it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 09

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, фота, відэа аўтара, TUT.BY

Чаму дагэтуль не зняты серыял пра першага прэзідэнта Гаваяў, які нарадзіўся ў Магілёве? Адкуль Караткевіч ведаў тэхналогіі сусветнага піяру? Ці ёсць шанцы ў беларускіх творцаў рабіць суперпапулярны прадукт?

Адказы на гэтыя пытанні вы пачуеце на публічнай лекцыі з цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”). Культуролаг Андрэй Расінскі распавядзе пра “Унікальнасць тыражаванага”. Лекцыя адбудзецца ў кафэ “Лофт” (вул. П. Броўкі, 22) 13 красавіка (пятніца). Пачатак а 18.00, уваход вольны!

Трэба сказаць, што назваю лекцыі “Унікальнасць тыражаванага” Андрэй Расінскі адначасова і дражніць, і інтрыгуе нас. Інтрыгуе – бо нават у гэтай гутарцы не выдаў усіх сакрэтаў, пакінуўшы іх для лекцыі. Дражніць – бо так і чакае, каб мы сказалі: “так не бывае”.

“Да таго як зацікавіцца кіно, уводзіў трусікам электроды ў мазгі…”

Усе ведаюць Вас найперш як кінакрытыка. А скончылі Вы біяфак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Што Вас увогуле прывяло па адукацыю ў Маскву?

Андрэй Расінскі: У тыя часы я займаўся біялогіяй – а ў Маскве была адпаведная кафедра фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці, на якую я паступіў. Вось калі вы памятаеце сабачак Паўлава з іхным слінацячэннем і з іхнымі ўмоўнымі рэфлексамі – то гэтым я займаўся. Праўда, не на сабачках, а на іншых жывёлах.

Вы таксама здзекваліся з жывёлаў?

Андрэй Расінскі: Ну, я аперацыі ім рабіў.

Яны выжывалі пасля гэтага ці паміралі?

Андрэй Расінскі: Яны цудоўна выжывалі і добра сябе адчувалі!

А якім Вы жывёлам рабілі аперацыі?

Андрэй Расінскі: Трусікам.

Чароўным?.. І што былі за аперацыі?

Андрэй Расінскі: Ім уводзіліся электроды ў мазгі…

GPS-навігацыя?

Андрэй Расінскі: Не, там была стымуляцыя пэўных ядраў мозга.

Іх біла потым у галаву токам?

Андрэй Расінскі: Так.

“Біялогія дапамагла ў аналізе фільмаў…”

 

Андрэй Расінскі: Менавіта ў Маскве я патрапіў у кінаклуб. Гэта былі перабудовачныя часы, мы глядзелі класіку кінематографа. І як чалавек, які прызвычаіўся ўсё аналізаваць, я задаўся пытаннем: чаму адное кіно чапляе, а другое – не? Стаў гэта даследваць. Хацеў кінуць біялогію на трэцім курсе – аднак скончыў. Пасля паступіў у магістратуру МДУ, але ўжо на культуралогію. Маімі настаўнікамі былі Елеазар Меляцінскі, Нэя Зоркая і Валянцін Міхалковіч. Я прысвяціў бы гэтую лекцыю іх памяці – бо ў значнай ступні абапіраюся на іх працы. Праца Нэі Маркаўны “Унікальнае і тыражаванае” – ад яе я адштурхоўваюся ў значнай ступені.

Спадар Андрэй, але калі Вы ажно ў Маскву паехалі па сваю біялогію – як вы з такога захаплення пераключыліся на кіно?

Андрэй Расінскі: Магчыма, таму, што я займаўся класічнай навукай канца ХІХ – пачатка ХХ стагоддзя. Мне гэтага было недастаткова. І потым, калі я быў ужо злоўлены на кручок кінематографа – з гэтага кручка саскочыць ужо было немагчыма. Мне было цікава: як працуе мастацтва, як працуе культура, за кошт чаго гэта ўсё праяўляецца? Тут, у адрозненне ад навукі, усё адбываецца абсалютна вольна…

Трэба думаць, што навыкі біялагічнага анатамавання дапамаглі Вам аналізаваць кіно і мастацтва ў цэлым?

Андрэй Расінскі: Безумоўна, школа жорсткага прыродазнаўчага аналізу дапамагла ў аналізе культурных феноменаў!

“Кепскія аўтары механікай тыражавання не валодаюць”

Спадар Андрэй, назва лекцыі – “Унікальнасць тыражаванага” – гэта аксюмарон, як “гарачы лёд”. Вось я гляджу Мону Лізу ў Луўры, а вось я гляджу яе рэпрадукцыю ў ГУМе. Хіба выключна дзякуючы такому тыражаванню яна зрабілася ўнікальнай?

Андрэй Расінскі: Бачыце, варта весці гутарку пра ступень унікальнасці і ступень тыражаванасці. Тое, што актуальна ці патэнцыйна не тыражуецца – увогуле выпадае з камунікацыі.

Пытанне застаецца: “унікальнае” – гэта адзінае. Як жа можа быць унікальным тое, чаго наштампавалі мільёны?

Андрэй Расінскі: Ад тыражавання рэч робіцца ўнікальнай, бо ёсць глыбінныя матрыцы, звязаныя з гэтым тыражаваннем. Умоўна кажучы, калі рэч робіцца звышпапулярнай – яна ўнікальная і цікавая гэтым.

Ці залежыць гэтае тыражаванне ад аўтара? Большасць прыкладаў – гэта калі рэч рабілася культавай ужо пасля смерці аўтара: Эйфелева вежа, Мона Ліза, “Фаўст” Гётэ, Гамлет Шэкспіра…

Андрэй Расінскі: Незалежна ад таго, праз які час пасля стварэння рэч стала тыражаванай, – адбылося гэта ад таго, што туды была закладзена пэўная механіка тыражавання, якую абраў аўтар. Калі атрымалася – аўтар добры. Бо кепскія аўтары механікай тыражавання не валодаюць.

Дык усё, што сёння тыражаванае – гэта ўсё ж заслуга аўтара?

Андрэй Расінскі: Не, не толькі. Там ёсць іншыя чыннікі ды элементы. Аўтар тут не адзіны. Ёсць крытыка, ёсць улада, ёсць гандляр, ёсць чытач… Але падрабязней я хачу раскрыць гэта на лекцыі.

“Паспяховыя прыклады – Дракула, Папялушка…”

 

Вы казалі цяпер агульна пра механізмы і тэхналогіі. Можаце назваць канкрэтныя прыклады, якія персанажы сталі ўнікальныя дзякуючы таму, што яны тыражаваныя персанажы?

Андрэй Расінскі: Дракула. Папялушка…

Ок, Дракула – дзякуючы якому механізму ён растыражаваўся?

Андрэй Расінскі: Спачатку трэба паглядзець на вытокі. А вытокі – гэта сапраўдны персанаж, які жыў у даволі змрочныя часы для Трансільваніі. Ягоная жорсткасць пайшла ў легенды, потым гісторыя пра Дракулу стала вядомая ў тагачаснай Масковіі, і калі пісалі пра Дракулу – то намякалі на Івана Жахлівага. Потым гэты персанаж выцягнуў з нябыту Брэм Стокер – і пачалася гэтая эпапея. Ён стварыў сістэму-матрыцу, у значнай ступені абапіраючыся на фальклор. Далей пачалося масавае тыражаванне, прычым у розных варыяцыях: Дракула лысы, Дракула валасаты, цэлая ягоная сямейка – сыны, дочкі і нават сабакі. Пэўнае падсумаванне адбылося ў фільме Фрэнсіса Форда Копалы, які спаслаўся не толькі на ўсю папярэднюю Дракуліану, але і на Івана Жахлівага… Папялушка – таксама персанаж фальклорны, якога падхапілі і растыражавалі пісьменнікі. Акрамя таго, варыянт Папялушкі перакачаваў у серыялы: няшчасная дзяўчына, якая працуе служанкай і выходзіць замуж за свайго гаспадара. Тыповы прыклад – гэта, канешне, Рабыня Ізаўра. Альбо “Прыгажуня” Рычарда Гіра і Джуліі Робертс. Гэта таксама – гісторыя Папялушкі.

Але гэта – прыгожая гісторыя з добрым фіналам, якую многія “пражываюць” разам з героямі. Няўжо Дракулу нехта таксама прымярае на сябе?

Андрэй Расінскі: А тут як “Супер 8”: ведаеш, што будзе страшна, але не заб’ешся. Чалавеку ўласціва шукаць сабе вострыя ўражанні.

“Барбара Радзівіл і Мікалай Судзілоўскі – нашыя патэнцыйныя персанажы!”

Ці магла б да такой ступені, як Дракула, раскруціцца Чорная Панна Нясвіжа альбо гальшанская Белая Панна?

Андрэй Расінскі: Так! Барбара Радзівіл, гісторыя яе кахання з Жыгімонтам Аўгустам, абсалютна добры прыклад унікальнага, і адначасова тыражаванага персанажа. Трэба рабіць серыял! Але ж не толькі Барбара! Гісторыя Саламеі Русецкай – яна сама, яе жыццё, яе прыгоды ў Асманскай імперыі… Ёсць гісторыя жыцця Мікалая Судзілоўскага, выхадца з Магілёва, які стаў першым прэзідэнтам Гавайскіх астравоў. Потым – кантрабандысцка-шпіёнскія гісторыі Пясецкага. Я не кажу ўжо пра Караткевіча. “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха” – гэта, на маю думку, не на адну экранізацыю!..

Дарэчы, Караткевіч, як і Сальвадор Далі,  загадзя задумваўся пра верагодную папулярнасць сваіх твораў?

Андрэй Расінскі: Так, ён спецыяльна пісаў творы, разлічаныя на гэта! Дарэчы, калі “Дзікае паляванне” паказалі на Захадзе, там адразу сказалі: “Дык гэта наша, мы маем такія самыя сюжэты, гэта Корман!” У той жа самы час у Іспаніі выходзіць цэлая серыя фільмаў пра сляпых мерцвякоў. Сляпыя рыцары на конях пераследуюць людзей і сякуць іх на капусту! Гэта – прыклад глыбінных фальклорных матрыц, якія выдатна ведаў Караткевіч, і якія цудоўна выкарыстоўваў.

Спадар Андрэй, а зняважлівы вобраз “бульбаша” – можна назваць тыражаваннем?

Андрэй Расінскі: Гэта адмоўны прыклад. Гэта – тыражаванне каланіяльнага статусу. Зараз у нас афіцыйная культура – гэта культура смецця. Прычым смецця, якое мусіць заблакаваць камунікацыю як такую, заблакаваць тыражаванне як такое. Гэта вірусная сістэма, калі ўсё забіваецца “шумам у эфіры”. У нас няма творчых асародкаў, людзі не бачаць і не чуюць адзін аднаго!

Аднак калі ёсць гатовыя схемы тыражавання, і ў нас ёсць выдатныя сюжэты і персанажы – чаму не атрымліваецца?

Андрэй Расінскі: Тут праблемы дзве: памылка аўтараў і праблемы грамадства. Памылка аўтараў у тым, што яны ў значнай ступені грэбуюць гэтай сітэмай глыбінных матрыц тыражавання. А памылка грамадства ў тым, што яно напоўнена вірусамі, якія забіваюць камунікацыю…
Ці можна лічыць паспяховым тыражаваннем гурты NRM і “Ляпис Трубецкой"?
Ці ёсць прыклады ўнікальнага тыражаванага ў Бібліі?
Хто можа стаць беларускім Шрэкам?

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Андрэя Расінскага з цыклу “Urbi et Orbi”
“Унікальнасць тыражаванага”
адбудзецца 13 красавіка (пятніца) а 18.00
у кафэ “Лофт” – вул. Петруся Броўкі, 22 (бліжэйшая ст. метро “Акадэмія навук”). Уваход вольны!
Тэгі: