it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 06

Марыя Баравік

Пра ўраджэнца Дзісеншчыны Язэпа Драздовіча – жывапісца і графіка, адмысловага майстра дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, пісьменніка, настаўніка, этнографа і фалькларыста, словам, постаць у гісторыі беларускага мастацтва і культуры магутную і выдатную, напісана даволі шмат. Нагодай жа для гэтага ўспаміну аб ім паслужыла нядаўняя сустрэча з жыхаркай вёскі Дворнава Шаркаўшчынскага раёна Марыяй Баравік (у дзявоцтве Драздовіч).

Марыя Уладзіміраўна – унучатая пляменніца і хросніца Язэпа Нарцызавіча. Нарадзілася яна непадалёк ад Дворнава, на хутары Юркава, якога зараз няма. («Як з хутароў людзі сталі з’язджаць, і мы з маці перабраліся ў вёску, купіўшы хату. А бацьку нашага забілі немцы»). Да пенсіі М. Баравік працавала ветфельчарам у мясцовым саўгасе «Гарадзец», з мужам выгадавалі двух сыноў. Зараз ёй 73 гады. З маленства памятаючы свайго незвычайнага родзіча, распавядае пра яго ахвотна і сакавіта.

…Язэп Драздовіч – самы малодшы брат яе дзеда Гараніма, значыць, яе бацьку – родны дзядзька. Таму мастака гэтак і клікалі ў іхняй хаце і дарослыя, і дзеці: дзядзька Язэп. Сваю хросніцу ён называў Марысяй. У Юркаве бываў часта, іншым разам па тыдні. Не маючы ўласнага жытла, хадзіў па сядзібах шматлікай радні. Наведванні чаргаваліся ў залежнасці ад таго, дзе жылі заказчыкі дываноў або партрэтаў, маляваннем якіх Драздовіч зарабляў сабе на хлеб. Марысі ён запомніўся вясёлым, гаваркім. «Голас у яго прыгожы быў, басавіты. Памятаю, я ўжо ў школу тады хадзіла, аднойчы сяджу і мармычу сабе пад нос: «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець». А ён услухаўся і кажа: «Не гэтак пяеш!» – ды басам сваім: во як трэба».

Марыя Уладзіміраўна, канешне ж, не памятае, як хрысцілі яе ў лужкаўскім касцёле. Ведае са слоў дарослых сведкаў той сямейнай падзеі. Зазвычай дзядзька Язэп у касцёл не хадзіў, бо быў атэістам. А тут яго запрасілі хросным бацькам для Марысі, а маці хроснай – Ядзю Лапатку. «І маёй меншай сястры Юзі, якая зараз у Полацку жыве, таксама ён хросны. Гэта ўжо я памятаю: маразы выдаліся моцныя, дык яе падушкай абкруцілі і павезлі ў Лужкі. Час тады быў бедны. Падорыць дзядзька Язэп паркалю на сукеначку – вялікая радасць», – расказвае Марыя Уладзіміраўна.
Дзядзька Язэп быў не такім, як усе. Прыйдзе, няхай і з далёкай дарогі, а нізавошта не ўседзіць на месцы. Калі не малюе або не рэжа што па дрэве, дык шпацыруе туды-сюды па хаце, мармычучы сабе пад нос: ці думае ўслых, ці верш складае… Раптоўна спыніцца, прысядзе за стол і пачынае хуценька пісаць. Дарэчы, у Германавіцкім музеі культуры і быту Шаркаўшчынскага раёна разам з дыванамі-маляванкамі Драздовіча, адмысловым драўляным кіем, ім выштукаваным, захоўваецца і просценькі школьны сшытак. Там дзядзька Язэп занатаваў пару сваіх вершаў. Адзін прысвечаны кію – звыкламу спадарожніку ў вандроўным жыцці аўтара. Беларуская мова, выразны почырк, між радкамі скразіць шчымлівае пачуццё адзіноты…

«Вельмі разумны быў, толькі бедны. Яно і ў нас багацця аніякага…Так і не ажаніўся, хоць і падабаліся яму маладзенькія настаўніцы. Казалі, была ў яго прыгожая паненка. Але маці яе ўспрацівілася, не захацела аддаць дачку за Язэпа, бо даху над галавой не меў. І ўсё на гэтым, ніякіх дзевак не вадзіў», – згадвае Марыя Уладзіміраўна.

Улетку нястомны вандроўнік Язэп насіў белыя льняныя пінжак і штаны. На галаве – самаробная шапка з бяросты, з казырком. Абутак – дзеравяшкі з раменьчыкам цераз нагу, сам сабе выразаў.

«Ішоў, адзін раз казаў, на свята каля лесу. Глядзь: насустрач такі самы чалавек, у льняной апратцы, берасцяной шапцы, з кошыкам. Дзядзька Язэп пастаяў-пастаяў – той чалавек і знік. Мусіць, зданкі здаліся», – смяецца, успамінаючы Драздовічавы расповяды, яго хросніца.

Некалі творы Драздовіча – маляванкі, разьбу па дрэве – можна было ўбачыць не толькі ў хатах заказчыкаў, а і яго радні, у тым ліку Марысіных бацькоў. «Пасля смерці дзядзькі Язэпа драўлянае спалілі, а дываны, малюнкі, якія былі, з-за нястачы папрадавалі. Не разумелі, што гэта няпростыя рэчы. Прыходзілі людзі, куплялі – і мама прадавала. У нашай хаце была карціна, на палатне маляваная: «Смерць брата Гараніма», гэта значыць, майго дзеда. На ёй – нябожчык ляжыць, склаўшы рукі, а на куце, пад абразамі, сямейнікі Богу моляцца. На стале, каля распяцця, свечка гарыць. Забралі тую карціну ў Мінск, у музей».

Народны паэт Беларусі Максім Танк, згадваючы свайго знаёмца Драздовіча ў мемуарных «Лістках календара», пісаў пра плён Язэпавай працы – мастакоўскай, даследніцкай, – як пра «рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе». Так яно і выйшла. Імя Драздовіча, «павятовага Мікеланджэла», як назваў шматгранна адоранага вандроўніка ў сваім прачулым вершы народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, не канула ў Леце. Творы дзядзькі Язэпа захоўваюцца ў музеях нашай краіны і Літвы, прыватных зборах, дэманструюцца на выставах. Яго спадчына абяцае даследчыкам яшчэ нямала адкрыццяў.

Пытаюся ў Марыі Уладзіміраўны: у каго ж ён такі таленавіты ўдаўся? Тая на момант задумваецца: «А бог яго ведае…Бацькі і іншая радня – простыя людзі. Маці Язэпа ўсё казала яму: «Вучыся і пазнай нябесныя бегі». Ён і пісаў пра зоркі. Спадзяваўся, што калі прымуць тое пісанне ў Мінску, дык, можа, стане хоць трохі заможным чалавекам. Відаць, тады не прынялі. А праз многа гадоў пасля смерці Язэпа прыязджалі да радні, пазабіралі ўсё, што ад яго засталося. У маёй цёткі Ядзі (бацькавай сястры) як не цэлы воз назбіралі тае спадчыны. У мяне фотаздымкі былі, таксама пааддавала», – трохі шкадуе мая субяседніца.

Хроснага бацькі Марысі не стала, калі ёй было сямнаццаць гадоў. «Памёр у страшнай галечы. Заваліўся на дарозе наўпроць бальніцы ў Падсвіллі. Ужо дабіўся, мусіць, да апошняга. Падабралі яго, але памагчы ўжо няможна было. Пакуль мая цётка Ядзя з’ездзіла на веласіпедзе ў Падсвілле, а гэта ж 25 кіламетраў адсюль, дык Язэпа і пахавалі. Мы не раз былі на тых ліплянскіх могілках. Зараз там помнік стаіць».

Галіна Шпакоўская, «Наша Слова». Фота Георгія Мільяненкі, «НС»

Тэгі: