it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 20


кастрычнік 2009 году, Гародня. суседзі паказваюць месца, дзе ляжалі апаленыя тры трупы -- ахвяры гэтых двух вылюдкаў, якіх застрэлілі паводле рашэння суду.

згадваю пра гэта, бо паўтара гады таму быў на месцы злачынства праз пару дзён пасьля яго, размаўляў зь відавочцамі трагедыі.

не хацелася б цяпер абмяркоўваць тэму, ці трэба сьмяротнае пакараньне. у мяне на гэты конт свая думка, якую я маю, але не абавязкова лічу патрэбным адстойваць публічна, бо пытаньне неадназначнае.

прыводжу той артыкул за 20 кастрычніка 2009 года

Трайное забойства ў Гродне здзейснiлi пашкадаваныя судом злачынцы?

Жорстка зарэзаныя пажылы мужчына i дзве жанчыны, скрадзена дзiця. Адзiн з падазроных вызвалiўся датэрмiнова ў вераснi "за ўзорныя паводзiны", другi вызвалiўся пасля адсiдкi 2 кастрычнiка.

Драматургiя гэтай гiсторыi нагадвае самы вусцiшны дэтэктыў. З сухiх паведамленняў пра трайное забойства ў Гродне цяжка выцягнуць нейкiя дэталi, зразумець сутнасць гэтага страшэннага злачынства. Карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА выехаў на месца здарэння.

Дом па вулiцы Кабяка ў Гродне — звычайны савецкi дзевяцiпавярховiк. Не такi i стары — быў заселены ў 1990 годзе. Святло гарыць на ўсiх паверхах, дзеля эканомii ўсталяваныя нават датчыкi руху. У пракуратуры мне не паведамiлi нумар кватэры, дзе адбылося забойства, але я не сумняваўся, што яе падкажа тут любы. Жудаснае забойства зварушыла не толькi гэты ўтульна гарадзенскi двор, але i ўвесь горад, адгукнулася на ўсю краiну.

— Мужыкi, дзе тут забойства было? — звяртаюся да двух спадароў ля дома.

— А ты хто такi? — з недаверам настрапаляюцца яны. Тройчы пераглядаюць пасведчанне. I толькi пераканаўшыся, што перад iм журналiст "Звязды", адказваюць:

— На восьмым паверсе. Мяне Вiця завуць, я на сёмым жыву, а Юра — на шостым.

— Мы з Вiцьком апазнаваць хадзiлi. Усе мужыкi, бабы баялiся нават падысцi. А я ж у войску служыў, многае бачыў... Кажу, пайшлi, Вiця, некаму ж трэба. Але, скажу я вам, вiдовiшча вельмi непрыемнае...

На калiдоры восьмага паверха ўся столь у сажы. Дзверы кватэры, за якiмi адбылася трагедыя, прыстойныя, драўляныя. Зараз яны апячатаныя. Лiчыльнiк спынiўся ў ноч з 13 на 14 кастрычнiка.

З Iванам, гаспадаром кватэры, якi загiнуў, Вiця i Юра пражылi ў адным пад'ездзе 19 гадоў. Адгукаюцца пра яго як пра цудоўнага, спакойнага чалавека. Кажуць, што апошнiя гады забiты збольшага жыў на лецiшчы пад Гроднам, сюды прыязджаў памыцца ды на зiму. Ягоны сын Сяргей меў жонку Лену (другая загiнулая), 11-гадовага сына. Лена, кажуць, любiла выпiць. У пачатку года Сяргей нават закадзiраваў яе. А колькi месяцаў таму паехаў на заробкi ў Расiю — будаваць аб'екты да Алiмпiяды ў Сочы. Лiтаральна тыдзень таму прыслаў заробленыя грошы. А ў Лены якраз у мiнулую суботу быў дзень нараджэння. I жанчына сарвалася...

— Запрасiла сваю сяброўку, пiлi колькi дзён. Пайшлi ў краму, там спаткалi гэтых двух хлопцаў, запрасiлi да сябе, — распавядае Юра.

— I нiбыта яны захацелi ўзяць iх камп'ютар, — падхоплiвае Вiктар. — А яна заўпарцiлася. Пачалi сварыцца, а тыя ж зэкi былыя, неўраўнаважаныя, схапiлiся за нож — i вось...

Юра кажа, што такога жаху не бачыў яшчэ нi разу ў жыццi. Ля дзвярэй, за якiмi адбылася трагедыя, ён паказвае мне, дзе ляжалi абгарэлыя трупы, якiя выцягнулi выратавальнiкi.

— Вось тут ногi Ванi ляжалi, а тут галава. Ён такi распухлы ўжо ад агню быў, што я ледзьве пазнаў. Кашуля ў яго была разадраная, i дзе сэрца — мо пяць цi шэсць ранаў ад нажа было... Вось тут нявестка ягоная ляжала, у халацiку такiм чырвоным, стракатым. У яе горла перарэзана было, шмат удараў нажом таксама. I сяброўка яе вось тут уся парэзаная ляжала. Увесь калiдор быў залiты крывёю...

Суседзi кажуць, што на месцы здарэння было вельмi шмат мiлiцыянтаў. Проста ўначы яны пайшлi па кватэрах апытваць: хто што бачыў. Людзi адразу паведамiлi, што ў кватэры жыў таксама хлопчык, унук гаспадара. Сусед з восьмага паверха, якi позна вярнуўся дадому, паведамiў, што бачыў, як двое хлапцоў выходзiлi з гэтым хлопчыкам з пад'езда. Мiлiцыянты сталi абзвоньваць аднакласнiкаў хлопчыка, i адна дзяўчынка дала каштоўныя звесткi. Што яны гулялi з iм разам на камп'ютары, i яна пазнала аднаго з тых "гасцей", бо бачыла яго раней. Падказала, у якiм доме ён жыве. Дом стаiць лiтаральна па суседстве.

— Гэта шчасце, што яны з хлапчуком нiчога зрабiць не паспелi... — кажа Вiктар. — Хто ведае, на што такiя звяры здольныя. За такое, што яны ўчынiлi, я даў бы iм смяротнае пакаранне — на плошчы, пры ўсiх. I рэзаў бы iх павольна-павольна, каб памерлi не адразу...


дзьверы кватэры па вуліцы Кабяка, дзе адбылася трагедыя

КАМЕНТАР ПРАКУРАТУРЫ

 


"Гэта — страшны сiгнал нашай пенетэнцыярнай сiстэме..."

Па каментары я завiтаў у Гродзенскую абласную пракуратуру. Старшы памочнiк пракурора вобласцi Вячаслаў ІГНАЦIК кажа, што працуе ў органах ужо амаль 30 гадоў, але такога жудаснага трайнога забойства на Гродзеншчыне не памятае...

— Спадар Вячаслаў, як стала вядома пра гэту трагедыю?

— Ад суседзяў дома па вулiцы Кабяка паступiў сiгнал выратавальнiкам, што гарыць кватэра. Калi пачалi тушыць пажар, пабачылi тры трупы са слядамi нажавых раненняў — i адразу паведамiлi ў мiлiцыю. Туды адразу выехала аператыўная група на чале з першым намеснiкам пракурора Гродзенскай вобласцi Iосiфам Ляонкам. I пабачылi карцiну: зарэзанага 65-гадовага гаспадара кватэры, ягоную 34-гадовую нявестку i яе знаёмую 1957 года нараджэння. Адразу ж была заведзена крымiнальная справа па факце забойства. Высветлiлi, што ў гэтай кватэры пражывае таксама ўнук забiтага гаспадара, якога не апынулася ў. Тут жа пачалi апытваць суседзяў, аднакласнiкаў унука. I выйшлi на адну з аднакласнiц, з якой ён у той вечар дамовiўся гуляць на камп'ютары. I праз гэтую дзяўчынку выйшлi на падазроных.

— Гэтыя пошукi адбывалiся непасрэдна ўначы?

— Так. Нельга было губляць нi хвiлiны. Выратавальнiкаў выклiкалi недзе ў 2 гадзiны ночы, а ўжо ў 4 гадзiны нашы супрацоўнiкi пачалi выходзiць на канкрэтны след.

— Сёння затрыманыя асобы з'яўляюцца падазронымi?

— Так. Аднаму з iх 28 гадоў, другому 29. Абвiнавачанне iм яшчэ не прад'яўлена. Але тыя доказы, якiя ў нас ёсць, дазваляюць сцвярджаць, што следства на правiльным шляху.

— Цi ўдалося высветлiць абставiны забойства?

— Падазроныя — адзiн карэнны гродзенец, другi родам з Расii, прыйшлi ў госцi да нявесткi гаспадара кватэры. З нейкай прычыны адбыўся канфлiкт. На месцы здарэння былi знойдзеныя бутэлькi з-пад алкаголю. Цi былi забiтыя ў нецвярозым стане — пакажа экспертыза. Абодва падазроныя ў час затрымання былi нападпiтку.

— Што адбывалася з хлопчыкам у момант трагедыi?

— Ён знаходзiўся ў суседнiм пакоi. Але ён многа чуў праз дзверы i можа даць каштоўныя сведчаннi.

— Наколькi я разумею, пасля трагедыi падазроныя падпалiлi кватэру?

— Так, каб знiшчыць сляды. Яны спадзявалiся, што трупы моцна абгараць. I пакуль будуць разбiрацца, яны паспеюць уцячы ў Расiю.

— Што яны рабiлi з хлопчыкам?

— Пасля трагедыi яны сiлай вывелi яго з кватэры. Мяркую, яны не ведалi, што з iм рабiць. Вiдаць, баялiся, што ён будзе сведкам, але нешта iх спынiла... Магчыма, рэшта чалавечых пачуццяў перад дзiцем... Яны сiлай утрымлiвалi хлопчыка на кватэры аднаго з затрыманых. Не паспелi нiкуды схавацца — бо не думалi, што iх так хутка знойдуць. З маманту забойства да iх затрымання прыйшло 4 гадзiны. Яны былi так разгубленыя, што не супрацiўлялiся пры затрыманнi.

— Яны нешта скралi з кватэры?

— Дакладна вядома пра камп'ютар. Цi скралi нейкiя грошы цi каштоўнасцi, высветлiць следства. Не выглядае, што забойства адбылося з-за матэрыяльнай выгады.

— А што гэта было — п'яная бойка?

— Гэта не бойка. Тыя людзi, якiя былi ў кватэры, не маглi супрацiўляцца: пажылы мужчына i дзве жанчыны... Гэта ўсплёск агрэсii, на якi здольныя неўраўнаважаныя людзi. Тым больш тыя, хто ўжо быў у зняволеннi.

— За што яны адбывалi пакаранне раней?

— Адзiн з iх — за разбойны напад, хулiганства i махлярства. Далi 7 гадоў, не даседзеў год i восем месяцаў — выпусцiлi з Наваполацкай калонii "за ўзорныя паводзiны". Памылiўся, бачыце, суд... Другi таксама правёў у зняволеннi каля двух гадоў за злоснае хулiганства, вызвалiўся 2 кастрычнiка. Калi будзе даказаная iх вiна ("Наўмыснае забойства дзвюх i больш асобаў з асаблiвай жорсткасцю", ён самы цяжкi ў нашым кодэксе), максiмальнае пакаранне — пажыццёвае зняволенне цi смяротная кара.

— Дзе зараз знаходзiцца хлопчык?

— У бяспецы. З iм працуе псiхолаг.

— Як вы лiчыце, цi не ёсць гэта страшным сiгналам нашай пенiтэнцыярнай сiстэме: больш уважлiва падыходзiць да справаў датэрмiновага вызвалення?

— Так, ёсць. Бо аднаго выпусцiлi "за ўзорныя паводзiны" — i вось, мы пабачылi гэтыя "ўзорныя паводзiны". Праз месяц — трайное забойства!.. Такiя выпадкi паказваюць, што наша пенiтэнцыярная сiстэма не заўсёды спраўляецца з абавязкамi, якiя грамадства ўскладае на яе.

Тэгі: