it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 22

Шаноўнае спадарства!

Даволі часта даводзіцца карыстацца сайтам Беларускай чыгункі, якая з'яўляецца на сённяшні дзень дзяржаўным прадпрыемствам.
Вельмі цешыць наяўнасць на сайце рускай, англійскай і, нават, нямецкай (!) версіі.

Адначасова вельмі ЗАСМУЧАЕ адсутнасць беларускай версіі вашага сайту, у тым ліку і ў пашуковіку цягнікоў. (Дарэчы, ВЕЛЬМІ нязручным у выкарыстанні. Асабліва ў частцы неабходнасці абавязковага пазначэння часу на дзівоснай лінейцы. Ідэалам падобнага пашуковіку, на які, на мой погляд, варта раўняцца і Вашай арганізацыі, з'яўляецца партал нямецкай чыгункі db.de.)

Хочацца адзначыць, што паводле дадзеных агульнанацыянальнага перапісу, які адбыўся не так даўна, больш за ДВА З ПАЛОВАЙ мільёны
жыхароў Беларусі паведамілі, што стала карыстаюцца БЕЛАРУСКАЙ мовай у якасці сродку зносінаў. Пры гэтым большасць насельніцтва Беларусі назвала БЕЛАРУСКУЮ мову сваёй роднай.

Ад імя сваёй беларускамоўнай сям'і (у тым ліку, трох дзяцей) прашу ўлічыць і праявіць павагу да нашых лінгвістычных правоў, а таксама да правоў іншых беларускамоўных суграмадзянаў на атрыманне інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове, мове зямлі беларускай, мове нашых дзядоў і дзяцей і стварыць паўнавартасную беларускамоўную версію сайту Беларускай чыгункі.

"Не забывайцеся сваёй мовы беларускай, каб не ўмёрлі," - казаў класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Калі ласка, прыслухайцеся да мудрых словаў нашага з вамі продка.

Прашу станоўча разгледзець мой зварот і даць адказ у вызначаны законам тэрмін.

З павагай,

Клікуноў Андрэй Валер'евіч,
магістр дзяржаўнага кіравання

Адрас:
Тэл. +375 29.

Тэгі: