it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 22

СПАМПАВАЦЬ УСЕ ФОТКІ Ў ВЯЛІКІМ ПАМЕРЫ АДНЫМ ФАЙЛАМ (7,3 мБ)

Найлепшая кніга году-2010 “Ладдзя Роспачы” (паводле версіі экспертаў газеты “Наша Ніва”) прэзентаваная ў Воршы – горадзе, дзе нарадзіўся Уладзімір Караткевіч.
Прэзентацыі ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма” ладзілі Глеб Лабадзенка (укладальнік кнігі) і музыка Яўген Валошын.
У Воршы куды ні глянь – кожны куточак звязаны з Караткевічам. Так атрымалася і на прэзентацыях. Школа №8, куды будзьмаўскія госці завіталі зранку – менавіта тая школа, дзе ў 1956-58 гадах настаўнічаў Караткевіч. Дзеці гэтым ганарацца, хоць вершаў Караткевіча на памяць не ведаюць. Настаўнікі распавялі, што зусім нядаўна знайшлі першую кнігу Караткевіча “Матчына душа”, якую ён у часе працы ў школе падпісаў свайму калегу. Кніга ўрачыста была перададзеная ў аршанскі музей Караткевіча.
У гімназіі №2 (былой школе №1) Караткевіч вучыўся адзін год. Будынак сам сабою цікавы – ХІХ стагоддзя, былое рэальнае вучылішча. Дзеці тут вундэркінды – і шмат твораў Караткевіча пералічылі, і на пытанні па біяграфіі адказвалі лёгка, і вершы на памяць чыталі. Адзін хлопчык-шасцікласнік, праўда, піша вершы па-руску. Аднак Глеб Лабадзенка ў прысутнасці ўсяе школы (імпрэза адбывалася ў актавай зале пад лозунгам “Будзьма беларусамі!”) узяў з хлапца абяцанне, што той надалей будзе пісаць толькі па-беларуску. “Іначай, -- заўпэўніў дзіця Глеб Лабадзенка, -- будеш ляжаць пад плотам і нікім не станеш”. Хлопчык відавочна задумаўся, і было відаць, што ад сёння ён – беларускі паэт.
У Музеі Караткевіча ў Воршы імпрэзы ў межах кампаніі “Будзьма!” – рэгулярная з’ява. Наведнікам доўга не трэба тлумачыць пра мэты кампаніі (гуртаванне аднадумцаў на глебе Беларушчыны – мова, гісторыя, культура) – яны і самі гэта могуць апавесці.
Прыкметна, што калі Яўген Валошын забыўся радок уласнае песні – палова залы яму падспавяла! Што казаць, музыку, які завітвае сюды не ўпершыню, у Воршы любяць і спяваюць.
Аршанскія прэзентацыі непадцэнзурнай “Ладдзі Роспачы” прайшлі выдатна – Ворша памятае і шануе свайго самага славутага земляка!

P.S. Калі хочаце мець такую кнігу –гатовы падказаць як гэта зрабіць. Лістуйце labadzenka@gmail.com

Тэгі: