it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 14

Беларусь, Мінск. 14 чэрвеня 2012

 

Амбасадар Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан узначаліў журы намінацыі “Грамадсказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры” Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

 

Стэфан Эрыксан – знакавая фігура не толькі ў дыпламатычных адносінах паміж Беларуссю і Швецыяй, але і ва ўнёску ў беларускую культуру. Стэфан Эрыксан горача падтрымлівае ідэю правядзення Фестывалю AD.NAK! і лічыць, што сітуацыя на рэкламным рынку змяняецца ў бок павелічэння колькасці беларускамоўных прадуктаў.

 

“Фестываль AD.NAK! – вельмі добрая ініцыятыва, якая спрыяе ўмацаванню пазіцый беларускай мовы ў рэкламе і не толькі. Такія імпрэзы вельмі патрэбныя, каб сабраць найлепшую беларускую рэкламу і прадэманстраваць усю яе моц і прыгажосць. Дагэтуль рускамоўная рэклама дамінавала, але сітуацыя змяняецца, і гэта цешыць: беларускай рэкламы робіцца больш, хоць пакуль яшчэ і не хапае. Прыемна бачыць, што беларуская камунікацыя выкарыстоўваецца не толькі беларускім, але і замежным бізнэсам, што сведчыць пра яе паўнавартасны статус. Таму чакаем ад Фестывалю якасна новых працаў – і ад беларускіх, і ад замежных вытворцаў і рэкламістаў”, – сказаў Стэфан Эрыксан.

 

Амбасадар таксама адзначыў, што не кожнаму замежніку зразумелая праблема дзвюхмоўя, што праяўляецца ў рэкламнай сферы. Але, знаходзячыся ў Беларусі, адразу разумееш, што такая праблема ёсць. Аднак, адзначае сп. Эрыксан, хочацца, каб мова ўзмацняла свае на сённяшні дзень досыць сціплыя пазіцыі ў сферы рэкламы. Бо менавіта беларускамоўная рэклама прыцягвае, “чапляе” людзей. Яна выглядае цікавейшай і свяжэйшай, бо вылучаецца з агульнай інфармацыйнай плыні.

 

 

У склад журы намінацыі таксама ўвайшлі:

 

Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM

Жанна Грынюк, дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SАТІО, старшыня аргкамітэта конкурсу «Брэнд года»

Раман Касціцын, кіроўны партнёр камунікацыйнага агенцтва ARS Communications Minsk

Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”

Ніна Шыдлоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Руся, спявачка, удзельніца руху «Адраджэнне мовы і культуры»

Таццяна Ігнатоўская, партнёр, кіраўнік камерцыйнай практыкі юрыдычнай кампаніі «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры»

Андрэй Барашка, кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by

Вольга Кузьміч, кіраўнік праекту Generation.by

Вольга Ліпай, намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН»

Галіна Малішэўская, генеральны дырэктар «КП в Белоруссии»

Інга Ліндарэнка, каардынатар праeкту 34mag.net

Марына Золатава, рэдактар парталу TUT.by

 

 

Нагадаем, прыём работаў для ўдзелу ў конкурснай праграме Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнецца да 17 чэрвеня.

 

Усе дасланыя на Фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.

 

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга Фестывалю адбудзецца 5 ліпеня. На працягу Вялікага фестывальнага дня будзе праходзіць адукацыйная праграма, якая будзе складацца з майстар-класаў вядучых беларускіх і замежных рэкламістаў, круглых сталоў і сустрэчаў з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі.

 

Дакладная праграма Вялікага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.

 

Дадатковую інфармацыю аб Фестывалі можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.

Тэгі: