it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 05

Беларускі святар-філосаф вырашыў абараніць Платона і Арыстоцеля

Дзеля гэтага Пётра Рудкоўскі прачытае публічную лекцыю “Слова ў абарону “неактуальнай” філасофіі. Лекцыя адбудзецца ў межах цыкла “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) 9 сакавіка (пятніца) па адрасе Незалежнасці, 37а (Галерэя Ў), пачатак 18.30. Уваход вольны!

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для TUT.BY

Пётр Рудкоўскі – унікальная ў Беларусі асоба: ці не адзіны дзейсны ксёндз, які выкладае ў свецкім універсітэце (ЕГУ). Шлях да навукі ў Рудкоўскага быў супрацьзаконны – каб навучацца багаслоўю, ён са сваіх памежных Канвелішак хадзіў цераз лес у Літву. Аднак так хацеў Бог, і хлопца ні разу не злавілі. Потым была адукацыя ў Гродне, у славутым кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Цяпер айцец Пётр служыць дапаможным ксёндзам у магілёўскай парафіі святых Казіміра і Ядвігі. У вольны час вядзе ЖЖ, які называецца сціпла: “Джон Купала”. Таксама вядзе блог на партале catholic.by.
Шлях Пётры Рудкоўскага да беларускай мовы таксама быў пакручасты. У дзяцінстве ён, як і многія савецкія дзеткі, лічыў сябе “рускім”. Потым вывучыў польскую мову, захапіўся паланістыкай і зрабіўся “палякам”, нават напісаў мастацкую кнігу па-польску на 800 старонак школьнага сшытка. Аднак вялікая адукацыя не прамінула дарэмна – сёння філосаф Пётра Рудкоўскі лічыць сябе выключна беларусам. І на лекцыі збіраецца прызнацца, што…

“З Платонам і Арыстоцелем я і сам часцяком не пагаджаюся…”

 

- На лекцыі, - кажа Пётра Рудкоўскі, - я маю намер абараняць “неактуальную”, “анахранічную” філасофію, якая, можа быць, прызнаная “нямоднай”, але ў якой я бачу пэўны шанец для беларускай філасофіі, беларускай гуманістыкі. Маю намер узняць такую праблему, як тэхніка канструявання шматпавярховых абстракцыяў, якую даводзіцца ў айчынным (і не толькі) філасафаванні назіраць. Маю намер узняць праблему безпрадметнасці філасофіі і аперавання цьмянай эзатэрычнай мовай. І паставіць пытанне пра ўзнаўленне класічнага філасафавання, якое грунтуецца на аналізе, крытыцы і аргументацыі.

Спадар Пётра, усё гэта Вы хочаце паказваць, я так разумею, з беларускай пазіцыі і на беларускіх прыкладах?

 

Пётра Рудкоўскі: Маю намер праз прызму класічнага разумення філасофіі глянуць на сітуацыю ў беларускай філасофіі.

“Класічнае разуменне філасофіі”, давайце нагадаем, - гэта хто?

 

Пётра Рудкоўскі: Гэта Арыстоцель, Платон – з якімі я часцяком не згаджаюся, але якія з’яўляюцца такім адправачным пунктам. Гэта стаіцкая філасофія, скептычная, гэта Фама Аквінскі, святы Аўгусцін, гэта Дэкарт, Джордж Берклі, Кант і гэтак далей. Тое, што ўвайшло трывала ў філасофскую еўрапейску спадчыну. Па другі бок – тое, што лічыцца “апошнім крыкам філасофскай моды”: дэканструкцыянізм ці постмадэрнізм, ці яшчэ як гэта называюць.

А хто гэта вырашае – модная ці нямодная? Няўжо нехта выракся названых Вамі класічных філосафаў?

 

Пётра Рудкоўскі: Да іх назіраецца такі спецыфічны падыход – няма аналізу гэтай спадчыны, дыскусіі з імі. Толькі пры дапамозе іранічнага стылю, аспрэчвання. Часам і згода з імі – але невядома, у імя чаго і дзеля чаго. Гэта можна назіраць, але гэта не ёсць філасофскі дыскурс.

А хто з сённяшніх беларускіх філосафаў модны? Вось на слыху, у прэсе – Акудовіч, Бабкоў, Мацкевіч…

 

Пётра Рудкоўскі: Яны даволі модныя.

Якраз тыя модныя, ад якіх Вы хочаце сыйсці?

 

Пётра Рудкоўскі: Не ад іх сыйсці, іх не адштурхоўваць – а можа якраз прыцягнуць іх. Толькі ў процівагу гэтай моднай філасофіі, якую яны прэзэнтуюць, – абараняць нямодную.

То бок, партрэт Акудовіча на лекцыі паліць не будзеце?

 

Пётра Рудкоўскі: Паліць партрэт Акудовіча на лекцыі я, бадай што, не буду. З той прычыны, што я з’яўляюся адным з тых, хто найлепш вывучыў думку Акудовіча. Я напісаў ажно тры з паловай артыкулы на тэму ягонай думкі. Таму партрэт Акудовіча для мяне вельмі каштоўны.

“Біблія – гэта ніякія не вялікія філасофскія трактаты”

 

Ці ёсць у Беларусі іншыя прыклады, калі дзейсны ксёндз з’яўляецца адначасова ўніверсітэцкім выкладнікам, блогерам?..

 

Пётра Рудкоўскі: Духоўных асобаў, якія выкладаюць у семінарыях, багаслоўскіх каледжах – не так ужо і мала. Ёсць многа тых, каторыя робяць навуковыя ступені, якія ўжо зрабілі навуковыя ступені – у адрозненне ад мяне, бо я яшчэ кандыдацкай не маю.

Але ж Вы выкладаеце ў свецкім універсітэце. Як Вы ў сабе гэта спалучаеце?

 

Пётра Рудкоўскі: Часам выклікае такое напружанне, але адначасова гэта даволі цікава. Спраўды, я не прыгадваю іншых святароў Беларусі, якія б выкладалі ў свецкай установе. Гэта цікавы досвед.

Як да гэтага ставіцца касцёл?

 

Пётра Рудкоўскі: Касцёл ставіцца станоўча. Я належу да дамініканскага ордэна, адной з місіяў якога з’яўляецца пэўная прысутнасць у акадэмічным асяроддзі, дыялог з сучаснымі інтэлектуальнымі плынямі. Таму пачуваюся цалкам добра.

Адная з кніг Валянціна Акудовіча называецца дзёрзка – “Дыялогі з Богам”. Вы як святар і выкладнік філасофіі – як лічыце, можна назваць філасофію дыялогамі альбо ж маналогам чалавека да Бога?

 

Пётра Рудкоўскі: У пэўным сэнсе філасофію можна ўспрымаць як дыялог з Богам, хіба што – з неспазнаным Богам. Акудовіч спрабуе дыялагаваць, дыскутаваць, спрачацца з Богам, набліжаным да хрысціянства, з Богам-этнасам. Гэта – абшар пошуку Бога. Акудовіч робіць гэта часам іранічна, часам скандальна – але цікава, што менавіта ён вядзе гэтыя дыялогі з Богам.
Атрымліваецца?
Пётра Рудкоўскі: Мне асабіста здаецца, што часам ён больш гаворыць, чым слухае. Але гэта вельмі асабістае маё ўражанне.

Наколькі гэта дарэчна – ставіць сябе на адну лінію, на адзін узровень з Богам? Дыялог – гэта раўнапраўная гутарка. У многіх мовах, у тым ліку беларускай, можна сказаць “пан” да чалавека і “Пан” да Бога. І тут назіраецца нейкае “набліжэнне статусаў”. І ў жыцці гэта часта сустракаецца, калі людзі кажуць: “Я звярнуўся да Бога – а Ён узяў і не пачуў”.

 

Пётра Рудкоўскі: Бог, якога я вызнаю, пераўзыходзіць чалавечы свет. Але гэта захапляльна, што ён сышоў на ўзровень чалавека, стаў чалавекам. У Новым Запавеце сказана, што не проста стаў чалавекам, а слова сталася “саркс” – гэта нізкая, пагарджаная форма чалавечага існавання. Самае галоўнае правіла – не толькі да Яго прамаўляць, у Яго пытацца – але таксама слухаць Яго. Часам бывае такая праблема.

Біблія – філасофская кніга. І з аднаго боку, яна была створана вельмі даўно – таму ніякай мадэрновай ці постмадэрновай яе не назавеш. А з іншага боку гэта – заўсёды “модная” кніга, людзі чытаюць яе з захапленнем, адкрыццём, вялікай цікаўнасцю. З прагай спазнаць новае і атрымаць адказы. Як Вы тлумачыце такі феномен Бібліі?

 

Пётра Рудкоўскі: Мой асабісты кантакт з Бібліяй быў у розныя перыяды розны. Прызнаю, што былі і праблемы з Бібліяй. Адначасова мяне заўсёды інтрыгаваў факт, пра які вы згадалі – гэта попыт, якім Біблія заўсёды карысталася і працягвае карыстацца. Пры тым, што ў літаратурным плане гэта ніякія не шэдэўры. У філасофскім плане гэта – ніякія там не вялікія філасофскія трактаты. У гістарычным плане гэта таксама не ёсць дакладны дакумент… У моўным плане гэта досыць убогая кніга: знаўцы падлічылі, што габрэйская частка налічвае ўсяго каля 1500 словаў… Адначасова ёсць нешта, што закранае патаемныя струны ў чалавеку – і яна аказваецца актуальнай. Біблія – скарб натхнення для філасофаў. Для таго ж самага Акудовіча, які 30 старонак прысвячае аднаму радку з Бібліі “напачатку было слова…” І, канешне, Біблія натхняе многіх людзей на духоўную змену свайго жыцця.

Вы зараз чатыры разы запар збэсцілі Біблію! Яна і так убогая, і гэтак убогая. Вам не здаецца, што ў Сярэднявечча Вас бы ўжо даўно на вогнішчы спалілі?

 

Пётра Рудкоўскі: Зусім не так, што мяне б спалілі ці пабілі. У Сярэднявеччы адрознілі гістарычны сэнс ад маральнага, духоўнага. Біблія – гэта інструмент, праваднік да сапраўднага Божага слова, якое глыбейшае за простыя літары.

Вы не баіцеся, што з вуснаў святара многія могуць зразумець гэта як “ай, што тая Біблія!..”

 

Пётра Рудкоўскі: Калі даслухаюць да канца – адэкватнае зразуменне будзе.

“Я пачаў пешшу хадзіць на багаслоўскія курсы, якія адбываліся ў Літве…”

 

Ваш шлях да беларускай мовы ляжаў цераз польскую мову, цераз вывучэнне літоўскай мовы. Па-польску Вы, здаецца, нават кнігу на 800 старонак напісалі. Чаму сёння гэты шлях да мовы быў для Вас такі пакручасты – такі самы, як для Купалы 100 гадоў таму?

 

Пётра Рудкоўскі: Гэта пэўная эвалюцыя, якую праходзіць арганізм, – нешта падобнае адбылося і ў маім выпадку. Пачыналася ўсё ад зусім няяснага ўсведамлення, кім я ёсць. Паляк? Рускі? Пазней адбылося праясненне маёй свядомасці ў свядомасць таго, што беларускасць – гэта нешта роднае для мяне. Пры тым, што польскасць і літоўскасць таксама з’яўляецца чымсці блізкім.

Параўнанне, якое напрошваецца само – у цяперашнім грамадстве гэтак жа мала рэлігіі. Чалавек мусіць зразумець і прыйсці да гэтага сам. Чаму шлях сённяшнягя беларуса аднолькава пакручасты і да Бога, і да мовы?

 

Пётра Рудкоўскі: Мне таксама нярэдка прыходзіць такая аналогія… І бальшавізм, і Расейская імперыя стэрэлізавала тутэйшых людзей, вынішчала беларускую культуру. Два гэтыя монстры накладваюцца адно на адно. Расейская імперыя змагалася з касцёлам – але ж дазваляла хоць праваслаўе. Савецкі Саюз змагаўся з любой рэлігіяй.

Дзе Вы навучаліся багаслоўю? Дзе Вы навучаліся філасофіі?

 

Пётра Рудкоўскі: Маё навучанне па-за школай пачалося яшчэ калі я быў у 10 класе. Я пачаў пешшу хадзіць на багаслоўскія курсы, якія адбываліся ў Літве. Затым Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродна – філасофія, багаслоўе. Потым Дамініканскі калегіюм і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, уласна філасофская адукацыя, маю ступень магістра.

Вы сказалі звычайную для жыхара памежжа і незвычайную для жахара Мінска рэч – што на курсы хадзілі пехам у Літву. Ад вашых Канвелішак гэта колькі?

 

Пётра Рудкоўскі: Той горад, куды я хадзіў навучацца – Салечнікі – гэта амаль што на самай мяжы. Можна пешшу дайсці за 2 гадзіны прыкладна, гэта каля 10 кіламетраў. Гэта калі ісці напрасткі, праз лясы – як я хадзіў.

У той час гэта яшчэ не было парушэннем мяжы?

 

Пётра Рудкоўскі: Гэта ўжо было парушэнне мяжы, але яна яшчэ была слабенькая, толькі фармавалася – 1993-94 год. Мяне ні разу не затрымалі.

Чаму Ваш блог і Вашая электронная пошта называюцца “Джон Купала”?

 

Пётра Рудкоўскі: Неяк так спантанна атрымалася. Тут некалькі сімпатыяў наклалася. Мой бацька, яго завуць Ян, нарадзіўся паблізу свята Яна Хрысціцеля. Ян Хрысціцель адзін з маіх улюбёных святых. А Джон Купала – гэта беларусізаваная мянушка для Яна Хрысціцеля. Спадзяюся, што Ян Хрысціцель за гэта на мяне не крыўдзіцца. Апрача таго, сантымент да Янкі Купалы як такога.

Зрэшты, і ён жа пачынаў па-польску пісаць. Чым не нагода правесці паралелі?

 

Пётра Рудкоўскі: Я не прэтэндую на нешта такое. Гэта так – гульня нашчадка.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Пётры Рудкоўскага з цыклу “Urbi et Orbi”
Слова ў абарону “неактуальнай” філасофіі
адбудзецца 9 сакавіка (пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
у Галерэі Ў – Мінск, пр-т. Незалежнасці, 37а (метро Плошча Перамогі)

вам быў цікавы гэты матэрыял?

View Results

Loading ... Loading ...
Тэгі: