it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 19


яму было 72 гады.
выказваю спачуваньне сваякам і сябрам Валера Раеўскага, трупе Купалаўскага і ўсім тэатралам.

ён працаваў у Купалаўскім з 1967 года. з 1973 --галоўным рэжысёрам, з 1991 па 2009 -- мастацкім кіраўніком. з 2009 -- рэжысёрам-пастаноўшчыкам.

ніжэй -- біяграфія Валера Раеўскага з сайта Купалаўскага тэатра, а таксама відэа, дзе Валер Раеўскі разам з сынам сьпявае рэп.


відэа, запісанае Валерам Раеўскім супольна са сваім сынам Мікалаем. 20-70 азначае, адпаведна, узрост сына і бацькі. знойдзена на youtube.com. гісторыя гэтага відэа тут

Раеўскі Валерый Мікалаевіч

Раеўскі Валерый Мікалаевіч

Рэжысёр-пастаноўшчык

Народны артыст Беларусі

Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь

В.М. Раеўскі пасля заканчэння рэжысёрскага аддзялення БДТМІ ў 1967 годзе працуе ў тэатры імя Янкі Купалы. З 1973 года з’яўляецца яго галоўным рэжысёрам, з 1991 года — мастацкім кіраўніком тэатра. За час творчай працы ім створана толькі на Купалаўскай сцэне больш за 35 спектакляў па айчыннай, рускай, замежнай драматургіі. Сярод іх: “Што той салдат, што гэты” па Б.Брэхту, “Бура” У.Шэкспіра, “Рэвізор” М.Гогаля, “ Тры сястры” А.Чэхава, “Запіскі з падполля” Ф.Дастаеўскага, “Лес” А.Астроўскага. Асабліва высокамастацкім узроўнем вылучаюцца спектаклі па творах беларускіх драматургаў: “Трыбунал” і “Пагарэльцы” А.Макаёнка, “Брама неўмяручасці” К.Крапівы, “Апошні шанц” В.Быкава, “Чалавек з легенды” Я.Шабана, “Парог”, “Радавыя”, “Апошні журавель” А.Дударава, “Мудрамер” М.Матукоўскага, “Страсці па Аўдзею” У.Бутрамеева і іншыя. Для Раеўскага ўласцівы пошук найвялікшай выразнасці формы, паглыбленае прачытанне драматургіі, імкненне да гарманічнага гучання ўсіх элементаў сцэнічнага твора.

Спектаклі, пастаўленыя В. Раеўскім — удзельнікі і прызёры шматлікіх тэатральных фестываляў. Шэраг пастановак па п’есах беларускіх і рускіх аўтараў зроблены ім за мяжой: “Зацюканы апостал” М.Матукоўскага (Славенскі нацыянальны тэатр), “Паўлінка” Я.Купалы (Кіеўскі акадэмічны тэатр імя І.Франка), “Парог” А.Дударава ( Лурык-тэатр, Белфаст, Ірландыя), “Рэвізор” М.Гогаля (Драматычны тэатр імя А.Венгеркі ў Беластоку, Польшча), «Надзея Путніна» І.Малеева (Масква, «Театр на Малой Бронной»), «Рэвізор» М.Гогаля (Нацыянальны тэатр Эстоніі, Таллінн), «Характары» В.Шукшына (Санкт-Пецярбург, тэатр імя Акімава), «Чорная пання Нясвіжа» А.Дударава (г.Цюмень, Расія, г.Уфа, Башкірыя). На творчым рахунку рэжысёра – пастаноўкі, зробленыя на сцэнах тэатраў Беларусі: Гомель, Віцебск, Гродна, Маладзечна, інш. абл.драм.тэатры.На Беларускім тэлебачанні паставіў спектакль “Па шчасце, па сонца” паводле твораў Я.Купалы (1971 г.), фільм-спектакль “Апошні шанц” па аднайменная аповесці Васіля Быкава (1981 г.).

За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Раеўскаму В.М. у 1976 годзе прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, а ў 1998 годзе званне “Народны артыст Рэспублікі Беларусь”. Пастаўленыя ім спектаклі (“Радавыя” А.Дударава, 1985 г., “Мудрамер” М.Матукоўскага, 1988 г.) адзначаны адпаведна Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі ўнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.

Выбар тэмы і драматургіі для Раеўскага В.М. – не самамэта, ён заўсёды імкнуўся і імкнецца весці з сучаснікам шчыры адкрыты дыялог, выхоўваючы ў гледачоў грамадзянскую пазіцыю, патрыятызм, чалавечую годнасць, любоў да Радзімы. Да ліку «аншлагавых» спектакляў у рэжысуры В.Раеўскага адносяцца гістарычная камедыя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, містычная легенда пра каханне «Чорная панна Нясвіжа» А.Дударава, гістарычная драма «Эрык ХІУ» А. Стрындберга, а таксама апошнія прэм’еры Купалаўскага – містычная камедыя “Чычыкаў” паводле паэмы М.Гогаля “Мёртвыя душы” і рэквіем “Вечар” А.Дударава.

Доўгі час з’яўляўся прафесарам Беларускай акадэміі мастацтваў і выхаваў вялікую плеяду таленавітай творчай моладзі, акцёраў і рэжысёраў, якія працуюць сёння ў розных тэатрах Беларусі. Узначальвае склад журы конкурснага адбору рэжысёрскіх эксплікацый маладых творцаў.

Тэгі: