it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 09


Так у пераносным сэнсе ацэньвае асобу Кіма Хадзеева культуролаг Юлія Чарняўская. Публічную лекцыю “Прарок у Айчыне” з цыклу “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) спадарыня Юлія прачытае для Вас 11 лістапада, у гэтую пятніцу.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для TUT.BY

Калі вы пагугліце, хто такі Кім Хадзееў – знойдзеце шмат спасылак, але так і не зразумееце гэта. Чалавек, які ў 19 гадоў (1948 год) заклікаў забіць Сталіна. Два зняволенні. Каласальная самаадукацыя. Ягоная кватэра на вуліцы Кісялёва праз некалькі дзесяцігоддзяў сталася цэнтрам інтэлектуальнага жыцця Мінска – тут шукалі глыток паветра ўсе, каму было недастаткова атмасферы таго часу. Кім Хадзееў так і не стаў ані кандыдатам, ані доктарам навук – бо не імкнуўся да гэтага. Але ён надыктаваў 52 дысертацыі, у тым ліку 8 доктарскіх – на 17 палярных тэмаў, ад філалогіі да медыцыны. Ён як Сакрат – замест пісання больш любіў прамаўляць. За ўсё жыццё меў пад сваім імем 1 выступ на тэлебачанні і 1 публікацыю ў прэсе. Але ягоная спадчына – некалькі пакаленняў беларускіх інтэлектуалаў – непараўнальна большая за артыкулы і кнігі. Мудрэйшыя ганарацца тым, што іх “зрабіў Кім”, іншыя не прызнаюцца – хоць так і было.

У 1990-х гадах новыя беларускія чыноўнікі звярнуліся да Хадзеева па дапамогу ў пытаннях эканомікі і дзяржаўнай палітыкі. Кім выканаў замову – але ягоныя ідэі так і не былі рэалізаваныя. У 2001 годзе Кім Хадзееў памёр ад рака лёгкіх.

Адная з найбліжэйшых сябровак Кіма Хадзеева, культуролаг Юлія Чарняўская ў гэтую пятніцу, 11 лістапада прачытае ўнікальную лекцыю “Прарок у Айчыне” ў галерэі Шчамялёва (Ракасоўскага, 49, пачатак 18.30). Уваход вольны – спяшайцеся быць!

Юлія, у інтэрнэце сустракаюцца апісанні кватэры Кіма – і часта фігуруе зняважлівае слова “бамжатнік”. Тым не менш з гэтага “бамжатніка” выраслі многія выбітныя людзі нашага часу. Ці ніхто з атачэння Кіма Хадзеева не спрабаваў змяніць ягоныя вусцішныя побытавыя ўмовы?


Юлія Чарняўская:
Што вы! Ён бы забіў! Ён бы знішчыў!

З Вашых расповедаў пра Кіма мне запомнілася фраза, што вы ўсе сыходзілі з гэтага бамжатніка і прыходзілі ў свае ўтульныя кватэркі…

Юлія Чарняўская:Ведаеце, я маргінал у дачыненні да маргіналаў. На той час у мяне не было ўтульнай кватэркі, а была застаўленая кнігамі “распашонка”… Я з Кімам пазнаёмілася, калі мне было 18. Бывала там шэраг гадоў, даволі коратка. Мне там не вельмі падабалася. У тым ліку – бамжатнік, некаторыя людзі. А з тымі, якія мне падабаліся, мы дачыняліся ў іншых месцах. Мяне бянтэжыў Кім. Кім апошніх гадоў і Кім 1980-х – гэта розны Кім. Кіма 1990-х я вельмі любіла, а Кіма 1980-х я пабойвалася… Дык вось, у 1990-х нашае сяброўства адбывалася пераважна ў мяне дома, а не ў яго. Ён прыходзіў у пятніцу гадзіне а чацвертай-пятай, і сыходзіў у панядзелак гадзіне а другой. Што датычыць астатніх… Многія з іх стараліся жыць так, як Кім. Толькі асобы такой не было…

Пераймалі толькі бамжатнік?

Юлія Чарняўская: Пераймалі бамжатнік, выразы кшталту “Ты геній, стары!” Тады ўсе былі геніі. Там былі розныя катэгорыі людзей. Першая – людзі, якіх Кім вельмі любіў, з якімі вельмі сябраваў, але не абажаў іх шалёна. Гэта былі людзі, якія разам з Кімам рабілі нейкую агульную справу – “трызаўцы”, пісьменнік Віця Генкін, рэжысёр Валодзя Рудаў (які стварыў і паставіў славутую “Камедыю”), паэт Рыгор Трэстман. Гэта былі дарослыя людзі, занятыя справай. А былі і зусім маладыя людзі – практычна ўсе прайшлі праз Кіма. Многія з нас побач з Кімам адчувалі ягоны маштаб. І я таксама – пакуль ён не стаў рабіць для мяне тое, што рабіў для самых блізкіх… Мы ў яго ўсе былі “самыя лепшыя”, і я была “самая лепшая”.

Гэта такія авансы, якія ўсім раздаваліся?

Юлія Чарняўская:Разумееце, са мной цяжэй – гэты аванс раздаваўся ў мае трыццаць гадоў. Я была ўжо, як той казаў, вялікая дзяўчынка, і мне вельмі хацелася не "балдзець", а цікава жыць і цікава працаваць… Мне вельмі хацелася вучыцца ў яго. Уласна кажучы, з Кімавай рукі я стала культуролагам. З Кімавай рукі я атрымала другую адукацыю, пачала выкладаць, абаранілася… Я была вельмі добрая вучаніца і не ўспрымала Кіма як “давай, Хадзей-Балдзей, хлопну цябе па плячы, добры ты стары…” Ён гэта дазваляў, але я заўсёды разумела дыстанцыю між сабой і Кімам. Хоць сам ён гэтую дыстанцыю не выбудоўваў. А вось гэты маладняк – ён яе не разумеў, не разумеў глыбіні гэтых фантастычных ведаў. То бок, першыя разы кожны, хто прыходзіў да яго, быў ашалелы. А потым – раз з ім так талерантна і шчыра… Але сэрцам Кім больш любіў не тую катэгорыю, пра якую я вам кажу… А больш ён любіў іншых, вельмі маладых, з многіх з якіх, на жаль, пераважна нічога не выйшла… Ён любіў тых, хто яшчэ “у праекце”, з якіх яшчэ можна ляпіць. Але яны не вельмі ляпіліся… Таму ў сітуацыі з Кімам я маргінал – не я да яго хадзіла, а ён да мяне. Я вельмі добра памятаю, як перад нейкім днём народзінаў ён пытаўся: “Ты з кім святкуеш?” Бо ягоны дзень народзінаў заўсёды святкавалі “пакаленнямі”, якіх было 7. Агулам набіралася больш за 300 чалавек!..

Як выглядалі выходныя, якія ён у Вас праводзіў?

Юлія Чарняўская:Яны былі вельмі шчаслівыя… У другой палове пятніцы мой муж яго забіраў, прывозіў да нас. Я, як ашалелая, гатавала нешта смачнае – тое, што ён любіў асабліва. Мы абедалі… У мяне дома заўжды было шмат людзей – а многія яшчэ прыходзілі менавіта таму, што тут быў Кім. Таму вечар пятніцы звычайна сыходзіў на такія прыходы, на кампанію. У мяне дома гэтая кампанія была зусім нармалёвая, паводзіла сябе прыстойна, яна гэта насамрэч умела, проста ў Кіма шмат чаго сябе дазваляла – бо ён дазваляў.

Шмат людзей ведалі пра ягоныя прыходы да Вас?

Юлія Чарняўская:Так – ён пісаў цыдулку “Я ў Юлі, тэлефон…” і прымацоўваў яе на свае дзверы… Неяк летам ён нават пражыў у нас пару месяцаў…

Якія стравы Вы яму гатавалі на выходных?

Юлія Чарняўская:Салянку – якая насамрэч “сялянка”, мясную ці рыбную… Ён вельмі любіў салодкае, быў страшным сласцёнам, абажаў марозіва! Шакалад, мяса – быў мясаедам. Не трываў капусту і цыбулю. Ён любіў пірагі, якія я выпякала ў вялікай колькасці… Ён вельмі любіў лікёры… Але галоўнае было не гэтае. Я сама сабе пастанавіла – штотыдзень да прыхода Кіма пісаць не менш за 20 старонак тэксту – ці мастацкага, ці навуковага, ці артыкулы, ці праграмы ўніверсітэцкія, ці курс лекцый… Таму ў суботу, калі ён прачынаўся, мы снедалі – і сядалі працаваць, да вечара, гадзін дзесяць за дзень. Ён слухаў (бо не цярпеў кампутар) – і правіў, проста з голаса… У нядзелю таксама паўдні працавалі, а потым зноўку прыходзілі людзі, мы разам вячэралі…

Ён прасіў усіх называць яго на “ты”. Гэта стварала атмасферу панібрацтва?

Юлія Чарняўская:Ён рабіў гэта дзеля таго, каб усе адчувалі сябе добра… Панібрацтва ў многіх было. Яны ж былі зусім юнакамі, проста не разумелі гэтай дыстанцыі. Бачылі тое, што яго можна называць на “ты” – а не тое, што ён ідзе і пералічае ўсіх французскіх маршалаў, альбо сядае і пачынае надыктоўваць дыплом. Аднаму майму знаёмаму, які “празяваў” свой дыплом, – Кім надыктаваў яго за тры дні, з нуля! Хаця ён да любой сваёй працы рыхтаваўся вельмі карпатліва. Сядзеў у бібліятэках суткамі. Калі я пачала займацца культуралогіяй, этнасамі – ён пайшоў у “Ленінку” і адксерыў неабходнае, прычым сам выбраў патрэбныя старонкі! У мяне дагэтуль ляжаць тыя ксераксы – і я не магу іх выкінуць.

Юлія, у некралогу, які Вы напісалі на смерць Кіма ў 2001 годзе – супольна са сваім мужам Юрыем Зісерам – Вы паспрабавалі пералічыць, кім быў Кім: “мысляр, філосаф, культуролаг, пісьменнік”… А паміж сабой кім Вы яго лічылі?

Юлія Чарняўская:Ён сам сябе называў культуролаг – калі яшчэ не было гэтага слова. Я лічу, што ён быў філосаф сакратычнага складу – з тых філосафаў, якія не пішуць. І таму тое, што ён надыктоўваў сваё, ужо калі паміраў,– было зразумела, які гэта чакае лёс…

Калі інтэрнэт не хлусіць, то Вы былі адной з чатырох жанчын, якіх любіў Кім. Вядома, што да хлапцоў ён ставіўся больш прыхільна…

Юлія Чарняўская:Хачу назваць імёны іншых: Валя Будзінас, Таня Мусінская, Дора Бекер. З імі ён пазнаёміўся задоўга да майго з’яўлення. А гісторыя нашага сяброўства абсалютна смешная! Мы добра і доўга былі ўжо знаёмыя, гадоў 12, але не сябравалі. Пачалося ўсё з таго, што ў мяне былі студэнты, я павяла іх на канцэрт паэзіі, які вёў Дзіма Строцаў, выступалі барды, паэты. І раптам чуваць стук кія – ідзе Кім. Ён жа яшчэ і бачыў кепска… А каля мяне было месца – і калі ён побач праходзіў, я проста пацягнула яго за руку і пасадзіла. Ён мяне пазнаў, пачаў цалаваць – ён цалаваўся з усімі. Спытаўся, чаму я сяджу з такім незадаволеным тварам. Я кажу: “Кім Іванавіч, я не люблю гэтую аўтарку”. І ён раптам гучна-гучна (а яна на сцэне): “І я не пераношу гэтую аўтарку!” (тут прагучала прозвішча) Трэба сказаць, тая аўтарка так і не прабачыла гэта ні мне, ні Кіму... А потым неяк так атрымалася, што мы пачалі размаўляць на калідоры – і не змаглі разляпіцца… Потым падыйшлі мае студэнты, мы пайшлі праводзіць яго дахаты, доўга-доўга размаўлялі на холадзе каля пад’езда… Ён узяў мой тэлефон… Памятаю, як рыхтавалася да ягонага прыходу ў госці, як хвалявалася, гатавала прысмакі – з думкаю “толькі б ён прыйшоў”… Ён стаў прыходзіць, але я яшчэ не разумела, што гэта сяброўства. А недзе праз паўгады я распавяла Кіму па тэлефоне, што мне паставілі дыягназ “дыхавіца"… Праходзіць нейкі час, каля гадзіны, – і раптам палахлівы званок у дзверы, доўгі-доўгі, гучны-гучны!.. Ліфт тады не працаваў, а жыла я на 9 паверсе… Падбягаю, адчыняю – стаіць Кім, задыханы, не можа размаўляць (а ў яго было хворае сэрца) – і толькі ў руцэ нешта заціснута… Гляджу – а там інгалятар! Ён – тапаграфічны ідыёт – папёр праз увесь горад і прынёс мне інгалятар! Тут я зразумела, што гэта мой сябар – і назаўсёды. І цяпер я перакананая, што мушу казаць пра Кіма. Я глыбока перакананая, што цяпер ён глядзіць на нас са столі. Не палічыце гэта шызафрэніяй ці ўпаданнем у рэлігію. Але ў тым, што Кім існуе і прысутнічае – я ўпэўненая. Калі ён памёр 5 верасня 2001 года – а 11 верасня здарыўся страшны тэракт ў ЗША… Мне падалося тады, што калі б ён быў жывы – гэтага б не адбылося.

Лекцыя, якую прачытае для вас Юлія Чарняўская – гэта спроба “захаваць” Кіма, “перадаць” яго наступнікам. Філосафа, які больш прамаўляў, чым пісаў. Мысляра, які мысліў ад літаратуры да медыцыны, ад біялогіі да эканомікі. Культуролага, які ведаў пра культуру ўсё, і нават крыху больш за ўсё. Пісьменніка – які надаваў значэнне не толькі словам, але сэнсу, які хаваецца за кожным з іх. Культавага чалавека, які кожнага, незалежна ад узросту, прасіў называць яго на “ты”.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Юліі Чарняўскай з цыклу “Urbi et Orbi”
“Прарок у Айчыне”
адбудзецца 11 лістапада (пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
у “Галерэі Шчамялёва” – Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49
праезд ад вакзала на тралейбусах №№20, 30, аўтобусах №8, 127 да прыпынка “Шэпічы” (універсам “Палессе”)

Тэгі: