it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 18

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, фота, відэа аўтара, для TUT.BY


Cлынны беларускі гісторык 
Генадзь Сагановіч прачытае 22 чэрвеня публічную лекцыю “Беларусь як акупаванае грамадства: стратэгіі выжывання ў XVII стагоддзі” з цыкла Urbi et Orbi (Гораду і Свету). Месца – Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а), пачатак 18.30, уваход вольны!


Спампаваць вiдэа

Генадзь Сагановіч найбольш вядомы як даследчык “Невядомай вайны” – здаецца, ён першы так назваў вайну Рэчы Паспалітай і Масковіі 1654-1677 гадоў. За савецкім часам яе называлі “Расійска-Польскай”, хоць “Расіяй” гэтая краіна стала толькі ў 1721 годзе дзякуючы Пятру І. Ды і “польская” – азначэнне да вайны некарэктнае, бо там былі і беларусы, і ўкраінцы. Спадар Сагановіч называе гэтую вайну самай трагічнай у гісторыі Беларусі – нашая краіна (у сённяшніх сваіх межах) страціла больш за палову насельніцтва. Да вайны было 2,9 мільёна чалавек, пасля вайны – 1,4 мільёна. Але на лекцыі Генадзь Сагановіч будзе казаць не столькі пра саму вайну, колькі пра сітуацыю, у якой апынулася грамадства. Як людзі выжывалі ва ўмовах вайны і акупацыі? Што лічылася здрадай? Чаму войска рабавала і забівала сваіх жа мірных грамадзян? Пра гэта – у гутарцы напярэдадні лекцыі.


“Дастаткова было прысягнуць на вернасць цару – і ў цябе нават маёнтак забіраць не будуць!”


Спадар Генадзь, у гістарычныя хронікі датычна войнаў найчасцей патрапляюць асноўныя баявыя дзеянні: наступленне, адступленне, бой… Ці лёгка гісторыку знайсці за гэтым чалавечыя лёсы і жыццёвыя гісторыі нашых продкаў?
Генадзь Сагановіч: Працуючы ў архівах, я збіраў іх па часцінках. І адзначаў для сябе як “тыповыя” паводзіны людзей у часе вайны і акупацыі, гэтак і “нетыповыя” – не так, як усе. Мне было цікава, як мяняліся паводзіны нашых продкаў у экстрэмальных сітуацыях – і што было матывам гэтых зменаў.

“Тыповыя” – гэта “хавацца ў бульбу” ці з шабляй на кані скакаць на ворага?
Генадзь Сагановіч: Так сталася, што гістарычныя крыніцы данеслі да нас больш інфармацыі пра шляхту, чым пра простых людзей. Для шляхты самым тыповым было – непрыняцце царскай улады. І выяўлялася гэта ў два спосабы. Яны або ўцякалі з занятых тэтыторыяў – каб пераседзець, скажам, у Прусіі ці Жамойці. Або заставаліся ў дзейных войсках, харугвах Вялікага княства ці далучаліся да харугваў Кароны. Гэта ў пачатку вайны – самы пашыраны тып паводзінаў нашай шляхты. Але былі і тыя, хто прымаў царскае падданства. На гэта маглі быць канфесійныя матывы ці нейкія прыватныя падставы. Такіх было няшмат. А ў 1655 годзе наступіла змена ў паводзінах шляхты. Беларуская і літоўская шляхта ўбачыла, што спадзеваў на фронце не застаецца – што царскае войска заняло і другую частку Вялікага княства, у тым ліку сталіцу Вільню, пры гэтым кароль Рэчы Паспалітай уцёк… Гетман Януш Радзівіл заключыў Кейданскую ўнію, каб пры дапамозе шведаў хоць якую частку Вялікага княства адстаяць. Але шведы потым паказалі, што не будуць змагацца за Вялікае княства – і самі паразумеліся з Масквой. Шляхце не заставалася што выбіраць. У гэты ж час цар, бачачы, як нашай шляхце спадабалася лаяльнасць шведаў, таксама змяніў палітыку з жорсткай да лаяльнай. Дазволіў нават не пераходзіць шляхце з іншых рэлігіяў у праваслаўе. Дастаткова было прысягнуць на вернасць цару – і ў цябе нават маёнтак забіраць не будуць! І шляхта масава пайшла пад уладу цара – не толькі павятовая, а нават камандзіры, ваяводы… У кастрычніку 1655 года так прысягнула больш за 2000 беларускіх шляхціцаў…

Гэта было здрадай, калабарацыяй?
Генадзь Сагановіч: Бачыце, гэтыя тэрміны тады разумеліся зусім іначай, чым цяпер… Калі на фронце змянілася сітуацыя і з’явілася магчымасць выракчыся пратэкцыі царскай улады, вярнуцца на бок Рэчы Паспалітай – шляхта адна за другой пачала вяртацца! І для мяне было цікава: як жа на іх глядзелі суайчыннікі, якія не здраджвалі? Ведаеце, большасць шляхціцаў, якія мелі ўрады, былі фактычна чыноўнікамі – засталіся ўраднікамі. Гэта значыцца, што ў панятках нашых продкаў у экстрэмальных умовах вось такі пераход пад уладу чужога манарха не ўспрымаўся так, як намі цяпер. Хоць слова “здрайцы” у дачыненні да гэтых людзей і тады выкарыстоўвалася.

“Шляхціч Казімір Храпавіцкі тры гады са сваёй бандай тэрарызаваў Чашніцкую воласць”

 
Спадар Генадзь, калі шляхта пераходзіла на бок цара, яна найперш ратавала сваё жыццё і сваю маёмасць. А як жа высокія патрыятычныя ідэалы?
Генадзь Сагановіч: Разумееце, тады яшчэ не было такога панятку як “Радзіму прадаў”. Хаця слова Айчына і гатоўнасць яе абараняць прысутнічалі ў рыторыцы шляхты. У маіх матэрыялах ёсць два прыклады, якія пазначаюць дзве крайнія паставы. Самае цікавае, што у гэтых крайнасцях – прадстаўнікі аднаго вядомага віцебскага роду, Храпавіцкіх. Першы прыклад – Крыштаф Храпавіцкі, удзельнік абароны Віцебска. Абараняліся яны 14 тыдняў, пакуль урэшце не давялося капітуляваць. Але Крыштаф Храпавіцкі прынцыпова не прысягнуў цару і не перайшоў у праваслаўе – таму разам з іншай шляхтай быў высланы з Віцебска спачатку ў Пскоў, потым у Яраслаўль, затым у Казань. Я знайшоў тэстамент Крыштафа, дзе ён апісвае акалічнасці гэтай высылкі. Іх гналі дзень і ноч, кармілі аб’едкамі ці мучылі голадам, здзекваліся, зневажалі. Прысягніце – і ўсё гэта скончыцца! Храпавіцкі піша, што яго стрымлівала. Гэта якраз тое, што вы згадалі. Ён піша, што “не зрабіў гэта дзеля памяці патомкаў і родзічаў маіх, якія так доўга зараблялі на добрую памяць, захоўваючы вернасць каралям і Айчыне нашай”. Яму было 73 гады! І ён піша, што “нягледзячы на сваю старасць і кепскае здароўе, я ніколі не прысягну цару”. Але ў Яраслаўлі ён даведваецца, што два яго сыны, якія былі абаронцамі Дуброўна, таксама былі высланыя ў няволю – і па дарозе ў Астрахань прысягнулі цару. Храпавіцкі піша, што гэта падкасіла яго найбольш – а не вайна, палон ці кепскае здароўе… Вось – прыклад выдатнай мужнасці чалавека, які быў ужо старым дзедам, але вытрымаў усе выпрабаванні! Другі прыклад – яго родзіч, Казімір Храпавіцкі, які спачатку, як і ўся шляхта, быў супраць царскай ўлады… Але ў 1655 годзе ён прысягнуў цару, змяніў веру з каталіцтва ў праваслаўе – і атрымаў назад свой маёнтак. Пасля гэтага ён са сваёй чэляддзю, з якой зрабіў сапраўдную банду, карыстаючыся пратэкцыяй маскоўскай улады, на працягу трох гадоў тэрарызаваў навакольныя землі, у першую чаргу Чашніцкую воласць. Ездзіў, адбіраў усё дабро і звозіў у свае маёнткі; гвалтаваў жанчын, забіваючы іх мужыкоў; трымаў у сваёй няволі самых заможных шляхцічаў. І столькі нарабіў злачынстваў, што калі праз тры гады сітуацыя стала на фронце вагацца і мяняцца на карысць Рэчы Паспалітай, ён зразумеў, што месца яму тут няма. Нахапаў у палон 180 душ мужчын і жанчын і з усім нарабаваным дабром выбраўся ў Маскоўскую дзяржаву, прыняў вечнае падданства цара і атрымаў там пасаду некага ваяводы…
Два выпадкі, якія Вы прывялі ў прыклад, – крайнасці, якія датычаць найперш шляхты. А што было з сялянамі і мяшчанамі?
Генадзь Сагановіч: Сяляне і мяшчане былі неабароненыя нікім. Яны цярпелі найбольш. І вельмі часта – ад сваёй жа арміі. Як тыповы прыклад магу прывесці паводзіны жыхароў гарадка Копысь, што ў Падняпроўі. Тыповы – бо Копысь не мела значнага ўласнага гарнізона і добрых умацаванняў. І калі прыходзіла вялікае царскае войска – што жыхарам заставалася рабіць? У жніўні 1654 года гараджане тут жа адкрылі брамы, царскае войска ўвайшло – ніхто не пацярпеў. Але праз некалькі месяцаў, у пачатку 1655 года харугвы Вялікага княтсва паспрабавалі ўзяць рэванш і адбіць захопленыя землі. У Падняпроўі большасць гарадкоў, у тым ліку і Копысь, з ахвотай перайшла назад на бок Рэчы Паспалітай – бо яны паспелі пабачыць, што значыць улада маскоўскага цара. Потым зноў прыйшло царскае войска – Копысь адкрыла брамы і сустракала царскае войска з іконамі, з хлебам-соллю. Калі Рэч Паспалітая ўзнавіла моц і пачала новую кампанію – Копысь зноў перайшла на бок Рэчы Паспалітай. У 1659 годзе зноў прыходзіць армія царскіх ваяводаў – і не проста займаюць Копысь, а цар загадвае спаліць Копысь -- за тое, што здрадзілі. Невядома, па якой прычыне, але загад не быў выкананы да канца. Але што! У 1660 годзе, калі пачалася наступальная кампанія арміі Рэчы Паспалітай, жыхары Копысі з лёгкасцю адкрываюць брамы гэтым харугвам!..

“У Вялікім княстве бюджэт быў заўсёды шчуплы, таму заробак жаўнерам увесь час затрымлівалі”

 
Вы сказалі, што цярпелі жыхары ў тым ліку ад сваёй арміі. Гэта кшталту “матка, млеко, яйкі”?

Генадзь Сагановіч: У той час галоўнаю ролю іграла наёмная армія – найміты ваявалі за грошы, атрымоўваючы заробак. Рыцарскіх нотак практычна не засталося. А ў Рэчы Паспалітай і асабліва ў Вялікім княстве Скарб (бюджэт) быў заўсёды даволі шчуплы, таму заробак ўвесь час затрымлівалі. Гвалтоўнае здабыванне “недавыплачанага” заробку рабілася звычайнай практыкай – жаўнеры адбіралі ў насельніцтва харчаванне, жывёлу, грошы… Часам армія паводзіла сябе з уласным насельніцтвам гэтак жа, як з непрыяцелем. Не было выразнай мяжы між санкцыянаванай рэквізіцыяй і рабаваннем. Здаралася так, што армія спецыяльна чыніла гвалт і забойствы ў паветах – каб дамагчыся ад улады выплаты заробкаў.

Вось яны – хібы тагачаснага прафесійнага войска…
Генадзь Сагановіч: У тым прафесійным войску праблема была, што палова наймітаў былі замежнікі – вугорцы, немцы... Людзі наймаліся ў чужы край, яны не мелі эмацыйнай прывязанасці да гэтай зямлі. Таму тварылі тут што заўгодна.

Але калі раскласці па паліцах. Ты запрасіў замежніка ваяваць на тваім баку за грошы, той прыехаў – а ты яму не плоціш. Што яму было рабіць?
Генадзь Сагановіч: Ведаеце, усё залежала ад канкрэтнага камандзіра. Бо часам жаўнеры служылі “ў доўг”. Часам замест платы гетман дазваляў рабаваць. Паказальна было ў Мазыры. Уціхамірыўшы казацкае паўстанне, гетман здабыў Мазыр – і аддаў на рабаванне сваёй нямецкай пяхоце…

“Мы не могли ожидать, что белорус напишет такую книгу!”


Такія гісторыі неяк змяншаюць гераічны вобраз нашай шляхты… “Мы іх тут героямі ўяўляем, а яны вунь што тварылі са сваім жа народам”. Ці гэта было нормай для таго часу?
Генадзь Сагановіч: Такая сітуацыя – не спецыфіка Беларусі ці Рэчы Паспалітай. Гэтая з’ява – тыповая для ўсёй тагачаснай Еўропы. Войска ў XVII стагоддзі нават у заходнееўрапейскіх гравюрах атаясамлялася з рабаўнікамі, часам так і называлі: “зграя рабаўнікоў”. Зноў жа, паўтару, усё залежала ад канкрэтнага камандзіра. Сапраўды, у большасці было пашыранай практыкай здабываць гвалтам ад насельніцтва ўсё што можна. Але вельмі частыя выпадкі, якія я сустракаў у пісьмовых крыніцах, калі камандзір трымаў дысцыпліну. У ВКЛ гетман выдаваў “Вайсковыя Артыкулы” – правілы на час вайны. І там пагражала смяротнае пакаранне за гвалт над жанчынамі, за прафанацыю царквы, за знявагу святыняў. Здаралася, калі за парушэнне дысцыпліны гетман караў смерцю колькі жаўнераў у дзень. Дарэчы, самі сяляне далёка не заўсёды цярпелі ўсё гэта. Калі войска іх зусім даставала – сяляне, і мяшчане таксама аб’ядноўваліся ў партызанскія атрады самаабароны…

Звар’яцець – ад свайго ж войска!
Генадзь Сагановіч: Так, бывала, што бараніцца даводзілася і ад свайго. І ёсць прыклады, калі харугва, якая пачынала чыніць гвалт, а была не вельмі вялікая – то адпор ёй давалі канкрэтны! Праўда, нашыя гісторыкі савецкага гарту, каб паказаць “цягу беларусаў да аб’яднання з Расіяй” альбо прыклады “класавай барацьбы”, адразу стараліся інтэрпрэтаваць гэтыя выпадкі “як сяляне шляхту білі” ці “як беларусы палякаў ненавідзелі і імкнуліся з’яднацца з Расіяй”. Але цяпер такія ацэнкі, вядома, сур’ёзна не ўспрымаюцца… У мінулым годзе я сустрэў у нямецкім універсітэце аднаго расійскага гісторыка. А яны дасюль крытыкуюць маю даўнюю кнігу “Невядомая вайна” – пераважна зусім некарэктна. Спытаў, чаму яны так уз’еліся? Яго адказ мяне моцна ўразіў. Ён сказаў: “Ну как же! Мы не могли ожидать, что белорус напишет такую книгу! От литовского, польского, украинского историка – могли. Но только не от белоруса!” Яны ўспрымаюць нас як сваіх малодшых братоў – і што мы павінны глядзець на ўсе падзеі гэтак жа, як яны. Я ўдакладніў: “А як я мусіў пісаць, калі я пісаў па дакументах?” Ён зноў мяне здзівіў: “Ну как же! Вы написали про зверства российских солдат, а почему вы не написали про зверства польских солдат?!” Ён нават не ўсведамляе, што мы з палякамі былі адной дзяржавай, што ў нас была адна армія…

Спадар Генадзь, я ведаю, што ў Мінску таксама ёсць месца, вельмі цесна звязанае з падзеямі той вайны…
Генадзь Сагановіч: Сапраўды, на Кастрычніцкай плошчы, за сённяшнім Палацам Рэспублікі стаяў Дамініканскі касцёл, узарваны камуністамі ўжо ў 1950-х гадах. Калі я быў аспірантам, там праходзілі раскопкі пад кіраўніцтвам Зянона Станіславіча Пазьняка. Мы адкрылі лёхі касцёла – і ўбачылі там пахаванні. Целы былі яшчэ не да канца спарахнелыя, захаваліся тканіны, гузікі... Бачна было, што гэта шляхта. Рассечаныя, прабітыя чарапы… Там жа мы знайшлі і кулі, гарматнае ядро, іншыя сведчанні ваенных дзеянняў. Бо дамініканскі кляштар стаяў зусім недалёка ад абарончага валу…

ТАКІМ ЧЫНАМ

Публічная лекцыя
гісторыка Генадзя Сагановіча
“Беларусь як акупаванае грамадства: стратэгіі выжывання ў XVII стагоддзі”
з цыкла Urbi et Orbi
адбудзецца 22 чэрвеня а 18.30
у Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а).
Уваход вольны!
Тэгі: ,