it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 19
Глеб ЛАБАДЗЕНКА, для www.baj.by, фота аўтара

Аляксандра Фядуту адныя ненавідзяць — за тое, што «прывёў да ўлады Лукашэнку», а праз нейкі час як «перабежчык» далучыўся да апазіцыі. Але большасць людзей Фядуту любіць і паважае — як інтэлектуала, крытыка, публіцыста. Як удзельнік штаба кандыдата Някляева Фядута адседзеў у «амерыканцы» — і цяпер рыхтуе да выдання «Амерыканскія» вершы». Гэтая гутарка — з Фядутам-журналістам,Фядутам-публіцыстам,Фядутам-палітолагам,Фядутам-мужам. А, ну і яшчэ з блогерам feduta.


АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖу
Аляксандр ФЯДУТА нарадзіўся 3 лістапада 1964 года ў Гродна. Скончыў рускае аддзяленне філфака Гродзенскага універсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Працаваў выкладчыкам у школе, сакратаром ЦК ЛКСМБ, першым сакратаром ЦК Саюза моладзі Беларусі, начальнікам упраўленняграмадска-палітычнайінфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта (ліпень — снежань 1994), аглядальнікам, намеснікам галоўнага рэдактара «Белорусской деловой газеты», аглядальнікам «Народнай волі», уласным карэспандэнтам газеты «Московские новости» па Беларусі, публікаваўся таксама ў газетах «Имя», «Наша Ніва».
На прэзідэнцкіх выбарах-2010быў у штабе Уладзіміра Някляева. Быў кінуты ў турму, асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай у 2 гады.
Сабра БАЖ з самага пачатку, адзін з заснавальнікаў арганізацыі.

 

«Я напісаў адзін артыкул, за які мне сорамна»

— Аляксандр Іосіфавіч, я пабачыў у Вашым блогу, што Вы любіце гуляцца рознымі парамі, выбіраць адное з двух. А калі б Вам прапанавалі выбраць між гадзіннікам, які спяшаецца, і гадзіннікам, які спазняецца, што б вы выбралі?

Аляксандр Фядута: А ў мяне гадзіннік, які спяшаецца. Я заўжды стаўлю свой гадзіннік, які нашу на руцэ, на 5 хвілін наперад.

— А беларуская журналістыка развіваецца як каторы гадзіннік: які спяшаецца ці які спазняецца?

Аляксандр Фядута: Я наогул не бачу, каб яна развівалася. На мой погляд, яна проста стаіць на месцы.

— У якім годзе яна сёння, па-вашаму, знаходзіцца?

Аляксандр Фядута: У пачатку1991-га. Той час, калі я ўваходзіў у журналістыку, пачынаў працаваць у гродзенскай гарадской партыйнай газеце «24 часа». Сёння шмат з таго, пад чым там стаяў мой подпіс, мне хацелася б перапісаць і змяніць. Але газетныя старонкі, як і рукапісы, не гараць — і я пра гэта ведаю, на жаль. Заўжды знойдзеццахто-небудзь, у каго твой артыкул ёсць у архіве. Адзін артыкул я ўжо перапісаў — напісаў яго гісторыю ў прадмове да тома Аляксея Карпюка. І папрасіў такім чынам прабачэння ў нябожчыка Аляксея Нічыпаравіча. Вось… А тое, што адбываецца… Сапраўды, існуе паняцце пра журналістыку як пра барацьбу, а зусім не як пра прафесію. І гэта вельмі дрэнна.

— А ў сённяшняй Беларусі гэта можа быць проста прафесія?

Аляксандр Фядута: Я лічу, што гэта павінна быць проста прафесія, а не барацьба. У 1991 годзе я быў малады, мне было 26 год. Гэта былі першыя 2 месяцы маёй журналісцкай працы наогул. Я разглядаў гэта як стварэнне новых тэкстаў. І зусім не разумеў, што гэтыя тэксты ствараюць пэўны кантэкст.

— То бок, тады яшчэ не ведалі, што газета ў людзей у архівах застаецца?

Аляксандр Фядута: Так!.. Я напісаў артыкул адзін, за які мне сорамна. Гэта быў рэпартаж з мітынгу, прысвечанага вільнюскім падзеям студзеня 1991 года. Я напісаў тое, што думаў, і што дагэтуль думаю — што нельга рабіць палітыку на крыві. Але ўся справа не ў тэксце, а ў канктэксце — што тэкст з’явіўся на старонках партыйнай газеты. І вось калі гэта разумееш — становіцца сорамна. Таму што словы былі, на мой погляд, цалкам слушныя. Але не з гэтых старонак маральна было пра гэта казаць. Бо ў студзені 1991 года ў Вільні забівалі людей. І забівалі з ведама той партыі, на старонках газеты якой я пісаў.

— Колькі часу таму газета «Наша Ніва» падавала на мяне ў Камісію па этыцы БАЖ за артыкул у «Звяздзе» «Хто паскорыў смерць ксяндза Юзафа Булькі». Вы верыце, што калі, дапусцім, светлай памяці ксёндз Булька сапраўды спрычыніўся да гібелі дзясяткаў людзей — што такую віну можна выправіць, саджаючы кветачкі і адвучваючы людзей піць?

Аляксандр Фядута: (доўгая паўза) Дык, можа, спалім тамы Наталлі Арсенневай? Яе муж — святы? І сама яна… Я разумею, што жанчына разгубілася, калі ў яе на вачах забіваюць рэдактара падакупацыйнай «Беларускай газеты»… Зразумела, што яна хвалюецца і крычыць. Але таго чалавека, які забіў гэтага рэдактара — яго ж таксама казнілі. Ну і як з гэтым быць?

— А як быць, калі чалавек таленавіты — добрыя вершы піша, а другой рукой людзей у ссылку і на пагібель адпраўляе? Напрыклад, Кандрат Крапіва. Праз яго загінулі многія, але байкі ягоныя — добрыя, вясёлыя, лёгка запамінаюцца… Ці можна не звяртаць увагу на асобу, зважаючы на час?

Аляксандр Фядута: Ведаеце, я прывяду іншы прыклад. Існуе геніяльны пісьменнік, які піша геніяльныя тэксты. У гэтых тэкстах ставіць самыя жорсткія пытанні маральнасці. Але да яго прыходзяць — і кажуць: трэба падпісаць. Ён разумее, што тэксты, дзе ён ставіць пытанні вечнасці і сусвету, чалавека ў Сусвеце — больш не выйдуць, калі ён не паставіць подпіс. Ён ставіць подпіс. Пад публічным лістом, у якім зневажаецца другі чалавек, які, у адрозненне ад яго, не атрымаў ні прэмій, ні медалёў, ні звання Героя працы. Адну прэмію — Нобелеўскую — праўда, атрымаў — але прымушаны быў развітацца з Радзімай. Гэта што, маральна? Я думаю, што гэта справа біёграфаў, а не чытачоў. Чытач будзе чытаць і аднаго, і другога. І будзе прыслухоўвацца да тых пытанняў, якія ставілі і Васіль Быкаў, і Аляксандр Салжаніцын. Гэта пытанне чытача — прабачыць ён подпіс, пастаўлены пад лістом, ці не прабачыць. Але факт подпісу — ён не перакрэсліць ні «Мёртвым не баліць», ні «Знака бяды», ні «Сотнікава», ні «Альпійскай балады». І больш жорстка, чым пра самога сябе напісаў Быкаў у сваіх мастацкіх тэкстах, не напісаў ніхто.

«Хто вам сказаў, што на пытанне пра грошы „Гавары праўду“ я казаў праўду?»

— Аляксандр Іосіфавіч, Вы напісалі, што самы страшны не той допыт, які ты праходзіш у турме, а той, які потым учыняюць табе людзі на волі…

Аляксандр Фядута: Так, пытанне «Чаму цябе не дапытвалі, не катавалі?» — гэта пытанне, на якое няма адказу. А пытанне следчага «Когда и где вы родились?» альбо «Адкуль былі грошы на кампанію?» — там могуць быць адказы.

— Не пабываўшы ў турме, цяжка ўявіць, чаго чалавек можа там баяцца больш — што на вячэру да макарон чагосьці падсыплюць, альбо таго тэрміну, якога могуць уляпіць. Вы чаго баяліся?

Аляксандр Фядута: Не скажу.

— Ну парвіце на сабе кофту і скажыце: нічога!

Аляксандр Фядута: Не магу так сказаць, таму што гэта няпраўда.

— Значыцца, сваю Ахілесаву пяту афішаваць не хочаце?

Аляксандр Фядута: Не хачу. Ёсць некалькі главаў маіх успамінаў, якія, ведаючы, што іх будзе чытаць цэнзар, я не пісаў. І зараз мне трэба іх напісаць.

— Вы самі сказалі, што на пытанне «Дзе ты браў грошы на кампанію „Гавары праўду“?» адказ можа быць. Як высветлілася на судзе, вы ж і не маўчалі.

Аляксандр Фядута: А хто вам сказаў, што я там казаў праўду?

— То бок, чалавек з кампаніі «Гавары праўду» не заўсёды гаворыць праўду?

Аляксандр Фядута: Так — калі тое, што ты кажаш, можа пайсці супраць іншых людзей. Сваім лёсам я вольны распараджацца, а лёсам іншых людзей — не. Гэта адрознівае мяне ад шмат каго з беларускіх палітыкаў.

— Значыцца, вы рыхтаваліся, што адказваць на пытанне пра грошы?

Аляксандр Фядута: Так. Я не ведаю, ці паверылі мне. Усё ўскладнялася тым, што мяне, і не толькі мяне, прапусцілі праз паліграф — дэтэктар хлусні. Я іх папярэджваў, што мне можа стаць дрэнна ад гэтага.

— Баяліся, што не зможаце пераканаўча хлусіць?

Аляксандр Фядута: Я баяўся, што ў мяне будзе інфаркт. Хваляванне такое, якога я вам не пажадаю!.. Менавіта таму, што ты разумееш, што ў гэты момант адказваеш не толькі за свой лёс. Гэта першае.Па-другое, наколькі я ведаю, паліграф немагчыма падмануць. Мяне два дні трымалі на паліграфе.

— Дык вы яго ў выніку ашукалі?

Аляксандр Фядута: Гэта трэба спытаць у паліграфа. Пасля першага днядзядзька-паліграфолаг лётаў па ўсім паверсе і шукаў нейкія лекі, каб мне дапамагчы — у мяне сапраўды пачаўся прыступ з сэрцам. У другі дзень, калі ўсё скончылася, я спытаў у яго: «Ну як там?» Ён сказаў: «Я адно магу вам сказаць: вы — не шпіён». Я адказаў: «Дзякуй Богу, вы мне сказалі тое, у чым я быў упэўнены».

«Калі пасля аднаго артыкула палітык становіцца палітычным трупам, значыцца — такі ён палітык»

— Аляксандр Іосіфавіч, у нашай незалежнай прэсе ёсць нявырашаная дылема. Тычыцца яна пытання, ці павінны мы за справу дзяўбсці «сваіх» — за тое, якія яны нямоглыя палітыкі. Бо ён жа — свой, яго і так, беднага, па БТ і ў «Саўбелцы» шальмуюць. Ці «любіць іх такімі, якія ёсць»? Як у нашых умовах пісаць пра апазіцыйных палітыкаў, якія пастаўленыя ў загадзя нераўназначныя ўмовы?

Аляксандр Фядута: У 1999 годзе, калі разгортвалася кампанія па выбарах прэзідэнта, якую праводзіў Віктар Іосіфавіч Ганчар, я працаваў у «Белорусской деловой газете». У той момант гэта была найлепшая газета краіны — я ў гэтым упэўнены цалкам. Я чытаю тэкст, які напісала вельмі таленавітая журналістка, маладзейшая за мяне. Падыходжу да яе і кажу: «Што вы напісалі! „Такога чысла, на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прагаласаваў Старшыня Вярхоўнага савета Сямён Шарэцкі…“ Што вы напісалі?! Якія выбары?! Які Старшыня, якога Вярхоўнага савета?! Гэта хлусня!» Яна паглядзела на мяне і сказала: «Александр Иосифович, на кого вы работаете? " А я дагэтуль упэўнены, што працаваць трэба на чытача! Калі ты працуешжурналістам, то хлусіць чытачу нельга. Следчаму ў КДБ — сам Бог загадаў!

— Аляксандр Іосіфавіч, але, „працуючы на чытача“, журналіст можа патрапіць у сітуацыю, калі ён б’е нагамі прывязанага да слупа чалавека.

Аляксандр Фядута: Гэта пытанне сумлення. І жанру. Калі ты з’яўляешся кілерам — значыцца, б’еш прывязанага.

— Ды здаецца, пра любога палітыка можна з’едліва напісаць.

Аляксандр Фядута: Дык розная ступень з’едлівасці! Ведаеце, адзін палітык на мяне вельмі пакрыўдзіўся. Я пісаў палітычны партрэт Усевалада Янчэўскага, калі ён стаў кiраўнiком БПСМ. Я напісаў пра ягоны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі: „Карысці ад яго было, як ад Нісцюка — ніякай“. Гэта быў адзіны раз, калі я згадаў Уладзіміра Пятровіча Нісцюка. Ён памятае пра гэта дагэтуль. Слушна памятае. Калісьці Уладзімір Уладзіміравіч Глод сказаў недзе: „Што гэта такое?! Трэба забараніць Фядуту пісаць палітычныя партрэты ў газеце „Имя“. Было ў нас 10 палітыкаў выдатных, цяпер напісана 10 артыкулаў — і стала 10 палітычных трупаў“. Я адказаў яму: „Дзякуй Богу! Калі пасля аднаго артыкула палітык становіцца палітычным трупам, значыцца — такі ён палітык“.

"Будучую кнігу „Амерыканскія“ вершы“ я даў прачытаць тром асобам»

Аляксандр Фядута: На тое існуе рэдактар, каб выказаць іншую думку. Гэта не заўжды значыць, што я прыслухаюся да гэтай думкі. Але вось, напрыклад, цяпер я рыхтую першую ў сваім жыцці кніжку вершаў «Амерыканскія» вершы». Я даў прачытаць цалкам кніжку некалькі асобам. Не ўлічваючы таго, што я павесіў яе кавалкамі ў сваім ЖЧ — і вельмі ўважліва прачытаў усе водгукі. Але ўжо як кніжку сабраную даў прачытаць Наталлі Яўгенаўне Гарбанеўскай. Таму што яна, з аднаго боку, спачувае нам усім, з другога — выдатны паэт і чалавек, які здольны сказаць, ці гэта наогул камусьці цікава. Ёй было цікава і захацелася нават напісаць некалькі радкоў замест прадмовы. Я даслаў гэтую кніжку паважанай мною Валянціне Андрэеўне Трыгубовіч, якая цяпер знаходзіццапа-за канктэкстам, таму што выхоўвае ўнукаў свайго амерыканскага сына. Яна прачытала гэтую кніжку — і зрабіла некалькі цалкам слушных заўвагаў. Трэці знешні позірк быў позірк маёй жонкі. Таму што яна знаходзілася тут — і гэта быў позірк чалавека зацікаўленага, які заўзее душою за ўсё, што адбываецца, у тым ліку са мной. І, ведаеце, усе тры разы я ўносіў нейкія змены ў тэкст — не ў тэксты вершаў, а ў тэксты тых кавалкаў прозы, якімі «пракладзеныя», як прамакашкаю, усе гэтыя вершы.

— У блогера feduta здараюцца кур’ёзныя выпадкі?

Аляксандр Фядута: Нядаўна быў, калі ішла сварка вакол аднаго пытання, і мне ўрэшце сказалі: а вы дайце нам спасылку на сваю першую публікацыю. І я звар’яцеў! Ведаеце, калі была мая першая публікацыя? 1973 год, газета «Зорька»! І як я павінен быў даць на яе спасылку, калі ў той час не тое што інтэрнэта не было — магчыма, нават камп’ютара! Першую сваю курсавую працу на другім курсе гарадзенскага філфака я пісаў ад рукі. Пасля таго, як на трэцім курсе я тройчы перапісаў ад рукі другую курсавую працу, якая пасля стала часткай маёй кандыдацкай дысертацыі, маці набыла мне друкарку. Дыпломную працу я ўжо пісаў на электроннай друкарцы «Ятрань». Першы варыянт кандыдацкай быў напісаны на кампутары «ЕС». Вы нават не ведаеце, што гэта такое?

— ЕС для мяне — гэта іншая абрэвіятура.

Аляксандр Фядута: Сапраўды. А гэта, насамрэч, кампутар, у якім не было памяці. Памяць была на асобнай такой вялікай дыскеце! Праграма была «Лексікон»… А ўжо канчатковы варыянт я пісаў у «Вордзе», але ў трэцім «Вордзе»! І я зразумеў, які я стары!.. Я памятаю першы ў сваім жыцці ўрок па ангельскай мове. Калі прыйшла наша настаўніца — яна была наша класная — яна сказала: «Дети, запомните: ни один из вас никогда в жизни не будет разговаривать с живым англичанином или американцем. Поэтому главное для вас — научиться читать». Я дагэтуль дастаткова хутка чытаюпа-ангельску. Але я не магу размаўляць, таму што гэтая фраза гучыць у мяне ў падсвядомасці!

— І што Вы робіце, калі сустракаеце ангельца або амерыканца?

Аляксандр Фядута: Дурэю ад страху! І толькі нахабства маё мне дапамагае. І калі мне не хапае словаў, я хапаю слоўнікі і паказваю патрэбнае!

— То бок, электронны перакладчык ці гугл транслэйтар адпачывае?

Аляксандр Фядута: Які гугл транслэйтар, што вы кажаце?!

— Аляксандр Іосіфавіч, не прыбядняйцеся, я Вас на судзе бачыў з планшэтам!

Аляксандр Фядута: Гэты планшэт даў мне падчас суда спадар Дзмітрыеў — бо я ж ноўтбук не пастаўлю перад сабой, а ў планшэце быў інтэрнэт.

— А чаму не паставіце? Знявага да суду? Вунь, Рымашэўскі ў часе паседжання стаў шакаладку есці — і атрымаў заўвагу.

Аляксандр Фядута: Там нават суддзя разумела, што знявага да суду палягала не ў шакаладцы Рымашэўскага. У мяне быў іншы момант. Я сказаў, што, калі суддзя здзейсніць адну рэч, я прымушаны буду прасіць вывесці мяне з залыз-за страты павагі да суду. Суддзя на гэта не пайшла. Справа ў тым, што з кожным з нас вялі пэўныя размовы без адваката — калі мы сядзелі ў СІЗА КДБ. Па законе гэта не можа выкарыстоўвацца ў якасці матэрыялу. Толькі мае размовы былі прыкладзеныя да справы! І ўсе мае калегі — я ім за гэта ўдзячны — і Някляеў, і Вазняк, і Дзмітрыеў, усталі і сказалі, што яны супраць таго, каб гэта агучвалася: менавiта таму, што iхнiя размовы прыкладзеныя не былi, i яны палiчылi подласцю следства тое, што так зрабiлi толькi з адным з нас. А я папрасіў паказаць дакумент, згодна з якім вёўся запіс гэтых размоваў.

— Дакумент нядаўна ў адстаўку адправілі з пасады генпракурора.

Аляксандр Фядута: І гэта я ведаю — і пра гэта была мая апошняя палеміка з газетай «Наша Ніва».

— Аляксандр Іосіфавіч, дык там былі некаторыя рэчы, за якія вам сорамна, ці што?

Аляксандр Фядута: Ды не! Напрыклад, чалавек, які са мной гаварыў, абмяркоўваў стан майго здароўя. Я — хворы чалавек, і я гэтага ніколі не хаваў. Але ўсё адно, гэтыя рэчы не абмяркоўваюцца публічна!Па-другое, там былі нейкія характарыстыкі, якія даваліся не толькі падсудным. На судзе сядзелі два чалавекі, якія чыталі ўсе тамы справы — гэта Наста Палажанка і Віталь Рымашэўскі. Але і пасля таго, як яны прачыталі мае тамы, мы працягваем сустракацца. А з Настай мы нават абдымаемся і цалуемся (не пры Дашкевічу будзе сказана!). Гэта значыцца, што я не сказаў нічога, за што мне сорамна, але ўсё адно — ёсць пэўная этыка.

«У мяне тысяча пяцьсот з хвосцікам сяброў»

— Вы пазіцыянуеце сябе-сённяшняга як журналіста? Вось калі чалавек пабыў пару гадоў амбасадарам, гэты тытул — «Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар» — захоўваецца за ім усё жыццё. А калі чалавек быў актыўным журналістам, а потым змяніў галіну дзейнасці — можна чалавека называць журналістам? Ці гэта — «актыўная» катэгорыя?

Аляксандр Фядута: Гэта — альбо прафесія, альбо месца працы. Месца працы адпаведнага ў мяне цяпер няма — я з’яўляюся выкладчыкам ЕГУ, але выкладаю не журналістыку, а палітычныя тэхналогіі. Але калі казаць пра тое, што чалавекумее,—я маю, прабачце, пэўнае права казаць, што я з’яўляюся журналістам. Я не з’яўляюся, вядома ж, лепшым журналістам Беларусі.

— А хто з’яўляецца?

Аляксандр Фядута: Цяпер ужо няма чалавека, які з’яўляецца, таму што месца вакантнае.

— І якім чынам яно вызвалілася?

Аляксандр Фядута: Чалавек сышоў з гэтага месца сам. Зрабіў выбар — і сышоў. Хоць ён працуе, актыўна — нават рэдагуе тэксты іншых журналістаў. Але ж большая частка таго, што ён робіць, ужо да журналістыкі не мае ніякага дачынення.

— Сёння некаторыя людзі пазіцыянуюць сябе выключна як блогеры. А калі журналіст вядзе блог, то ўзнікае пытанне: у газеце ён піша ўсё «культурна», а ў блогу дазваляе сабе іншыя рэчы. Вы гэта размяжоўваеце? Ёсць такое, чаго нельга дазваляць у газеце, але можна ў блогу?

Аляксандр Фядута: Не. І тое, і другое — гэта публічнае месца. Блог — гэта сродак сувязі з іншымі людзьмі, з чытачамі. Ёсць розніца. Калі мне прыйдзе ліст па пошце — я магу яго не чытаць. Але калі нехта пакінуў каментар на маім ЖЧ — я чытаю. Калі я не хачу чытаць гэтага чалавека — я яго забаньваю. Але я не ведаю, як яго «адбаніць» назад!

— У тэхнічным плане?

Аляксандр Фядута: Так.

— І таму не баніце?

Аляксандр Фядута: Я баню!Па-другое, усіх тых, хто зафрэндзіў мяне, я разглядаю як уласных сяброў.

— Усе 1600?

Аляксандр Фядута: Тысяча пяцьсот з хвосцікам.

— Падлічваеце?

Аляксандр Фядута: Машына падлічвае.

— А вы часта спраўджваеце?

Аляксандр Фядута: Гляджу свой прафайл штодня.

— Улічваючы вашу колькасць чытачоў, вы добра падумаеце, перш чым наязжаць на «Нашу Ніву», «Ежедневник»?

Аляксандр Фядута: Так. І двойчы я здымаў тэксты, якія надрукаваў. Я пісаў пра людзей, якіх я паважаю і вельмі люблю, і якія пакрыўдзіліся. Я папрасіў прабачэння і зняў гэтыя тэксты, бо людзі мелі пэўную рацыю. Адзін з маіх сяброў, таксама блогер, напісаў, з кім ён удзельнічаў у адным мерапрыемстве. А я напісаў: «Гамер, Мільтан, Панікоўскі, спадар, А, спадар B і мой сябар спадар С». Спадар С пакрыўдзіўся, бо зразумеў іронію. І папрасіў зняць допіс. Я зняў, бо не хацеў яго крыўдзіць. Нельга кпіць з асабістых сяброў.

— Вы неяк сказалі, што напісанне лідаў-загалоўкаў — гэта сумніўнае майстэрства, што сучасныя журналісты пішуць аднолькава. А дзе месца для асобы журналіста ў сённяшняй «шаблоннай» журналістыцы?

Аляксандр Фядута: «Пытанне навучыцеся ставіць!» — адказваю я так. Калі ў мяне пытаюцца, і я разумею, што пытанне сфармулявана, каб мне падказаць адказ, я раблю ўсё, каб адысці ад гэтага пытання і адказу. Яны крыўдзяцца. А нічога зрабіць не магу. Трэба вучыць. Калі на журфаку не вучаць — суразмоўца павінен вучыць. Я ведаю ўжо сівых людзей, у якіх ужо дарослыя дзеці — і якія ведаюць, што калі яны мне зараз будуць задаваць пытанне гэтак жа, як у мінулы раз — я ім гэтак жа адкажу. Таму што, хлопцы, не падказвайце мне адказаў на пытанні! Нельга гэтага рабіць! Паважайце мяне як асобу! Сфармулюйце пытанне так, каб мне было цікава на яго адказваць. У гэтым выпадку вашыя пытанні будуць цікавыя і для вашых суразмоўцаў, і для вашых чытачоў.

«Сваю будучую жонку я сустрэў, пайшоўшы да суседа па пласкагубцы»

 

— Ці памятаеце вы сваё першае каханне?

Аляксандр Фядута: Так. Гэта быў другі клас. У клас прыйшла дзяўчынка з вялікай тоўстай чорнай касой, яе пасадзілі са мной за парту. Яна мневельмі-вельмі падабалася. А я ёй не падабаўся, бо быў тоўсты і смешны — зрэшты, як і цяпер. І мы з ёй увесь час сварыліся і дасварыліся да таго, што ў лютым яны проста зняла шапку з мяне і закінула на дрэва. Было вельмі халодна. Я сказаў: «Ах так?! Я не буду здымаць шапку!» Пайшоў дахаты, а назаўтра мяне адвезлі ў абласную лякарню са страшным грыпам, я тры тыдні хварэў.

— Яна пасля гэтага адчувала згрызоты сумлення?

Аляксандр Фядута: Не. Яны ўвогуле рэдка адчуваюць згрызоты сумлення… Дарэчы, мы з ёй не толькі адвучыліся ў адным класе 9 гадоў, потым мы адвучыліся на адным курсе 5 гадоў, потым адпрацавалі ў адной школе 5 гадоў…

Цяпер мы сябруем. Больш за тое, калі я нарэшце пазнаёміў яе са сваёй жонкай, сказаў: «Марына, гэта тая самая Кацька, якая закінула маю шапку!» Жонка адказала: «Усё, зараз я яе парву! Як гэта так, яна закінула шапку майго мужа!» Урэшце яны, седзячы на кухні, пакуль я нешта там клацаў на кампутары, дагаварыліся (калі Каця прыехала да нас у госці) да таго, што яны між сабой сваячкі, па нейкіх бакавых галінах. І мы з Кацькай таксама засваячыліся — праз мой шлюб з Марынаю.

Далей высветлілася яшчэ адна страшная рэч! Я ніколі ў жыцці не ведаў, што Каціна бабуля народжаная Жавуская, з тых самых. І калі я ўступіў праз жонку ў сваяцтва з гэтай цудоўнай сям’ёй, высветлілася, што я знаходжуся ў сваяцтве яшчэ і з Анарэ дэ Бальзакам, які быў жанаты на Эвеліне Ганскай, народжанай Жавускай. Больш за тое, адзін з маіх любімых пісьменнікаў Генрых Жавускі, родны брат Эвеліны Ганскай, таксама апынуўся са мной у сваяцтве. Ну, і поўны фініш, калі ты прыгадваеш, што другая сястра Генрыха Жавускага — гэта Караліна Сабаньская. Тая самая, якая была ў вельмі, я б сказаў, цёплых адносінах з Адамам Міцкевічам, іпракінула-такіапошняга пяюна імперыі і свабоды Аляксандра Пушкіна! Вось бачыце — малайцы нашыя жанчыны!

— То бок, як сваяк Бальзака Вы адбыліся, а як сваяк Міцкевіча і Пушкіна «асечка здарылася»....

Аляксандр Фядута: Ёсць слабое суцяшэнне, што ў Караліны нешта там з Міцкевічам было. А з Пушкіным, апроч платанічнага кахання, нічога. Сволач Караліна, канешне — мне б Пушкін хоць у такім сваяцтве спатрэбіўся!

— Аляксандр Іосіфавіч, вашаму шлюбу столькі ж, колькі ўладзе Лукашэнкі…

Аляксандр Фядута: На некалькі месяцаў менш — у лістападзе 1994 года мы з Марынаю ажаніліся.

— Вашая гісторыя кахання прыгожая?

Аляксандр Фядута: У нас гісторыя знаёмства абсалютна цудоўная! Я ў 1991 годзе атрымаў кватэру ад ЦК камсамола на тагачасным праспекце газеты «Известия». На першым паверсе жыў яшчэ адзін тагачасны супрацоўнік ЦК, Паша Лоўчаў. І ён сказаў: «Калі што трэба, можаш пастукацца да маёй жонкі, яна дапаможа». Я пастукаўся неяк раз — спатрэбіліся пласкагубцы, я ж чалавек безгаспадарлівы. Жонка адказала, што не ведае, дзе ў Паўла ляжаць пласкагубцы, але насупраць на пляцоўцы жыве вельмі гаспадарлівы хлопец, і ў яго жонка Іра, якая ведае, дзе ў таго ляжаць пласкагубцы. Я пайшоў. Пазваніў. Ні Іры, ні Валіка дома не было. Затое была Ірына сяброўка, якая таксама ведала, дзе ў Валянціна ляжаць пласкагубцы. Так я ўпершыню пабачыў сваю будучую жонку.

— Да пласкагубцаў справа дайшла?

Аляксандр Фядута: Так, яна дала мне пласкагубцы, і я пайшоў. Але я дакладна памятаю, як мы ўпершыню пацалаваліся. Гэта была класічная гісторыя. Мы сядзелі ўсё ў тых жа Валіка і Іры, гаспадароў не было дома. Мы глядзелі тэлевізар, балбатаць ужо не было пра што… Вы, пэўна, па сабе ведаеце, што бывае такая сітуацыя, калі балбатаць ужо няма пра што — а да большага справа не даходзіць. І вось мы сядзім, тупа глядзім тэлевізар, і я думаю: «Зараз пачнецца рэклама, і калі гэта будзе рэклама банка „Імперыял“ (тады быў цэлы цыкл такіх ролікаў) — я яе пацалую». Далей адбылося самае смешнае. Пачалася рэклама банка «Імперыял» са знакамітай фразай «Зорку Сувораву Аляксандру Васілевічу!» Мы адначасова паглядзелі з Марынай адно на аднаго… Пазней высветлілася, што ў той момант яна для сябе вырашыла: «Калі цяпер пойдзе рэклама банка „Імерыял“ — мы пацалуемся!»

— Дык чыя была ініцыятыва?

Аляксандр Фядута: Я падазраю, што Суворава Аляксандра Васілевіча!

 

АЛЯКСАНДР ФЯДУТА: ПРЫВАТНЫ ФОТААЛЬБОМ

Гэта адзін з першых маіх здымкаў — мы з мамай

Пачынаў я сваё жыццё ў камуналцы пра гарадзенскай тытунёвай фабрыцы, дзе працавала мама. А бацьку свайго я ніколі не ведаў. Гэта — здымак з цыклу, які мы ўмоўна называем «Касманаўты». Нічога такое дзіця — лепей, чым цяпер

Тут мне каля года — я і доктар Айбаліт, мая любімая цацка

А тут тры гады, гэта санаторый «Беларусь», Друскенікі, куды мяне адвезла адпачываць мама

Адзіны раз мама адвезла мяне ў Крым. 1975 год, Еўпаторыя, я плыву на нейкім паўспушчаным крузе…

А гэта — 5 «Б» клас школы № 15 горада Гродна. Класная кіраўніца Галина Аляксандраўна Валянкова, я ў кепачцы. Гэта мы едзем на бульбу!

Гэта я ў лагеры, чытаю нейкія вершы

Гэта піянерскі летнік «Вясёлы спадарожнік», пазнаць мяне тут вельмі лёгка — у будзёнаўцы. Угадайце, якую песню мы спяваем? Правільна, «Орлёнок»!..

Гэта Кастрычніцкая дэманстрацыя. Супрацоўнікі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Побач са мной цёця Дуся Цівунчык, наша суседка і маміна калега, яе дачка Лена. Ззаду — жанчына ўсходняга тыпу, гэта Акцябрына Сяргееўна, прозвішча яе не памятаю. Але памятаю, што яна мне ў дзяцінстве здавалася страшна экзатычнай і прыгожай! Мамы чамусьці няма — хутчэй за ўсё, яна якраз фатаграфавала. Гэта клас трэці-чацьверты. То бок, на школьную дэманстрацыю нас яшчэ не заганяюць, але мы ходзім з мамай, бо дэманстрацыі — гэта два галоўных святы ў годзе, калі можна паспавяць, пагуляць, пакрычаць...

Гэта я, Колька Шаўчэнка і Мішка Казлоў — сябры дзяцінства

Гэта я пасля другога курса, лета 1983 года, Зэльва. Я — выхавацель у абласным профільным лагеры навук, вяду конкурс «Што? Дзе? Калі?» З савой на шыі — і сам падобны да савы

Гэта — Фядута-школьны настаўнік. Люблю капялюшы, і цяпер часам мару набыць сабе «кацялок»

20-я школа горада Гродна, 4 «Б» клас. Я на педагагічнай практыцы. 26-ы кабінет. Уверсе — партрэты членаў палітбюро, унізе — вучаніцы і двое вучняў. Гэта 1984 год. Справа Пеця Плоскіх, Марына Лаханава, Таня Трыфанава, гэтых дзвюх дзяўчат забыўся, а пасярэдзіне Сярожа Ермалiцкі. Я быў у іх на практыцы 4 месяцы, але з некаторымі сустрэўся потым, калі працаваў у старэйшых класах

Гэта каманда БССР у Растове-на-Доне на студэнцкай алімпіядзе па педагогіцы. Ваш пакорлівы слуга заняў тады другое месца. 1985 год, здаецца

Гэта я какетнічаю з Марынай Бобрык. Здаецца, 1989 год… Вы паглядзіце, якая ў мяне шавялюра!.. І румянец, блін, ва ўсю шчаку! Мяне ўвогуле цяжка здымаць — заўсёды чырванею

Гэта я — школьны настаўнік, класны кіраўнік. 1991 год, апошні званок у 20-й школе горада Гродна. Невысокая жанчына ў цёмнай сукенцы — Ганна Аляксандраўна Зылькова, я дагэтуль яе вельмі люблю, тады яна была дырэктарам школы

Школьны настаўнік Аляксандр Фядута пасля адкрытага ўрока па «Майстру і Маргарыце», 1988 год. Выгляд прышлёпнуты, ідыёцкі: «Сыдзіце адсюль, дайце мне перадыхнуць!»

1983 год, Фядута — выхавальнік атраду філолагаў у абласным профільным лагеры «Навука». Ну які настрой можа быць, калі ты выхавальнік атрада, дзе толькі адзін хлопец!..

Гэта я бяру інтэрв’ю ва Уладыкі Філарэта. Алё ён не дабраславіў інтэрв’ю ў друк, таму яно не выйшла. 1993 год

Гэта гістарычны кадр: адзіны раз, калі я выступаю публічна па даручэнні прэзідэнта. Я зачытваю ўказ аб абвяшчэнні святам Дня беларускага кіно. 1994 год, снежань. Да снежня 2010 года засталося…

Тут прадстаўляць нікога не трэба? 1994 год. Гэта мы, дарэчы, у прэзідэнцкім самалёце, ляцім у Маскву — першы замежны візіт Лукашэнкі. Ён ляцеў у гэтым жа самалёце, за перагародкаю — як бы мы сказалі сёння, у бізнэс-класе. У нас з Паўлам Якубовічам складаныя адносіны… Першы раз у гэтым годзе я не згадаў яго ў ліку сваіх настаўнікаў на Дзень настаўніка. І дагэтуль не ведаю, ці слушна я зрабіў, бо ад настаўнікаў адмаўляцца нельга. Як пісаць — я многаму ў яго навучыўся

Гэта нейкі падарунак з нагоды Новага года мне зрабілі сацыял-дэмакраты. Гэта я ў офісе эсдэкаў, а побач — усё яшчэ на волі Мікола Статкевіч

Гэта я ў БДГ, 1999 год, апошні мой Дзень народзінаў у БДГ, мы танчым са Стэфаніяй Каліноўскай. Прыгожая, праўда?

Тэгі: