it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 02

Гэты выпадак быў 2 гады таму, а сёлета “пальцам у неба” станоўча напісаў тэст блогер Глеб Лабадзенка і… мог паступіць!

ПЕРАДРУК З Еўрарадыё 

 

Пра студэнта, які набраў 1 бал і паступіў, ходзяць байкі, хоць гэта — цалкам рэальная гісторыя. Пацвердзілі нам яе і ў дэканаце фізфака БДУ, аднак прыгадаць імя героя не змаглі, бо яго адлічылі… на першай жа сесіі.

 

Выкладчык фізфака: “Калі ён атрымаў такі бал — гэта ацэньвалася як станоўчая адзнака. І паколькі тады не было ніякай мяжы па мінімальнай колькасці балаў для залічэння — апынулася, што з такім балам можна трапіць на фізфак! Трэба дадаць, што ў той год быў адносна невялікі конкурс на фізфак. Сыграла сваю ролю, што і па астатніх прадметах у яго былі дастатковыя балы, каб прайсці”.

 


Патрапіць на фізфак БДУ не так і складана?..

 

Наш суразмоўца зазначае, што тое паступленне — парадокс, які, аднак, быў скончаны вельмі лагічна.

 

Выкладчык фізфака: “У цяперашні момант ён ужо не з’яўляецца студэнтам фізфака, ён адлічаны па выніках сесіі. Ясна, што калі студэнт выпадкова трапляе і ніякіх ведаў па фізіцы ў яго няма, то такі студэнт не можа ўтрымацца доўга на фізфаку. Такім не месца тут — так і здарылася. Чалавек, які не мае ніякай базы, — ён не можа з двойкай па фізіцы вучыцца”.

 


Прыёмная камісія такіх гора-студэнтаў адсеяць не можа, затое можа першая сесія.

 

Сёлета той хлопец ужо не прайшоў бы, бо быў уведзены мінімальны станоўчы парог — 7 балаў. Калі ў вас менш — нават не можаце падаваць дакументы. Пераадолець гэты парог, тыцнуўшы “па прыколе” пальцам у неба, вырашыў блогер Глеб Лабадзенка.

 

Глеб Лабадзенка: “У мяне з фізікай даўняе “сяброўства”! Я ў шостым класе хадзіў на раённую алімпіяду, дзе заняў 42-е месца з 43-х, бо нехта адзін не з’явіўся”.

 

У веданніі фізікі Глеба Лабадзенку не звінаваціць ніхто! Фота: Джон Кунстадтэр

 

Глеб скончыў журфак, а да гэтага вучыўся ў гуманітарным ліцэі — падазраваць яго ў веданні фізікі не выпадае.

 

Глеб Лабадзенка: “У частцы А было 18 заданняў, трэба было ў кожным проста выбраць адзін з варыянтаў адказу. Я расстаўляў птушачкі так, каб атрымаўся прыгожы зігзаг, калі паглядзець на бланк адказаў. А вось у частцы Б было 12 заданняў — і трэба было ўжо не выбіраць адказ, а пісаць яго самому. Я напісаў свае любімыя лічбы ў адвольным парадку”.

 

На гэта ў Лабадзенкі пайшло зусім няшмат часу.

 

Глеб Лабадзенка: “Справіўся за 15 хвілін! Дарэчы, разам са мной яшчэ адзін хлопец пайшоў здаваць бланк адказаў. Астатнія на нас глядзелі круглымі вачыма: думалі, мабыць, унукі Эйнштэйна ў БДУ прыехалі паступаць!”

 


Эйнштэйн бы памёр, даведаўшыся пра такіх "калег-фізікаў" !

 

Вынікі Лабадзенку парадавалі — 9 балаў, 5 правільных адказаў! Можна падаваць дакументы!

 

Глеб Лабадзенка: “Прызнацца, адзін адказ я ведаў — “Як называецца прыбор для вымярэння вагі?”. Астатнія — пашчасціла! Я, калі сертыфікат атрымаў, пашкадаваў, што яшчэ два тэсты не здаваў — мог бы фізікам быць! Дарэчы, я пісаў тэст па-беларуску — і разам са мной на мове пісалі яшчэ 99 чалавек”.

 


"Шчаслівы" сертыфікат з 9 баламі, які мог бы прынесці Глебу паступленне

 

Як гэта ні смешна, але Глеб сапраўды мог паступіць! На фізфаку сёлета не было конкурсу — залічылі ўсіх, хто падаў дакументы! Паступіў бы нават пры мінулагоднім прахадным бале 170. У свой час Глеб атрымаў 89 балаў па беларускай мове. 170-9-89 = 72 балы. Набраць іх за матэматыку + школьны атэстат не так і складана! Але ж наконт 9 балаў па фізіцы — ці вялікая верагоднасць “натыцкаць” на прахадны бал?

 

Выкладчык фізфака: “Што тычыцца задач часткі А, дзе прыведзеныя пяць варыянтаў адказаў і трэба выбраць адзін правільны, — то тут можна падлічыць верагоднасць таго, што чалавек проста наўгад можа выбраць правільны адказ. І калі ставіцца задача выбраць такіх адказаў не менш за 4 з 18 — то, паводле маіх падлікаў, нечакана атрымалася, што верагоднасць складае каля 50%! То бок, верагоднасць набраць балаў, якія перавысяць вызначаны парог, вельмі вялікая!”

 


Нават калі вы нічога не ведаеце, 50% верагоднасці, што патрэбныя 7 балаў набярэце!

 

Дарэчы, ужо абвешчана, што ў наступным годзе мінімальны парог балаў падвышаецца — з 7 да 10. Наш суразмоўца з фізфака ставіцца да гэтага станоўча.

 

Выкладчык фізфака: “Я лічу, што ўвядзенне вось гэтай гранічнай, мінімальнай колькасці балаў трэба станоўча ацэньваць. Бо гэта дае магчымасць адразу адсеяць тых людзей, якія не маюць станоўчых ведаў, а якія могуць выпадкова ўгадаць адказы і набраць мінімальныя балы. Можа, у далейшым і далей трэба падвышаць планку, каб людзі, якія не вартыя вучыцца, не траплялі ва ўніверсітэт — каб туды траплялі больш вартыя навучэнцы”.

 

Дарэчы, паводле дадзеных Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, у гэтым годзе не набралі па фізіцы прахадныя 7 балаў больш за 9% абітурыентаў — 3915 чалавек. На 100 балаў напісалі ЦТ па фізіцы 2 абітурыенты.

Тэгі: