Sep
07
|
нягледзячы на сумніўную рэпутацыю аўтараў, перадрукоўваю артыкул, бо тут ёсьць цікавыя думкі і абгрунтаваны адказ чалавеку, які зрабіў зь Мірскага замка батлейку.
Каму спадабаўся рэнесанс?
На мой погляд, ёсць тры галоўныя доказы гэтаму вяртанню.
Навуковая дыскусія – вельмі важная і, безумоўна, патрэбная нашай архітэктурнай навуцы і практыцы справа. Звяртаючыся да гістарычна-навуковай галіны, хочацца прытрымлівацца прынцыпу вядомага вучонага Асвальда Шпэнглера: «гісторыку належыць не хваліць і не ганьбаваць». Таму давайце пазбегнем эмацыянальных ацэнак ці палітычных ярлыкоў (маю на ўвазе тое, што спадар Бубноўскі іранічна называе сваіх апанентаў барацьбітамі з «мураўёўкамі»). Таксама адхілімся ад этычных, больш джэнтльменскіх пытанняў (намёк Дзмітрыя Сямёнавіча на ўзрост пані Эльжбеты) і, безумоўна, пазбегнем нацыянальных эпітэтаў («kresy wschodnie»). Хай застанецца толькі навукова-метадычны падыход да аблічча Нясвіжскай вежы.
Першы – кампазіцыйная дакладнасць, ансамблевасць Нясвіжскага палаца.Рэстаўратары ўзялі за аснову абрысы завяршэння і купала вежы з гравюры Т. Макоўскага, але чамусьці не ўлічылі ўсе астатнія асаблівасці архітэктуры замкава-палацавага комплексу, якія ёсць на гравюры. Тут і планіровачныя асаблівасці, і архітэктура будынкаў, якія размяшчаліся ўнутры, па-за абарончымі ўмацаваннямі замка. Гэта таксама быў ансамбль – але іншы, ранейшы, не той, што склаўся на працягу стагоддзяў і дайшоў да нас. Калі рэстаўратарам патрэбна было быць дакладнымі ў сваёй методыцы, яны маглі прапанаваць вярнуць цалкам вобраз помніка, які існаваў на рубяжы XVI–XVII стагоддзяў. Гэтага не атрымалася – таму такая вельмі ўмоўная архітэктурная асаблівасць (дэталь завяршэння вежы) была ўключана імі ў іншую архітэктурна-кампазіцыйную рэальнасць і пачала супярэчыць ансамблю палаца, які склаўся пазней і які мы атрымалі ад мінулага.
Другі – культурны аспект. Ён, безумоўна, вынікае з першага доказу. Рэстаўратары праігнаравалі гістарычную свядомасць апошніх 8–10 пакаленняў беларусаў, якія ўспрымалі вежу менавіта ярусна-ступенчатай, а не цыбулепадобнай. Тут асаблівую ролю іграюць акварэль і малюнак Н. Орды, якія самі па сабе з’яўляюцца часткай беларускай культуры. Менавіта гэтыя культурна-мастацкія артэфакты мы павінны былі ўлічваць, прымаючы рашэнне аб рэканструкцыі (мал. 1).
Апошняе – стыль. Дз. Бубноўскі ў сваіх нататках неаднаразова называе архітэктурнае завяршэнне вежы (Бачкова) рэнесансным. На жаль, ён памыляецца. Тут справа не толькі ў асаблівасцях архітэктуры Нямеччыны, Баварыі, якая прыводзіцца на малюнках да яго артыкула ў якасці прыкладаў. Гэтая баварская архітэктура вельмі экзатычная і не заўсёды ўпісваецца ў агульны еўрапейска-рэнесансны архітэктурны кантэкст (асабліва сваімі цыбуле- і шарападобнымі купаламі). Хацелася б напрыканцы папросту звярнуцца да выдання вядомага нямецкага (!) вучонага ў галіне гісторыі архітэктуры Герберта Патхорна (H. Pothorn. «Das grosse Buch der Baustile», Munchen (1979) ці аксфордскае выданне «A guide to architectural styles», Oxford, 1982) і прывесці ў якасці прыкладу фота, дзе выразна бачны рысы менавіта рэнесанснай вежы (мал. 2).
З павагай да апанента, Армэн Сардараў
Дзмітрый Бубноўскі ў сваёй публікацыі, падобна, вырашыў скарыстаць толькі частку фактаў. Хоць тайны датычна нейкіх дапушчэнняў ці хібаў пры рэстаўрацыі такога значнага помніка архітэктуры, якім з’яўляецца Нясвіжскі замак, на самой справе няма і быць не можа.
Варта прыгадаць, што да 2002 г. статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены прыблізна 500 матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека. Пераважная большасць па-ранейшаму заставалася «помнікамі гісторыі і культуры». Такая тэрміналагічная раздвоенасць дазваляла іншы раз абыходзіць устаноўленую заканадаўствам працэдуру разгляду праектнай дакументацыі на выкананне работ.
Што датычыць згаданай сп. Бубноўскім «цыбуліны», то асацыяцыя чатырох кілепадобных франтонаў завяршэння вежы з вельмі карыснай гароднінай ніколі не была падставай для дыскусіі ў прафесійным асяроддзі. Гаворку, хутчэй, неабходна весці пра адпаведную трактоўку пэўных архітэктурных дэталяў. На наш погляд, менавіта трансфармацыя вядомых кожнаму абазнанаму ў архітэктуры чалавеку люкарнаў у такога роду франтоны і магла выклікаць дастаткова неадэкватную рэакцыю на гэты смелы «рэстаўрацыйны» ход. На малюнках 4–7 (гл. «АиС», № 3, с. 96) выразна прачытваецца не то іншае, як адмыслова аформленыя аконныя праёмы ў схілах дахаў купалоў.
Тры варыянты купала вежы пры камяніцы (злева направа): 1980-я гг., рэканструкцыя 2004–2005 гг., праектная прапанова 2010 г.
Зрэшты, гаворка нават не пра дакладнасць перадачы той ці іншай дэталі рэнесанснага замка ў Нясвіжы. Адзін з асноўных метадычных прынцыпаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры ў вядомай Венецыянскай хартыі ўвасобіўся ў словах: «Рэстаўрацыю належыць спыніць у тым месцы, адкуль пачынаецца здагадка…» Дык наколькі сур’ёзныя былі падставы, каб замяніць наяўны на той час купал на гіпатэтычны, няхай і запазычаны з гравюры Томаша Макоўскага?
Як вядома, рэнесансны замак, пабудаваны з фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, быў грунтоўна рэканструяваны ў сярэдзіне XVIII ст. у традыцыях позняга барока. Нават бурная дзейнасць княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян дэ Талейран Радзівіл у XIX ст. па аднаўленні і перабудове рэзідэнцыі не змяніла познебарочны вобраз, створаны пры Міхаіле Казіміры Радзівіле Рыбаньцы. З неістотнымі змяненнямі ён праіснаваў да пачатку рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.
У дакументацыі, распрацаванай інстытутам «Мінскграмадзянпраект», запісана, што завяршэнні абедзвюх вежаў Нясвіжскага замка датуюцца 20–30-мі гг. ХХ ст. Архіўныя звесткі і чарцяжы папярэдняга купала, як сказана ў матэрыялах комплексных навуковых даследаванняў, сведчаць пра сур’ёзныя адрозненні яго формы ад існуючага ў бок большай стройнасці пры пастаянстве агульнага для іх тыпу – двух’яруснага з ліхтаром на версе. Справа ў тым, што рэканструкцыя вежы пасля яе будаўніцтва праводзілася тройчы: у XVIII, XIX i 20–30-х гг. XX ст. Аўтар даследавання Уладзімір Бачкоў, які замяніў у якасці навуковага кіраўніка работ Сяргея Багласава, адзначае, што ў XVIII ст., мяркуючы па малюнку Юзафа Пешкі, завяршэнне вежы пры камяніцы было аднаярусным. Па словах даследчыка, замена яго ў XIX ст. на двух’яруснае прыўнесла «ў сілуэт замка непатрэбную манатоннасць, узмоцненую агульнай распаўсюджанасцю такіх купалоў». Ён прыводзіць цытату з ліста архітэктара Сейферта князю Радзівілу Рыбаньку (ад 14 ліпеня 1752 г.) адносна сур’ёзных адступленняў ад праекта і робіць выснову аб адсутнасці цвёрдых падстаў для рэстаўрацыі менавіта барочнага купала. Па гэтай прычыне за аснову ім быў прыняты малюнак Томаша Макоўскага 1604 г., дзе адлюстраваны рэнесансны замак часоў Радзівіла Сіроткі, які па аб’ёмна-прасторавых і стылістычных асаблівасцях істотна адрозніваецца ад барочнага, што ўзнік у выніку рэканструкцыі сярэдзіны XVIII ст.
Неабходна звярнуць увагу, што Уладзімір Бачкоў называе элементы купала вежы пры камяніцы франтонамі, хоць спасылаецца на германскія аналагі вежаў з люкарнамі. Выключэнне можа складаць хіба толькі вежа кляштара Эталь у Баварыі, элементы завяршэння якой, мяркуючы па гравюры 1700 г., можна прыняць за кілепадобныя франтоны. Зрэшты, як і на гравюры Т. Макоўскага, улічваючы дастатковую схематычнасць абедзвюх выяў, на іх маглі быць адлюстраваны люкарны.
Але самым нечаканым з’яўляецца акрэслены ў праекце падыход да выканання работ у Нясвіжскім замку. У матэрыялах комплексных навуковых даследаванняў У. Бачкоў адзначае: «У кантэксце будучага рэстаўрацыйнага падыходу ў адносінах рэнесансных фасадаў камяніцы і палаца варта падтрымліваць падобную прамалёўку і ў сілуэце франтонаў купала вежы пры камяніцы. Для гэтых мэтаў важна правесці рэканструкцыю купала ў рэнесансных формах». Далей на падставе «сістэмы прапарцыянавання» робяцца падрабязныя разлікі прапорцый вежы пры камяніцы, яе купала, балясіны, шара, флюгера.
Пра заганнасць прымянення метадаў матэматычных разлікаў прапорцый будынка ў рэстаўрацыйнай практыцы гаварылася не раз. Такі падыход катэгарычна не прымаецца вядучымі рэстаўратарамі нашых бліжэйшых суседзяў, у прыватнасці Літвы і Расіі, і сваю пазіцыю яны агучылі на канферэнцыі па рэканструкцыі Барысаглебскай (Каложскай) царквы яшчэ ў 1994 г. З’яўляючыся гіпатэтычным – прыгадаем Венецыянскую хартыю, – гэты прыём не можа быць выкарыстаны на практыцы.
Але сумяшчэнне рознастылёвых элементаў замка, якія адначасова ніколі не існавалі, – недапушчальная памылка, што і выклікала пярэчанні прафесійнай супольнасці і прадстаўнікоў грамадскасці. Пра зацікаўленасць прафесійнай супольнасці ў аднаўленні добра вядомага завяршэння вежы сведчаць артыкул доктара архітэктуры Армэна Сардарава, змешчаны ў часопісе «Архитектура и строительство» № 1 за 2006 г., і яго выказванне пад загалоўкам «Вяртанне мроі» ў 3-м нумары часопіса за 2012 г. У студзені 2010 г. Навукова-метадычная рада прыняла рашэнне правесці рэканструкцыю вежы пры камяніцы на падставе праектнага рашэння па аднаўленні яе барочнага характару, прадстаўленага навуковым кіраўніком работ Сяргеем Друшчыцам. 20–23 лютага 2010 г. Нясвіж наведалі эксперты ЮНЕСКА/ІКАМОС Любава Морава і Міхаэль Петцэт, якія таксама адзначылі праблематычнасць аднаўлення замка паводле гравюры 1604 г. (пункт 3.2 даклада місіі).
Такая ў асноўных рысах гісторыя рэстаўрацыі аднаго з элементаў славутага помніка архітэктуры Беларусі.
Гэта далёкая ад таямнічасці гісторыя нагадвае, прынамсі, пра дзве важныя акалічнасці. Першая: вызначаны нацыянальным заканадаўствам і міжнароднай практыкай калегіяльны прынцып выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў з’яўляецца дастаткова эфектыўным механізмам у адносінах работ на аб’ектах спадчыны. Другая: беларускія спецыялісты ў сферы аховы спадчыны маюць дастатковы досвед і вопыт работы, каб прымаць абгрунтаваныя рашэнні нават па самых складаных і неадназначных пытаннях. Меркаванні замежных спецыялістаў сферы аховы спадчыны толькі пацвердзілі тое, што было даўно асэнсавана і ўсвядомлена айчыннымі рэстаўратарамі.
Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь