it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 20

падпісваюся пад кожным словам! "русскоязычных пісателей Белоруссіі" -- у заапарк! )

(Некалькі тэзаў да палемікі пра гэтак званую "русскоязычную" беларускую культуру)

Апошнім часам вельмі актыўна, а з майго гледзішча, нават агрэсіўна, некаторыя СМІ (перадусімtut.by шчыруе) пачалі навязваць грамадзтву думку, што мова ня ёсьць вызначальнай для разьвіцьця нацыянальнай культуры. Маўляў, беларускую культуру можна ствараць і на расейскай мове. Нават тэрмін паўстае "русскоязычная белорусская культура".

 

Я выдатна разумею, што паняцьце культура не атаясамліваецца толькі з мовай. Складнікоў паняцьця культуры шмат. Але мова зьяўляецца вызначальнай. Мясцовыя ж апалягеты расейшчыны, з майго гледзішча, дайшлі да абсурду, скарыстаўшыся з вельмі складанага стану беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадзтве, якое так і ня можа з зразумелых прычынаў пазбавіцца каляніяльнай залежнасьці ад Расеі.

 

З гэтай нагоды я не зьбіраюся тут тэарэтызаваць дзеля таго, каб пераканаць і тых, хто сьвядома або за грошы працуе на расейскую культурную акупацыю Беларусі, і тых, хто ў спадзяваньні на неабсяжны расейскі рынак наіўна спрабуе нешта стварыць па-расейску, і тых, хто проста ад ляноты ніяк ня хоча далучыцца да сапраўднай беларускай культуры, што вымагае інтэлектуальных і маральных высілкаў.

 

Я проста прапаную некалькі тэзаў, якія для мяне ёсьць ісьцінай.

 

За ўсю гісторыю беларускай літаратуры (і беларускага тэатру таксама, маю на ўвазе драматургію, якую я дасьледую) не было створана ніводнага выдатнага твору па-расейску. Магчыма, у якасьці выключэньня можна назваць мастацкую публіцыстыку Алеся Адамовіча, якая стваралася ва ўмовах імпэрска-камуністычнай краіны СССР і якая мела адчайную мэту дастукацца і да людзей, і да вышэйшай маскоўскай улады, каб абараніць беларускую нацыю і ідэі гуманізму. Што тычыцца драматургіі, ніводнай п'есы па-расейску, якая стала б здабыткам нацыянальных літаратуры і сцэны, НЕ БЫЛО СТВОРАНА НІКОЛІ! Купала, Крапіва, Макаёнак, Дудараў і менш значныя, але цікавыя драматургі, пісалі толькі па-беларуску!!!

 

Сучасныя расейскамоўныя мясцовыя (НЕ беларускія) літаратары боўтаюцца паміж дзьвюма істотна рознымі культурамі і знаходзяць аўдыторыю хіба што на сыбірскіх прасторах, бо на тыя прасторы і арыентуюцца, але чамусьці (паводле месца нараджэньня і пашпартнай рэгістрацыі?!) называюць сябе беларускімі творцамі. І хай яны не злуюцца на беларускіх рэжысэраў, якія не ставяць іхныя п'есы, напісаныя слабенькай расейскай (а адкуль беларус можа ведаць глыбінныя плашчыны і нюансы расейскай мовы???) мовай на падставе сваіх асабістых дробных жыцьцёвых досьведаў і комплексаў, але з прэтэнзіяй на агульначалавечае разуменьне. Дзеля чаго пастаноўшчыкам марнаваць час, калі ёсьць нармалёвая ўсясьветная (улучна з расейскай) драматургія?! Гэта факт!

 

А ісьціна ў тым, што агульначалавечы зьмест паўстае толькі з нацыянальнай глебы (і мовы перадусім). Ангелец Шэксьпір, расеец Чэхаў, француз Мальер не дадумаліся б і не змаглі пісаць, адлюстроўваць сваю рэчаіснасьць на чужых мовах. Таму яны цікавыя ўсяму сьвету! А нашы расейскамоўныя "творцы" -- на ўзбочыне і сваёй культуры, і расейскай, да якой яны так імкнуцца, і да ўвогуле агульначалавечых каштоўнасьцяў. Яны, якія вырасьлі ў беларускай рэальнасьці, хай сабе і ў нібыта расейскамоўным асяродзьдзі, але без глыбіннай моўнай традыцыі, наўрад ці стануць новымі Чэхавымі. Але і Купаламі ўжо ня могуць быць.

 

Так, сапраўды ў Менску ставяць і нібыта публічна (насамрэч для сябе) чытаюць гэтак званых беларускіх драматургаў, якія пішуць па-расейску, але толькі ў адным тэатры краіны – у РТБД. Але як ставяць? Слабенькія п'есы ў слабенькіх перакладах на беларускую мову. Якія творчыя вынікі? Нулявыя! Колькі тыя спэктаклі ідуць? Пяць, дзесяць разоў? Ці не адзіны раз, калі я пагадзіўся зь міністрам культуры спадаром Латушкам: дзяржаўныя грошы на вецер! Ідэя "Вольнай сцэны" для сапраўды беларускай драматургіі пахаваная ўжо дзесятак гадоў таму. Між іншым, доўгажыхарамі цяперашняга РТБД застаюцца менавіта п'есы, напісаныя па-беларуску і пастаўленыя яшчэ за часы Валер'я Мазынскага. Вось жа адзін зь мясцовых "русскоязычных авторов" зь месяца ў месяц на сваім сайце горда публікуе афішу сваіх спэктакляў, пастаўленых дзесьці за Ўралам. Як жа далёка крочыла "русскоязычная белорусская культура"!!!

 

І апошняе. Пісаць сёньня па-расейску ў Беларусі -- значыць гуляць на полі акупацыйнай культуры, якая сьвядома насаджаецца і якая разбурае нацыянальную культуру. Найглыбейшая акупацыя -- культурная акупацыя. Сьвядома ці не, але многія гэтак званыя стваральнікі "русскоязычной белорусской культуры" ўдзельнічаюць ў далёка не бяскрыўдным для нацыі працэсе.

Тэгі: