it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 31

Чарговы допіс ад гомельскага чытача Блогу Андруся Сувалава, дасланы ў "Навіны Блогу". Дасылайце свае развагі і Вы. Гэта ў кожным разе больш канструктыўна, чым сварыцца ў камэнтах!..

Учора, сёння, заўтра


Трэба дзейнічаць.
Юліус Фучык

Адзін з запаведаў Вацлава Ластоўскага гучыць: “Кожны суайчыньнік, нават самы бедны – гэта часьцінка Беларусі. Любі яго, як сябе самога.” У словах таленавітага адраджэнца, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі 1919-1923гг., гісторыка, які ўпершыню заявіў на ўвесь сусвет, што беларусы з’яўляюцца нацыя з багатай гісторыяй, якой можа пазайздросціць любы народ, і гэта даказаў, хаваецца вялікі сэнс і мараль салідарнасці. Кожны грамадзянін краіны, ці то бедны ці то багаты, нацыянальна свядомы або цёмны, як бязмесячная ноч, з’яўляецца неад’емнай часцінкай грамадскасці, якая піша гісторыю сваёй Айчыны. Нельга выкрасліць з сусветнай гісторыі, гісторыю любой краіны і нацыі, якімі б маладымі яны не былі, якое б месца ў ёй не займалі. Выкрасліць жа гісторыю Беларусі, значыць выдраць з кнігі значны раздзел, без якога кнігу зразумець будзе немагчыма.

Салдаты Другой сусветнай вайны насілі на шыі гільзу, у якую ўкладалі кавалак паперы са сваім імем. Яны хацелі такім чынам захаваць свае імёны не для гісторыі і архіваў, але для сваіх бацькоў, каханак і сваякоў. Каб калі раптам на шляху смяротная кулі ўсталі іх грудзі, аб гэтым даведаліся блізкія людзі, каб не чакалі іх дарэмна маткі, седзячы зімняй ноччу каля вакна. Беларускаму народу даводзіцца ўжо даволі працяглы час насіць на шыі менавіта такую гільзу, укладаючы ў яе па макулінкі сваю гісторыю, свае імёны. Тую гісторыю і імёны, якую часам ён сам жа і губляў, якую моцна імкнуўся знішчыць расейскі ўлад, а пасля і савецкі, на працягу чатырох стагоддзяў. Гэтую цяжкую халодную гільзу, якая прадвесціць магчымы канец, мы зможам зняць толькі тады, калі кожны беларус зразумее, што ён часцінка народу, які завецца беларускім, калі кожны беларус і за межамі сваёй Радзімы ім застанецца.

Мы не маем аніякіх правоў дакараць за шматлікія памылкі сваіх продкаў, не маем правоў іх у нечым абвінавачваць і судзіць. Бо яны, перайшоўшы праз усе перашкоды і выпрабаванні, здабылі для сваіх нашчадкаў зямлю, якую мы можам зваць сваёй. Бо светлых старонак у нашай гісторыі болей, чым цёмных, болей у ёй і герояў, чым злачынцаў, болей перамог, чым параз. Мы не можам быць суддзямі, але нас могуць асудзіць нашчадкі. І гэта адбудзецца, калі мы згубім тое, што захоўвалася і выхоўвалася стагоддзямі - культуру і мову. У імкненнях за лепшым жыццём, у гонках з часам нельга забываць пра свой абавязак, быць годным сынам, дачкой сваёй зямлі.

Сёння, калі ў нашым грамадстве працягваецца адбывацца стогадовы духоўны застой, праўда, не такі відавочны, як раней, мы, каб пазбегнуць знікнення за небасхілам чаму, павінны залатаць апошнія дзіры ў сваіх ветразях і налегчы на вёслы, няхай вострай іголкай будуць нашыя імкненні, а непарыўнымі ніцямі адказныя дзеянні і маленькія штодзённыя перамогі. Не для каго не сакрэт, што застой у беларускім грамадстве пачаў узнікаць з-за знішчэння беларускай інтэлігенцыі, нашай мовы, культуры і фальсіфікацыя гісторыі савецкімі ўладамі. Гэтае вынішчэнне ўсяго беларускага прынесла пэўныя вынікі, хоць і не такія, каб мы забыліся хто мы ёсць. Але цяпер на нашай зямлі пануе расейская мова, яна панавалі і на эстонскай, і на ўкраінскай, і на латвійскай, але народы гэтых земляў, у адрозненні ад нас, змаглі вярнуць страчанае. Іх улады, у адрозненні ад нашай нелегітымнай, усяляк падтрымлівалі нацыянальныя рухі. Да сённяшняга дня “ наш урад” нічога не зрабіў, каб Беларусь стала беларускай, але наадварот імкнецца спустошыць палі, якія штогод засейваюцца беларускай нацыянальнай літаратурай, мастацтвам, музыкай і тэатрам. Колькі беларускамоўных школ у Беларусі? Можна пералічыць па пальцах, а ВНУ, у якіх выкладанне адбываецца па-беларуску, дык наогул няма. Колькі нацыянальных тэатраў у Беларусі? Каб падлічыць, хопіць і адной рукі. Ці спансуецца выданне “уладай” літаратурных твораў напісаных патрыятычным пачуццём? Гэтак жа не спансуецца, як і развіццё беларускай музыкі і кіно. Можна проста паглядзець на дзяржаўную “сімволіку” і ўсе наступныя сказы будуць ужо непатрэбнымі.

Але не ўсё так дрэнна, нельга ставіць крыж на барацьбе, на нашым пакутлівым і падманутым “уладам” народзе, трэба яго паважаць. У дзверы новага дзесяцігоддзя другога тысячагоддзя Беларусь уваходзіць з вялікай раццю адраджэнцаў, якая з кожным годам усё больш і больш папаўняецца. Яны дзейнічаюць, можа не так складна і арганізавана, як патрэбна, але дзейнічаюць. Усяму вучыць час, і ён ужо шмат чаму паспеў нас навучыць, самаму галоўнаму гэта – цярпенню, вытрымцы і асцярожнасці. Усё ясней робяцца нашыя мэты барацьбы, а з імі і шляхі дасягнення гэтых мэтаў. Усё шырэй разварочваецца фронт барацьбы супраць дыктатуры, усё вышэй падымаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг над Беларуссю. Калі засталіся яшчэ тыя, хто не бачыць прарыў, я тыцну пальцам на сённяшні дзень, калі пасля падзей 19 снежня беларуская інтэлігенцыя паставіла перад самой мэту – садзейнічаць вызваленню палітвазняў, хіба без гэтага іх пачалі вызваляць, хіба былі б зараз дома У.Някляеў, І.Халіп, А.Саннікаў, калі б не іх падтрымка і салідарнасць. З намі салідарны і палякі, і латвійцы, і немцы, і шведы – а гэта сведчыць аб тым, што нашу барацьбу паважаюць і прымаюць. Калі засталіся тыя, хто думае яшчэ аб бессэнсоўнасці барацьбы, я скажу – паглядзіце ў нашыя вочы, вочы моладзі, і ўспомніце 90-я гады, калі асноўную масу адраджэнцаў складалі дарослыя людзі, якія выхавалі і дагэтуль нас выхоўваюць.

Час нам паказаў, што мы не цалкам скарысталіся дадзеным учорашнім днём, не дастаткова падрыхтаваліся да барацьбы, але сёння мы павінны гэта выправіць, каб заўтра даць чарговы бой дыктатуры ў нашай краіне. Не бывае двух аднолькавых дней, але бываюць дзве аднолькавыя памылкі, каб памылкі і промахі не паўтараліся, трэба зразумець чаму яны адбыліся. Трэба таксама верыць у свой народ.

Андрусь Сувалаў

Тэгі: