it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 12

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для TUT.BY

Публічная лекцыя вядомага эканаміста, якая зацікавіць кожнага жыхара Беларусі, адбудзецца ў гэтую пятніцу, 16 снежня.

Эканаміст Аляксандр Абуховіч здзіўляе ўжо назвай сваёй лекцыі з цыклу Urbi et Orbi (“Гораду і свету”): “Эканоміка Беларусі: між навукай і мастацтвам”. Мастацтва – гэта творчасць, стварэнне. Прычым тут эканоміка?

“У нашай невялікай краіне прадказаць эканамічныя працэсы па-навуковаму бывае складана, таму што мы моцна залежым ад суседзяў. І часта эканоміка пачынае межаваць з мастацтвам!..” – загадкава пасміхаецца спадар Абуховіч. І сыпле прыкладамі – са сваёй супрацы з буйнымі беларускімі заводамі і прадпрыемствамі. Са сваіх публікацый на TUT.BY і ў “Белгазеце”, са сваіх кантактаў з бізнэсоўцамі і інвестарамі. Напрыклад, што беларускія фірмы выйгравалі тэндары на пастаўку абсталяваня на Samsung ды Intel. Хто пра гэта ведае?
Перад захапляльнай лекцыяй (уваход вольны!) – уводная размова з эканамістам Аляксандрам Абуховічам.
Спадар Аляксандр, ці павенен кожны чалавек разбірацца ў эканоміцы? І калі павенен – то наколькі глыбока? Калі адбываюцца працэсы, якія балюча б’юць па кішэні, – ці мусіць чалавек асэнсоўваць гэтыя працэсы?

 Аляксандр Абуховіч: Сярод чытачоў маіх артыкулаў шмат не-эканамістаў. І я лічу, што кожны чалавек на пэўным узроўні здольны зразумець, як функцыянуе гэты свет. Калі я тлумачу нейкія працэсы – заўжды выкарыстоўваю свой жыццёвы досвед, досвед працы на буйных заводах, прадпрыемствах. Паколькі адназначнага стаўлення ва ўсіх да эканомікі быць не можа – у сваіх артыкулах і лекцыях я стараюся найперш адукоўваць людзей, каб высновы потым яны рабілі самі. Галоўнае – даць гэты матэрыял чалавеку на зразумелым узроўні.

Шараговаму чалавеку дастаткова разумець, што такое дэвальвацыя, ці трэба разбірацца, што такое сістэмны крызіс у эканоміцы?

Аляксандр Абуховіч: У нас – не беспадстаўна – занадта многія эканамічныя рэчы звязаныя з палітыкамі. А гэта насамрэч не так. Дарэчы, ведаеце, мой любімы анекдот наконт палітыкаў такі. Ляціць самалёт, стаў псавацца. Пілот выклікае сцюардэсу і кажа: “Рабі што хочаш, але каб пасажыры былі спакойныя”. Яна выходзіць у салон і кажа: “Спадарства, звярніце ўвагу! Здымаю кофтачку – адвальваецца правае крыло”. Адвалілася! “Здымаю станік – левае!” Адвалілася! Самалёт упаў, з развалінаў выпаўзаюць пасажыр і сцюардэса. Пасажыр паглядзеў на яе і кажа: “Сама ты - …, і жарты ў цябе такія!” З майго пункту гледжання, роля палітыкаў галоўным чынам – махаць станікам, каб пасажыры былі спакойныя. Таму калі большая частка нашага насельніцтва звязвае свае надзеі і страхі з нейкімі персаналіямі – насамрэч гэта не так. Як там пішуць у амерыканскіх салунах – “Не страляйце ў піяніста, ён іграе як умее”. Працэсы ідуць – і яны альбо задавальняюць, альбо не задавальняюць людзей.

Спадар Аляксандар, тое, што здарылася цяпер – гэта сярэдзіна, канец ці толькі пачатак?

Аляксандр Абуховіч: Гэта заканамерны зрыў пры тым курсе нашага ўрада, які склаўся раней. Ён, верагодна, мог бы быць меншы, але паніка і істэрыка прывялі да такога. І без істотных зменаў у палітыцы зрывы будуць паўтарацца. Нейкі час урад будзе ў стане ўтрымліваць сітуацыю на пэўным ўзроўні – як цяпер, з расійскай дапамогай. Але рэсурсы з’ядаюцца – а негатыўныя працэсы спыніць не ўдаецца. І самае галоўнае – яны іх не спрабуюць спыняць. І гэта сутнасць таго, што я хачу сказаць. Насамрэч, гэтыя працэсы аб’ектыўныя, яны мала залежаць ад кагосьці. Яны залежалі толькі ад таго, каб іх своечасова заўважыць і пачынаць ім супрацьстаяць. Але яны не былі заўважаныя.

То бок, бензін па 15 тысяч, а даляр 23 тысячы – рэальная перспектыва на 2012 год?

Аляксандр Абуховіч: Пры вельмі жорсткай фінансавай палітыцы, якую прапагандуюць Румас і Харкавец, у нас доўгі час курс даляра можа трымацца на ўзроўні 10 тысяч. Але ў гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, пачнецца выміранне прадпрыемстваў аднаго за другім. Інтэнсіўнае выміранне.

Таму што гэта будзе штучнае стрымліванне за кошт датацый і крэдытаў?

Аляксандр Абуховіч: Так, гэта будзе штучнае стрымліванне.

Гэта можна параўнаць з чалавекам, якога трымаюць на апараце штучнага дыхання: адключылі – і канец?

Аляксандр Абуховіч: Прыблізна так. Нашая травеньская дэвальвацыя якраз і была прыкладам такога “адключэння апарата”. Трымалі-трымалі – і датрымалі. А рэальны курс даляра ўжо даўно быў іншы. А што такое штучна трымаць заніжаны курс? Гэта стымуляванне імпарта і стрымліванне экспарта. Трэба было гэта? Дзеля таго, каб насельніцтва даляр купляла патанней? Цяпер сітуацыя такая. Калі зноў пускацца ў разгул – будаваць лядовыя палацы, падвышаць пенсіі і заробкі – там не толькі 23 тысячы за даляр будзе, там і 50 будзе. Вось гэта і ёсць розніца між навукай і мастацтвам – якім чынам ураду адначасова і супраціўляцца аб’ектыўнаму ціску, і не крыўдзіць насельніцтва. Навуковых прагнозаў тут быць практычна не можа – пачынаецца мастацтва.

Спадар Аляксандр, знешніх крэдытаў у Беларусі больш за 30 мільярдаў даляраў – выходзіць па 3500 $ на душу насельніцтва. А мы чуем пра новыя і новыя крэдыты… Гэта азначае рабства для нашых унукаў?

Аляксандр Абуховіч: Майер Ротшыльд калісьці пісаў: “Дайце мне кіраванне фінансамі краіны – і няхай яны прымаюць любыя законы”… Расія дасць крэдыт яшчэ і яшчэ – каб атрымаць фінансавы кантроль. А пасля гэтага… Хто тут на якіх выбарах пераможа – ролі ўжо іграць не будзе. А што датычыць агульнай пазыкі, дык – у суседзяў паболей – у Польшчы, Вугоршчыны, Славакіі, Румыніі…

Дык і суседзі ж паболей!..

Аляксандр Абуховіч: Так. Але ёсць такая штука, называецца “пастка бядноты”. Калі краіна стараецца жыць па сродках, а гэтых сродкаў няма для развіцця – і вырвацца з узроўню галечы яна ўжо не ў стане. Такіх краін вельмі шмат на планеце – Беліз, Гандурас… Жывуць неяк. А тыя, хто хоча жыць лепей – з’яжджаюць адтуль. Так што мы не самотныя на планеце. І нас цяпер усімі сіламі і Захад, і Усход стараюцца заштурхнуць у гэтую пастку бядноты. Я такой будучыні для сваёй краіны не хачу. Таму улічваючы, што ўнутраных ашчаджэнняў у нас няма, давядзецца пазычаць. Але пазычаць – пад што? Так, як цяпер пазычаў урад “пад узровень жыцця”? Ці ўсё ж пад развіццё? Бо цяпер наш урад шукае партнёраў па прынцыпе “дай, бо есці хочацца”. Але ў свеце пад гэта не даюць.

Ці вялікая праблема, што многія буйныя прадпрыемствы робяць састарэлую прадукцыю, не здольную да канкурэнцыі?

Аляксандр Абуховіч: Гэта праблема, бо мы паступова губляем рынкі збыту. Заўважце, што практычна ўся прадукцыя нашых буйных прадпрыемстваў – сезонная. Трактары – іх купляюць увесну і ўвосень. Ніхто іх купляць летам не будзе! Камбайны – купляюць толькі з сакавіка па травень. Астатні час праца ідзе на склад, каб за тры месяцы яго разгрузіць. Я працаваў на “Белвары” – і крывая збыту скакала якраз па месяцах. Лета мёртвае, перад Новым годам – бум, усё змятаюць! Перад 8 сакавіка – усё змятаюць! Потым поўны правал, і – па колу.

Слухайце, калі я бачу айчынныя прасы, міксеры ды кухонныя камбайны – у мяне адчуванне, што гэта не можа канкураваць ні з чым у прынцыпе!..

Аляксандр Абуховіч: Мы праводзілі даследванне і высветлілі (гэта было ў 2000 годзе) – што нашая прадукцыя карыстаецца папулярнасцю сярод людзей з прыбыткам да 300 даляраў. Таму пакупнікі былі і будуць...

То бок, раней яно ішло – бо іншага не было, а цяпер ідзе – бо стала прадукцыяй для бедных?

Аляксандр Абуховіч: Так, гэта прадукцыя для бедных. І таму яна не запатрабаваная ў Маскве і Пецярбургу, але затое размятаецца ў раённых гарадках Расіі, куды ідзе 90% прадукцыі.

Спадар Аляксандр, мы любім падсмейвацца самі з сябе: сябруем выключна з краінамі трэцяга свету, прадаем ім свае чырвоныя трактары. А што мы можам прапанаваць сёння высокаразвітым краінам? І ці павінны імкнуцца да гэтага? Можа, наша доля – М’янме трактары прадаваць?..

Аляксандр Абуховіч: Імкнуцца да супрацы з высокаразвітымі краінамі трэба. І мала хто ведае, што такая супраца ёсць. Напрыклад, мы сёння з’яўляемся лідарамі еўрапейскага класа па пастаўках спецтэхналагічнага абсталявання, якое вырабляецца маленькімі серыямі – прычым, гэта робіцца прыватнымі фірмамі. Нашыя фірмы выйгравалі тэндары на пастаўку абсталяваня і на Samsung, і на Intel. А там канкурэнцыя жорсткая!

А чаму пра гэта “людзі не ведаюць”?

Аляксандр Абуховіч: Напэўна, нашыя бізнэсоўцы не вельмі зацікаўленыя прамаўляць гэта ўголас… Ды і ў агульным маштабе гэта – выспачкі. І між гэтымі выспачкамі і масай дзяржпрадпрыемстваў – прорва! Галоўная задача – прорву гэтую засыпаць. Лозунгамі гэта не зробіш, толькі штодзённай напружанай працай. Для таго, каб і без знешняй падтрымкі быць нечага вартымі. Скажу вам дзіўную рэч: без знешняй падтрымкі нашая эканоміка здольная забяспечыць менш за палову насельніцтва.

Вось дык парадвалі!..

Аляксандр Абуховіч: Для разумення праблемы прывяду яшчэ адзін прыклад. Колькі гадоў таму знайшліся людзі, якія былі зацікаўленыя супрацоўнічаць з Мотавелазаводам (калі ён быў яшчэ дзяржаўны). Для веласіпеда ім трэба нейкія там дэталькі, якія абыходзіліся ў 56 цэнтаў. Патэнцыйныя партнёры прапанавалі, што набудуць станкі і будуць прадаваць ім гэтыя дэталькі за 12 цэнтаў. Ведаеце што? Завод падумаў – і адмовіўся! Сказалі: “Тады нам трэба будзе распусціць цэлы цэх, а гэта 70 чалавек”.

А вось калі па-простаму падумаць – што, 70 чалавек на вуліцу выкідаць?

Аляксандр Абуховіч: Так, выкідаць! Калі гэта 70 трутняў, якія цягнуць назад прадпрыемства і ўсю краіну – выкідаць! Але трэба дапамагчы людзям зарыентавацца і знайсці працу, дзе яны будуць запатрабаваныя, дзе будуць зарабляць грошы, а не “атрымліваць”. Трэба зразумець – не можа прадпрыемства без зменаў існаваць дзесяцігоддзямі, гэта загадзя прайграная барацьба.

Чаму Аляксандр Абуховіч лічыць, што продаж “МАЗа” – “Камазу” будзе трагедыяй?

Чаму кілбаса ў краме за 100 тысяч робіцца з нямецкай свініны?

Ці ёсць продаж Белтрансгаза прыступкай да страты незалежнасці?

 

ШУКАЙЦЕ АДКАЗЫ ТУТ:
Публічная лекцыя “Эканоміка Беларусі: між навукай і мастацтвам”
эканаміста Аляксандра Абуховіча
з цыклу “Urbi et Orbi”
адбудзецца 16 снежня (пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
у “Галерэі Шчамялёва” – Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49
праезд ад вакзала на тралейбусах №№20, 30, аўтобусах №8, 127 да прыпынка “Шэпічы” (універсам “Палессе”)
Тэгі: