бы ні займаліся. Ёсць такое разуменне, што калі гэты чалавек быў у “Маладым Фронце” – ён ніколі не падвядзе”.

 

Наста Палажанка

 

Былі пералічаны вядомыя сёння людзі, якія выйшлі з “Маладога Фронту”. У праваабароне –  Валянцін Стэфановіч ды Уладзь Лабковіч. У журналістыцы – Юля Дарашкевіч і Віталь Зыблюк, спадары Скурко і Дынько…

 

Наста Палажанка: “Моладзь, якая сёння, павінна арыентавацца на іх. Бо некаторыя думаюць, што дзейнасць “Маладога Фронту” – гэта схапіць улётку і пабегчы”. Людзі, якія былі ў “Маладым Фронце” – яны не знікаюць, а ідуць далей, служыць на  ніве Беларушчыны”.

 

Наста абвесціла, што ад сёння пачаткуецца намінацыя “Маладафронтавец года”.

Наста Палажанка: “Многія маладафронтаўцы не бачылі тых, пра каго яны чытаюць у кнігах, пра каго распавядаюць легенды. Але гэта вялікі гонар – быць з гэтымі людзьмі на адным шляху. Таму сёння мы хочам распачаць такую традыцыю – прызначаць “Маладафронтаўца года”.

 

Мікола Дземідзенка: “А паколькі мы кожны год не прызначалі маладафронтаўца года – то зараз мы гэта зробім за ўсе 15 год! Ідэя саспела такім чынам, што мы ўжо праводзілі прэмію “Люблю Беларусь” – узнагароджвалі значных людзей у розных сферах. Нам вельмі спадабалася – і таму мы таксама вырашылі ўзнагародзіць самі сябе! Шкада, што не ўсе лаўрэаты сёння тут – гэта ўсё сур’ёзныя людзі, іх вельмі цяжка сабраць разам…”

 

Аляксей Шэін

 

Іван Шыла

 

Артур Фінькевіч

 

Таццяна Шапуцька з будучым маладафронтаўцам -- трохмесячным сынам Стэфанам

 

Такім чынам, з 1997 года па 2011 год “Маладафронтаўцамі года” сталі Яўген Скочка, Аляксей Янукевіч, Валянцін Стэфановіч, Аляксей Шэін, Алёна Валынец, Віталь Супрановіч, Сяржук Лісічонак, Сяржук Бахун, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Зміцер Хведарук, Іван Шыла, Таццяна Шапуцька, Эдуард Лобаў, Кася Галіцкая. “Чалавек пятнаццацігоддзя” – зразумела, заснавальнік “Маладога Фронту” Павел Севярынец.

 

Атрымліваючы дыплом, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прызнаўся, што гэта – вялікі гонар для яго.

 

Аляксей Янукевіч: “Вядома, калі “Малады Фронт” пачынаўся, мы не маглі прадбачыць, што так доўга дыктатура затрымаецца ў краіне. І вядома, мы не маглі прадбачыць тую ступень мужнасці і самаадданасці, якую выявяць маладафронтаўцы розных пакаленняў. Таму гэта сапраўды вялікі гонар для мяне, як маладафронтаўца 1990-х, праз 15 гадоў казаць, што я таксама маю дачыненне да гэтай арганізацыі”.

 

Замест “Маладафронтаўца 2006 года” Змітра Дашкевіча дыплом атрымліваў яго бацька спадар Вячаслаў. Ён распавёў малавядомую падрабязнасць.

 

Вячаслаў Дашкевіч: “Калі першы раз была заведзена на сына крымінальная справа – гэта было ў сакавіку 2006 года. А ў ліпені яго нечакана пускаюць у Амерыку выехаць. Дурню зразумела навошта – думалі, што ён не вернецца. Шчыра кажучы, і я яму прапаноўваў не вярнуцца. Бо я ведаў, што яго пасадзяць. Але ён сказаў: “Тата, я свой шлях выбраў самастойна – і прайду яго да канца, чаго б мне гэта не каштавала. Тэму гэтую давай закрыем.” Мы закрылі. Так і выйшла ўсё – ён ужо тройчы палітвязень”.

 

Алесь Макаеў цісне руку Вячаславу Дашкевічу

 

Адметна, што кожны з намінантаў адзначаў, што герой не толькі ён – і пералічваў іншых герояў. Так зрабіла і лаўрэатка за 2011 год Кася Галіцкая.

 

Кася Галіцкая: “Я хацела б сказаць, што 2011 год для “Маладога Фронту” стаўся вельмі цяжкім, нам моцна не хапае нашага лідара Змітра Дашкевіча… І гэты год быў бы немагчымы для нас без нашай слаўнай брыгады: Раман Васільеў, Уладзімір Яроменак, Зміцер Крамянецкі, Міхаіл Мускі (які цяпер у войску), Уладзімір Яроменак, Павел Сяргей і вядома, Колі (Мікалая Дземідзенкі”.

 

Пасля намінантаў узяў слова прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Алесь Макаеў. Спадар Алесь з сумам адзначыў, што звычайна ён сустракаецца з маладафронтаўцамі пад сценамі Акрэсціна.

 

Алесь Макаеў: “Я ў грамадскім жыцці краіны з 2005 года. Часценька даводзіцца перасякацца з маладафронтаўцамі – на жаль, часта пад сценамі турмы Акрэсціна. Таксама на розных акцыях падтрымкі. Мы ведаем, што цяпер ідзе ціск на моладзь, каб не ішла ў “Малады Фронт”. Але маладафронтаўцы – гэта шчырыя людзі, якія любяць Беларусь, якія кладуцца за Беларусь. Я ведаю, што калі на плошчы выйдуць сотні тысяч – сярод іх будуць сотні маладафронтаўцаў”.

 

Ужо за торцікам з гарбатай Наста Палажанка прыгадала, што, калі пачынаўся “Малады Фронт”, – да Паўла Севярынца выстройваліся чэргі!

 

Наста Палажанка: “Былі розныя часы ў “Маладым Фронце”. Быў той час, калі сярод моладзі быў голад на інфармацыю, на беларушчыну. Вялікія чэргі збіраліся пад управай БНФ – яшчэ на Варвашэні, 8 – і чакалі моманту, калі яны здолеюць пачуць альбо пабачыць Паўла Севярынца. “Малады Фронт” легендарная арганізацыя, бо тут змянілася ўжо колькі пакаленняў. Ёсць людзі, якія ні Паўла Севярынца, ні Змітра Дашкевіча асабіста не бачылі. Яны чуюць пра іх дзейнасць, пераглядаюць інтэрв’ю – і мараць, чакаюць, калі гэтыя людзі выйдуць нарэшце на волю, каб яны здолелі іх пабачыць”

Чытаць далей:http://euroradio.fm/report/sennyashniya-maladafrontawtsy-yashche-ne-bachyli-asabista-sevyaryntsa-i-dashkevicha-117283

Тэгі: ,