it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 27

Вользе Паўлюкевіч 17 гадоў. Вось што яна піша пра сябе:

Я (як было ў Зуёнка) - філфакаўка, студэнтка філфака БДУ. Сябры гавораць, я падобная да сланечніка - ці то вяснушкамі, ці то ўсмешкай. А я пішу вершы і, як гераіня аднаго савецкага фільма, "спадзяюся калі-небудзь напісаць добрыя".

З дазволу Вольгі выстаўляю яе вершы на ваш суд. Не палянуйцеся пракамэнціць -- думаю, вашае меркаваньне будзе важным для аўтаркі.

* * *

Здарайся са мной
Як мага часцей –
Галоўны з усіх маіх выпадковых.
Прынось мне кішэні, мяхі
Вясцей
І радасць маю,
Як сваю захоўвай.
Я буду чакаць,
Як чакае свет
Сігналу рассыпацца на аскепкі.
Прыходзь і здарайся.
Здарайся ледзь
Не кожную раніцу панядзелка –
Якраз да другой мне.
І будзь маім
Пачуццем,
І чвэрці не разумеючы.
Я буду гарбатай цябе паіць,
А ты –
Ганарыцца уласнай веліччу.
Здарайся са мной
На хвіліну,
Ці
Ніколі не крыўдзі сваім з’яўленнем.
Ты можаш стаць лепшым ва ўсім жыцці,
А можаш
Навекі застацца ценем.
Я буду належаць табе,
Калі
Ты спынішся побач у хуткім часе.
Інакш –
Нават сэнсу няма паліць.
Я ўсё ж спадзяюся,
А ты –
Здарайся.

* * *

Свет пачынаецца з мары,
Як ручай пачынаецца
З кроплі,
А самая добрая казка –
З попелу.
З ветлівага “Дабранач”
(і да самае раніцы) –
Думкі.
А з верагоднае пасткі –
Рухі.

Жыць можа – толькі каханнем,
Быццам знянацку спатканым.

Кветка жыве – промнем,
Народ – тым, што можа помніць,
Неба жыве громам,
А чалавек – комам
У горле.

Свет пачынаецца з мары,
З жадання дзяліцца любоўю
На практыцы.
Свет маленькі ў маштабе
Галактыкі.
Усяго толькі шарык.
Можа,
Гэта і вабіць
Кожнага?


* * *

Закрэсліць -
ад слова крыж,
і я закрыжую дні свае.
Я шмат патрабую звыш
таго, што даецца вышнімі.
Як быццам багацце слоў
з'яўляецца пакараннем.
Закрэсліць -
ад слова кроў
з Галгофай у параўнанні.
У сэрца -
свае цвікі,
каб стала раскрыжаванай.
Закрэсліць -
ад слова кпіць...
Або лекаваць заганы.

***

Не атрымліваецца змагацца,
Ведаеш.
Ды й ці трэба?
Ўсміхнешся – й жыццё прасцей.
Гэты свет за стагоддзі так звар’яцеў,
Прамінуўшы ўжо шляху свайго сярэдзіну…
Ён жыве, мабыць, толькі адным
“Хутчэй!”.
Я яго не спыняю, бо як тут спынішся.
Спадзяюся,
Ён некалькі слоў пакіне мне –
І не болей:
Астатняе не ўцячэ.

* * *

Ва ўсіх людзей аднолькавыя сны
У прадчуванні хуткае вясны.

* * *

Каб даслужыцца да вялікіх зорак,
Знасіць патрэбна безліч гімнасцёрак.

* * *

Для тых, хто і ў выпрабаваннях не страчвае веры,
Пан Бог адчыняе нарэшце наступныя дзверы.

* * *

Я магла б, як Матфей, уладарыць радкамі,
Толькі Бог, а не я, словы ў свет выпускае.

Тэгі: