it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 28

пачытайце -- здорава ўздымае настрой!.. 😉


"Рэгіянальная газэта" (Маладэчна) , Aўтар: Зоя ХРУЦКАЯ, 26.11.2011. 06:06

Сольны канцэрт Аляксандра Саладухі з новай праграмай “Берагі” − першы, які адбудзецца ў маладзечанскім Лядовым палацы. Пройдзе ён 4 снежня а 16 гадзіне.

Перад ім спявак расказаў для чытачоў “РГ”, што на канцэрце гледачы пачуюць песню на словы галоўнага доктара Беларусі па жаночых грудзях Леаніда Путырскага. І як атрымалася, што дачка рускамоўнага спевака называе яго па-беларуску – тата? Чаму ў шыкоўным доме Саладухі няма Інтэрнэту? А таксама пра…

Пра новы альбом

− “Берагі” − першы з маіх альбомаў, над якім працавала беларуска-расійская каманда. Расійскія аранжыроўшчыкі, музыканты, бэквакал − людзі, якія працавалі над лепшымі альбомамі вядомага спевака Стаса Міхайлава. А сам Стас Міхайлаў падарыў мне адну з песень − “Табе, каханая”. Мы з ім са студзеня 2009 у прыязных адносінах. Астатнія паэты беларускія − Алег Жукаў напісаў “Варвару”, галоўны доктар Беларусі па жаночых грудзях Леанід Путырскі стаў аўтарам песні “Што трэба”. Музыку пісаў Алег Елісеенкаў, з якім мы ў дастаткова блізкіх стасунках.

Якім накладам выйшаў дыск “Берагі”?

− Не ведаю, не кажуць. Цікава, што альбом выйшаў 11.11.2011, ды яшчэ ў 11 гадзін 11 хвілін. Ён пойдзе на Расію і ўвесь свет. Вельмі спадзяюся, што праз Маскву пачнуць запрашаць на канцэрты ва Украіну і ў Казахстан. А вось з Беларуссю гэтая студыя не працуе, таму асобна для Беларусі будзем яшчэ выпускаць дыск у Мінску.


Пра чыстыя рукі

Вы атрымалі медыцынскую адукацыю, працавалі санітарным доктарам. Ці ўплывае гэта на ваша сённяшняе жыццё?

− Безумоўна. У нашым доме ёсць правіла: рукі павінны быць памытыя. І Стаса Міхайлава, калі ён быў у гасцях, адправіў рукі памыць, а то ён збіраўся з ходу сала узяць, якое Наташа парэзала.

− Прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця?

− Абавязкова. Жыццё гэтага патрабуе, неабходна прытрымлівацца, каб мазгі працавалі 24 гадзіны ў суткі. З 1 жніўня 1994 я шмат гадоў не выпіваў, потым неяк пачаў каштаваць сухое белае, шампанскае. Але зноў адмовіўся, алкаголь мне замінае.

Пра свой дом

Вы вядомыя тым, што даказалі, што беларускі артыст можа зарабіць на ўласны дом, не выязджаючы з краіны. На які дом вы зарабілі?

− На прыгожы. Сонца ў ім з раніцы да вечара. На світанні свеціць у спальню, дзе спім мы з Наташай і Варай. Наш дом жоўтага колеру, як майка лідара велагонкі. Займаем 15 сотак, і у гэтым месцы цішыня поўная. Я тут хутка аднаўляю сілы пасля канцэртаў. І сябры адзначаюць, калі прыязджаюць, што гэта лепшае месца ва ўсёй Беларусі.

− А што ўжо ўмее ваша дачка?

− Вара ўжо ходзіць сама і гаворыць асобныя словы. Чамусьці гаворыць “тата”, хаця мы размаўляем дома па-руску. А вось у Грэцыі, дзе летам адпачывалі, яшчэ за ручку яе вадзіў.

− Любіце адпачываць у Грэцыі?

− Мы стараемся мяняць месцы адпачынку. У 2008 былі ў Іспаніі, ў 2009 − у Егіпце, летась нікуды не выязджалі, бо Наташа была цяжарная, яна са мной на канцэртах танцавала. У наступным годзе плануем паехаць на Кіпр.

Пра грошы

− Вас ведаюць як артыста, які зарабіў два мільярды рублёў з 20 кастрычніка 2006 года. Ваш заробак не спадае?

− Ён расце, я пастаянна іду на рэкорд па ганарарах. Стаўлю планку ўсё вышэй і дасягаю яе.

Ці ёсць нешта, на што вам было б шкада грошай?

− Напэўна, не, не магу назваць, каб было. Я імкнуся рабіць тое, што падказвае душа. У нас жа з Наташай на дваіх чацвёра дзяцей, таму расходаў шмат.

Вам ніколі не прапаноўвалі здымацца ў рэкламе зубной пасты?

− Не, але здымаўся сёлета ў рэкламе лекаў і слуцкага сыру.

Пра Інтэрнэт

− Ці праўда, што ў вас дома няма Інтэрнэта?

− Праўда, не ўмеем карыстацца. Здзіўленыя? Такі шыкоўны дом, і без Інтэрнэту, так? Гэта тое самае, што ваш маладзечанскі Лядовы палац паставілі, столькі грошай уклалі, а факса ў яго не купілі, уяўляеце?

Пра падземку

У мінулым месяцы вы далі канцэрт у метро, гэта быў першы выпадак, калі вы спявалі ў падземцы?

− Першы выпадак быў 19 гадоў таму, калі здымалі кліп. А тое, што адбылося на “Каменнай горцы” − адзін з беларускіх тэлеканалаў прапанаваў паэксперыментаваць, як адрэагуюць людзі, калі самы папулярны спявак пачне спяваць у падземцы. Паехалі, пачалі здымаць. Гэта быў шок для ўсіх, мне падпявалі, некаторыя кідалі грошы.

Пра юбілей

− Як ідзе падрыхтоўка да юбілейнага тура?

− Яна не спынялася з 20 кастрычніка 2006 года, калі пачалася. У наступным годзе па ўсёй Беларусі праедзем з праграмай “Чвэрць стагоддзя на сцэне”. І абавязкова зноў сустрэнемся з маімі маладзечанскімі прыхільнікамі.

Лічбы ў жыцці Аляксандра Саладухі

12 чэрвеня 1994 − Аляксандр Саладуха першы дае сольны канцэрт на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна−94”. Гледачоў сабралася 20 тысяч.

4 снежня 2011Першы канцэрт у Лядовым палацы на 2 тысячы месцаў дасць Саладуха.

9.09.2009 − Аляксандр згуляў вяселле з Наталляй.

20.10.2010 − у Аляксандра і Наталлі нарадзілася дачка Варвара.

11.11.11 у 11 гадзін 11 хвілін адбыўся рэліз новага альбома “Берагі”.

Ужо запланаваная падзея на 12.12.2012, але якая, пакуль ведае толькі сам спявак.

Тэгі: