it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 18

Васілю Сёмуху споўнілася 75. Але ён ненавідзіць свой Дзень народзінаў, у гэты дзень не бярэ слухаўку, не адказвае на лісты, не прымае віншаванні. Каб не злаваць юбіляра, змяшчаем гутарку з творцам сёння (юбілей быў учора). Яна спецыяльна запісвалася загадзя, пад відам “проста гутаркі для газеты”. Калі б Сёмуха пачуў, што гэта гутарка да ягонага юбілею, мяркую, вы б не чыталі гэтых радкоў. Такі ягоны характар – чалавека, які пераклаў Біблію і “Фаўста”, які мае дзяржпрэмію Беларусі, высокія ўзнагароды Нямеччыны і Латвіі, найлепшыя сябры якога – Брыль, Караткевіч і Барадулін. Першая частка гутаркі – пра асабістае.

“У школе мяне звалі Васіль Ясэнскі”

-- Спадар Васіль, за што Ваш сябар, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін называе вас казлом?

-- Ну правільна называе! Паміж сябрамі не бывае брыдкіх слоў. Бывае ўсё вельмі справядліва!.. Для мяне гэта вельмі харошае слова, я яго заўсёды прымаў – ён і ў вочы называе мяне казлом. І мне прыемна гэта чуць ад Барадуліна, я не ведаю нават, чаму.

-- Як вы яго называеце?

-- Рыгор. Рыгорка. Часам Грыша, але вельмі рэдка.

-- Між “казлом” і “Рыгоркам”, здаецца, вялікая розніца…

-- Ён на год старэйшы за мяне. Я не магу называць яго неяк інакш. Усе мае сябры, якія былі – Брыль, Караткевіч – яны былі хто на год, хто на дзесяць, хто на васямнаццаць, як Брыль – старэйшыя за мяне. І я трымаў гэтую дыстанцыю.

Грыша мае поўнае права называць мяне казлом.

Калі б мне гэты было непрыемна, яб сказаў: “Грыша, так мяне не называй”.

-- Дык за якія рысы характару ён вас так называе?

-- Чорт яго ведае! Трэба ў яго перапытацца.

-- Як вас яшчэ ў жыцці называлі, былі нейкія мянушкі?

-- У школе называлі Васіль Ясэнскі – бо я быў з хутара Ясэнэц. Перасяленец – спачатку ў сяло, потым у Пружаны.

-- Вы ніколі не бралі сабе гэтую мянушку як псеўданім?

-- Браў. Пры перакладзе Караткевічавага рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі”. Гэта быў мой псеўданім.

-- Здаецца, раман той пераклад рамана так і не быў надрукаваны?

-- Не друкаваўся. Яго набор быў рассыпаны. Караткевічу як маглі ставілі палкі ў колы…

“Для мяне было шчасце мыць засраныя пялюшкі мае дачкі…”

-- Упартасць, за якую вас празвалі казлом, прыносіла вам нязручнасці ў жыцці?

-- Наадварот, мне гэта дапамагала. Бо калі папусціцца, то кожны на карак сядзе і будзе паганяць па сраццы. Трэба быць упартым. Я ўпарты.

-- Вы ўпарціцеся толькі ў прынцыповых пытаннях ці гэта стыль паводзінаў такі?

-- Хутчэй – стыль паводзінаў. Хоць у паводзінах я магу і адступіць, а ў прынцыповых пытаннях – не. Там ужо – да канца.

-- Гэта тычыцца ўсіх, нават каго вы любіце?

-- Асабліва!

-- Ну добра. Прыходзіць да вас унучка і кажа, што хоча вам на шпалерах намаляваць рожыцу. Вы будзеце ўпарціцца?

-- Намалюй! Вось яна мне ўжо колькі малюнкаў зрабіла (у пакоі вісіць шмат малюнкаў на сценах – аўт.). Але гэта іншая справа – яна ўнучка! Для мяне было незразумела, чаму я яе люблю больш чым сваіх дзяцей. Учора яны ў мяне былі, і сын мне патлумачыў: “Гэта вельмі проста. У дзядоў і бабуляў менш клопату!” І праўда – для мяне гэта свята, а ў яго гэта кожны дзень вялікі занятак!” А ў старасці гэта радасць – ты бачыш, чаго ты дасягнуў, чым ты сканчаешся, і што пачынаецца з гэтага.

-- А калі вашыя дзеці былі маленькія, вы былі клапатлівым бацькам? Некаторыя жонкі творчых людзей скардзяцца, што ён “і паліцу не павесіў, і сраку дзіцю не выцер”.

-- У мяне было крышачку інакш. Чамусьці мая жонка і мая цешча, асабліва цешча, неўзлюбілі дачку маю . Тая толькі радзілася, недзе пару тыдняў, і я заўважыў раптам, як мая цешча… Тады ж ніякіх падгузнікаў не было, былі пялюшкі,  якія трэба было бясконца мыць і сушыць. Гляджу – абасраная пялёнка. І мая цешча бярэ – і яе пачынае ледзьве-ледзьве не ванітаваць. Міля мая! Я быў страшэнна здзіўлены.

Бо мне мыць мялюшкі з гаўном майго дзіцяці – гэта вялікая асалода.

Яно мне, гэтае гаўно, пахла, а не смярдзела!..  А жонка таксама неяк халодна-халодна ставілася да гэтай дзеўчынкі маёй маленькай. Аж пакуль ні нарадзіўся сын праз два гады. Там гэтага хлопца – ужо яму толькі ў сраку дзьмухалі! Ужо мяне нават і не дапускалі да яго – гэта быў любімец бабы і маці. А Леся засталася на маіх руках практычна. У адной сям’і два розныя выхаванні. Цешча ненавідзела гэтую Лесю, а я да яе прыкіпеў усёй душой. Я не забуду тую сцэну, як яе ванітавала ад пялюшак…

-- Можа, якая шляхцянка была?

-- Якая шляхцянка, што вы гаворыце – з Уваравіч пад Гомелем, яна і маю жонку, байстручку, нагуляла невядома з кім!..

-- А цяпер жа сталася наадварот - -вычасцей бачыце сына, чым дачку?

-- Ну так, лёс склаўся, што я жыву ў адным горадзе з сынам і кантактую з яго сям’ёю, а Алеся жыве ў Амерыцы і кантактуе са сваёй маці, якая ненавідзела яе. Яна яе ненавідзіць і зараз. Але яе ў адказ і ўнукі не любяць – дзеці Алесі.

-- У якім парадку гэта было: вашая жонка з’ехала – і вы разышліся, ці вы разышліся – і яна з’ехала?

-- Мы спачатку разыйшліся, і тады яна з’ехала. Яшчэ да таго, як паехала Алеся – бо мела там сваякоў. А тое, што мая дачка паехала – я да гэтага часу шкадую… Хоць гэта сямейнае – яшчэ ў 1895 годзе ў Амерыку на заробкі з’ехаў мой дзед па матчынай лініі. Потым паехаў адзін яго сын, другі, трэці, чацверты… Усяго ў яго было 8 дзяцей, з якіх з’ехалі шэсць.

“Першы ўспамін дзяцінства – як у 1939 годзе бацькі галасавалі…”

-- Ці не з хутара ваш такі хутаранскі характар?

-- Відаць, адтуль. Маё дзяцінства прайшло там, дакладней першыя шэсць ягоных гадоў. А далей ужо – вайна, і жыў ужо ў цёткі Ганны ў суседняй вёсцы… Бацькоў арыштавалі летам 1942 года, дзесьці ў ліпені. Яны былі ў гэты момант у хляве ці на двары. А дзіця, я, ляжала ў хаце, накрытае з галавою. І калі я прачнуўся, то пабачыў, што нікога ў хаце няма і чужая гаворка. Немцы.

-- Дарэчы, гэта ваш вершы ўспамін пра дзяцінства?

-- Я памятаю першы дзень вайны, калі нас у Ясэнцы абстралялі. Ляцелі самалёты спачатку за лес, потым там раздаліся выбухі, бамбілі Ружаны. Потым яны ляцелі абратна – і пачалі страляць. Мы адразу пагналі каровы ў лес. Ніводную яны не забілі. А потым немцы збілі савецкі самалёт, ён упаў за агародамі Смаляніцы.

Лётчык выкінуўся, але яго расстралялі ў паветры, пакуль спускаўся на парашуце. А з таго самалёта ўся Смаляніца ўсю вайну рабіла міскі, лыжкі…

З парашутнага шоўку забітага лётчыка кабеты ўсяе вёскі зрабілі сабе сачыкі (блузачкі з паяском), дужа модныя, і насілі іх у святочныя дні. …А першы ўспамін ведаеце які? Як у 1939 годзе да нас прыязжалі галасаваць на выбары за далучэнне да БССР. Памятаю, як мае бацькі кідалі ў скрыначку два лісточкі – адзін блакітны, а другі ружовы.

-- Дык гэта адбывалася яшчэ як хутар быў пад Польшчаю?

-- Не, выбары былі, як ужо вызвалілі. А нарадзіўся я грамадзянінам Польшчы. Мог бы і “карту паляка” атрымаць, але я не ставіў такой мэты. У царкве ў Смаляніцы, дзе мяне хрысцілі, павінны быць дакументы.

-- Вы праваслаўны?

-- Мая маці была пратэстанткай, а выйшла замуж за праваслаўнага.

-- Сына вы назвалі ў гонар свайго бацькі?

-- Так.

-- А дачку?

-- У гонар Дамашэвічавай дачкі (пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча – аўт.) Мне дужа спадабалася гэтае імя.

-- Яно было тады рэдкае?

-- Вельмі рэдкае! Я меў вялікі клопат у ЗАГСе, каб зарэгістраваць гэта імя! Мне крычалі, што “няма такога імя” і тыкалі нейкі там спіс “дазволеных” імёнаў. Толькі “Аляксандра”!.. Я кажу: “Зарэгіструеце! І толькі “Алеся”, праз “а”! Гразіўся ім, што ў адваротным выпадку пайду да пракурора. Там сядзеў афіцэр у цывільным, які папёр на мяне. Я на яго цыкнуў. Кажу, сваю дачку як захочаш будеш называць, а мне зарэгіструйце Алесю. Потым, дарэчы, высветлілася, што ў Дамашэвіча дзяўчынка была Аляксандра. І мая Алеся сталася ці не першай у Мінску.

-- Дык а сам вы хто па нацыянальнасці: польскі праваслаўны беларус?

-- Паляшук! То бок, цяпер я беларус, але нарадзіўся як паляшук, хоць і грамадзянін Польшчы. Пры перапісы я пазначыў, што я беларус, але мая родная мова – заходнепалеская. Іншыя мовы, якія ведаю напісаў – беларуская, руская, польская, нямецкая, латышская…

-- А на заходнепалескую мову вы што-небудзь перакладалі?

-- Трошкі перакладаў. У “Фердыдурцы” Вітальда Гамбровіча ёсць дыялогі, дзе героі гавораць на палескай мове, крыху апалячанай – у тых мясцінах якраз адбываюцца дзеянні. Там я ўжо  адвёў душу. Так гаварылі ў нас у Смаляніцы.

“Немцы збівалі бацькоў, цкавалі сабакамі, а пасля расстаралялі…”

-- Дык тады, калі вы прачнуліся адзін у хаце, вы пабачылі немцаў?

-- Якраз тады іх не было ў пакоі. Але я адразу зразумеў, што гэта немцы. Ведаў ужо, што гэта такое. Яшчэ зімою немцы дапытвалі нас у хаце. Мама сядзела за кроснамі ткала, я сядзеў злева ад яе. Яна кідала чаўнок, а я кідаў яго абратна.

На кухні білі бацьку. Адзін немец увайшоў у пакой, прыставіў маме пісталет да галавы.

Пачаў нешта пытаць. Яна адказвае – бо ўмела гаварыць па-нямецку. Скончыла Пружанскую гімназію – ведала польскую, нямецкую, рускую, ідыш. Я не разумеў, што немец пытае, што мама адказвае. Потым ён прыставіў пісталет да мае галавы, зноў у яе нешта пытаў. Раптам на кухні ляснуў стрэл. Мы скалыхнуліся. Немец пайшоў туды і больш да нас не вяртаўся. А там застрэлілі сабаку Мэру. Такі вялікі рыжы паляўнічы сабака быў. Бацька ж працаваў лесніком, быў і паляўнічым. Выцягнулі Мэру на двор. І Мэра, праўда, праз дзень ажыла, хоць ёй куля пайшла ў лоб. Яна нічога не разумела, была як дурная, не слухалася камандаў. Пажыла яшчэ з месяц і памерла. А другі сабачка Вятка, маленькі такі, выскачыў з хаты і ўцёк. Немцы застрэлілі яго ўжо ў Смаляніцы. Немцы чамусьці ўсіх сабак білі. Мабыць таму, што сабакі ўсчынялі вялікі брэх, як толькі тыя заходзілі ў вёску.

-- Як вы, шасцігадовы, выбраліся тады з хаты?

-- Калі ў хаце пацішэла, я хоп! з-пад гэтай коўдры – і пад ложак. І сядзеў там трое сутак у забыцці, спаў, прачынаўся. Бо яны ўсіх нашых забралі, а самі размясціліся ў нашай хаце, зрабілі засаду на партызанаў. За гэта маіх бацькоў і схапілі – бо падазравалі ў дапамозе партызанам. Некалькім дзён я толькі бачыў нямецкія боты, якія праходзілі міма ложка, па якім я сядзеў. Чуў нямецкі гергет. А пасярэдзіне пакоя яны склалі “стажок” з гранат – з драўнымі ручкамі такія. Потым яны, як я зразумеў, абсталялі патрызан у лесе – то бок, выканалі задачу свае засады. Нашую хату вырашылі разабраць і перавезці ў вёску пад камендатуру. Бо хата была новая, вялікая, на тры пакоі – у сяле такіх не было, а бацька-ляснік мог сабе дазволіць. А ў вёсцы жыла мая цётка Ганна, бацькава сястра. Туды вывезлі бацькоў, і калі іх вялі па вуліцы, мама паспела крыкнуць цётцы, што “Вася ў хаце застаўся”. Немцы пагналі сялян з вёскі перад разборкай хаты перавезці на падводах усю маёмасць. Туды напрасілася дапамагаць і мая цётка Ганна. Яна і выкалупала мяне з-пад ложка, забрала. З хаты знялі дахоўку, ажно нехта з’явіўся са Смаляніцы з новым загадам: перадумалі перавозіць, паліце ўсё к чорту. Так нашая новая хата згарэла на маіх вачах. Камандаваў гэтым немец па прозвішчу Люман. Усю вайну я жыў у цёткі, не ведаў, што з бацькамі. Яна супакойвала, казала, што ёй снілася маці, што яна жывая.

-- Як даведаліся праўду?

-- Што з бацькамі нешта страшнае, я зразумеў адразу. Ад усяго гэтага ў мяне пачалася хвароба – нетрыманне. Ні вялікага, ні малога. Цётка вадзіла мяне да шаптух. Памятаю, як шаптуха макала хлебны мякіш у гаршчочак з цёплай вадой і вадзіла ім па маім жываце, шэпчучы пры гэтым малітвы. Дапамагло! Але пасля я захварэў на крываўку – дэзінтэрыю. Ад гэтага памерла ўнучка цёткі, а я вычухаўся. Паўтары месяцы цётка варыла мне рэдзенькае проса, больш нічога я есці не мог. Пад канец не было і надзеі, што я выжыву – у мяне выпала кішка. Як панчоха – звісала сантыметраў на 20 са сракі. Я помню, за сталом сабраўся кансіліюм – цётка, другая цётка, суседка, яшчэ адна суседка.

У выніку суседка Сёмуха Орына абматала нечым такім палец, змазала і мне гэтую кішачку ўправіла. І яна больш не выпадала, і да гэтага часу не выпадае!

Гэта быў апошні ратунак, што маглі гэтыя бабы прыдумаць – засунуць кішку абратна! Я выкараскаўся, а ў сяле памерла чалавек трыццаць. Кожны дзень я бачыў, як за вакном неслі новы крыж, некага зноў хавалі.

-- Як вы даведаліся праўду пра лёс бацькоў?

-- У Пружане ў турме сядзела жанчына, якая прыехала ў госці з Масквы, і вайна яе захапіла тут. Немцы яе ў выніку выпусцілі. Яна сядзела ў адной камеры з маёй мамай. Распавяла, як маму моцна білі, цкавалі сабакамі – сабака адарваў ёй цыцку… Пасля іх з бацькам вывезлі ў Слабудку і расстралялі ў агульнай яме. Усяго немцы знішчылі там 5000 чалавек.

-- У вас, мабыць, ужо пыталіся гэта. Немцы знішчылі вашых бацькоў. А вы пасля гэтага ўсё жыццё перакладалі з нямецкае мовы…

-- Разумееце, гэта была мова, якую ведала, на якой магла размаўляць мая мама…

Працяг будзе

Тэгі: ,