it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 29

Па-руску дакумент робяць максімум суткі, па-беларуску рабілі… 18 дзён!


Я захацеў, каб мае дакументы на машыну былі беларускамоўныя. Жыву ў Беларусі, размаўляю па-беларуску – чаму не?

Беларускамоўнае пасведчанне кіроўцы ўдалося аформіць за 2 гадзіны! Прыйшоў у ДАІ, сказаў, што хачу замяніць, каб было па-беларуску. Мяне сфоткалі, я аплаціў квітанцыю – і радуйся. Што праўда, без граматычных памылак не абыйшлося – цяпер у маіх правах значыцца, што “Акуляры обавязковыя!” Мяняць не стаў – весялей сябрам паказваць!

А вось з беларускамоўным тэхпашпартам узнікла каласальная праблема. 4 сакавіка я звярнуўся ў пункт афармлення на вуліцы Сярова для пастаноўкі машыны на ўлік. Здаючы дакументы ў акенца, адзначыў, што прашу выдаць мне тэхпашпарт па-беларуску.

-- Ну не ведаю, -- паціснуў плячыма супрацоўнік. – Мы яшчэ нікому не выдавалі, праграма толькі па-руску робіць…

Я звярнуў ягоную ўвагу, што, па-першае, паводля Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, і я магу абіраць любую. Па-другое, у маім імені і прозвішчы няма ўласнабеларускіх знакаў (апострафа, літар “і”, “ў”) – таму не бачу праблемы. Мне прызначылі з’явіцца па дакумент на наступны дзень.

Назаўтра, 5 сакавіка, я ўжо збіраўся ехаць на вуліцу Сярова, калі пачулася тэлефанаванне. Дзяўчына сказала, што звоніць з гэтага самага пункта афармлення, куды я хацеў ехаць.

-- Скажите, а вам принципиально, чтобы по-белорусски было?

Кажу, канешне прынцыпова, вельмі хачу родную мову бачыць на дакуменце.

-- А вы можете со мной по-русски разговаривать? Я ничего не понимаю.

Прыехалі, называецца. Спецыяльна для непісьменнай супрацоўніцы я пераклаў, што мне “принципиально”.

-- Я бы на вашем месте еще раз подумала, потому что это большая техническая проблема, будете долго ждать. По закону у нас есть 10 дней.

Я сказаў, што не спяшаюся – на тым і развіталіся. 10 дзён мінула – цішыня. На адзінаццаты дзень тэлефаную на вуліцу Сярова – ніводзін гарадскі тэлефон не адказвае. На дванаццаты дзень тое самае. Тэлефаную ў гарадскую ДАІ – кажуць, па кампутары вынікае, што вашая машына на ўлік яшчэ не пастаўленая. Адзін за другім мяне накіроўваюць да СЯМІ розных начальнікаў. Ні ў каго працоўны тэлефон не адказвае. Нарэшце ўдалося звязацца з намеснікам начальніка Рэспубліканскай ДАІ Сяргеем Комарам. Ён звязаўся з МРЭА – і справа нібыта зрушылася.

На ВАСЕМНАЦЦАТЫ дзень мне выдалі тэхпашпарт ПА-БЕЛАРУСКУ. Выдаў асабіста начальнік МРЭА Мінска Віктар Віннічак. Кажа, чатыры дні праграмісты думалі, як будзе “черный” колер па-беларуску.

Што праўда, і тут не абыйшлося без дробнай арфаграфічнай памылкі. Аднак не буду ўжо занудзіць. Як сказаў мне Віктар Віннічак:

-- Вы першы чалавек у горадзе Мінску, хто мае тэхпашпарт па-беларуску!

КАМЕНТАР ДАІ

“Вам гэта зрабілі ўручную”

Атрымаць афіцыйны каментар ад ДАІ так і не атрымалася – начальнікі перанакіроўвалі адзін да аднаго. Аднак неафіцыйна мне паведамілі, што праблема кардынальна не вырашаная. Маўляў, мы вам гэта зрабілі ўручную, аднак змены ў праграму ўнесеныя не былі. Калі хто яшчэ звернецца – будзем зноў рабіць уручную.

Зразумець гэта можна – навошта перарабляць праграму, калі звярнуўся адзін чалавек? Напэўна, калі многія людзі выкажуць такое жаданне, адказныя супрацоўнікі будуць вымушаныя ўнесці ўдакладненні ў кампутарную праграму.

Калі ў вас ёсць падобны досвед атрымання беларускамоўных дакументаў – лістуйце на электронную пошту labadzenka@gmail.com

Тэгі: ,