it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 10

 Быў сёньня на могілках, дзе пахаваны мой прадзед Захар Храмцэвіч і прабабуля Марыя Вітка. Могілкі ў вёсцы Покрашава на Случчыне, а жылі яны ў суседніх Бабовішчах. Прапрадзед і прапрабабка пахаваныя ў Швядах і Грэску, што непадалёк. Марыя Вітка і яе род спрычыніліся да псеўданіма свайго вядомага аднавяскоўца – пісьменьніка Васіля Віткі, які быў сапраўды Цімох Крыська, але ж узяў ад мае радні такі во псеўданім (хоць ягоныя нашчадкі маюць іншую рамантычную вэрсыю).

Сёньняшнія могілкі пакінулі вельмі цяжкае ўражаньне. Тут пахаванае ўсё маё дзяцінства. Усе вяскоўцы, якія я памятаў з маленства. І якіх ня стала за апошнія 5-7 гадоў… Вось наш сусед Міша Кудзёлка, які выходзіў на ганак і гукаў сваіх куранятаў: “Ліпачкі-ліпачкі, плі-плі-плі, каб вы, бляць, падохлі!..” А вось Юрчыха, якой ейныя дзеці і ўнукі аддавалі ўвесь заробак, а яна ім выдавала патроху – каб не папрапівалі. Вось Ігар Юркаў, які зусім малады заснуў п’яны і захлынуўся ўласнымі ванітамі… Вось Мішка Арцюшкевіч, які быў лепшым кіроўцам у калгасе, за што яшчэ ў савецкі час атрымаў права езьдзіць на самым лепшым, навюткім грузавіку з прычэпам. Калі ён вазіў сена, і часам ягоны грузавік стаяў перад хатаю, мы залазілі ў прычэп і дурэлі ў тым сене…
Вось дзед Васіль – родны брат майго прадзеда, які быў паранены на фронце і да канца жыцьця хадзіў з двума кіёчкамі. А вось ягоная баба Ніна, якая гатавала найсмачнейшую поліўку з грыбоў і частавала нас, малых. Вось Люда Юркава, маці шасьцярых дзяцей, якую пакалаціў мужык, ды так, што нядоўга яна жыла пасьля гэтага. А вось побач і сам мужык Коля па мянушцы Буйны, які перажыў жонку ўсяго на пару год. Вось Хведзька – родны брат майго прадзеда, які служыў пры немцах у камэндатуры, пражыў роўна 90 гадоў і памёр ў 2003. Вось баба Мар’я – родная сястра майго прадзеда, якую я ўжо не запомніў. А вось яе сын Іван, які памёр, калі мне было 7 год – аднак ягоны тарахцючы мапед “Карпаты” я памятаю добра, бо дужа хацеў на ім праехацца, ды так і ня выпала.

Цяпер я рэдка бываю ў Бабовішчах. Бо вёска майго маленства будзе заўсёды напоўненая людзьмі, іх выразамі твараў, інтанацыямі, сваркамі і ўсьмешкамі. Ніхто зь іх не памрэ ніколі. А сёньняшні дзень я пастараюся забыць.

 

Дзед Васіль, родны брат майго прадзеда Захара.

Тэгі: