it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 24

Пачнецца яна а 18.30 28 кастрычніка (пятніца) ў мінскай галерэі Шчамялёва.

  • Глеб ЛАБАДЗЕНКА для TUT.BY

Тым, хто ўжо сабраўся паглядзець Калізей і Пантэон, будзе прапанавана падумаць: а чым ёсць менскія калізеі і пантэоны? І за што Менск у XVIII стагоддзі параўноўвалі з Рымам.

Цыкл публічных лекцый “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) – спроба грамадскіх і культурных дзеячаў падзяліцца сваімі роздумамі над сучаснымі праблемамі. Невыпадкова першым лектарам стаў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Паколькі цыкл лекцый “Urbi et Orbi” пройдзе ў Менску, то ён немагчымы без разумення, што такое Менск. Чысты горад? Сталіца Рэспублікі Беларусь? Горад-герой? Двухмільённы мегаполіс?

А ці ведаеце вы, у які дзень упершыню згадваецца Менск і ў сувязі з якой падзеяй? Чым Менск прынцыпова адрозніваецца ад усіх астатніх буйных гарадоў Беларусі? Ці ведаеце, што пасля Другой сусветнай вайны ў Менску жыло 67 тысяч чалавек?

Сяргей Харэўскі – ідэальны лектар, каб цікава адказаць на ўсе гэтыя пытанні. Ён мастак і літаратар – апісвае ўсе лёгка і прыгожа. Ён займаўся археалогіяй – і здольны дакапацца да самых глыбіняў сэнсу горада. Ён выкладчык – і ўмее зацікавіць аўдыторыю. Нарэшце, ён карэнны менчук – і любіць гэта горад.

Скачать видео (4.04 МБ)

Што падштурхнула Сяргей Харэўскага да стварэння лекцыі “Колькі шчыгулаў да разумення Менску”?

- У свой час слынны філосаф Валянцін Акудовіч напісаў: “Ніколі не чуў, каб нехта казаў “люблю Менск”, – прыгадвае Сяргей Харэўскі. – Мяне гэта страшна абурыла , бо перадусім я люблю Менск – як і многія мае сваякі, сябры, добрыя знаёмыя. І я паспрабаваў гэтак сама ў пісьмовай форме адказаць спадару Акудовічу, вытлумачыць сваю любоў да Менска. І прыйшоў да ўнёска, што гэта амаль невырашальная задача. Бо такія паняткі як “любіш” заўсёды вытлумачыць амаль нерэальна. Альбо любіш – альбо не. Гэта як вера, якая даецца табе і не патрабуе доказаў… Менск увесь час выпаўзае за свае натуральные межы, за свой натуральны маштаб. Воляю палітыкаў звонку робіцца большым, чым ён ёсць – ён надзімаецца. І гэтыя палітыкі – ці то Павел І, ці то генералісімус Сталін, ці то цяперашнія гарадскія ўлады – ніхто не пытаецца ў менчукоў, што яны хочуць, і якім яны хочуць бачыць гэты горад. І вось воляю палітычнага лёсу Менск раздзімаецца да несувымерных памераў. У свой час адзін з самых маленькіх гарадоў Беларусі стаў цэнтрам Беларускай губерні пры Паўле І. Хоць на той час і Слонім, і Пінск былі шмат большыя, і любы іншы горад. А сталіцай стаў Менск – і гэта быў пачатак “менскага феномену”.

- Але ж гэта быў не першы раз, калі Менск стаў сталіцай.

- Так! Менск быў сталіцай ваяводства, сталіцай княства, месцам правядзення трыбуналаў, сталіцай, можна так сказаць, Канстытуцыйнага суда Вялікага княства Літоўскага.

- А чаму места заставалася такім маленькім? Чаму, калі была такая дзвіжуха, сюды не імкнуліся людзі?

- Таму што ў Менску няма тых ад прыроды дадзеных, якія ў Сярэднявеччы спрыялі імкліваму росту горада. Напрыклад, паўнаводнай ракі – для гандлю. Заўважце, самыя вялікія нашыя гарады – Полацк, Гомель, Магілёў, Мазыр, Горадня, Берасце, Віцебск – паўсталі на скрыжаванні актыўных водных шляхоў.

- То бок, Свіслач ніколі не была такой як Дняпро?

- Ніколі. І гэта памылка, што праз Менск ішлі “валокі полацкія” – гэта самы нязручны шлях!.. У гэтым яшчэ адна фатальная прычына вось гэтай неадпаведнасці прыроды менскай з тым, што з яго лепяць. Нагадаю, калі ўтварыўся Савецкі Саюз – гэта была самая маленькая сталіца, нават Тбілісі быў большы. А Менск насаджалі, Менск разбухівалі, Менск разбудоўвалі – неадэкватна, неадпаведна ягоным унутраным рэсурсам і жаданням тых, хто тут жыў. Менка – гэта яшчэ адна з цікавых таямніц Менску, у якой могуць ляжаць ключы да разгадкі нашага менскага феномену. Мы забываем, што першыя тут былі не мы, славяне, а калматыя, патлатыя балцкія плямёны, якія 5 тысяч (!) гадоў жылі да нас тут. І яны нам пакінулі шмат больш, чым нам часам здаецца. Назва ракі “Менка” нават у сучасных балцкіх мовах азначае “маленькая, другасная, факультатыўная”. І менавіта вось гэтая “другаснасць” Менска зашыфравана ў ягонай назве, у ягоным першасным вызначэнні. Роўна як і назва самай старой мінскай вуліцы Няміга – так і гучыць літаральна: “бяссонне, няспанне”…

- Карацей, тым, хто лічыць, што жыве ў двухмільённым мегаполісе, вы хочаце апусціць нос? Што яны жывуць у другасным, факультатыўным горадзе - пра які першая згадка, што яго спалілі.

- Гэта вытлумачэнне нашага імя і нашага лёсу: чаму склалася так і не інакш. Разам з тым, у Менска былі цудоўныя шчаслівыя часы. На маю думку, гэта канец XVII і XVIII стагоддзе. Нягледзячы на кароткачасовыя прыходы расейскіх, шведскіх і нават саксонскіх войскаў, якія спалілі Ляхаўку і фальварак Добрыя Мыслі. Тады Менск стаў адпаведным свайму маштабу – як цэнтр пілігрымаў, цэнтр паломніцтва. Менавіта ў Менску былі мошчы аднаго з першых хрысціянскіх першапакутнікаў Феліцыяна, якія былі падараваныя самім Папам Рымскім.

- А дзе падзеліся тыя мошчы?

- Шукаюць… Дарэчы, менавіта святы Феліцыян быў святым патронам Менска, і на дзень святога Феліцыяна ладзіліся дні горада.

- Давайце ўжо ўнясем пэўнасць, што гэта за дата!..

- 4 лістапада адзначаўся Дзень святога Феліцыяна. І гэтае свята пераўтваралася ў вялікія працэсіі і праваслаўных, і каталікоў – бо ён першахрысціянскі пакутнік, адначасова з’яўляецца святым для вернікаў усіх канфесій… У Менску таксама зберагаўся абраз Маці Божай Менскай, які стаў і гербам горада. Які, паводле апокрыфаў, вылавілі ў рацэ Свіслач на сутонні з Нямігаю.

- Гэта які цяпер у Свята-Духавым саборы?

- Менавіта! Ён, паводле падання, быў кінуты ў дняпроўскую ваду, калі Кіеў быў спалены татарамі – і ўверх па водах прыплыў да Менска. Зноў жа, паводле некаторых паданняў, ён быў напісаны евангелістам Лукой.

- А як ён апынуўся менавіта ў праваслаўным катэдральным саборы?

- Бо ён знаходзіўся там яшчэ тады, калі гэта быў касцёл – і застаўся там. Першапачаткова ён знаходзіўся ў Менскай браме, потым у капліцы ў Менскай браме , потым быў перанесены ўніяцкім мітрапалітам Венеамінам Руцкім у царкву Святога Духа, якая нядаўна была адбудаваная наноў. У гэтай містыцы несупынных знішчэнняў і аднаўленняў я бачу перадвызначанасць паданням пра Мянеска, легендарнага волата, які малоў камяні, ездзіў на сваім млыне і збіраў дружыну. Ніводная сталіца ў Еўропе не мае такога падання. Ва ўсіх паданні пра ўзнікненні звязаныя са звярынымі паданнямі – гэта і Ромул і Рэм з Капіталійскай ваўчыцай (Рым), гэта і паляўнічыя Кій, Шчэк і Харыф (Кіеў), і многія-многія іншыя... А менскае паданне пра нейкага млынара, які перамалвае камяні таксама сталася фатальным – бо ад Менску нічога не засталося, усё перамалолася. І больш Старога Менска мы не ўбачым, яго ніколі не ўваскрасіць, гэта нерэальна. Мы можам мець справы толькі з пэўнымі інтэрпрэтацыямі, якія ўсё больш аддаляюцца нават ад таго горада, які існаваў 30-40 гадоў таму…

- Пра што вы будзеце расказваць на лекцыі?

- На лекцыі я буду расказваць, як наш родны Менск стаў Рымам у XVIII стагоддзі, і як гэтыя сем менскіх пагоркаў капіявалі Рым у нашых краях. Я буду расказваць пра тое, як у Менску жыло паганства і калі яно знікла. Буду распавядаць пра тое, за што Менск усё ж такі можна любіць.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Сяргея Харэўскага з цыклу “Urbi et Orbi”
“Колькі шчыгулаў да разумення Менску”
адбудзецца 28 кастрычніка (пятніца) а 18.30

у “Галерэі Шчамялёва” – Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49

Уваход вольны

праезд ад вакзала на тралейбусах №№20, 30, аўтобусах №8, 127 да прыпынка “Шэпічы” (універсам “Палессе”)

Тэгі: