it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 03

Мікалай Кандрычын быў намесьнікам дэкана Факультэта філасофіі й сацыяльных навук БДУ. Яму быў усяго 51 год. Ён памёр у ноч на 31 сьнежня.

Мне давялося гутарыць асабіста з гэтым чалавекам толькі аднойчы -- гэтым летам. Я прыйшоў да яго й папрасіў распавесьці, якім чынам зьдзяйсьняецца перавод з аднаго факультэта на другі. Іншы чалавек, як гэта звычайна робяць нашыя шэрыя савецкія выкладчыкі, адказаў бы: пачытай правілы, там усё напісана. Кандрычын не пашкадаваў тады некалькі хвілін, каб коратка ды зразумела абмаляваць мне працэс пераводу.

Я чамусьці запомніў гэта, я ўвогуле заўважаю такую драбязу.

Пасьля я сустракаў яго некалькі разоў у факультэцкіх калідорах, і заўжды адзначаў для сябе, наколькі годна, інтэлігентна, стылёва і па-эўрапейску выглядае гэты намесьнік дэкана.

Я шмат чуў пра яго. Чуў, што ён строгі. Чуў, што ўсе баяцца здаваць яму іспыт. Але ніколі я не пачуў пра Мікалая Кандрычына дрэннага ці зьняважлівага слова. Усе як адзін прызнавалі, што свой прадмет -- філасофію -- ён ведае дасканала й выкладае геніяльна. Бадай, гэта рэдкі выпадак, калі студэнты сапраўды любяць, паважаюць і ганарацца сваім выкладчыкам. На жаль, гэта рэдкасьць для сучаснага студэнцтва, бо з большасьці выкладчыкаў кпяць з прычыны й без.

Нягледзячы на зьнешнюю сур'ёзнасьць Кандрычына, я неаднойчы чуў, што ён -- першы дарадца й памочнік студэнта ў любой складанай сытуацыі.

І яшчэ. Я ніколі ня бачыў, каб студэнты шчыра, сьлязьмі плакалі па сьмерці свайго выкладчыка. Неяк не прынята гэта ў наш жорсткі час. А тут плакалі -- і казалі абсалютна непадробныя, недзяжурныя словы.

Сьветлая памяць гэтаму сьветламу чалавеку -- Мікалаю Кандрычыну.

Тэгі: