it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 30

тэлефанавалі сёньня зь Еўрарадыё, бралі камэнтар наконт мае скаргі пра белмову на аўтавакзале "Цэнтральны". перадрукоўваю матэрыял:

Аўтавакзал “Цэнтральны”: Не пішам па-беларуску — і нічога гэтым не парушаем

Кіраўніцтва аўтавакзала адказала, чаму там няма ні слова на "мове", а па-англійску напісана толькі адна абрэвіятура — WC.

Author: Еўрарадыё 30.09.2011 14:07

 

Аўтавакзал “Цэнтральны” адкрыўся ў Дзень горада. Яшчэ перад гэтым людзі заўважылі: у новым будынку — ні слова па-беларуску! А па-англійску на міжнародным вакзале напісана толькі адна абрэвіятура — WC. Блогер Глеб Лабадзенка ў дзень адкрыцця вакзала пакінуў першы запіс у Кнізе заўваг і прапановаў.

Глеб Лабадзенка: “Я спраўдзіў, што там сапраўды няма ні слова па-беларуску — і адразу папрасіў у іх кнігу скаргаў. Сімвалічна, што мая скарга была самай першай, скарга нумар адзін! У размове супрацоўніцы сказалі, што і яны — за беларускую мову! А не зрабілі, маўляў, бо здавалі вакзал за два тыдні, у аўральным рэжыме, бо першапачаткова планавалася адкрыццё ў лістападзе”.

Так выглядала скарга №1, якая паступіла ў першы дзень працы абноўленага аўтавакзала “Цэнтральны”

Што да англійскай мовы, то на гэта Лабадзенку сказалі адразу: не спадзявайся!

Глеб Лабадзенка: “Я ім кажу: у вас жа вакзал міжнародны, як так? А яны мне шчыра адказваюць: гэта ён так толькі называецца. Ніхто тут па-англійску пісаць не будзе. А калі прыйдзе які замежнік, мы яго ў нашае турбюро завядзем, з ім там па-англійску пагавораць”.

Днямі прыйшоў адказ на скаргу з Мінсктранса. Дырэктар філіяла “Мінскі аўтавакзал” Аляксандр Буслюк не моцна абнадзейвае наконт прысутнасці беларускай мовы на вакзале. Абцякальна піша, што “пожелания будут учтены”.

Глеб Лабадзенка: “Па-першае, адказ прыйшоў па-руску, а гэта парушае нядаўна прынятую норму, што ў выпадку зваротаў грамадзян трэба адказваць на той дзяржаўнай мове, на якой да іх звяртаюцца. Мэсэдж адказу такі: нічога мы не парушаем, што па-беларуску не пішам! І наконт англійскай мовы пісьмова пацвердзілі: пісаць не будзем, бо не абавязаныя. Вось такое развіццё ўязнога турызму ў сінявокую!”

 

Так выглядае адказ “Мінсктранса”

 

Дарэчы, часткова скарга Лабадзенкі ўжо задаволеная — абвесткі на вакзале сталі рабіць на дзвюх мовах — па-беларуску і па-руску. Але блогеру не даспадобы такі кампраміс, таму працягвае змаганне за мову на вакзале. На сваім сайце www.labadzenka.by ён змясціў заклік масава ісці на вакзал і “бамбіць” іх скаргамі пра белмову.

Глеб Лабадзенка: “Хай яны бачаць, што гэта трэба не толькі аднаму чалавеку, а многім. Лічу, што гэта проста знявага з іх боку. Мову і так даўно перавялі на ўзровень шыльдавасці. Але ж тут нават і шыльдаў няма, хоць, скажам, на чыгуначным вакзале ўсё па-беларуску напісана”.

 

Адзінае англійскае слова, якое знайшоў блогер на вакзале – “WC”!

Некаторыя шыльды змяніць будзе цяжка – занадта яны манументальныя. Але вось тут дастаткова прыбраць адну літару: “КАССЫ” змяніць на “КАСЫ”

А тут, падлічыў блогер Лабадзенка, для беларускага надпісу трэба будзе дадаткова вырабіць 4 літары: А, К, А і Н

Падобныя табло на аўтавакзале “Усходні” выкананыя па-беларуску.

 

Тэгі: