it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 24

Гутарка Кацярыны Казаковай з Глебам Лабадзенкам. Надрукавана ў "Дзеяслове" № 1/11

Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў Менску выйшла навэла “Ладдзя Роспачы” ў непадцэнзурным выглядзе. У выданні дэталёва паказаныя і прааналізаваныя ўсе цэнзарска-рэдактарскія праўкі. Фактычна – гэта першы твор у беларускай літаратуры, разгледжаны такім чынам. У кнізе змешчаныя фотакопія рукапісу Уладзіміра Караткевіча, фотакопія машынапісу перакладу Васіля Сёмухі на рускую мову з рукапіснымі праўкамі Караткевіча, друкапіс беларускага варыянта, аналіз усіх правак з каментарамі, 55 ілюстрацыяў, 27 з якіх друкуюцца ўпершыню, прадмова Рыгора Барадуліна і паслямова Васіля Сёмухі. Аб працы над кнігай расказвае аўтар ідэі перавыдання журналіст Глеб Лабадзенка.

– Глеб, як узнікла ідэя выдаць непадцэнзурны варыянт навэлы “Ладдзя Роспачы”?
– Гэта адбылося спантанна. Аднойчы, напрыканцы 2009 году, Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паказаў мне рукапіс “Ладдзі Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, які знайшоў у сябе дома. Дзядзька Рыгор ведаў, што мне гэта будзе цікава, і таму даў пачытаць рукапіс. Гэта было незвычайнае адчуванне: чытаць тыя аркушы, дакранацца да іх... Караткевічаў рукапіс стаў для мяне такім артэфактам, як Скарынаўская Біблія. І з кожным днём ён рабіўся ўсё больш каштоўным мне!.. Гэта шчасце – жыць ў адным часе з Рыгорам Барадуліным, і што не трэба было ісці ў музей, каб паглядзець на гэты рукапіс – можна было спакойна пачытаць яго дома колькі дзён!
Напачатку ў мяне ўзнікла думка выдаць факсіміле (фотакопію) гэтага рукапісу, каб людзі, як і я, маглі прачытаць твор у першародным выглядзе. Але потым, калі пачаў параўноўваць рукапісны тэкст і кніжны варыянт, то ўбачыў, што ў друкапісе было зроблена вельмі шмат правак. І тады ідэя выдання фотакопіі рукапісу дапоўнілася разуменнем таго, што трэба зрабіць параўнанне друкапісу з арыгіналам і асэнсаваць праўкі, унесеныя самім аўтарам і рэдактарамі, цэнзарамі.
Пачаўшы працу над творам, я даведаўся, што ўпершыню навэла была надрукавана ў другім нумары часопіса “Нёман” за 1968 год ў перакладзе на рускую мову Васіля Сёмухі. Я звязаўся з шаноўным спадаром Сёмухам, і высветлілася, што у яго ёсць машынапіс таго перакладу, у які Караткевіч сам уносіў праўкі ад рукі! Так да беларускага рукапісу й друкапісу дадаўся яшчэ й расейскамоўны варыянт “Ладдзі Роспачы”.
– Колькі часу цягнулася праца над кнігай?
– З перапынкам на маё вяселле – дзесяць месяцаў.
– Як Вы лічыце, навошта цэнзары правілі навэлу, што ім не падабалася, якая ў іх была мэта?
– Праўкі рабілі тры інстанцыі: рэдактары, якія выпраўлялі нешта сэнсавае, карэктары і стылісты, якія чыста тэхнічную працу выконвалі, і непасрэдна цэнзары. У кнізе гэтыя праўкі я не падзяляў, а аб’яднаў у цэнзарска-рэдактарскія з тае прычыны, што немагчыма на 100 адсоткаў сцвярджаць, хто дзе правіў насамрэч. Васіль Сёмуха згадвае, што цэнзары, праглядаючы твор, алоўкам нешта пазначалі, а потым выклікалі рэдактараў і прымушалі іх крэсліць-крэмзаць тэкст сваёй рукой. Проста, каб заставацца “белымі і пухнатымі”. У кнізе пазначаныя імёны рэдактараў, але ўсіх сабак вешаць на іх не трэба.
Што тычыцца мэты, то мэта ў савецкіх цэнзараў была адна – выкрэсліць з тэкста ўсю беларускасць, бо гэта лічылася нацыяналізмам. Была савецкая краіна з савецкімі людзьмі, а Караткевіч у навэле пастаянна ўжывае словы “беларус”, “беларускія”, піша, што галоўны герой Гервасій Выліваха – беларус. Гэта быў “непарадак”. Але ў цэнзараў, відаць, не падымалася рука зрабіць героя “савецкім чалавекам”. Таму замест фразы, якую Смерць кажа Выліваху “ты зноў папаўся, беларус…” бачым у кнізе пасля цэнзарскай праўкі: “ты зноў папаўся…” А тое, што герой – беларус, практычна нідзе ў творы не акцэнтавана.
Такім чынам цэнзары пазбаўлялі беларусаў міфа. Бо ясна, што ў XVI ці XVII стагоддзі, калі жыў Выліваха, не было такога слова “беларус” і не было такой краіны Беларусь. У гэтым плане Уладзімір Караткевіч выступіў як міфатворца, а значыць і як нацыятворца. Ён супрацьстаяў усёй савецкай сістэме, якая разбурала нашыя міфы, знішчала нашыя замкі, каб людзі забыліся, каб не памяталі пра былыя скарбы роднай зямлі. І Караткевіч гэтаму супрацьдзейнічаў. Так, гэта не зусім правільна, што Гервасій Выліваха быў беларусам – ён быў рагачоўцам, жыхаром ВКЛ, але не беларусам паводле дзяржаўнай прыналежнасці. Але ж, калі мы самі пачнем даводзіць, што герой не быў беларусам – мы пазбавім нас нацыятворчага міфу! І таму, я лічу, што такая праўда – толькі для даследчыкаў. А для народа павінен быць міф, тым больш для народа, які не памятае нічога, памяць якога старанна знішчылі.
– Распавядзіце пра самі праўкі: што Вас здзівіла, а што выклікала абурэнне?
– Калі я працаваў над гэтай кнігай, мяне апаноўвалі два абсалютна супрацьлеглыя пачуцці. Першае, і галоўнае, -- любоў і пашана да Уладзіміра Караткевіча. Другое – нянавісць да Савецкага Саюза, самай страшнай дзяржавы ХХ стагоддзя, на маю думку. Нянавісць да тых недавучаных халуёў-цэнзараў, якія здзекваліся з Караткевіча, ірвалі яму нервы, забіралі сілы і час. Проста чытаючы навэлу, без дэталёвага параўнання, складана заўважыць выпраўленыя моманты, бо цэнзары правілі твор не кропкава, а фактычна ўвесь тэкст падганялі пад свае рамкі, таму ўсё выглядае “арганічна” ў іх выкананні.
Калі ж пачынаеш уважліва параўноваць рукапіс з друкапісам, то заўважаеш, што насамрэч абгрунтаваных правак мала. І яны пераважна звязаныя з тым, што Караткевіч напачатку дрэнна ведаў беларускую літаратурную мову, бо яго маці размаўляла па-расейску, а калі пісьменнік вучыўся ў Кіеве – то добра засвоіў украінскую. Да таго ж, калі Караткевіч зацікавіўся гісторыяй і стаў праводзіць шмат часу ў гістарычных архівах, ён вывучыў польскую мову, чытаў розныя летапісы і дакументы па-польску. І ад гэтага ў ягоных творах трапляюцца русізмы, ўкраінізмы і паланізмы. Вось, напрыклад, у навэле ён піша “повень”, а рэдактар яму выпраўляе на “поўня”. Гэта як раз той выпадак, калі праўка абгрунтаваная, бо “повень” – гэта ўкраінскі варыянт беларускай “поўні”. Але аналагічная праўка ў іншым месцы сталася не вельмі ўдалай. Караткевіч піша: “Над Ладдзёй пракаціўся згэлк...” А рэдактар яму выпраўляе: “Над Ладдзёй пракаціўся крык...”. Так, “згэлк” – гэта паланізм, але ў дадзеным кантэксце ён абгрунтаваны, таму што згэлк – гэта нешта больш страшнае за крык, гэта крык, поўны роспачы, бо Ладдзя вязе герояў паміраць.
А што тычыцца сур’ёзных, ідэалагічных правак, то маё абурэнне выклікалі два моманты. Па-першае, як я ўжо згадваў, што выкідвалі словы “беларус”, “беларускі”. А па-другое – розніца колькасці выпраўленняў у беларускім і рускім варыянце і іх якасць. Гэтак, на 23-х старонках рускага перакладу цэнзары-рэдактары зрабілі 84 праўкі, а ў беларускім кніжным тэксце – 212(!) правак. І, у параўнанні з беларускім тэкстам, рускі варыянт адрэдагаваны далікатна і пісьменна. Там больш правак “па тэме”, а асноўную масу несупадзенняў з арыгіналам складаюць месцы, дзе Караткевіч сам штосьці выпраўляў ці дадаваў у Сёмухаў пераклад, але іх не ўлічвалі. Да гонару рэдактара, відаць, што падчас працы ў яго побач ляжаў беларускі арыгінал, і калі Сёмуха падбіраў нейкае слова недакладна, то рэдактар звяртаўся да арыгіналу і, трэба сказаць, некаторыя словы замяняў на больш трапныя. Таму да рускамоўнага варыянту мала пытанняў, хаця й тут знойдзецца тузін-другі ідэалагічных цэнзарскіх правак.
Праўда, ёсць і проста глупыя праўкі, кшталту такой: у Караткевіча Смерць гаворыць: “Тебе ли бояться смерти, малый...”, а яму правяць: “Тебе ли бояться смерти, милый...” (У арыгінале было: “Ці табе ж баяцца Смерці, малец?”) Вось такія праўкі мне незразумелыя.
У беларускім тэксце рэдактар чапляўся да ўсяго, што толькі можна. Вось, напрыклад, Караткевіч праз увесь твор піша літару “е” ў такіх словах, як “касьцельны”, “абдзершы”, “ідзем”, – а яму выпраўляюць на “касьцёльны”, “абдзёршы”, “ідзём”; а ў іншым месцы класік нарэшце напісаў слова з “ё” ( “плывяцё”), а яму выправілі на “е”: “плывяце”!.. Канешне, ад такога кшталту правак змест твора не змяніўся, словы засталіся тымі ж самымі, але былі вынішчаны асаблівасці мовы Караткевіча, ягоная мова была выхалашчаная і падагнаная пад адзіны, “крапівоўскі” стандарт.


– Чаму ж беларускаму варыянту навэлы больш дасталася ад цэнзараў, чым расейскаму?

– Я думаю, што рэдактар расейскага перакладу твора быў больш інтэлегентным чалавекам, напэўна, больш культурным, больш адукаваным. А чаму рэдактар беларускага тэксту так лютаваў, тым больш што на двары быў ужо не 1968-ы, а 78-ы год, сказаць цяжка. Па-першае, напэўна, ён проста не дацягваў па ўзроўні да Караткевіча, быў чалавекам невысокай культуры. Але ж, што тычыцца цэнзуры, то тут ён сваю брудную працу рабіў проста выдатна. Па-другое, магчыма тут праявілася здольнасць беларусаў да самапрыніжэння, да самазнявагі. Па-трэцяе, можа быць у гэтага рэдактара з Караткевічам былі нейкія асабістыя рахункі? Але больш верагоднай прычынай з’яўляецца тое, што гэты рэдактар-цэнзар хацеў проста выслужыцца перад начальствам. Хоць на той час Караткевіч і быў вядомым, быў фактычна класікам, ён быў апальным аўтарам. Ніводзін ягоны твор не выходзіў без нейкіх праблемаў. Яго абвінавачвалі ў нацыяналізме. І верагодна цэнзар хацеў паказаць, маўляў, “паглядзіце, як я ўпух і ўпрах разграміў гэтага нацыяналюгу”. Калі глядзіш на колькасць і характар правак, складаецца адчуванне, што рэдактару за кожную праўку давалі па рублю. Інакш гэта патлумачыць цяжка…
– Што для Вас было самым складаным ў працы на кнігай?
– Самым складаным былі пільнасць і ўседлівасць. Бо мая журналісцкая дзейнасць не спрыяе такой скрупулёзнай тэксталагічнай працы. Свой артыкул я звычайна прачытваю адзін раз, перад тым як адправіць ў рэдакцыю. А гэты твор мне давялося прачытаць разоў 18. Я ўжо ведаю яго напамяць.
Дарэчы, спачатку ў мяне была ідэя звярнуцца да каго з прафесійных літаратуразнаўцаў, каб хто з іх выканаў гэтую працу. Але потым я зразумеў, што яны гэтага не зробяць, дакладней, зробяць іначай. Бо калі я сабе дазваляю пісаць, што тая ці іншая праўка ідыёцкая, што цэнзар-рэдактар – ёлупень, то яны сабе такога не дазволяць. Я лічу Караткевіча нацыянальным геніем. І калі нейкі рэдактар неабгрунтавана і бязглузда правіў класіка, то пра гэта трэба так і пісаць.
У кнізе ёсць адзін фотаздымак з подпісам “Уладзімір Караткевіч і рэдактар Алесь Бажко. 1962 год. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Бажко быў “стукачом”, прыстаўленым наглядаць за У. Караткевічам”. Адзін літаратар, пабачыўшы гэты подпіс, сказаў, што яго трэба прыбраць, маўляў, не прынята фотаздымкі падпісваць ацэначна. А для мяне было прынцыпова, каб здымак застаўся менавіта з такім подпісам. Бо сёння дакладна вядома, што Бажко быў стукачом, правакатарам, быў у СМЕРШы і ганарыўся гэтым, атручваў жыццё Караткевічу і Брылю, шмат паскудстваў нарабіў іншым.
У кнізе ёсць яшчэ некалькі такіх “сакрэтаў”, якія я заклаў адмыслова. Бо кніга, адразу пасля свайго нараджэння, павінна мець сваю гісторыю, мець “разынку” і таямніцу.
– Што новага адкрые для сябе знаёмы з навэлай чытач, калі разгорне яе ў гэтым перавыданні?
– Па-першае, адчуе незвычайную энергетыку рукапісу, Караткевічага почырку. Калі я чытаў гэты рукапіс, то праз пару старонак пачынаў бачыць твор вачыма Караткевіча, пачынаў схопліваць хаду ягоных думак. Вельмі цікава сачыць, як ён пісаў-пісаў, а потым узяў, ды выкрэсліў цэлы абзац, відаць нешта яму не спадабалася. І ты пачынаеш думаць: што не спадабалася? Чаму ён гэта выкінуў? Пачынаеш блукаць па гэтым рукапісным лабірынце, шукаеш ягоны код, код Караткевіча, а знайшоўшы, пачынаеш разумець, чаму аўтар напісаў менавіта так, а не інакш!
Па-другое, чытач пазнаёміцца з арыгінальнай мовай Уладзіміра Караткевіча, якая больш арганічная, больш жывая, чым выпраўленая цэнзарамі і рэдактарамі.
Акрамя гэтага, рукапіс дазваляе прасачыць эвалюцыю думкі пісьменніка. Напісаная ў 1964 годзе навэла, па-беларуску была надрукавана толькі у 1978-м. Прайшло 14 гадоў! І перад тым, як аддаць яе ў кнігу, Караткевіч яшчэ раз прайшоўся па тэксце з асадкай. Усе гэтыя праўкі лёгка пазнаць у рукапісе, бо атрамант адрозніваецца па колеры. І цікава паспрабаваць зразумець, што адбылося з чалавекам за тыя 14 год, як змяніўся ягоны ход думак, як ён пасталеў.
Той, хто чытаў раней “Ладдзю Роспачы”, чытаў аповесць пра двараніна з Рагачова Гервасія Выліваху. А ў гэтай кнізе ён прачытае навэлу пра беларуса Гервасія Выліваху, які быў яшчэ і ўпартым рагачоўцам. Да таго ж, прачытаць твор у рукапісе, на маю галаву – незвычайная шчырасць і радасць!


– Ці адкрылі Вы для сябе новага Караткевіча, працуючы над кнігай?

– Я больш зразумеў, кім быў Караткевіч. Я зразумеў, што Караткевічу было наканавана стаць Караткевічам, якім ён застанецца назаўжды. І як бы ягоныя творы ні правілі, як бы ні рэзалі, усё роўна ягоны талент было не задушыць. Я перакананы, што Уладзімір Караткевіч – адзін з тых аўтараў, якіх трэба ачысціць ад савецкіх правак у першую чаргу. Бо ён – сапраўдны стваральнік нашага нацыянальнага космасу. І, зняўшы ўсе праўкі, у гэтым не застаецца ніводнага сумневу. І ніхто больш не назаве яго “беларускім савецкім пісьменнікам” – яго такім зрабілі цэнзары і рэдактары. Нічога савецкага у ягоным творы я не знайшоў. А беларускае нават шукаць не трэба. Вось Іван Шамякін – “беларускі савецкі пісьменнік”. А Караткевіч – проста беларускі.


– Ці ўбачылі Вы ў вобразе Гервасія Вылівахі самога пісьменніка?

– Безумоўна. Я лічу, што Гервасій – гэта сам Караткевіч на вельмі шмат адсоткаў. Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха кажуць, што Выліваху класік пісаў у значнай ступені з сябе. У адным інтэрв’ю для “Чырвонай змены” Караткевіч заўважыў, што вельмі любіць сваю навэлу “Ладдзя Роспачы”, бо яе герой Гервасій Выліваха – гэта такі беларус, якім яму хочацца бачыць усіх беларусаў.
Выліваха – гэта часам бескампрамісны чалавек, чалавек-волат. Але ён – хітры беларус. Так, калі ён гуляе са Смерцю ў шахматы, то бачыць, што як ні круці, а яе не пераможаш. І тут ён, чыста па-беларуску, вынаходзіць што трэба рабіць: калі нельга перайграць, то можна перахітрыць! Гервасій кажа Палачаніну: “Ай, Палачанін, ай лізунчык...” Смерць зацікавілася, зірнула на Палачаніна, што там такое, а Выліваха ў гэты момант падставіў сабе яшчэ адну фігуру – і ўсё: мат Смерці…
Усім беларусам трэба браць прыклад з Вылівахі. Вучыцца ў яго выходзіць з цяжкай сітуацыі: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш”.
Я думаю, што Караткевіч не толькі ўяўляў такім беларуса, а што ён сам стараўся быць такім беларусам.


– Як ацэньваюць кнігу чытачы?

– Збольшага хваляць. Але я не думаю, што ўсе адразу кінуліся ўчытвацца ў рукапіс, самастойна аналізаваць яго, пераглядаць усе 296 правак. І я гэта прадбачыў – адмыслова сабраў усё самае цікавае, увесь цымус ў адзін артыкул у канцы кнігі і па пунктах асноўнае разгледзеў.
– А самі сваёй працай задаволеныя?
– Мне здаецца, што я выціснуў з гэтай працы ўсё, што можна. Бо калі пайсці далей, то пачнецца ўжо навука. Але ж я не навуковец. Таму, думаю, як журналіст, як прыхільнік Караткевіча, я зрабіў максімум. Мне было вельмі цікава працаваць з рознымі варыянтамі тэкста навэлы, і я вельмі палюбіў гэты твор за час працы.
Але галоўнае, што ўдалося паказаць: варта рабіць такое, варта “адмываць” творы ад цэнзуры. І дзеля гэтага не трэба быць акадэмікам, кандыдатам навук, літаратуразнаўцам. Трэба, каб чалавек разумеў сэнс таго, што ён робіць.
Гэты твор – першы тэкст у беларускай літаратуры, “прэпараваны” такім чынам. І я вельмі спадзяюся, што ён стане прыкладам, што знойдуцца людзі, якія працягнуць гэтую працу. Гэта не так і складана зрабіць, да таго ж вельмі цікава.


– Ці будзеце самі працягваць гэтую справу?

– Так. У мяне дома ўжо ляжыць адсканаваны рукапіс рамана Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”... Але вельмі спадзяюся на дапамогу ў гэтай справе. Бо калі я буду адзін усё рабіць, то праца зойме 2-3 гады.
Адзінае, што, напэўна, гэта будзе выканана крыху ў іншай форме. Магчыма гэта будзе твор ў першасным выглядзе, дзе ў каментарах будуць паказаныя выпраўленыя моманты.
Задача максімум – увогуле забыцца з часам, што калісьці Караткевіча цэнзуравалі розныя… ашавуркі. Для чалавека, які ўпершыню бярэ ў рукі твор Караткевіча, ён ужо павінен быць непадцэнзурным.

Тэгі: