it cz lt rb
ua fr pl en
se by
траўня 06


Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, 430 працоўных “Граніта” напісалі заявы на звальненьне, незадаволеныя малымі заробкамі.

Баюся падацца наіўным, але прачытаўшы гэта, я адчуў прыкладна тое, што адчуваў ідучы з Кастрычніцкай плошчы на Плошчу Незалежнасці 19 сьнежня 2010 году: надзею, эйфарыю, сьвятло. (Расчараваньне і адчай наступілі пазьней…)

Ясна, што ніякія дэмакратычна-маральныя каштоўнасьці не падштурхнуць беларусаў да нейкіх зьменаў сваімі рукамі. І ў гэтым віна ня толькі нашых людзёў – 18 гадоў БТ-БРСМ, спойваньня чарніламі ды падкормкамі “на выжываньне” не прамінулі дарма.

Памятаю, як рабочыя менскага роварнага заводу перакрылі зь незадавальненьня Партызанскі праспэкт. Выйшлі здаровыя мужыкі і выказалі сваю незадаволенасьць. Без агрэсыі, нічога ня білі, не крушылі. Але на іх чамусьці ня кінулі чорных шакалаў. Прыехалі нейкія чыноўнічкі ў пінжаках, залагодзілі, загаварылі. І што цікава, нават прапагандоны не змаглі вывернуць звычайных рабацягаў як бэнээфаўцаў, экстрэмістаў і падрыўнікоў канстытуцыйнага ладу.

Як ня вывернеш і рабочых “Граніту”.

Ясна, што такой спантаннай інфе верыць і радавацца рана. Пачнуцца ўгаворы, звальненьні самых актыўных, перасьледы, запужваньне, ціск на сваякоў – звольнім жонку, выганім з вучобы сына. Але я не хачу траціць надзею, я хачу верыць, што і тут усё лясьне нечакана.

І галоўнае – бяз гвалту. Зло мусіць зжыць сябе само, і зрабіцца гісторыяй, якую мы будзем вучыць, каб яна не паўтаралася. Калі ў гэтых хлопцаў атрымаецца звольніцца – проста звольніцца, бяз бою і пратэстаў – гэта будзе першы крок. І вось цяпер бы там не зашкодзілі гэтыя ўсюдыісныя “грантаўскія грошы”, пра якія нам так любяць вяшчаць гуманоіды. Каб хлопцы не прапалі – і каб іншыя паглядзелі, што гэтыя не прапалі. Эфект даміно!

У палякаў ёсьць легендарная фраза “Пачыналася ўсё ў Гданьску” – як гонар за “Салідарнасьць”.

Я хачу, каб праз колькі год беларускія дзеці вучылі ў беларускай школе: “Пачыналася ўсё ў Мікашэвічах”.

Так хочацца верыць і не памыліцца.

Тэгі: