it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 23

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для tut.by

 

Лепей прыходзьце на публічную лекцыю пра Міцкевіча!


Хто ўспамінаецца вам пры слове “філосаф”? Сакрат? Платон? Гегель? Ніцшэ? Кант? А што вам ўяўляецца, калі чуеце імя Адама Міцкевіча? Наваградак? “Пан Тадэвуш”? “Дзяды”? Свіцязь і Свіцязянка?
Чарговую публічную лекцыю з цыкла Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”) прачытае беларускі філосаф Ігар Бабкоў. А прысвечана лекцыя, як вы здагадаліся, Міцкевічу. Вось толькі ні пра “Пана Тадэвуша”, ні пра “Дзяды”, ні пра “Свіцязянку” пачуць там не разлічвайце. І што Міцкевіч з Наваградка – лектар згадае, хіба, мімаходзь ды з іроніяй.

Вельмі верагодна, што лектар нават не будзе спыняцца на тым, што ў Рыме ў гонар Міцкевіча названая вуліца, а на Меркурыі – кратэр. Не будзе падрабязна распавядаць, за што паэта звольнілі з Калеж дэ Франс у Парыжы. Магчыма, абміне нават той факт, што памёр Міцкевіч у Канстанцінопалі – які сёння завецца Стамбулам, дзе да крызіса вельмі любілі прымаць сонечныя ванны тысячы беларусаў. Навошта казаць пра тое, што вы і самі даведаецеся з “Вікіпедыі”?..

Ігар Бабкоў нарадзіўся ў Гомелі 47 гадоў таму. У свой час у Гомелі паспяхова займаўся боксам. Скончыў менскі філасофскі факультэт БДУ, выдаў тры кнігі вершаў і тры кнігі прозы, стаў кандыдатам філасофскіх навук, заснаваў і працягвае курыраваць кніжную серыю “Галерэя Б”. Сярод іншых узнагарод Бабкова можна ўбачыць патрапленне ў шорт-ліст (фінал) прэстыжнай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы “Angelus” у 2009 годзе. Гэта, канешне, не перамога – але радавацца трэба, прыкладна як шостаму месцу Дзімы Калдуна на “Еўрабачанні”. Умоўна кажучы, так высока мы забраліся ўпершыню.

У сваёй лекцыі “Міцкевіч як апокрыф” Ігар Бабкоў паспрабуе пераканаць вас, што Міцкевіч – не класік. Дакладней, не толькі класік – у звычайным разуменні гэтага слова. Міцкевіч – гэта непрачытаны паэт і мысляр, які для беларусаў застаецца ўсяго толькі “нашым выбітным суайчыннікам”. Чаму мы не хочам чытаць і разумець Міцкевіча? У якім творы ён прадказаў сённяшнія падзеі ў Беларусі? Што трэба рабіць паэту, калі яго называюць “класікам”? Пра гэта – у невялікай гутарцы з Ігарам Бабковым напярэдадні лекцыі.

 

Спадар Ігар, калі Вы распавядаеце пра Міцкевіча, то менш гаворыце пра біяграфію і асобу, а больш – пра шлейф, вобраз і міф, які яго пераследуе на ўзроўні стэрэатыпу?

Ігар Бабкоў: На пытанне, кім ёсць Міцкевіч, у Менску або Наваградку цяпер адкажа кожны. То бок, Міцкевіч заняў годнае і пачэснае месца ў беларускім культурным каноне. Ужо не стаіць пытанне, каб давесці, што Міцкевіч – гэта “свой, тутэйшы”. Але ж месца ў Міцкевіча ёсць і ў польскай культуры, дзе ён прадстаўляе такую “рамантычную спакусу”, якой палякі часам паддаваліся, а часам з ёй змагаліся. Ёсць месца і ў літоўскай культуры – для якой ён “Пясняр гістарычнай Літвы”, якая дбайна збірае ўсе гэтыя згадкі пра слаўнае мінулае. Але калі мы паглядзім, якое месца ў беларускім каноне ён займае, мы пабачым, што Міцкевіч выступае як “наш славуты зямляк”. То бок, адзінае, што нам бачыцца і чытаецца ў Міцкевіча, -- гэта ўсе тыя бясконцыя называнні розных рэчак, азёраў, усе гэтыя Свіцязянкі, фальклёр беларускі – такая рэдукцыя да “тутэйшасці”. І ў гэтым сэнсе беларускі Міцкевіч – такі сентыментальны, нават не рамантык, а сентыментальны этнаграфіст. І тое, што адбылося – не столькі спосаб “прысваення” Міцкевіча, колькі спосаб “не ўслухоўвацца” ў тое, што Міцкевіч прамаўляе. Не чытаць ягоныя тэксты і не думаць над імі. Бо калі мы пачынаем звяртацца да рэальнасці ягоных ідэяў, ягоных словаў, мы знаходзім, што рэальнасць значна больш трывожная, пагрозлівая і нават у чымсьці больш страшная – і зусім не сентыментальна-народніцкая, як гэта нам бачыцца! Тое, што я буду спрабаваць рабіць у лекцыі – гэта прарвацца да гэтай трывожнай рэальнасці Міцкевіча. Лекцыя называецца “Міцкевіч як апокрыф” – бо чытаць Міцкевіча трэба менавіта як тэкст апакрыфічны, як тэкст забаронены, як тэкст нечаканы для нас. Усе гэтыя каноны, усе гэтыя “прысваенні” ў культуры – гэта машына баналізацыі сэнсаў. Міцкевіча трэба ўвесь час спрабаваць убачыць па-новаму.

Чым для Вас адрозніваецца паэт-класік ад паэта-апокрыфа?

Ігар Бабкоў: Класіка чытаюць увесь час як “сучаснага любому часу”. Паэт “класічны” тады, калі мы вырываем яго з кантэкста – і пераводзім у нейкую “сярэднезразумелую” перспектыву. Яго не абавязкова трэба вытлумачваць і бачыць у ягонай уласнай сутнасці.

 

Гэта значыцца, што класік павінен быць зразумелы кожнаму?

Ігар Бабкоў: Так. Класічная літаратура – гэта літаратура “сярэдняй зразумеласці”, дзе абсечаныя і занадта плыткія сэнсы, і занадта глыбокія. Застаецца вось гэты сярэдні ўзровень.

 

Дык што, уся класіка – гэта нешта такое просценькае, мэйнстрым для шырокага чытача?

Ігар Бабкоў: Не абавязкова просценькае, але 100% мусіць быць мэйнстрым.

 

Прывядзіце тады прыклады з “адназначна беларускіх” паэтаў – хто апокрыф, а хто – класік?

Ігар Бабкоў: Насамрэч няма такой сітуацыі, што хтосьці апокрыф, а хтосьці класік. Проста ў культуры ёсць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, культура няспынна баналізуе вартых, цікавых паэтаў – пераўтвараючы гэта ў класічныя сэнсы. З другога боку, у той жа самай культуры ўвесь час адбываецца такая апакрыфізацыя – спроба прарвацца за гэтую паверхню да пэўных ідэяў і сэнсаў, якія не такія відавочныя ўсім.

 

Атрымліваецца, што адзін літаратар можа быць і класікам, і апокрыфам адначасова?

Ігар Бабкоў: Можа! Таго ж Багдановіча мы можам чытаць і як паэта класічнага, і як паэта апакрыфічнага. Напрыклад, Стральцоў у сваім славутым эсэ “Загадка Багдановіча” робіць яго класікам. А ўсё, што робіць Разанаў датычна Багдановіча – гэта няспынная апакрыфізацыя. У Разанава таксама і купалаўскія, і коласаўскія тэксты раптам становяцца нечым зусім іншым, чым тое, да якога мы звыкліся.

 

Так, здаецца, адбываецца і з найвыбітнейшымі сучаснымі паэтамі. Усе згодныя, што Барадулін – геній і класік, але насамрэч не ўсе разумеюць нават тыя словы, якімі ён піша вершы… Тут тая ж тэндэнцыя, якая пачалася з Міцкевіча?

Ігар Бабкоў: Так, 100%! Барадулін абсалютна непрачытаны, ён таксама пераведзены ў “стадыю сярэдняй зразумеласці”.

 

Значыцца, калі чалавека называюць “жывым класікам” – гэта…

Ігар Бабкоў: Гэта – дамавіна, з якой трэба выбірацца! Бо калі так – то паэта не трэба разумець, усе і так сыйшліся на думцы, што ён класік! Гэта значыцца, што яго перастаюць чытаць як штосьці жывое і нечакана-трывожнае. А Міцкевіч якраз такі! І гэта вельмі адчувалі ягоныя сучаснікі. Таму што яшчэ пры жыцці Міцкевіч стаўся аб’ектам работы гэтай машыны культуры па пераўтварэнню ў жывога класіка. Яго разглядалі як патрыятычнага паэта №1 – а ён весь час парушаў усе табу, парушаў логіку вобраза. Яму спрабавалі падказваць, што ён паводзіць сябе не так і робіць зусім не тыя рэчы. Ён мусіў натхняць жаўнераў на змаганне – а ён сыходзіў у містычную плоскасць, выломваўся жорстка і свядома.

 

Апакрыфічнасць выражаецца ў здольнасці пабачыць, угадаць, прадказаць больш, чым звычайны чалавек. У Міцкевіча вы такія прадказанні знаходзіце?

Ігар Бабкоў: Напрыклад, у яго ёсць фантастычны няскончаны твор “Гісторыя будучыні”, дзе ён прадказвае не толькі тое, што адбываецца з Беларуссю, а ўвогуле гэта – гісторыя Еўропы! Там Міцкевіч зусім не Міцкевіч “Пана Тадэвуша”, дзе можна апісваць працэдуру гатавання кавы на колькі старонак. Гэты тэкст – страшны. І самае цікавае, што шмат што з апісанага там спраўдзілася…

 

Што сённяшняму беларусу павінен даць Міцкевіч-апокрыф?

Ігар Бабкоў: Даць метафізічную глыбіню культуры. Міцкевіч – гэта інтэлектуальны і паэтычны выбух ХІХ стагоддзя, які па-сутнасці, адбыўся ў цэлым рэгіёне. І Міцкевіч, можа быць, першы стварыў у тагачаснай беларуска-польска-літоўскай культуры гэтую метафізічную глыбіню. Таму што Асветніцтва – гэта эпоха, якая робіць стаўкі на розум. А Міцкевіч – гэта чалавек духа, чалавек традыцыі. Ён быў не проста сентыментальным паэтам, але да таго ж і мысляром, які сфармуляваў вельмі важныя ідэі і канцэпты. Прычым гэта – чалавек нашай традыцыі. І гэтую традыцыю ў сваіх лекцыях ён спрабаваў прадставіць у Калеж дэ Франс у Парыжы – не толькі для французаў, але для амерыканцаў, для немцаў... Гэта фантастычна цікава – але і тыя ягоныя лекцыі “непрачытаныя” дагэтуль!

 

Карацей, Вы, як многія, не ставіце пытанне, беларус ці не беларус Міцкевіч?

Ігар Бабкоў: Гэта самае глупае пытанне, якое можна ставіць у дачыненні да Міцкевіча! Гэта таксама як і “наш славуты зямляк” – спроба пазбегнуць вось гэтай трывожнай рэальнасці.

 

Адвесці ў бок ад галоўнага?

Ігар Бабкоў: Адвесці ў бок ад тых ідэяў і думак, якія мы мусім “судумваць” разам з Міцкевічам. Прычым пра тое, кім ён быў, спрачаемся не толькі мы, але і літоўцы, палякі – і ўсе разам мы адводзім у бок ад галоўнага. Занадта шмат спосабаў не думаць разам з ім, успрымаючы яго як дэкарацыю, фігурку комікса з нашай гісторыі.

 

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Ігара Бабкова з цыклу “Urbi et Orbi”
“Міцкевіч як апокрыф”
адбудзецца 25 лістапада (пятніца) а 18.30
у “Галерэі Шчамялёва” – Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49
праезд ад вакзала на тралейбусах №№20, 30, аўтобусах №8, 127 да прыпынка “Шэпічы” (універсам “Палессе”)
Уваход вольны!
Тэгі: ,