it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Feb 18

Работу класіка літоўскага мастацтва Адомаса Варнаса "Каранацыя Міндоўга" можна пабачыць да 17 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Дзень узнаўлення Літоўскай Дзяржавы амбасада Літвы ў Мінску адзначыла незвычайнай імпрэзай. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава аднае карціны "Каранацыя Міндаўга" Адомаса Варнаса, а таксама выступіў хор хлопчыкаў і юнакоў "Ажуолюкас". Амбасадар Літвы Эдмінас БАГДОНАС у інтэрв'ю "Звяздзе" сказаў, што гэта — напамін пра супольную гісторыю.

— Карціна Адомаса Варнаса выяўляе каранацыю Міндаўга, — кажа Эдмінас Багдонас. — А гэта — наша агульная спадчына! Кароль Міндаўг быў каранаваны ў Наваградку. Нашы гісторыкі, праўда, называюць іншыя магчымыя месцы. Я не гісторык, таму для мяне галоўнае, што каранацыя была як такая! І гэта — наша агульная гісторыя, якой варта ганарыцца... А хор "Ажуолюкас", што па-беларуску значыць "Дубочак", — гэта найвядомейшы калектыў Літвы, які адсвяткаваў сваё 50‑годдзе. Гэта цудоўна, што яны знайшлі магчымасць прыехаць!

— Спадар Эдмінас, у подпісе да карціны якраз не пазначана, дзе адбывалася каранацыя...

— Ведаеце, гэта не самае важнае. Важна, што кароль Міндоўг быў, і ён быў каранаваны. Некаторыя гісторыкі цвердзяць, што ў Тракаі ці Вільні, некаторыя — што ў Наваградку. Раз няма еднасці, то не будзем сёння на гэтым спыняцца. Мне важна, што каранацыя была. Гэта — падмурак, на якім мы мусім ствараць нашу будучыню.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір ПРАКАПЦОЎ кажа, што правядзенне такой імпрэзы менавіта ў мастацкім музеі для яго, несумненна, прыемнае.

— Карціна Адомаса Варнаса "Каранацыя Міндоўга", прадстаўленая тут, — гэта твор мастацтва з надзвычай цікавай гісторыяй! — кажа Уладзімір Пракапцоў. — Нам прыемна, што такі каштоўны экспанат выстаўляецца ў нашым музеі. Не менш прыемна, што на імпрэзе выступаў сусветнавядомы літоўскі хор хлопчыкаў і юнакоў "Ажуолюкас". Лічу, што атрымалася вельмі атмасферна, вельмі прафесійна, вельмі культуральніцка, калі можна так сказаць. Я рады, што гэтая імпрэза ў музеі сабрала і дыпламатаў, і творчую інтэлігенцыю, і людзей мастацтва. Атрымалася сапраўднае свята!..

Спадар Пракапцоў зазначыў, што, апроч святкавання, было падпісана вельмі важнае пагадненне з Літоўскім мастацкім музеем.

— З маім літоўскім калегам Рамуальдасам Будрысам мы падпісалі дамову пра супрацоўніцтва ў галіне рэстаўрацыі, абмену навуковымі тэхналогіямі, атрыбуцыі, выставачнай дзейнасці. Нашы літоўскія калегі гатовыя дапамагаць нам у музеіфікацыі работ, гатовыя даваць творы мастацтва на дэпазіт у Мірскі і Нясвіжскі замак. Мы плануем у верасні ў межах Дзён культуры Беларусі зладзіць супольную выставу ў Вільнюсе. Прывязём ім творы нашага слаўнага мастака Бялыніцкага-Бірулі. Яны дададуць свае творы гэтага мастака, якія маюць у сваіх фондах. Гэта будзе сумесны праект — так, як летась мы ўжо ладзілі выставу Хруцкага ў Літве.

Дырэктар Літоўскага мастацкага музея Рамуальдас БУДРЫС адкрыў для чытачоў "Звязды" вялікую таямніцу — чаму "Каранацыя Міндоўга", твор пра такую значную падзею, мае такія сціплыя памеры.

— Як яна трапіла ў ваш музей?

— Мы доўга ішлі да гэтага. Вялі перамовы са сваячкай ксяндза, да якой карціна адышла пасля смерці святара. Яна катэгарычна адмаўлялася яе прадаваць, ні за якія грошы! Потым мы звязаліся з адным мецэнатам, які добра ведаў Варнаса, ведаў, як той працаваў над карцінай. У яго атрымалася ўгаварыць сваячку ксяндза прадаць карціну. Мецэнат, а гэта быў 90-гадовы інжынер, за свае сродкі набыў карціну і падарыў яе нам у 1996 годзе. Як вам такая гісторыя?!

— Фенаменальна!.. Спадар Будрыс, вы згадалі, што Варнас працаваў над карцінай тры гады. Але палатно невялікага памеру — чаму мастаку спатрэбілася столькі часу?..

— Гэта быў час не столькі стварэння карціны, колькі працы над эскізамі, пошуку гістарычнай інфармацыі. Варнас кансультаваўся з самымі вядомымі нашымі гісторыкамі — Зянонасам Івінскісам, Адольфасам Шапокам. Гісторыкі далі яму звесткі, як дакладна магла адбывацца каранацыя. Гэта ж была цэлая сістэма, а не проста — узяў і паклаў карону на галаву! Без дазволу Папы Рымскага ніхто карону пакласці на галаву не мог! І дакладна было вызначана нават, хто дзе мусіць стаяць. Карону мог ускласці толькі біскуп! Таму Варнас доўга і пакутліва прадумваў гэтую карціну. А яму ж было 79 гадоў — паважны век!.. Тым больш што ён не прызвычаіўся пісаць такія маленькія фігуры, маленькія партрэцікі.

— Хто дыктаваў яму такі невялікі памер карціны?

— Кухня! Ён маляваў яе на кухні, бо ў яго не было майстэрні, а кухня была маленькая! Мастак потым згадваў у лістах, што "магчымасці абмежаваныя, калі вараць альбо смажаць — я мушу чакаць". Так што мы паказваем беларускаму гледачу карціну з незвычайнай гісторыяй!..

Май на ўвазе

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі знаходзіцца на Леніна, 20 і працуе штодня, апроч аўторка, ад 11.00 да 18.30. Выстава аднае карціны "Каранацыя Міндоўга" працягнецца да 17 сакавіка.

Тэгі: