it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 23

Глеб Лабадзенка для www.baj.by, фота аўтара і з архіва Андрэя Лянкевіча

Вы, вядома, памятаеце фотку Лянкевіча з разбітым у кроў носам, фотаапаратам і чырвонай шапкай у руцэ. І ведаеце, што пэўны час ён працаваў фотакорам “Нашай Нівы”. А потым знік – і выдаў альбом “Паганства”. Ну, і друкаваўся ў самых прэстыжных сусветных выданнях.

З якой сям’і Андрэй Лянкевіч? Хто яго жонка? Што ён рабіў у кватэры, дзе смярдзела сабакамі і катамі? Чаму паставіў сабе за мэту з’ехаць з Гародні? Як патрапіў на першую старонку New York Times?

Пра гэта –  у шчырай гутарцы для www.baj.by.

 

АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖу

Андрэй ЛЯНКЕВІЧ нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гародні. Скончыў факультэт радыёфізікі БДУ. У 2004-05 гадах вучыўся ў Каўказскім медыяінстытуце, які скончыў з найлепшым вынікам на курсе. Здымкі выходзілі ў такіх выданнях, як New York Times, Le Figaro, Newsweek, Die Zeit, Spiegel, GEO, International Herald Tribune. Выкладае ў ЕГУ, Беларускім калегіюме. Супрацоўнік агенцыі “Anzenberger” (Аўстрыя). Сябра БАЖ з 2008 года.

 

“Магчыма, гэта можна назваць скажэннем прасторы – а можа, яе бачаннем?”

Андрэю, за той час, пакуль  Вы працавалі як рэпарцёр, фатограф “Нашай Нівы” – Вашае імя гучала часцей. Потым некаторыя падумалі: а дзе знік Лянкевіч? Аднак тое, чым Вы займаецеся цяпер, - як бы “рэдка, але метка”:  вось альбом, вось выстава, вось прэмія... Фактычна тая вядомасць больш “аднадзённая”, а гэтая – больш “грунтоўная”. Вы дайшлі да гэтага розумам альбо інтуіцыяй?

Андрэй Лянкевіч: Мне проста шчасціць па жыцці, бо я раблю  тое, што адчуваю неабходным. “Паганства” ўзнікла не за адзін дзень, “Паганства” я рабіў 4 гады, працуючы ў "Нашай Ніве", а пасля з дапамогай кампаніі "Будзьма". Для працы я рабіў прэсавыя здымкі – каляровыя, прыгожыя, людзі ў строях... Зразумела, што з пункту гледжання агенцыі навінаў фотаздымак мусіць быць каляровы.

А на іншым плячы вісеў мой “Кіеў”, якому 50 гадоў, з чорна-белай  стужкай, квадратны. І атрымліваецца, што фотаздымкі ў адным і тым жа месцы рабіў адзін фатограф, – але іншыя здымкі, якія распавядаюць абсалютна іншую гісторыю, на якіх не бачна людзей. Магчыма, гэта можна назваць скажэннем прасторы... А можа, яе бачаннем? І ў пэўны помант я зразумеў, што мне хочацца займацца толькі вось такім. Мне сапраўды цікава рабіць выставы, адказваць на пытанні самому сабе, а не рабіць у экстрэмальных сітуацыях добрыя фатаграфіі.

Атрымліваецца, Вы як бы сябе засцерагаеце і падстрахоўваеце? Рэпарцёрства – гэта “паспеў – ухапіў”. А тут маеш час для дубляў і варыяцыяў. Фору сабе пакідаеце?

Андрэй Лянкевіч: Я б не сказаў, што фору. Па-першае, гэта іншы тэмп жыцця. У цябе няма сталага заробку. Я зарабляю грошы толькі тады, калі маю замовы ад газет, часопісаў ці тады, калі прадаюцца нейкія публікацыі, атрымоўваю ганарары за выставы… Тут няма форы, але ёсць сітуацыя няўпэўненасці ў будучыні. Гэта трохі іншае. Ты сыходзіш са сталай працы – і ведаеш, што заўтра, паслязаўтра, праз месяц не будзеш атрымоўваць заробак як пэўную суму.

То бок, сёння ў агенцыі ў вас “акладу” няма? Гэта не пачынае нерваваць? Усё-ткі, каб існаваць, грошы трэба.

Андрэй Лянкевіч: Канешне. Але пакуль што ўсё атрымоўваецца, бо ёсць нейкі сінтэз паміж выкладаннем у ЕГУ, паміж персанальнымі праектамі, паміж замовамі – усё гэта разам дазваляе пакуль існаваць. Калі пачаўся крызіс, так атрымалася, што 100% газет і часопісаў, на якія я працую, – гэта замежныя СМІ, якія плоцяць грошы, непараўнальныя з тутэйшымі. Гэтая розніца і забяспечвае.

То бок, не даводзіцца, як галоўнаму герою “Голаду” Кнута Гамсуна, жыць ад ганарара да ганарара?

Андрэй Лянкевіч: Я ж выкладаю, раблю выставы, а не толькі прэсавыя фатаграфіі. Гэта, відаць, і ёсць мой суб’ектыўны рэцэпт, як гэта можна вытрымаць. Трэба займацца вялікай колькасцю рознай актыўнасці, кожная з іх у пэўны момант можа нешта прыносіць.

На такі рэжым можна перайсці, толькі перад гэтым зарабіўшы сабе імя, праўда?

Андрэй Лянкевіч: Я не думаю, што ў мяне ёсць "імя". З чым параўноўваць? Што такое “імя”? Калі мы кажам пра сусветны рынак і рынак арту – зразумела, я там толькі ў некалькіх спасылках. Калі мы кажам пра сусветныя фестывалі, то я, на жаль, дагэтуль толькі ў адным удзельнічаў. Але я ведаю людзей, у якіх ёсць імя, якія зусім на іншым узроўні…

Вы маеце на ўвазе беларусаў, якія фоткаюць?

Андрэй Лянкевіч: Я б сказаў, еўрапейцаў, якія фоткаюць.

Вы аналізавалі схематычна, як у іх гэта атрымалася?

Андрэй Лянкевіч: Канешне. Перш за ўсё гэта – фантастычная адукацыя, ніяк не звязаная з журналістыкай, і з фотажурналістыкай таксама. Гэта музычная, мастацкая адукацыя… Гэта дае агульнае разуменне сітуацыі і фантастычнае ўнутранае пачуццё наступнага моманту. І інтуіцыя, канешне. Мне падаецца, гэта вельмі моцны рэцэпт. І самае галоўнае (можа, адсоткаў 60) – гэта праца, штодзённая праца. Бесперапынная самаадукацыя. Я пастаянна праглядаю альбомы, слухаю лекцыі… Толькі што вярнуўся з Варшавы, дзе хадзіў па выставах. А неўзабаве еду ў Берлін па праграме Гётэ-інстытута на два месяцы, дзе буду навучацца сучаснаму мастацтву. (цяпер Андрэй якраз у Берліне – аўт.)

 

“Я кожны дзень мушу ўпэўніваць сябе, чаму тут трэба застацца”

Вас не бянтэжыць, што ў многіх людзей у свеце з сённяшняй Беларуссю не найлепшыя асацыяцыі?

Андрэй Лянкевіч: Трэба прызнаць, што чалавек, які сёння з’яўляецца кіраўніком краіны, прапануе сістэму каштоўнасцяў, якую разумее і прымае большасць жыхароў. Я мушу прызнаць гэта з вялікім жалем. Як напісаў некалі Валянцін Акудовіч (і гэта трэба прачытаць усім беларускім палітыкам), – “мы жывем у іх краіне”. Я быў на ўсіх Плошчах, бачыў твары людзей… Але гэта былі твары “меншасці”, якая прымае іншыя каштоўнасці. Таму і стаўленне да краіны такое.

Дык а што рабіць тым, хто не такі? Мы ж таксама – жыхары Беларусі, хоць уражанне аб краіне складаецца зусім не па нас…

Андрэй Лянкевіч: Я не магу адказаць за ўсіх. Многія мае знаёмыя з’ехалі. І я разумею, чаму. Я таксама ведаю, чаму я магу з’ехаць. Я кожны дзень мушу ўпэўніваць сябе і прыдумляць новыя рэчы, чаму тут трэба застацца. Чаму адсюль трэба з’ехаць – гэта якраз вельмі проста. І вось тут самае цікавае. Калі ты адказваеш сабе на пытанне, чаму тут трэба застацца – значыцца, верыш, што можаш нешта змяніць, нешта палепшыць.

І якія на парадку дня пункты “самаўпэўнівання”?

Андрэй Лянкевіч: Цяпер я “хаваюся” за працу. Я ведаю, што нейкія наступныя праекты і для мяне, і для Беларусі сучаснай – гэта спроба адказваць на пытанні, якія падыходзяць, на якія трэба шукаць адказу і не хавацца ад іх. Таксама гэта – спроба аддаваць свае веды, інвеставаць у маладых. Сустрэчы ў Беларускім Калегіюме – гэта вельмі цікавая рэч! Адметна, што цяпер у Калегіюме, дзе людзі здаюць уступны іспыт, расейскамоўных у мяне больш за беларускамоўных. І для мяне гэта не праблема.

Вы не будзеце спрабаваць “навяртаць” іх у нашу веру?

Андрэй Лянкевіч: Не. Я размаўляю па-беларуску. Калі людзі прымаюць гэта – калі ласка. Хто я такі, каб кагосьці кудысьці накіроўваць, казаць, як правільна? Аднойчы Сакрат Яновіч сказаў мне: “Дзяржаваў, дзе людзі будуць аб’яднаныя паводле моўных, этнічных прыкметаў – у ХХІ стагоддзі не існуе”. Пра гэта трэба забыць. І беларуская мова (гэта вельмі суб’ектыўна, думаю, большасць не пагодзіцца) – не аб’яднае беларусаў. Выбіраць тое, чаго вы не разумееце, на чым вы не чытаеце – я не настолькі эгаістычны, каб прапаноўваць гэта.

Тое, што аб’яднае беларусаў, добра ведае ўлада – чарка ды шкварка, спажывецкія каштоўнасці.

Андрэй Лянкевіч: Гэта кантракт, які прапанавалі людзі ва ўладзе, – і многія пагадзіліся. Як журналісту мне цікава не крытыкаваць гэта, а размаўляць пра гэта. І не так – маўляў, мы разумныя, а яны дурныя. Мы ўсе людзі. Хтосьці выбірае адно, хтосьці - іншае. Беларусы да гэтага часу не выказаліся за існаванне сваёй краіны. Краіны, у якой ёсць гісторыя, каштоўнасці, міфы, кухня – а не толькі дранікі. Людзям, для якіх не надышоў момант стварыць краіну, такія спажывецкія каштоўнасці падыходзяць больш, чым каштоўнасці беларускай мовы, Караткевіча…

А хіба прасунутыя людзі – журналісты, творчая інтэлігенцыя – не павінны дбаць пра паступовую адукацыю людзей, паказваць іншыя каштоўнасці?

Андрэй Лянкевіч: У Бібліі ёсць вельмі добры прыклад таго, што трэба зрабіць. Калі Майсей сабраў жыдоў, павёў з Егіпта ў пустэльню і хадзіў там з імі сорак гадоў – для чаго? Для таго, каб усе людзі, хто памятаў, што такое быць рабом, вымерлі. Каб засталіся сапраўды вольныя людзі, якія не ведалі, што такое выконваць кожны загад: «стаяць», «сядзець»… Майсей вярнуўся са свабоднымі людзьмі. Зразумела, што гэта вельмі філасофская байка. Але, на жаль, яна адказвае на вялікую колькасць пытанняў.

 

“Наш дэкан быў суперзадаволены, што людзі з факультэта радыёфізікі камусьці патрэбныя”

Андрэю, як Вы патрапілі на факультэт радыёфізікі і чаму Вы пасля гэтага радыёфізікам не сталі?

Андрэй Лянкевіч: Я ведаю вельмі мала людзей, якія ў 16 год ведаюць, чаго яны хочуць ад жыцця. Па-другое, калі ты сканчаеш 11 класаў у Рэспубліцы Беларусь, перад табой паўстае вельмі важнае пытанне…

…войска?

Андрэй Лянкевіч: Я б сказаў – як адкасіць ад войска! (смяецца) І, канешне, вышэйшая адукацыя – гэта фантастычная магчымасць не пайсці ў войска, а ў мой час – яшчэ і пайсці на “ваенку”. Радыёфізіка – таму што я скончыў школу з залатым медалём і гэта быў, як мне падалося ў той момант, адзіны факультэт у Беларусі (не ў Гародні, бо я не хацеў у Гародні вучыцца, хацеў з’ехаць – такі быў план), куды трэба было здаць фізіку не разам з усімі, а ў так званым першым патоку, для людзей з медалямі.

А ў Вас была адпрацоўка, Вы на бюджэтным вучыліся?

Андрэй Лянкевіч: Я вучыўся на бюджэтным, прынёс паперу з “Нашай Нівы”, і мяне размеркавалі ў “Нашу Ніву”.

Радыёфізіка!

Андрэй Лянкевіч: Ну, “Наша Ніва” – гэта ж цэлае выдавецтва… І мяне размеркавалі ў выдавецтва…

Кім?!

Андрэй Лянкевіч: Ужо не памятаю, кім… Але наш дэкан быў суперзадаволены, што людзі з факультэта радыёфізікі прыносяць паперы, што яны камусьці патрэбныя, яму гэта было вельмі важна, бо ў той момант было вельмі мала замоў.

Атрымліваецца, Вы ані дня па спецыяльнасці не працавалі?

Андрэй Лянкевіч: Я б сказаў, што я ані дня па спецыяльнасці не вучыўся.

А як спецыяльнасць называлася, памятаеце хаця б?

Андрэй Лянкевіч: Тут таксама цікавая гульня – “эканаміст-менеджэр”. Гэта быў няўдалы эксперымент факультэта радыёфізікі БДУ, калі яны спрабавалі навучыць радыёфізіка прадаваць камп'ютар. Чалавека, які ведае, што ўнутры і як сабраць, пасля яшчэ навучыць прадаць.

Як той распаўсюднік, які ведае, што гэны пыласос мые, гэны - сушыць, а гэны яшчэ і фарбаваць умее…

Андрэй Лянкевіч: Так, але пасля пяці гадоў ты дакладна ведаеш, як ён мые, як сушыць, і як яго адрамантаваць. Адтуль я вынес самае галоўнае – сістэмнасць, разуменне, аналіз прыняцця рашэнняў. З іншага боку, я вынес ангельскую мову. Любоў Уладзіміраўна, дзякуй Вам вялікі! Зараз фактычна гэта адна з самых моцных каштоўнасцяў у маёй фотажурналістыцы – што я магу размаўляць на адной мове з людзьмі, якія хочуць ад мяне фотаздымкі.

А мне чамусьці ўяўлялася, што фатограф – гэта творчы чалавек, гуманітарый, і ніяк не фізік…

Андрэй Лянкевіч: Галоўны наш філосаф Валянцін Акудовіч – метафізік! Вось для мяне адказ.

Філосаф мусіць усё раскладаць па палічках. Фатограф таксама?

Андрэй Лянкевіч: Журналіст – таксама. Калі ты прыходзіш зрабіць партрэт да прэм’ер-міністра Арменіі, табе трэба задаць яму хоць адно пытанне, якое дало б табе фору. Каб чалавек на цябе адрэагаваў і падумаў: “О, ён нешта разумее!”. Гэта вельмі важна.

 

“Памятаю, як я ўпершыню не здымаў футбол”

Андрэю, Вы ўвесь час гаворыце “журналіст, журналіст, журналіст”. То бок, фатографа вы таксама называеце журналістам, а не толькі таго, хто піша?

Андрэй Лянкевіч: Канешне. Тым больш, што ёсць тэлебачанне, дзе ўвогуле трэба відэа здымаць, але ж і яны – журналісты.

А чаму ў нас ідзе размежаванне: вось журналіст, а вось фатограф?

Андрэй Лянкевіч: Для мяне незразумела, як гэта можна падзяліць. Як можна сказаць, што фатограф, які робіць здымкі для агенцыі – не журналіст? Журналіст – гэта той, хто займаецца размовай пра праблемныя моманты грамадства. А як ты гэта робіш – з дапамогай камеры, тэксту ці відэа – якая розніца?

Журналісцкую адукацыю Вы займелі толькі ў Каўказскім медыяінстытуце?

Андрэй Лянкевіч: Так, гэта была стыпендыя World Press Photo. Хоць, на маю думку, навучыць журналіста немагчыма. Практыка робіць журналіста журналістам.

Але хіба ў фатаграфіі няма вялікай долі тэхнічнасці?

Андрэй Лянкевіч: Якой?

Ну ад таго, што я ўзяў у рукі фотааапарат, я ж не раблюся фатографам.

Андрэй Лянкевіч: Аўтаматычна, канешне ж, не. Але з сённяшняй лічбавай тэхнікай навучыцца рабіць якасныя здымкі з пункту гледжання менавіта якасці – рэзкія, не цёмныя, не светлыя – не проста, а вельмі проста. Журналіста робіць журналістам разуменне таго, дзе ты мусіш быць, а якой секундзе (нават не гадзіне ці хвіліне), каму ты мусіш патэлефанаваць, куды ты мусіш прыехаць, дзе ты мусіш атрымаць акрэдытацыю. І што самае галоўнае – як і праз колькі твой здымак мусіць быць на FTP газеты ці агенцыі.

У Вашай сённяшняй працы гэтае вострае «адчуванне секунды» – яно знікла?

Андрэй Лянкевіч: Настолькі востра – так. Аднак, калі робіш на замову здымкі для газеты ці часопіса, – дэдлайны, вядома, ёсць… Я памятаю, як я ўпершыню не здымаў футбол, Лігу чэмпіёнаў, калі БАТЭ гуляла пры тэмпературы мінус 19. І я ўвесь час думаў, што вось я тут сяджу з півам, гляджу футбол, а мае калегі сядзяць там з камп'ютарамі, спрабуюць адсылаць здымкі з поля, фатаграфаваць… Гэта і ёсць праца, якой ніхто не бачыць. Для тых, у каго ёсць пытанне, ці з'яўляецца фатограф журналістам, гэтая сітуацыя і мусіць быць адказам. Чалавек павінен не проста адправіць фотаздымак, а яшчэ і падпісаць кожнага футбаліста, які на гэтым фотаздымку ёсць. Прыйсці за гадзіну, узяць спіс гульцоў, хто пад якім нумарам, раскласціся, падрыхтавацца... Я вельмі паважаю гэтых сваіх калег, бо ведаю, наколькі гэта цяжка.

 

“Я ўжо страціў разуменне, дзе ў Гародні выпіць добрай кавы”

Андрэю, Вы сказалі, што прагнулі з’ехаць з Гародні. І ведаю, што гарадзенцы крыўдуюць на Вас за гэта. Якая была мэта – проста зваліць з абласнога цэнтра ў сталіцу?..

Андрэй Лянкевіч: Усё вельмі проста – я думаю, што як большасці юнакоў, мне хацелася з’ехаць ад бацькоў.

Дык можна было на суседнюю вуліцу з’ехаць. Ці ў Вас з бацькамі нейкія цёркі былі?

Андрэй Лянкевіч: Ды не… Як у большасці журналістаў, людзей творчых прафесій, ёсць жаданне рабіць усё па-свойму, прымаць рашэнні. Таму плана кшталту з’ехаць у Менск, а адтуль у Маскву – такога не было.

А што, здабыць вось гэтую долю самастойнасці ў Гародні было немагчыма?

Андрэй Лянкевіч: Зноў жа, мне трэба быў факультэт, дзе здаюць матэматыку або фізіку – у гэтым я быў упэўнены. І паступіць дакладна на 5 гадоў… Ну якія крыўды? Гэта несур’ёзна! Гэта размова кшталту “каму належыць Максім Багдановіч”.

Проста, паводле адной з версій, у краіне ёсць дзве “мафіі” – шклоўская і гарадзенская. Вы сябе гарадзенцам адчуваеце?

Андрэй Лянкевіч: Я сябе не адчуваю мафіяй! (смяецца) Калі я пражыў год у Арменіі, то пачаў разумець: ты з’яўляешся грамадзянінам таго месца, дзе жывеш. Калі ты ўжо ведаеш, дзе лепшая кава, дзе купляць хлеб… Я думаю, што я ўжо страціў гэтае разуменне: дзе ў Гародні трэба выпіць кавы.

То бок, вы ўжо сталі “мінчанінам”.

Андрэй Лянкевіч: Ды не мінчанін, не пра гэта гаворка. Я і сам шукаю адказу на пытанне, хто я такі. У мяне больш крыві польскай, а беларускай і расейскай – аднолькава. Я не люблю Менск, мне не падабаецца Менск – магу сказаць пра гэта шчыра. Я не разумею гэтага горада, не адчуваю гэтага месца. Проста Менск – гэта эканамічны і культурны цэнтр Беларусі, таму сюды і імкнуцца з іншых гарадоў. 99% фатаграфічных замоваў – у Менску. Тут адбываюцца культурныя беларускія працэсы, самалёты лётаюць адсюль, цягнікі ездзяць адсюль. Лагістычна – журналіст мусіць быць у цэнтры.

 

“Газеты ў нас не змагаюцца паміж сабой у візуальным плане”

Андрэю, у той сітуацыі, у якой мы цяпер знаходзімся – як не губляць час, чакаючы лепшай долі?

Андрэй Лянкевіч: Трэба ўкладаць усю энергію ў тое, у чым ты абсалютна ўпэўнены. Што будзе змяняць цябе, рабіць цябе прафесійным, прыносіць плён, заставацца пасля цябе. Змяняць сябе на шляху прафесіяналізму, не стаяць на месцы. Беларусь - з нашым тэмпам жыцця, надвор’ем, атмасферай - забівае ініцыятыву, забірае энергію і «прыбівае» цябе да такога спакойнага ладу жыцця. Таму трэба мець з аднаго боку абарону ад гэтага, з іншага – усведадмленне гэтага. Я вынайшаў для сябе баланс  знаходжання ў Беларусі і па-за яе межамі. Без гэтага я дакладна б не змяняўся.

Наконт нашай журналістыкі многія прызнаюць – знаходзімся мы недзе гадах у васьмідзясятых. А фатаграфія? У 2011 годзе?

Андрэй Лянкевіч: Не. Па-першае, у нас няма рынку, няма інфраструктуры, каб займацца паўнавартасна журналістыкай. Другое. Калі няма рынку, няма замовы, няма канкурэнцыі, няма патрабаванняў – мы аўтаматычна адкатваемся ў часе. У незалежных выданнях можна ўбачыць змаганне за якасць. Аднак гэта адсоткі тры ад іх актыўнасці. 90% - гэта змаганне за рэгістрацыю, знаходжанне месца рэгістрацыі, спроба прадаць, упіхнуцца ў падпіскі, перамагчы ў судзе. Гэта, на жаль, аб’ектыўна – вялікая колькасць энергіі і часу сыходзяць на рэчы, якімі нашы калегі  - нават з Масквы - канешне ж, не займаюцца. Газеты ў нас не змагаюцца паміж сабой у візуальным плане, таму ні ў адной газеце няма фотарэдактара. А значыцца, няма падвышаных патрабаванняў да фатографаў.

З іншага боку, фатографы, якія працуюць для заходніх агенцыяў, ведаюць, як мусіць выглядаць карцінка. Калі казаць пра візуальную мову – то мы ў 1980-90-х. Нядаўна я пабываў у Варшаве, і па вяртанні мне чамусьці стала зразумела, чаму я не з’яўляюся сучасным фатографам. Таму што я жыву ў візуальнай эстэтыцы 1980-90-х. Калі мы паглядзім у вакно, калі мы выйдзем на вуліцу, пабачым рэкламу, выставы, кніжкі – увесь час мы бачым прадукцыю, якая, мне здаецца, візуальна (менавіта візуальна) знаходзіцца ў тым часе.

 

“Забіты Кадафі – гэта галоўны кадр мінулага года”

Ці можа кожны журналіст трымаць у руках фотаапарат і рабіць здымкі для сваіх артыкулаў?

Андрэй Лянкевіч: Ці можа? Канешне, можа. Іншая справа, што вось такая “грамадзянская” журналістыка забівае прафесійную журналістыку. Калі кожны, хто мае айфон, робіць фота і відэа высокай якасці – і праз пару секунд ужо вывешвае яго ў інтэрнэт. Тэксты для ўсіх маіх кніг і публікацый пішуць прафесійныя журналісты. Я кажу пра іншае. Архіў photo.bymedia.net  з’яўляецца фантастычнай крыніцай для СМІ, якія не маюць грошай наняць фатографа і плаціць яму за якасныя здымкі. Гэта палова справы. Другая палова справы, што 100% рынку беларускіх СМІ, якія бяруць адтуль фота, на доўгія гады прывучаныя, што за якасныя фатаграфіі плаціць не трэба. І гаворка ж не толькі пра адзін рэсурс. Нашто плаціць, калі можна скрасці з інтэрнэту?..

Андрэю, я маю на ўвазе троху іншае. Калі рэгіянальная незалежная газета бярэ інтэрв’ю ў дырэктаркі музея, і трэба яе здымак. І яны ўсё адно яе сфоткаюць. Дык ці не ёсць сэнс гэтую журналістку навучыць хоць неяк троху трымаць апарат у руках?

Андрэй Лянкевіч: Мой адказ – не. Вучыць трэба фатографа быць фатографам.

Вы гаворыце ў ідэале, а я пытаюся пра рэчаіснасць – так, як сёння ёсць.

Андрэй Лянкевіч: Вы змешваеце дзве стадыі – працу і навучанне. Калі мы гаворым пра адукацыю, дык трэба рабіць гэта так, як мусіць быць у ідэале. Задаваць найвышэйшую планку прафесіяналізму, патрабаванняў.

Калі забілі Кадафі, у інтэрнэт тут жа патрапілі здымкі аматараў, як ён ляжыць забіты, як яго цягнуць. Ніякі прафесійны фатограф так хутка не даехаў бы і не зрабіў здымак. Як вы ацэньваеце гэтыя аматарскія фота?

Андрэй Лянкевіч: Я ацэньваю вельмі проста: гэта самы галоўны кадр мінулага года. Гэта перавага грамадзянскай журналістыкі – імгненна даць кадр у інтэрнэт. Але гэтыя людзі ніколі не зробяць, скажам, фантастычную фотасерыю з рэвалюцыі… Не стануць прафесійнымі фатографамі.


Выстава Андрэя Лянкевіча ў Парыжы

 

“…Яна адскочыла на метры два ад мяне. Чужы мужчына дакрануўся!”

Ці былі ў Вас выпадкі, калі Вы нетактоўна паводзілі сябе са сваімі мадэлямі?

Андрэй Лянкевіч: Не прыгадаю адразу… Разумееце, з нашымі людзьмі ўсё проста. Ты прыязджаеш загадзя, п’еш з імі гарэлку, начуеш у іх хаце. І гэтая дыстанцыя ад “журналіста з Менску” – яна знікае. Гэта вельмі важна. Калі казаць пра іншыя краіны – прыблізна тое самае. Калі я быў у Арменіі, то жыў з язідамі ў намётах у гарах, еў разам з імі – гэта вельмі важная рэч. Наколькі б – з твайго пункту гледжання – ні была брудная, некаларыйная, альбо нясвежая ежа – калі твайго героя гэта задавальняе, ён гэта есць, ты мусіш рабіць тое самае. Ён спіць – ты спіш…

Дарэчы, я ўзгадаў. У Арменіі я фатаграфаваў язідаў, якія з’яўляюцца спраўднымі паганцамі, вельмі традыцыйным грамадствам, жанчына не есць з мужчынам за адным сталом у прынцыпе… Дык вось, я фатаграфаваў жонак, якія працавалі на кухні. А падлеткі насілі ежу за стол да мужыкоў. Я быў там, відаць, гадзіну. Мы размаўлялі, смяяліся… І ў пэўны момант я паляпаў жанчыну па плячох. Яна адскочыла на метры два ад мяне. У яе быў такі страх у вачах! Чужы мужчына дакрануўся! З яе пункту гледжання, я павёўся вельмі нахабна.

Дарэчы, як Вы ставіцеся да пастаноўкі? Калі фатограф кіруе, што каму рабіць у кадры.

Андрэй Лянкевіч: Разумееце, пастаноўка бывае розная. Адная справа вынесці стол, прывезці гарэлку, пасадзіць людзей… Іншая справа – папрасіць чалавека з левай рукі ў правую руку ўзяць сцяг. Пастаноўка гэта ці не? Аднойчы, калі я не хацеў нешта здымаць, адзін з лепшых у свеце журналістаў сказаў мне: “Андрэй, зразумей, зараз нам патрэбна гэта фатаграфія”. Хоць там была простая сітуацыя: людзі робяць гэта кожны дзень, але менавіта тады мне трэба было пайсці і папрасіць, каб яны зрабілі гэта для майго кадра. І той чалавек сказаў мне: “Мы не можам сядзець тут месяц, мы мусім зрабіць здымак і з’ехаць…” Для мяне гэта быў пераканаўчы момант. Але такое ў мяне было два ці тры разы. І я не хачу казаць пра іншых – кожны для сябе мусіць выбіраць. Зноў жа – гэта тычыцца навінаў. У дакументалістыцы гэта выключана.

 

“Бацька ўсё жыццё вазіў бандзюкоў з турмы ў турму”

Андрэю, вядомая Вашая праца, Вашыя фотаздымкі. Невядомая Вашая сям’я. Хто Вашыя блізкія людзі?

Андрэй Лянкевіч: Бацькі, мой брат з жонкай, яго дзеці, мая жонка Юля… Тут пачынаюцца ўсякія пытанні пра “распісаны – не распісаны”. Але зараз трошку ўсё гэта змянілася. Афіцыйна не распісаныя, але мы ўжо 5 гадоў разам жывем. І магу сказаць, што ў “праклятых капіталістаў” гэта называецца “партнёры”. У Нямеччыне і Аўстрыі нават у заканадаўстве ёсць такая форма. Больш за тое, там у мове з’явіўся нават тэрмін “часовы партнёр”.

Я проста ведаю адваротны выпадак, калі людзі жывуць разам 12 гадоў і называюць адзін аднаго “мой хлопец”, “мая дзяўчына”. Для Вас усё-ткі існуе панятак “жонка”?

Андрэй Лянкевіч: Канешне. Але я не маю права ацэньваць іншых, бо іх права на прыватнае жыццё абароненае законам. Прыватнае жыццё публічных асобаў – гэта іншае. Асабліва тых, якім мы плоцім свае падаткі.

Хто Вашыя бацькі, жонка, брат?

Андрэй Лянкевіч: Гэта гісторыя звычайнай сям’і. Бацька ўвесь час працаваў кіроўцам у міліцыі. Ён вазіў з адной турмы ў другую турму ўсякіх там бандзюкоў. (Усміхаецца). Нават не афіцэр, звычайны шараговец. Ён паляк, мае польскія карані. І маё прозвішча, якое і па-польску, і па-расейску гучыць як [Ленке’віч], па-беларуску робіцца лЯнкевічам. Бо “ленка” па-літоўску – гэта “паляк”.

То бок, тут бы Вы былі Андрэй Лях...

Андрэй Лянкевіч: Па-беларуску прыблізна так... Маці з сям’і настаўніка. Дзед - настаўнік, прадзед – «вораг народа», сасланы ў Сібір, быў праваслаўным святаром. Таму ў мяне, можна сказаць, такая сям’я ваяўнічая: ворагі народа, палякі... Маці - інжынер у дзяржаўнай будаўнічай установе, усё жыццё там прапрацавала. Яна не мае вышэйшай адукацыі. І па гэтай дэбільнай сістэме, створанай у Рэспубліцы Беларусь (хоць яна самая разумная і вопытная ў галіне кіравання), – яна так і не ўзначаліла гэтага ўпраўлення. Я гэта заўсёды чуў і ніколі не разумеў. Брат займаецца малым бізнэсам. Яго жонка выкладае ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце.

Адкуль вы ўцяклі...

Андрэй Лянкевіч: Так, за мяне там “адпрацоўваюць” двое пляменнікаў. (Смяецца) Мая жонка – прафесійны цырульнік. Але жыццё са мной змяніла яе погляды, яна ўсё больш займаецца тым, чым я – яна рэтушуе фатаграфіі. Калі нейкія камерцыйныя замовы ці замовы для часопісаў, мы працуем разам.

Гэта значыцца, у мадэлек лішні тлушч убіраць?

Андрэй Лянкевіч: Не, я мадэлек не фатаграфую, я фатаграфую людзей. Вось, напрыклад, Пачобута фатаграфаваў два разы. Альбо нейкія камерцыйныя замовы – партрэты адвакатаў, скажам. Вось такая сям’я.

Сямейныя абавязкі як падзеленыя? Падлогу хто мые?

Андрэй Лянкевіч: Разам! Хтосьці пыласосам, хтосьці мые. Гатуем разам. Канешне, сварымся шмат, бо дзве творчыя асобы – гэтая энергія мусіць заўсёды выходзіць. Калі мы ў нейкія працоўныя вандроўкі можам паехаць разам – заўсёды едзем. Гэта адзін са спосабаў жыць з журналістам, які шмат ездзіць, - ездзіць з ім разам.

Хвосцікам?

Андрэй Лянкевіч: Я б не сказаў. Калі прыязджаем у новы горад, цікава яго разам паглядзець. Ды і якая розніца, дзе сядзець за ноўтбукам і працаваць у інтэрнэце.

 

“Я не хачу праходзіць праз такі выбар”

Фатаграфаванне – гэта эмацыйная рэч? Яна моцна адбіваецца на Вашай нервовай сістэме?

Андрэй Лянкевіч: Я здымаў на мітынгах, дзе людзей збівалі ў кроў. І мяне збівалі ў кроў. І калі цябе збіваюць – гэта больш адчувальна. Бо, калі ты глядзіш праз камеру, ты глядзіш гэта, як кіно. Ты перажываеш, але ведаеш, што табе трэба зрабіць працу. У гэтым – цяжкасць, бо ты мусіш захоўваць нейтралітэт. Ты разумееш, на якім ты баку, з кім ты эмацыйна, хто тут парушае закон. Але мусіш ведаць – і гэта ёсць прафесіяналізм, – з якой мэтай сюды прыйшоў і хто ты ў дадзеным выпадку.

Андрэю, гэтае пытанне я задаю практычна ўсім калегам. Калі ты здымаеш, калі бачыш бяду, дзе мяжа паміж “дапамагаць” і “працягваць здымаць”?

Андрэй Лянкевіч: Калі чалавек загіне без тваёй дапамогі – тут этычны выбар для мяне адназначны. Але я раскажу гісторыю пра фатографа, які выйграў з гэтай гісторыяй World Press Photo. Гэта было Конга, пекла, вывозілі людзей з канцлагероў – у такім цягніку, дзе возяць вугаль звычайна. Там была здымачная група і ён. Здымачная група рабіла відэа, а ён пачаў іх біць і крычаць: “Дапамагайце людзям, яны зняможаныя, у іх зламаныя косці!” Але штука ў тым, што дзякуючы відэа, якое зрабіла гэтая здымачная група, ужо праз некалькі дзён ці тыдзень пачала прыходзіць гуманітарная дапамога да гэтых людзей…

Адзін з маіх настаўнікаў, Пол Ло (Paul Lowe), які працаваў у агенцыі Magnum, распавядаў, як ён зрабіў самы страшны кадр у сваім жыцці. Яму трэба было прайсці проста па трупах, каб стаць не насупраць сонца, а пад сонца і зрабіць здымак: чалавек стаіць на трупах і крычыць. Там проста з мачэтэ афрыканскім прайшлі праз лагер уцекачоў… Але, забіваючы людзей, яны пакідалі дзяцей… Ён зрабіў кадр, адклаў камеру і пачаў збіраць дзяцей. Але ў пэўны момант Чырвоны Крыж сказаў, што яны не могуць больш прыняць дзяцей – проста няма месца… Я не хачу праходзіць праз такі выбар.

 

“Я даслаў фотку – і яна выйшла на першай старонцы New York Times

Андрэю, Вашыя здымкі друкаваліся ў сусветнавядомых выданнях – такіх як New York TimesLe FigaroNewsweekDieZeitSpiegelGEOInternational Herald Tribune… Туды магчыма фатографу трапіць не праз агенцыю, а самастойна?

Андрэй Лянкевіч: Па-рознаму. Першая старонка New York Times – гэта была “мая” старонка, без пасярэдніцтва агенцыі. Я сам даслаў фотку, у 2006 годзе, пад час выбараў. Фотарэдактар ужо ведаў мяне па папярэдніх замовах і проста надрукаваў.

Што было ў тым кадры?

Андрэй Лянкевіч: Гэта быў намётавы лагер, узыход сонца, шостая гадзіна, усё прыгожа… Сонейка якраз біла з-за Дома афіцэраў, у намёце нешта гатавалі… Каб быць актуальным, трэба сябе прапаноўваць, рабіць матэрыялы, сустракацца, выставы, кніжкі…

Якія яшчэ прыклады сваёй працы Вы можаце назваць поспехам?

Андрэй Лянкевіч: Канешне, сустрэча з Людмілай Калантай, якая нясе чырвоны сцяг – гэты здымак зрабіў для мяне вельмі шмат. У нас з ёй ёсць цяпер пэўныя сяброўскія стусункі, мы сустракаемся, размаўляем. Людміла Калантай – гэта трагічны лёс, які зразумелы і адчувальны для большасці беларусаў. Яна з Расеі, з дзіцячага дома, яна не ведала бацькоў. Савецкая ўлада (і гэта для мяне тлумачэнне гэтага сцяга, адданасці камунізму) дала ёй дзіцячы дом, белы хлеб і малако. Калі яна кажа “белы хлеб і малако” – я разумею, што яна галадала. Пасля яна пераехала ў Беларусь, у яе склалася не самае ўдалае жыццё з мужам… Яны разышліся, і з сынам таксам не ўсё добра… Калантай – фантастычная жанчына. Яна зрабіла прытулак для сабак і катоў у сваёй кватэры ў Сокале, і, канешне, там смярдзела страшна. Пасля нейкімі маніпуляцыямі адчынілі дзверы і забралі ў яе сабак і катоў, але там усё адно страшна смярдзела, суседзі з ёй ваявалі. Цяпер у яе хворыя ногі, ёй не так проста, але яна не прымае ніякай дапамогі. Яна можа сапраўды галадаць, але пры гэтым купляе камуністычныя газеты ў Маскве і Пецярбургу – і раздае іх тут маладым людзям.

А як атрымаўся кадр, дзе яна нясе сцяг па Кастрычніцкай плошчы?

Андрэй Лянкевіч: Яна прыйшла пад парламент, там былі ўсе фатографы. Фатографы пайшлі з ёй да касцёла, да КДБ – і разышліся. Я пайшоў далей. І было такое надвор’е, якое зрабіла для кадра ўсё. Я спытаў, як яе завуць, і ці магу я яе здымаць. Яна пагадзілася, і мы пайшлі. На Кастрычніцкай яна прыпынілася ля амапаўца і сказала яму нешта накшталт таго, што яны збіваюць дзетак. І пайшла далей.

Гэта адзіны прыклад, калі з героем аднаго кадра завязаліся далейшыя стасункі?

Андрэй Лянкевіч: Кацярына Панчэня з Пагосту, дзе я здымаў для “Паганства”. Я якраз месяц таму быў у яе на 60-годдзі, на святкаванні. Гэта вельмі блізкая сувязь.

На святкаванні былі з фотаапаратам?

Андрэй Лянкевіч: Канешне ж, не. То бок, апарат быў, але я ў вёсцы хацеў зняць іншае. І – на жаль для Кацярыны – падчас святкавання не зрабіў ніводнага кадру. Я ж прыехаў святкаваць разам з імі.

Вас часта просяць “сфоткай мяне”?

Андрэй Лянкевіч: Так, просяць. Але я, канешне, так не раблю. Калі мяне просяць “сфоткай мяне” – ніколі не фоткаю. Гэта размова, якая ідзе на мове, чужой мне ідэалагічна. (смяецца)

 

іншая мая гутарка з Лянкевічам ТУТ

Тэгі: