it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 23

даслала чытачка Прамяністая

Гомельская гарадская арганізацыя ТБМ была адроджаная напрыканцы 2009 года, і з таго часу зноў распачалася актыўная папулярызацыя беларускай мовы. З таго часу прайшоў шэраг літаратурна-музычных імпрэзаў, дыскусіяў, фотавыставаў, прэзентацый ўласназаснятых фільмаў і экскурсій. Паўстала неабходнасць кансалідацыі заангажаванай моладзі на новым узроўні. Трэба было згуртаваць неабыякавых да роднай мовы людзей –беларускамоўных, тых, хто хоча размаўляць па-беларуску, але не ведае, з кім, і проста ахвочых падзівіцца на незвычайную моладзь.
Для гэтага актывістамі ТБМ быў арганізаваны беларускамоўны летнік. Месцам для двухдзённых прыгодаў сталі ваколіцы Хальча (мястэчка пад Гомелем), і невыпадкова: апрача цудоўных краявідаў, тут размяшчаецца палац Войніч-Сенажэцкіх, пабудаваны ў пачатку 19 стагоддзя.
Заезд адбыўся 12 жніўня. Для намётавага гарадка арганізатары абралі маляўнічае ўзбярэжжа Сажа, спрэс парослае ляшчынай. Пасля ўсталявання намётаў, знаёмства і вячэры адбылася дыскусія на гістарычную тэматыку. Тэма вызначэння самасвядомасці настолькі распаліла моладзь, што спрэчкі працягваліся да глыбокай ночы.


На наступны дзень аматараў беларушчыны чакаў аповед пра асновы выжывання ў лесе, дзе моладзь даведалася, як скласці заплечнік, падабраць месца для стаянкі, наладзіць элементарны побыт у экстрымальных умовах. Пасля адбылася экскурсія ў Хальч, падчас якой былі выкарыстаныя ўнікальныя матэрыялы з фільму “Гомельшчына невядомая: Хальч”, знятага Марыяй Булавінскай. Смачны абед (па аўтэнтычных радзівілаўскіх рэцэптах) паволі перайшоў у майстар-клас па народных скоках. Спецыяльна для гэтага быў запрошаны з Менску дудар Ігнат Жардзецкі, а сакрэтамі фігураў “Вераб’я”, “Ойры-ойры” і іншых танцаў падзяліліся дзяўчаты-талакоўкі (сябры ГМКГА “Талака”). Гарманічным працягам сталі купанне ў рацэ, спевы ля вогнішча славутага барда Андрэя Мельнікава (з характэрнымі імправізацыямі), традыцыйная вячэра, келіх кола, моўная дыскусія да раніцы і далучэнне да грамады новых сяброў. Паводле самых сціплых падлікаў, у мерапрыемствах прымала ўдзел больш за 30 чалавек.
Апошні дзень летніка запомніўся ўдзельнікам прызамі і падарункамі. Кожны атрымаў музычныя (і не толькі) падарункі ад праекта “Слухай сваё”, а найбольш актыўныя—фірмовыя саколкі ад Гомельскага ТБМ. Удзельнікі летніка выказалі жаданне зрабіць яго штосезонным, таму неўзабаве варта чакаць “асеннік” і “зімнік”.
Да канца тыдня плануецца сустрэча ўдзельнікаў летніка з чарговай порцыяй падарункаў і прэзентацыяй відэаматэрыялу, пра месца і час якой будзе паведамлена пазней.
Арганізатары выказваюць падзяку ўсім удзельнікам  летніка і абяцаюць і надалей пашырыць кола мерапрыемстваў. Спадзяемся, што такія формы згуртавання моладзі паспрыяюць павышэнню цікаўнасці да роднай мовы і паставяць пад сумнеў меркаванне, што “Гомель—самы расейскамоўны горад” нашай Бацькаўшчыны.

Тэгі: