it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 12

ПАМПАВАЦЬ ТУТ

Інтэрнэт-рэліз ручной работы ад HandmadE
Гурт HandmadE прадстаўляе на інтэрнэт-партале Tuzin.FM (http://tuzin.fm) свой першы студыйны альбом «DEMO. The music from unfreedom». Вакаліст Яўген Валошын, паэт Глеб Лабадзенка і кампазітар Андрэй Маркуц вырашылі стварыць годную альтэрнатыву той музыцы, якая прадукуецца на тэлешоў кшталту «Фабрыкі зорак» і гучыць на айчынных FM-cтанцыях.
Ідэя стварыць гурт зьявілася ў двух беларускіх журналістаў Яўгена Валошына і Глеба Лабадзенка пяць год таму, калі яны адпачывалі ў Італіі. Паводле іх задумы, гэты праект мусіў стаць годнай альтэрнатывай той музыцы, якая прадукуецца на тэлешоў кшталту «Фабрыкі зорак» і гучыць на айчынных FM-cтанцыях. «Гэта выглядала напачатку на вар’яцкі плян. Але мы вырашылі не адмаўляецца ад ідэі, нават калі адыйшлі ад сонечнага ўдару. Вырашальную ролю ў рэалізацыі нашай задумы адыграў Андрэй Маркуц, які пагадзіўся далучыцца да нашага праекту», - распавядае Яўген Валошын. Канчаткова HandmadE сфармаваўся, як жывы гурт, калі да яго далучылася рытм-сэкцыя ў асобах Івана Махновіча і Ціхана Золатава. Партыю акардыёна выконваў віртуоз Макс Квяткоўскі, які пасля адгадаваў бараду і цалкам сышоў у праграмаванне. Яго замяніў шоўмен Уладзімір Пыльчанка.
Тэксты да асноўных хітоў стварыў Глеб Лабадзенка, які ў якасці паэта-перакладчыка пасупрацоўнічаў з Дакотай, Аляксандрам Рыбаком, Максам Лорэнсам, гуртом «Cтокс» ды іншымі. «Свае вершы, якія гучаць у песнях HandmadE, я пісаў канкрэтна для гэтага альбому Прычым ствараліся яны ў розных краінах, у самым розным антуражы», - распавядае Глеб. Так, напрыклад, «Вуліца-дым» напісалася ў часе глыбокай душэўнай тугі аўтара, у Мінску. Твор «Толькі разам» быў прыдуманы ў варшаўскім гатэлі Felix. «Там, дзе лета бывае кароткім…» – у аўтобусе «Прага-Парыж», калі Лабадзенка і Валошын рабілі сэрыю рэпартажаў з Заходняй Эўропы. З песняй «Сёньня ўвечары» - наогул асобная гісторыя. Яўген і Глеб задумалі яе, як беларускі «мядляк» і першае яе выкананне адбылося на танцах у дзіцячым летніку ў Старадарожскім раёне. Менавіта дзеці і настаялі на тым, каб гэты трэк быў абавязкова ўключаны ў будучы студыйны альбом.
У сваёй творчасці HandmadE спалучыў шматлікія стылёвыя эксперыменты – як у моўным, так і музычным плане. У песнях гучыць беларуская, расійская і ангельская мовы, а жанравы спектр кампазіцый сягае ад індзі-року і рэгі да акустычнага тэхна. Запісваліся песні для альбому паступова – на тыя сродкі, што меліся ў кішэнях. Таму на старонцы рэлізу змяшчаецца адпаведная пазнака пра тое, што кожны трэк каштаваў не больш за 50 даляраў. Тым не менш, запісам музыкі засталіся задаволенымі, хоць і выдатна разумеюць, што няма межаў для самаўдасканалення. Праўда, айчынныя FM-станцыі музыку HandmadE не прынялі. «Як толькі былі зроблены першыя трэкі, мы паспрабавалі прасунуць іх на беларускія станцыі. Але – хрэн! У пераважнай большасці кампазіцыі расцэньваліся як “нефармат”», - кажа Яўген. Праўда, зусім іншыя адносіны склаліся ў гурта з тэлебачаннем. Анатоль Вечар зняў ім за адзін дзень відэакліп на песню «Вуліца-дым» (http://www.youtube.com/watch?v=5sDNZKTQgzs). Яшчэ адзін кліп, мульцяшны, зрабіла для гурта фатограф Інга Купчына – каханне юнацтва аднаго з музыкаў (http://www.youtube.com/watch?v=wUTUs-FWkw8). Да ўсяго гурт неаднаразова клікалі на тэлеканал АНТ, дзе апошнім разам ім нават уручылі дыплём за «Песню году» (http://www.youtube.com/watch?v=8yorAg4zQjE).
Стваральнікі HandmadE мысьляць далей. Цяпер яны думаюць даставіць свой альбом спявачцы Мадоне ды прадусару Цімбалэнду. Праўда, як жартуе Яўген Валошын, ён забуксаваў па дарозе ў Амерыку. Цяпер музыка часова жыве ў Коста-Рыцы. У сувязі з гэтым, жывая прэзентацыя «DEMO. The music from unfreedom» пакуль не прадбачыцца. Затое ёсць выдатная магчымасць паслухаць і спампаваць HandmadE у гэтую ж хвіліну на старонцы рэлізу http://tuzin.fm/handmade/

Тэгі: