it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 05

Адкрыты ліст старшыні Рэспубліканскага савета Грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антона Астаповіча.

 

Шаноўны Павел Паўлавіч!

 

На жаль, ужо стаміўся Вам пісаць, тлумачыць нормы заканадаўства, заклікаць да элементарнай для любога дзяржаўнага служачага, тым больш для міністра культуры неабходнасці жорсткага выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Не хацелася б узгадваць зноўку ўвесь комплекс праблем, звязаны з працамі на нашых помніках, тую ролю, якую ў гэтым грае Міністэрства культуры, бо ўсё гэта неаднаразова фармулірвалася ў шматлікіх лістах і публікацыях, агучвалася на Калегіі Міністэрства ў 2010 г., разглядалася на шматлікіх нарадах, у тым ліку і не толькі з Вашым непасрэдным удзелам, але і пад вашым старшынствам.

 

Хацеў бы ўзгадаць апошнюю нараду ў лістападзе 2011 г., па выніках якой быў складзены і Вамі асабіста зацверджаны пратакол, дзе сфармуляваны намеры аб выпраўленні негатыўных праяў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны супольнымі намаганнямі Міністэрства культуры і Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.  Тое, што гэты пратакол зацвярджаўся роўна месяц, і ў яго не ўвайшлі ўсе пазіцыі абмеркавання – справа іншая.

 

Але згодна гэтага пратаколу спецыялісты Таварыства павінны былі інфармавацца Ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі аб паступіўшых на ўзгадненне ў Міністэрства культуры праектах, якія прадугледжваюць працы на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, для супольнага абмеркавання, для пошука ўзгодненых рашэнняў, каб працы на помніках выконваліся ў адпаведнасці  з заканадаўствам і з агульнапрынятымі методыкамі.

 

А вынік які? Выніку аніякага! Апошні прыклад –  зноўку правы бок вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай) у Гістарычным цэнтры Мінска. Нягледзячы на лісты Таварыства ў Міністэрства па праблемах, якія звязаны з афіцыйным праектам, нягледзячы на агучванне праблемы ў сродках масавай інфармацы, мы так і не атрымалі абгрунтаваных  адказаў па пастаўленых праблемах. Не выканана абяцанне аб правядзенні нарады пад Вашым старшынствам па праекце забудовы правага боку Гандлёвай і па ўжо ўзгодненаму невядома па якіх крытэрыях праекту Мінскага замчышча.

 

А 22 лютага абдываецца пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, на якое я запрошаны быў толькі за 19 гадзін да яго пачатку, і на пасяджэнні разглядаецца архітэктурны праект забудовы кварталу № 1 правага боку Гандлёвай, які, як мы паведамлялі неаднаразова раней, не адпавядае палажэнням ні заканадаўства, ні тэхнічным дакументам, ні методыкам правядзення прац на тэрыторыі комплексных помнікаў горадабудаўніцтва.

 

Зноўку Міністэрства культуры і дарадчы орган пры ім спрацавалі, як легітымізатары неадпаведных праектных рашэнняў ва ўгоду інвестару, ва ўгоду Мінгарвыканкаму, якія ўжо неаднаразова ставілі і ставяць пад сумнеў сваімі дзеяннямі неабходнасць дасканалага выканання заканадаўства ў сферы аховы спадчыны.

 

Зноўку прынята рашэнне аб узгадненні праекта, які заснаваны не на навукова-абгрунтаваных рашэннях, які пры сваёй рэалізацыі не толькі знішчыць элементы аховы Гістарычнага цэнтра, але і перакрэсліць у перспектыве захады па бездакорнаму аднаўленню унікальных культурных ландшафтаў сталіцы.

 

Нас і мяне асабіста хвалюе не толькі Мінск, не толькі яго Гістарычны цэнтр. З-за пазіцыі Міністэрства культуры знішчаны ўнікальны помнік прамысловай архітэктуры – першая мінская электрастанцыя, узгадняюцца праектныя рашэнні ў гістарычных цэнтрах беларускіх гарадоў, якія поўнасцю знішчаюць усе якасныя характарыстыкі гістарычных гарадскіх асяродкаў. Чаго толькі варта інфармацыя Брэсцкага гарвыканкама аб падтрымцы Міністэрствам ініцыятыў па перспектыўнаму правядзенню прац у Гістарычным цэнтры Брэста, пры якіх будзе ці знішчана, ці незваротна перабудавана вялікая частка архітэктурных помнікаў. І гэтая перспектыўная праца аніякім чынам не стасуецца з нормамі права. Зноўку Міністэрства будзе выступаць у якасці легітымізатара незаконных рашэнняў.

 

Пара ўжо даўно пераходзіць ад словаў да справы. Пара ўжо даўно не разважаць аб той карысці, якую можа прынесці перспектыўнае стварэнне інспекцыі па ахове спадчыны, а наладзіць бездакорную працу Ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, каб яно пры ўзгадненні праектаў і прац кіравалася вызначанай заканадаўствам нормай прыярытэту гісторыка-культурнай спадчыны, а не прыярытэтамі інвестараў і чыноўнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органгаў.

 

У вырашэнні  праблемы мог бы дапамагчы Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, які ўзначальваеце Вы асабіста. Але з пачатку кастрычніка мінулага году так і не адбылося запланаванае пасяджэнне па гісторыка-культурнай спадчыне. Да гэтага часу не атрымана зразумелага адказу на нашыя звароты аб прычынах, якія тармозяць правядзенне пасяджэння Савета. Застаецца меркаваць, што Вы асабіста ў пасяджэнні не зацікаўлены.

 

Вы часта спасылаліся і спасылаецеся на перспектыўную праграму “Замкі Беларусі”. Зацверджаная Пастановай Савета Міністраў, распрацаваная пад Вашым кіраўніцтвам  праграма  не вырашае праблем аховы нашай спадчыны. Пры ўважлівым яе вывучэнні робіццца выснова пра яе іміджавы, прапагандыскі характар. Бо, як можна ацаніць той факт, што палова сродкаў праграмы будзе накіравана на працы па Мінскаму зачышчу, праектныя прапановы па якому не вытрымліваюць аніякай крытыкі з любога боку, які не ўзяць. Нездарма Мінгарвыканкам пад рознымі соўсамі не жадае праект па Замчышчу выносіць на грамадскае абмеркаванне.

 

А каб перайсці да справы, шмат не трэба. Трэба толькі выканаць тое, што ўвайшло ў шматлікія дакументы. Гэта і далучэнне спецыялістаў Таварыства аховы помнікаў да разгляду праектнай дакументацыі, і правядзення пасяджэння Рэспубліканскага савета, і жорсткі кантроль з Вашага боку за працай Ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

 

І першы крок зрабіць досыць лёгка. Прапаную Вам адмяніць узгадненне архітэктурнага рашэння забудовы квартала № 1 па вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай), пергледзіць гэты праект на падставе экспертных заключэнняў, а на дадзены момант Таварыства можа прыцягваць у якасці экспертаў  прадстаўнікой інжынерна-канструктарскай будаўнічай думкі, каб знайсці рашэнне па захаванню гістарычнай планіровачнай структуры знішчаных кварталаў па вуліцы Гандлёвай нават у складанай сітуацыі, якая склалася пасля пракладкі інжынерных камунікацый.

 

Выканайце тое, што паабяцана ў лістах за подпісам Вашых намеснікаў – гэта і нарада, гэта і ініцыяцыя разгляду праектаў па Гандлёвай і па Замчышчу на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Гэта і задэклараваная на апошнім пасяджэнні навукова-метадычнай рады ініцыятыва па правядзенню грамадскага абмеркавання архітэктурнага праекта забудовы квартала № 1 па праваму боку вул. Гандлёва (Зыбіцкай).

 

На падставе экспертных заключэнняў, на падставе навукова-метадычных і прававых падыходаў можна будзе прыняць абгрунтаванае рашэнне, якое сапраўды дазволіць правесці працы па рэгенерацыі тэрыторый Гістарычнага цэнтра сталіцы на бездакорным узроўні, на ўзроўні,  якім  будуць ганарыцца і сучаснікі, і нашчадкі.

 

І апошняе. Вельмі не хочацца мне асабіста, каб Вы ўвайшлі ў гісторыю Беларусі з рэпутацыяй Герастрата.

 

З павагай,

Старшыня РС ГА БДТАПГК                                   А.Астаповіч

Член Рэспубліканскага грамадскага

савета па справах культуры і мастацтва

пры Савеце Міністраў Рэспублікі

Беларусь

Тэгі: