it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 20

Васіль Сёмуха – адзін з самых выбітных беларускіх перакладчыкаў – адзначае 75-годдзе. Дакладней, не адзначае, бо не любіць ўласнага дня нараджэння, не ўважае яго за свята. Мы гутарылі з Васілём Сёмухам напярэдадні. Гэта не была гутарка да дня народзінаў, спадар Васіль проста адказваў на пытанні пра сваё жыццё. Першая частка – пра дзяцінства і асабістае – выйшла ўчора. Сёння друкуем заканчэнне гутаркі.


“Мой найлепшы пераклад – латышская паэтка Візма Бэлшавіца”

-- Шырокаму чытачу Васіль Сёмуха вядомы найперш як перакладчык Бібліі і “Фаўста”. Потым ужо ідуць Шылер, Гейнэ, Ман, Гофман, Грымельсгаўзэн, Нішцэ, Брэхт, Гесэ, Рыльке, Зюскінд, Міцкевіч, Славацкі, Тувім, Сыракомля, Райніс, Чакс… А што вы самі лічыце сваім галоўным перакладам?

-- Гэта невялічкі зборнічак паэзіі Візмы Бэлшавіцы, латышскай паэткі, мае сучасніцы. Практычна равесніцы – яна з 1931 года, я з 1936, розніца невялікая, гэта маё пакаленне. Я з вялікай любоўю яе перакладаў, і з ёю кансультаваўся. У мяне захоўваецца 73 лісты ад яе... Гэты пераклад беларусы не заўважылі. Беларусы – людзі іншай ментальнасці. А яна – латышская інтэлігентка. Латышы жылі ў савецкім саюзе ненавідзячы гэты саюз. І яна, яе паэзія мне паказвала, чаму і за што. Тое самае было і ў мяне, гэта самае адчуваў і я. У нас было поўнае ўзаемаразуменне.

-- Але ж у вас гэта была пасіўная нянавісць, вы не былі дысідэнтам?

-- Не быў. Але я стараўся наколькі можна быць незалежным, ніколі не быў ні ў якіх партыях. Праўда, быў у піянерах, у камсамоле. Тады я быў малы і дурны – а цяпер я стары і дурны. (усміхаецца) Візма перадала ў сваіх вершах дух гэтага інтэлігентнага супраціву.

-- Біблію вы перакладалі 14 гадоў. Няўжо гэты адзін зборнічак паэзіі перацягнуў, пераважыў такую працу?

-- Пераважыў. Бо я Біблію перакладаў для людзей, а Візму – для сябе. Я хацеў, каб Біблію чыталі беларусы. Бо беларусы не хочуць па-беларуску чытаць, ім рускую падавай. Аднак я разумеў, што сінадальны пераклад даўно састарэў!

-- “Іжэ есі на небесі” – нічога не зразумець! А вашая Біблія чытаецца як захапляльная кніга! Аднак, ці не думаеце вы, што мэта сінадальнага перакладу – каб было “прыдыханне ад неразумення”?

-- Мая цётка Ганна так і малілася: “Ойча наш, ежу ясі на небясі… Хлеб наш насушаны дай нам есці…” Я пытаўся: “Цётка, што ты мелеш?..” І чуў: “У сраку пацалуй, так трэба!” Яны па-свойму разумелі – трэба, каб есці было! А тое неразуменне, за якое ўчапілася руская царква – яна хоча быць пасярэднікам між чалавекам і Богам. На тварах некаторых святароў так і чытаецца: “Я табе растлумачу, што гэта такое” А ты адкуль ведаеш, ты што, Бога бачыў? Паслухайце гэтых царкоўнікаў: яны ж усё ведаюць, што Богу наўме!

“Мой пераклад Бібліі не прызнаюць, але карыстаюцца ім!..”

-- Вам закідвалі тое, што Біблію павінен перакладаць святар, манах – а не вы, філолаг. Ваш пераклад можна назваць рэлігійным?

-- Канешне! А Скарына – ягоны пераклад рэлігійны ці не? Ён не быў святаром ці манахам. Гэта пытанне я задаваў кіраўнікам нашай праваслаўнай царквы. Адказваюць: “Мы шануем гэта, гэта вялікі культурны ўнёсак”. Але яны яго не прызнаюць, бо гэта перакладаў не манах, не царкоўнік.

-- І вы ж ведалі ў пачатку працы, што будуць праблемы з прызнаннем перакладу?

-- Мне гэты пераклад замовіў у свой час Уладыка Філарэт. Пачатак 1990-х, прыйшла незалежнасць, пачалася беларусізацыя – і царква захацела мець Біблію па-беларуску. Стварылі Біблійную камісію, запрасілі мяне, я згадзіўся. Ім быў патрэбен філолаг, перакладчык. Што можа непісьменны манах перакласці? Маліся не маліся – калі ты не філолаг, нічога не будзе. Светлай памяці ксёндз Чарняўскі з Вішнева пад Валожыным перакладаў Біблію. І маліўся, і пасціў – але яго пераклад недасканалы!.. Бо ён ведаў мову свае Валожыншчыны, як я – свае Смаляніцы…

-- Аднак ягоны пераклад прызнаюць больш шырока…

-- Прызнаюць ягоны, а карыстаюцца маім! Я вось слухаў набажэнствы на адныя Каляды, на другія. І праваслаўныя, і каталікі карыстаюцца маім перакладам! Толькі замяняюць “Ісуса” на “Езуса”, “Гасподзь” на “Пан” і гэтак далей. Адаптуюць кожны сам сабе. Але я бяру ў рукі Біблію – і бачу, што гэта мой пераклад!.. Тады, калі была створана Біблійная камісія, наперш я пераклаў Евангелле ад Мацьвея. Камісія прымала пераклад – галасавалі. Сталі галасаваць, як перакласці “благодать”. У мяне перакладзена “мілата Божая”, бо “благо” – гэта па-нашаму бяда, зло. А “мілата” – Бог любіць усіх! “Благодать” – гэта “даць дабро”. А што такое дабро? Я задаваў гэтае пытанне многім святарам. І ў кожнага быў свой “спіс дабра”, якое дае Бог. У выніку яны там нешта галасавалі, прынялі Мацьвея ў сваёй рэдакцыі, замянілі многія словы і выдалі кнігу, нават не пазначыўшы маё прозвішча. Каму толькі не падзякавалі – здаецца, нават прыбіральшчыцам, якія прыбіраюць фабрыку каларовага друку. Толькі ніводнага слова не знайшлося пазначыць, што гэта перакладаў Сёмуха. Я зразумеў, што так працаваць нельга, што і без іх упраўлюся – тым больш, ужо ўвайшоў, уцягнуўся ў працу. Мяне ў гэтай справе падтрымала Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, дзе быў Мітрапаліт Мікалай. Падтрымалі пратэстанты. Мітрапаліт Мікалай рэдагаваў мой пераклад, але канчатковае рашэнне пакідаў мне, перакладчыку. Ён дабраславіў гэтае выданне, а значыцца, яно не можа быць пад забаронай. Гэта не мае значэння, колькі зараз чалавек у Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве. Быў час, калі, напрыклад, у Сінайскай аўтакефальнай царкве было 30 вернікаў. І што? У выніку мой пераклад прынялі на службу таксама беларускія грэка-католікі. А нашыя каталікі не могуць яго прыняць, бо я праваслаўны. Але карыстаюцца – я гэта ведаю.

“На допыце Караткевіч уратаваў мяне, адвёўшы падазрэнне…”

-- Давайце вернемся ў ранейшы за пераклад Бібліі час, калі вас выгналі з выдавецтва. Што там былі за падзеі?

-- Яны былі вельмі складаныя, я пра гэта ніколі не казаў і зараз падрабязна казаць не хачу. Тады за мяне ўзялося маскоўскае КДБ, калі я быў яшчэ студэнтам старэйшых курсаў (рамана-германскае аддзяленне філфака МДУаўт.). Я ім, аказваецца, падыходзіў па іхных параметрах – сірата, якога дзяржава выпеставала, вылізала, у людзі вывела. І я павінен дзяржаве быць удзячны ў такой форме: мусіў сачыць за студэнтамі. Я адмовіўся, мяне выкінулі з інтэрната. Некалькі дзён начаваў у метро, а тады там збунтаваліся студэнты, мяне вярнулі і больш не чапалі. Толькі я прыехаў у Мінск – тут за мяне зноў узяліся (падзеі адбываліся ў пачатку 1960-х гадоў аўт.). Давялося адбрыквацца. Тады мяне Караткевіч і ратаваў, я яму ўдзячны за гэта. Падрабязнасцяў тае вярбоўкі я нікому не расказваў, апроч Караткевіча.

З Уладзімерам Караткевічам у выдавецтве "Мастацкая літаратура", 1962 год

-- А як вас Караткевіч ратаваў?

-- У Рагачове – хаваў мяне цэлае лета з дзедавай хаце. Якраз тое лета 1964 года, калі Валодзя напісаў там “Ладдзю Роспачы”. У гэтай жа хаце ён напісаў “Чазенію”, часткова “Каласы пад сярпом тваім”, часткова “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”…

-- Ад чаго канкрэтна вы хаваліся – вас маглі арыштаваць, забіць?..

-- Я хацеў проста, каб ад мяне адчапіліся.

-- На той час, калі вы хаваліся ў Караткевіча, ён ужо быў вашым блізкім сябрам?

-- Так. Мы сышліся, бо я быў ягоным рэдактарам. Па-другое, я быў знаёмы з “акадэмічнымі хлопцамі”, якіх пасля трэслі – Алесь Каўрус, Сцяпан Місько, Мікола Прашковіч, Уладзімір Караткевіч, Валянцін Рабкевіч… Я быў толькі, відаць, на двух сустрэчах-выпіўках гэтай кампаніі. І калі ўсіх накрылі, Валодзя Караткевіч на допыце казаў, што я туды ніколі не ўваходзіў, што я – новы чалавек, што яны толькі прыглядаліся да мяне.

-- Што гэта былі за сходкі, што за арганізацыя?

-- Ніякай арганізацыі, гэта былі людзі з Акадэміі Навук, з выдавецтва, вольныя інтэлігенты. Часам гэта называюць “акадэмічны асяродак”. Там абмяркоўваліся пытанні беларусізацыі. І нас вырашылі раскрыць-разграміць. Выкрывалі ў друку, з прозвішчамі. Звольнілі некаторых з працы, запалохвалі.

-- І вас тады ж з выдавецтва звольнілі?

-- Пазней.

-- І таксама цягалі на допыты?

-- Ні разу. Бо Караткевіч сказаў ім, што я ні пры чым.

-- А як вы патрапілі на гэтыя сходкі?

-- Я пазнаёміўся ў тралейбусе са Сцяпанам Міско. Ён пачуў, што я гавару па-беларуску – і падышоў. Высветлілася, што мы аднадумцы.

“Калі звольнілі з выдавецтва – два гады працаваў на трактарным заводзе”

-- Калі вас звольнілі з выдавецтва, вы пайшлі працаваць на трактарны завод?

-- Так, працаваў там два гады ў сектары інфармацыі, перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю. Паралельна выкладаў нямецкую мову ў школе – у восемдзесят восьмай, у трынаццатай, у сотай.

-- А чаму вас ўзялі на працу на завод ды ў школу, калі перад тым публічна цкавалі?

-- У тым і рэч,  што асабіста мяне не цкавалі – дзякуючы Караткевічу ды іншым хлопцам, якія адвялі ад мяне падазрэнне. Таму мяне – каб перастрахавацца – выгналі з выдавецтва – але ўказання не браць на працу, відаць, не было, таму я і змог уладкавацца. Потым мяне зноў прынялі ў выдавецтва – у выніку я працаваў там агулам 40 гадоў. І за гэты час не выслужыўся вышэй рэдактара. Гэта была мая мяжа. Памятаеце анекдот – што Карл Маркс эканаміст, а цёця Роза вышэй – яна старшы эканаміст. Так я быў старшым рэдактарам у выдавецтве. Пасля, калі памёр Рабкевіч – мяне прызначылі на яго месца, загадчыкам рэдакцыі перакладаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Але дзесьці праз паўгода раптам прысылаюць загадчыкам Барыса Сачанку. Я пытаюся, чаму так. “А мы вас не прызначалі” Як жа не прызначалі, калі вось, загад быў, я сам знаёміўся з ім і падпісваў! Але прыйшоў Барыс Сачанка, мяне паніжаюць да старшага рэдактара. Раз так – я зноў буду простым рэдактарам! Быў рэдактарам—і буду рэдактарам.

-- Не прыкра зараз, што ўсё жыццё былі на нізкай пасадзе, не былі вялікім начальнікам?

-- Мяне гэта ніколі не бянтэжыла, бо я ўсё жыццё працаваў не на пасадах, а працаваў перакладчыкам. Я быў у сферы свайго інтарэсу – рабіў тое, што люблю.

-- Як вам было рэдагаваць свайго сябра Караткевіча – ягоныя ўласныя тэксты і пераклады?

-- Я рабіў так, як Мітрапаліт Мікалай са мною – пакідаў аспошняе слова за аўтарам. Мая справа была паказаць і даказаць, што гэта кепска. І Караткевіч гэта выдатна разумеў – калі я даваў лепшы варыянт, ён яго прымаў.

-- Аднак вы прыгадвалі, што Караткевіч быў эмацыйны што да рэдактуры.

-- Эмацыйны! Ён мог сказаць: пасадзіце гэтага Сёмуху на прыпечак ракам і ўстаўце яму трубачкай у сраку ягоную рэдактуру. Але гэта – імпульс! На другі дзень мы ўжо ўабдымку рагочам!

-- Як сталася, што Караткевіч стаў хросным бацькам вашай дачкі Алесі?

-- Я проста прапанаваў яму – і ён адразу згадзіўся. Алеся ганарыцца гэтым! Сам хрост быў асаблівы. Час быў такі, што ў царкву не панясеш хрысціць дзіця. Божа барані! Дзіця маё хрысцілі ў Пружанах і запісалі хросным бацькам Валодзю Караткевіча, хаця на руках яе тады перад папом у яго на кватэры трымаў зусім іншы чалавек, муж мае пляменніцы.

“У Нямеччыне быў адзін раз у жыцці, хоць усё жыццё перакладаю з нямецкай мовы”

-- Я ведаю, што хоць вы ўсё жыццё перакладаеце з нямецкай мовы, але былі ў Нямеччыне толькі адзін раз. Чаму?

-- Бо мяне не выпускалі. Гэта было тайнае, ціхае цкаванне.

-- А ўласна за тое, што перакладаеце з нямецкай, не цкавалі?

-- Не, адно пусцілі пагалоску: а чаго гэта ўсе немцы, якіх ты перакладаеш, аказваюцца яўрэямі? Каб яны адчапіліся, я пераклаў ім Карла Маркса!.. Юнацкія вершы, дзе ён несамастойны паэт, дзе выразна відаць, якіх нямецкіх паэтаў ён перапявае, запазычвае. Як і ўсе мы ў паэзіі кагосьці можам пераймаць.

-- Дык калі была вашая адзіная паездка ў Нямеччыну?

-- Гэта быў ужо 2002 год. Дзеці мае ўжо даўно да таго часу аб’ехалі ўсю Еўропу, а я сядзеў. Я спрабаваў і раней, аж аднойчы мяне знялі з цягніка на мяжы ў Гродне. Пачалі пытацца, ці ведаю я таго, гэтага. Потым кажуць: вам нельга ехаць. Гэта было на самым пачатку 1990-х. Да 2002 года я не спрабаваў. А даехаў туды нарэшце з Валодзем Папковічам, які працаваў у нямецка-беларускім таварыстве дружбы ў Вецлары. Там ведалі пра мае пераклады, запрасілі мяне. Мы паехалі на аўтобусе, без аніякіх праблем. Там мяне пасялілі на кватэры ў гаспадароў, вельмі добрых людзей. Вадзілі на экскурсіі, паказвалі славутыя мясціны, вазілі па гётэўскіх мясцінах у Ваймар, Франкфурт, Майнц, Гановер…

-- Вашыя ўяўленні пра гётэўскія мясціны супалі з рэчаіснасцю?

-- Так, бо я шмат бачыў іх на здымках, шмат ведаю пра іх. Мяне ўразілі рэчы, якіх не адчуеш са здымкаў. Каб вы ведалі, на якім ложку спаў Гётэ ў Ваймары!.. Цвярдзей рэчы не бывае! Паехалі ў Франкфурт, дзе дом-музей Гётэ. Перад гэтым пайшлі перакусіць у кавярню ў цэнтры. Лета, гарачыня, жнівень, вокны адчыненыя, на вокнах стаяць вазоны з кветкамі. Мы селі пры вакне, я – спінаю да яго. Торбачка мая з грашыма і дакумэнтамі вісіць на спінцы крэсла. Сядзім, балясы точым, ямо. Паабедалі, цяпер пойдзем у музей Гётэ. Ну пойдзем. Хап – а торбы мае няма! Туды, сюды – няма мае торбы! Глядзім – а яе роўна з вакна, прасунуўшы ціхенька руку між вазонамі, відаць, нехта ўкраў… Мы звярнуліся ў паліцыю… Карацей, нічога не знайшлі, нічога мне не вярнулі. Мае спадарожнікі апраўдваліся: “Ведаеце, гэта дакладна не немец украў, сюды ж у Франкфурт, фінансавы цэнтр,  усякая набрыдзь з усяго свету збіраецца!..” Які мне ўжо быў той дом-музей Гётэ, калі я пасярод Заходняй Еўропы стаю, як дурань голы, без дакументаў і грошай!.. Немцы звазілі мяне ў Бонн у беларускае пасольства – так я яшчэ і Бонн пабачыў. Там мяне прымаў нейкі палкоўнік, які ў беларускім пасольстве па-беларуску гаварыць не ўмеў… Кажу, дайце мне дакумент які, каб я дадому вярнуўся! Кажа: а мы ж не ведаем, хто вы такі. Я ім назваў кучу народу ў Мінску, хто можа пацьвердзіць… Карацей, каля тыдня мне паперку давалі. У выніку я тры лішніх дні прабыў у Нямеччыне, атрымаў часовае пасведчанне, дзе было напіснаа, што “белорусское посольство и власти Германии просят пограничные службы оказать содействие в возвращении этого гражданина по указанному адресу”. Я паехаў дамоў  у Мінск. У Польшчы дачапіўся нейкі кантралёр у цягніку: гэта не пашпарт, я вас не прапушчу ехаць далей! Сварыліся з ім сварыліся. Ён пачаў адкрыта вымагаць хабар. У выніку я яму кажу: ок, высаджвайце мяне на наступнай станцыі, я выходжу пасярод горада перад вашай мэрыяй і сядаю на брук. Мяне забяруць у паліцыю – я ім раскажу, што здарылася. І вы мне аплаціце і дарогу да Мінска, і прыбыванне ў вашай Польшчы. Гэта падзейнічала. Ён зразумеў, што на лапу не атрымае – і адчапіўся.

“Я перакладаў тыя творы, якія хацеў бы сам напісаць”

-- Калі вы выкладалі ў нас у ліцэі, то казалі, што словы перакладаюцца словамі, а вобразы – вобразамі. Ці сталі перакладзеныя вамі аўтары хоць трошку беларусамі?

-- Я думаю, так.

-- Таму ў вашым перакладзе “Фаўста” больш радкоў, чым у арыгінале Гётэ?

-- Там не так і многа – дзесьці 110 радкоў на 14 тысяч. Палова ці больш з іх – доўгі радок, які я сёк напалам, бо не ўлазіў. Адсябечыны там няма. Бывае так, што чатыры слоўцы па-нямецку – а іх не скажаш чатырма беларускімі, цэлы сказ доўгі атрымліваецца. Калі дакладным быць, трэба мінімум два радкі запоўніць. Альбо выйдзе абрубак, які не будзе адпавядаць тэксту.

-- Спадар Васіль, перакладаючы ўсё жыццё іншых, вы ахвяравалі сваёй творчасцю?

-- Я рэалізаваўся як творца!

-- Аднак гэта ж усё адно творы Гётэ, Нішцэ, Бэлшавіцы!..

-- Гэта – творы Сёмухі! Бо я пераклаў тыя творы, якія хацеў бы сам напісаць. Калі б я пісаў штосьці, я б хацеў так напісаць. Я так думаю. Чаму мне найбольш дарагая Візма Бэлшавіца? Калі б я пісаў свае вершы – я пісаў бы іх пра тое самае! Але гэта яна рабіла, яна гэта ўмела – а я так не ўмею. Я так мыслю, але напісаць так я не ўмею. А што я ўмею? Я ўмею сказаць гэта чытачам вершамі Візмы.

Візма Бэлшавіца (1931-2005)
пераклады Васіля Сёмухі

Майму харошаму

Ты добры і, дзе я была, — ня спытаеш.
Глядзі, наш малюе малыш,
І чалавек у яго большы за дом.
У кветкі была я, ты знаеш.
Чым з кветкай зраднілася, знаеш.
Глядзі, наш малюе малыш.
І большая кветка за дом.

Іду я дамоў, ты насустрач… Але
Ты – большы за дом.
І кветкі стаяць на маім стале,
Большыя кветкі за дом.

Чорная пара

Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуванне:
Неўзабаве зялёная замець абвее гонкі бярэзнік.
Сарамлівасць паўночнай любові ў гэтых бярозах весніх.
Пачакаем. Спатолім сэрца спакоем. Затоім дыханне.

Ня бачыць, ня слухаць бярозавых пупышкаванняў.
Яшчэ немасць між енкам савіным і жаўруковай жалейкай.
Яшчэ рыса глухая між белым і зелянкава-клейкай.
Ня зелень яшчэ, толькі лёгкая здогадзь і прадчуванне.

Чаканьне песьні

бо вясна настае тады
калі рыжыя жабы ў канавах
сядзяць і чакаюць кагосьці
і вада серабрыцца сонцам
шарыньнік янтарны палошча
і з пасушы зелень свіціцца
і жабы чакаюць
вялікай гадзіны сьпяваньня
калі завіруе ад шчасьця
вада і запеніць канавы
жабінымі песьнямі
а толькі далёка яшчэ
а толькі глыбока па горла
і рыжыя жабы ў канавах
залацістыя вочы лупяць
на сонейка залатое
чакаючы песьні

Хвоя з голым карэньнем

Хвоя ці дзюна чым вінавата,
Што асыпаецца з кораня глеба?
Корань слабы – ці ня рана і шатам
Гоніста гнацца ў высокае неба?
Трэба ў глыбіні?
Доляю клятай
Голая ганьба наканавана.
Ты за аснову ўчапіцца ня можаш,
Рост не пачнеш болей нанава.
Жыць над прорвай? Крый божа! –
Гэта жахліва.
На дыбачках пнуцца
У непазбыўнай тузе па апоры
Моцнай камлю…
З сорамам гнуцца
І чырванець, прасьціраючы ўгору
Рукі вячэрняй зары шчасьліва.
Што ж я бядую? Даволі! – Над морам
Сутнасьць твая і краса – як дзіва!

Тэгі:

1,939 праглядаў