it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 14

Мастак Уладзімір КРУКОЎСКІ  выдаў кнігу гербоў беларускай шляхты – “Срэбная страла ў чырвоным полі”


Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінскім “Кніжным салоне” (Калініна, 5). Пасля прэзентацыі мастак адказаў на нашыя пытанні.

-- Спадар Уладзімір, гербы, прыведезныя ў кніге – яны ўзятыя з нейкіх крыніц ці вы як мастак іх аднавілі?

-- Што вы, я не займаюся аднаўленнем гербаў! Усе гербы ў кнізе – аўтэнтыка, фотаздымкі (не перамалёўкі!) гербаў, якія ўдалося расшукаць галоўным чынам у Нацыянальным гістарычным архіве, а таксама ў іншых архівах, музеях Беларусі.

-- Няўжо яны ўсе захаваліся ў каляровых выявах?

-- Многія – так. Бо колер іграе вельмі важную ролю, ён шмат распавядае пра герб. Калі фон шчыта блакітны, і калі – чырвоны, то гэта дзве розныя рэчы. Таму перамалёўка і тым больш “аднаўленне” гербаў па апісанню – вельмі складаная і далікатная справа. Даў троху не той колер – гэта ўжо іншы герб. Не так намаляваў ці змяніў дэталь вершніка – герб азначае ўжо нешта іншае. Такім чынам, удалося расшукаць і ўключыць у кнігу 156 каляровых выяваў гербаў. Чорна-белыя ілюстрацыі ўзятыя са старых выданняў. Агулам выходзіць каля 200 гербаў. Іх выявы я не кранаў ніякім чынам.

-- Якую мэту вы ставілі перад сабой пры ўкладанні кнігі?

-- Перш за ўсе – сабраць гэты цікавы матэрыял, апрацаваць яго і давесці да людзей. Вы, пэўна, ведаеце, як нішчылі нашую шляхту царскія ўлады. Пра бальшавікоў я ўжо і не кажу – тыя татальна ўсё вынішчылі, увесь напамін пра шляхетнасць… Але ў часы ўваходжання Беларусі ў Расейскую імперыю ўсімі спосабамі, якімі толькі можна царскі ўрад нішчыў нашу шляхту. Выключалі з усіх спісаў, дзе толькі можна. Пазбаўляў шляхецтва. Цэлымі тысячамі высылалі на Усход, у Сібір… Таму мая першая задача была – візуальнае азнаямленне чытача з маляўнічай спадчынай. А больш глыбока – паказаць людзям, што ў нас была сапраўдная, натуральная, беларуская шляхта. Не польская шляхта і не расейскія дваране, а нашая, тутэйшая, беларуская шляхта.

-- У непадрыхтаванага чытача ўзнікне пытанне: чаму адным гербам маглі карыстацца 20 ці 30 прозвішчаў, сем’яў?

-- Такая была нашая традыцыя. Калі ў заходняй Еўропе герб вызначаў асобу – кожны рыцар, кожны шляхціц меў свой герб – то ў нас герб быў больш шырокага ўжытку. Таму адным і тым гербам маглі карыстацца Вярбіцкія і Статкевічы, Вайткевічы і Кожухі… Ёсць гербы-чэмпіёны. Вось герб “Ястрабец” быў самы распаўсюджаны на Беларусі – пад гэтым гербам існавала каля 300 розных родаў!..

-- Хто гэта вырашаў – дазволіць роду карыстацца гербам ці не?

-- Даўней гэта вырашаў князь ці кароль, у царскія часы вырашаў урад або мясцовыя губернскія дваранскія сходы. У Пецярбургу быў цэлы дэпартамент, які займаўся гэтымі пытаннямі. Гербы часам раздаваліся за нейкія асабістыя ці дыпламатычныя поспехі, а маглі і даць герб за тое, што своечасова паднёс келіх віна каралю…

-- У кнізе, вы кажаце, каля 200 гербаў. Гэта – усе гербы беларускай шляхты?

-- Што вы! Беларуская шляхта карыстала каля 900-1000 гербаў!

-- То бок, вашую кнігу энцыклапедыяй не назавеш?

-- Не, давайце назавем прасцей – даведнік.

-- Ці тлумачыце вы ў кнізе, якія элементы гербоў што значаць?

-- Не, я спасылаюся на крыніцы, де гэта тлумачыцца. На гэтую тэму напісана настолькі шмат нашымі, расейскімі ды польскімі геральдыстамі – што паўтарацца не было сэнсу. Задача была – даць дакладную выяву герба і паказаць, якія роды ім карысталіся. Паказаць, што гэта – беларускія роды. А то, ведаеце, як парасцягалі маёмасць нашую ў розныя часы, гэтак парасцягалі і нашую шляхту. Праваслаўны? Значыць, ісцінна рускі, дваранін! Каталік? Значыць, праўдзівы шляхетны паляк! А мы дзе, дзе нашая шляхта – бульбу выбірае?! зямлю арэ!? А вось мы – у гэтай кнізе!

-- Якія самыя незвычайныя выявы трапляліся вам на гербах? Можа, які певень ці казёл…

-- Пеўня я не сустракаў у часе пошукаў – хаця мог і быць… Казла сустракаў. Увогуле, ёсць пяць асноўных тэматыкаў выяваў. Першая – узбраенне: стрэлы, дзіды, конскія падковы, меч, шалом… Другая – жывёлы, птушкі. Трэцяя – архітэктурныя дэталі: брама, вежа, кавалак мура… Далей – рэлігійныя сімвалы. І рэшта – астранамічыя сімвалы: месяц, сонца, поўня, зоркі… А, яшчэ забыўся сказаць – асобную групу складаюць часткі чалавечага цела: рука, вока, галава, нага... Нага ўзброеная ці аголеная – гэта значыла зусім розныя рэчы! У кожнай групе хапае загадкавых сімвалаў і выяваў. Скажам, выяўлены шасціканцовы крыж на гербе “Сухакамнаты”, і адно ніжняе плячо зламанае ці наогул адсутнічае. Ці, скажам, вельмі стары герб “Гіпацэнтаўр”: кентаўр страляе з лука ва ўласны хвост у выглядзе змяі! Як гэта ўтварылася?.. Вядома толькі, што гэты герб прывандраваў да нас са Старажытнага Рыму. Такія гербы сягаюць далёка ў сівыя стагоддзі.

-- Колькі часу пайшло ў вас на стварэнне кнігі?

-- Калі лічыць ад задумы да выдання – 17 гадоў.

-- Я так разумею, што “Звязда” адыграла тут пэўную ролю?

-- Яшчэ якую! Са “Звяздой” звязаны і мой асабісты радавод – газета надрукавала яго ў верасні 1990 года надрукавала яго! А цягам 2007-2008 года ў “Звяздзе” фактычна балі надрукаваныя ўсе каляровя гербы, якія ўвайшлі ў кнігу. Раней гербы друкаваліся таксама ў часопісе “Спадчына”. Ясна, што ў кнізе яны якаснейшыя, большага памеру, дададзена інфармацыя. Калі гэта друкавалася ў “Звяздзе”, я адчуваў самае каштоўнае – жывую рэакцыю: чытачы прысылалі мне лісты, тэлефанавалі!.. Значыцца, не дарма я гэта ўсё рабіў!

-- Як вы ставіцеся да таго, што сёння многія людзі, якія фактычна не маюць шляхетных каранёў, актыўна пачынаюць іх шукаць, знаходзяць шляхетнае прозвішча ў якой там прабабулі, адразу ж бяруць сабе той герб, трохпавярховае прозвішча…

-- На здароўе! Хай бяруць! У іх жа ёсць гены той прабабулі? Значыцца, могуць браць! У наш час за гэта ўжо не даюць прывілеі, а калі чалавек ад гэтага будзе адчуваць сябе больш годна – калі ласка!

-- Як вы лічыце, калі чалавек захоча сабе сёння вымысліць герб, якія выявы могуць на ім быць?

-- Усё што заўгодна! Абы б гэта было падпарадкавана правілам гербаўтварэння.

-- І што, калі чалавеку падабаецца Нацыянальная бібліятэка – хай малюе на гербе?

-- Бібліятэку? На гербе? Калі ласка! Прыдумайце форму шчыта, колер – і малюйце! Хочаце “алмаз ведаў” – на здароўе!

-- Ці можа звычайны чалавек самастойна працаваць над пошукам свайго гербу?

-- Ведаеце, напрыклад, у нашых суседзяў літоўцаў гэты фонд у архіве адкрыты – прыязжай, фатаграфуй, капіруй, перапісвай... А нашыя местачкоўцы ў Нацыянальным гістрычным архіве закрылі – толькі іх супрацоўнікі могуць там шукаць! А вы за гэта заплаціце вялікія грошы!.. Гэта зроблена пад выглядам клопату – маўляў, “спарахнелыя дакументы”. А чаму ў літоўцаў такія самыя дакументы не спарахнелыя!? Добра. Спарахнелыя – дык адскануйце, хай людзі шукаюць у электронным варыянце, як гэта робіцца ва ўсім свеце. Дык не. Плаці грошы.  Для чаго гэта зроблена? Нехта хоча зарабіць на жаданні беларусаў аднавіць памяць пра сваю шляхетнасць?..