it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 30

Шэсць гадоў агромністая мармуровая пліта прастаяла з такой недарэчнасцю


Усе ведаюць, што Нясвіжскі замак Радзівілаў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Матэрыяльных выгодаў гэта не дае (рэстаўрацыя замка фінансуецца выключна з дзяржаўных сродкаў), аднак лічыцца вельмі пачэснай справай. Між краінамі ідзе сапраўднае культурнае змаганне, у каго будзе больш аб’ектаў у гэтым спісе. І, трэба сказаць, мы не апошнія. Беларусь мае 4 аб’екты – Мірскі замак, Нясвіжскі замак, Белавежскую пушчу (разам з Польшчаю) і геадэзічную Дугу Струве ( сумесна з Нарвегіяй, Швецыяй, Фінляндыяй, Расіяй, Эстоніяй, Літвіяй, Літвой, Малдовай і Украінай). І нашая суседка Украіна, хоць і ў тры разы большая па плошчы і значна багацейшая на захаваную спадчыну, таксама мае 4 аб’екты. Аднак дасведчаныя краязнаўцы скажуць адразу, што 4 аб’екты для Беларусі – толькі маленькая частка нашага патэнцыялу! Проста працэдура ўключэння даволі складаная, вымагае выканання шмат фармальнасцяў, у тым ліку – пісьменнага захавання помніка і яго рэстаўрацыі. 7 жніўня 2009 года “Звязда” пісала, скажам, пра сітуацыю, што полацкую Спаса-Еўфрасіннеўскую царкву ХІІ стагоддзя не ўключылі ў Спіс з-за таго, што яе купал-цыбуліну пазалацілі. Хоць ён дагэтуль, як і сто гадоў таму, быў зялёнага колеру. Гэта добра відаць на ўнікальных каляровых здымках Сяргея Пракудзіна-Горскага пачатку ХХ стагоддзя.

Дык вось, з Нясвіжскім замкам нам пашчасціла – яго ў Спіс ЮНЕСКА ўнеслі ў 2005 годзе. У Нясвіжы з гэтай нагоды пры ўездзе на тэрыторыю замка, за касцёлам быў усталяваны манументальны мармуровы памятны знак. І вось днямі чытач “Звязды” Ігар КРЭБС звярнуў маю ўвагу на несусветны прыкол: у англійскім і французскім варыянтах тэкста на знаку абрэвіятура ЮНЕСКА напісаная з памылкаю! Трэба UNESCO (дзе літара “C” азначае на гэтых мовах “culture”), а напісана UNESKO! І гэта пры тым, што наверсе знака размешчаны лагатым ЮНЕСКА, дзе ўсё напісана правільна!

Разабрацца ў сітуацыі мы папрасілі Іну БЯГАНСКУЮ, галоўнага спецыяліста аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама.

-- Спачатку быў ліст ад Міністэрства культуры на аблвыканкам, -- пералічае Іна Дзмітрыеўна паслядоўнасць падзеяў ва ўсталяванні знака. – Потым прымалася рашэнне райвыканкама пра ўсталяванне памятнага знака. Але тэкста тут няма… І было распараджэнне аб усталяванні гэтага знака. Але тэкста таксама няма. Я зараз спецыяльна спыталася ў нашага намесніка старшыні Аляксандра Іванавіча Майсені – гэта рыхтаваў тады усё аддзел архітэктуры. Але ў нас архітэктар памёр малады, таму я не магу ўдакладніць ужо, з кім гэты тэкст узгадняўся… Ведаю дакладна, што тэкст пісаўся на падставе пасведчання ЮНЕСКА.

-- Няўжо і там з памылкаю?!

-- Што вы, там усё правільна! А вось на знаку – я схадзіла зараз паглядзела – сапраўды з памылкаю! Альбо, скажам так, абдрукоўкаю. Я мяркую, што гэтая недакладнасць была дапушчана на этапе выканання надпісу, які наносілі нашыя мясцовыя майстры, што робяць помнікі. Думаю, што адную літару будзе нескладана паправіць – і мы неадкладна гэтым зоймемся. Канешне, гэтая няўважлівасць мусіць быць выпраўленая! Дзякуем вам за пільнасць!

Пасля нашай размовы прайшла літаральна гадзіна – як Іна Дзмітрыеўна ператэлефанавала ў “Звязду”:

-- Мы ўжо сустрэліся з майстрам і разам агледзелі помнік. Ён сказаў, што праз тыдзень-два, калі троху пацяплее (гэта трэба тэхналагічна), ён усё аператыўна пераробіць.

Прыемна сустрэць такую прыязнасць і паразуменне!

ДАРЭЧЫ

У Брэсце ў 2009 годзе на помніку зрабілі 75 памылак!

Вам гэтая сітуацыя не нагадала гісторыю пра помнік 1000-годдзя Брэста? Тады, збольшага за кошт адсутнасці літары “ў”, на ім дапусцілі 75 (!) арфаграфічных памылак. Адказныя асобы, аднак, спрабавалі прысаромець нас, што “чапляемся” – гісторыя цягнулася з ліпеня па снежань 2009 года. Урэшце памылкі ўсё-ткі былі выпраўленыя. Нам здаецца, на такія заўвагі мясцовыя ўлады мусяць рэагаваць з удзячнасцю, як у Нясвіжы. Памылка – гэта не фатальная рэч, калі яе прызнаць і выправіць!..

Аднак падобныя гісторыі павінны нагадаць, што мова вымагае дакланасці. І прасцей адразу напісаць правільна.

Тэгі: , ,