it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 16

 

Перадрук з Тузіна Гітоў

Аўтар беларускамоўнага тэксту да песьні «Небасхіл Эўропы» Глеб Лабадзенка падчас «Эўрафэсту» сустрэўся з Аляксандрам Рыбаком. Стала вядома, што нарвэскі выканаўца ўжо зняў кліп на беларускамоўную песьню і неўзабаве адбудзецца яго прэм’ера. Апроч таго, «Небасхіл Эўропы» мае ўвайсьці ў новы альбом Аляксандра Рыбака. Пра падрабязнасьці сустрэчы Глеб Лабадзенка распавёў «Тузіну Гітоў».

rybak_labadzienka_400На прамінулым «Эўрафэсьце», апроч сканадалаў з падтасоўкамі, быў і прыемны момант: трыюмфатар «Эўравізіі-2009» Аляксандар Рыбак засьпяваў са сцэны Палаца спорту беларускамоўную вэрсію сваёй песьні «Небасхіл Эўропы» — яна і стала адзінай беларускамоўнай песьняй на канцэрце. Гэты варыянт гіту зьявіўся дзякуючы праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», які быў прэзэнтавананы мінулай восеньню.

 

 

«Тузін Гітоў»: Хто быў ініцыятарам гэтай сустрэчы?

Глеб Лабадзенка: Колькі дзён таму мне патэлефанавала мэнэджэрка Рыбака і папрасіла аб такой сустрэчы ў часе іх побыту ў Менску. Справа была практычная — трэба было падпісаць дамову на выкарыстаньне беларускага тэксту песьні. Бо яны зьнялі на яе кліп і хочуць уключыць на дыск — для гэтага неабходныя паперы. Скажу адразу, што дамова не прадугледжвае ніякіх выплатаў мне, як аўтару тэксту. Гэта справа папулярызацыі беларускай мовы, таму гэтае пытаньне я нават не ўздымаў. Да таго ж, і Аляксандар запісаў песьню без ганарару, за свае ўласныя грошы.

 

 

ТГ: Пра што вы размаўлялі ў часе сустрэчы?

ГЛ: Я распытаў Аляксандра, ці лёгка яму было запісваць сьпеў па-беларуску. І ён падзякаваў — сказаў, што тэкст настолькі лёг яму на душу, што запісаўся на адным дыханьні. Аляксандар таксама прыгадаў цікавую дэталь: калі прыйшла просьба запісаць песьню, ён мусіў адлятаць на гастролі ў Румынію. Аднак песьня так яму спадабалася, што ён уначы перад адлётам паехаў запісваць яе на студыю — і запісаў усяго за тры-чатыры гадзіны, што вельмі мала. З вымаўленьнем яму дапамагала маці, якая працавала некалі на Беларускай тэлевізіі.

 

 

ТГ: Чаму Рыбак вырашыў зьняць асобны кліп для беларускамоўнай вэрсіі песьні?

ГЛ: Як патлумачыў Аляксандар, ён бачыць вялікую пэрспэктыву, каб для беларускага слухача і гледача сьпяваць па-беларуску. Дарэчы, ён у курсе нашай складанай моўнай сытуацыі — і хоча як бы сваім прыкладам паказаць астатнім, што сьпяваць па-беларуску пэрспэктыўна. Я лічу, што такая пазыцыя заслугоўвае павагі, бо наўрад ці ён перасьледуе нейкую выгаду, сьпяваючы па-беларуску. Пра кліп ён сказаў толькі, што зьняў яго ва Ўкраіне, за свае сродкі — а сюжэт не раскрыў, бо ўсё адно хутка прэм’ера.

 

 

ТГ: Як яму «Эўрафэст», куды ўласна ён і прыехаў выступаць?

ГЛ: У мяне ня склалася ўражанне, што Аляксандру было гэта дужа цікава. Ён артыст і прыяжджаў сюды працаваць, сьпяваць. Паводле ягоных словаў, ён увогуле ня дужа ўслухваўся ў сьпевы канкурсантаў. Адзначыў, што вельмі добрая песьня ў Litesound. А пра «пераможцу» Ланскую сказаў, што яна прыгожая дзяўчына. Хоць і выступ яе пасьля пахваліў.

Тэгі: , ,