it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 13

Павел Валынцэвіч аддаў служэнню царкве 63 гады, увесь гэты час паралельна фіксуючы навакольнае жыццё на камеру

Адзіны ў Беларусі святар-фатограф Павел Валынцэвіч

Сёння, 14 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі а 16-й гадзіне адкрыецца выстава "Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя". Незвычайнасць у двух момантах — гэтыя паўстагоддзя пачаліся здымкам царквы ў вёсцы Касута Вілейскага раёна ў 1900-м годзе. І другі: Павел Валынцэвіч — праваслаўны святар, які аддаў царкве 63 (!) гады. Ён — адзіны ў Беларусі святар-фатограф. На выставе паказаны 130 здымкаў, усяго выяўлена каля трохсот.

Знаходка, адкрыццё і атрыбуцыя гэтых здымкаў і негатываў — заслуга трох чалавек: калекцыянераў Змітра СЯРЭБРАНІКАВА ды Ігара СУРМАЧЭЎСКАГА, а таксама фатографа Уладзіміра СУЦЯГІНА. Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" пабачыў здымкі першым з журналістаў — як толькі іх прывезлі ў музей і пачалі развешваць.

Адкрывальнікі фота: злева направа Зміцер Сярэбранікаў, Уладзімір Суцягін, Ігар Сурмачэўскі

"З пачатку ХХ стагоддзя такіх здымкаў захавалася надзвычай мала!"

Усё пачалося з таго, што спадарам Зміцеру і Ігару ў Мінскім клубе калекцыянераў прапанавалі набыць цікавыя арыгіналы негатываў, на якіх значыліся даты, самыя раннія з якіх — 1900-01 год.

— Я заўжды цікавіўся гісторыяй Беларусі, — кажа Ігар Сурмачэўскі. — І мяне вельмі здзівіла, што гэта — непастановачныя фота. Як у атэлье тады — рабілі партрэты, студыйныя, нерухомыя, статычныя. А гэта — здымкі, якія зробленыя ў сваёй сям'і, у сваёй вёсцы. Відаць, што фатограф — аматар.

— Калі негатываў набралася дастаткова, шаноўныя Зміцер і Ігар прыйшлі да мяне, — дадае Уладзімір Суцягін. — Мы гэтыя негатывы памылі-пачысцілі, аблічбавалі. Было зразумела, што ўсё знята адным чалавекам.

— А ў тым і справа, што фатографаў-аматараў у самым пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі можна пералічыць на пальцах аднае рукі! — дадае спадар Ігар. — І захаванасць такіх здымкаў — для нас вялізная праблема. Адная вайна прайшлася, другая... Захаваліся літаральна крупіцы, якія сапраўды можна назваць "дыяментавымі"... Гэтыя здымкі захаваліся цудоўна!

— І захаваліся яны цудам!, — дадае Зміцер Сярэбранікаў. — Калі памёр сын Валынцэвіча (айцец Сяргей, які таксама быў святаром), яго хату ў Ваўкавыску прадалі. І сваякі не знайшлі схаваныя на гарышчы негатывы — забралі толькі альбомы з фота. Дзівосным чынам новыя гаспадары не выкінулі гэта — і вось праз 35 гадоў гэтыя негатывы патрапілі да нас. Я, як калекцыянер, адчуваў, што гэта нешта надзвычайнае. Мне стала цікава. Я ведаў, што тут хаваецца цікавая гісторыя!.. Пасля выставы мы плануем стварыць альбом гэтых фота з незвычайным жыццяпісам святара.

Паны Грыбніцкія каля свайго палаца ў Юстыніянаве. Гэта -- адзіны вядомы здымак гэтага маёнтку! 29 чэрвеня 1911 года.

"Унучка Паўла Валынцэвіча вельмі дапамагла нам у апісанні здымкаў!.."

— Як адбываўся працэс вызначэння аўтара і змесціва здымкаў?

— На большасці негатываў былі адны і тыя людзі і той самы надпіс, пачынаючы з 1905 года — "Узьмены", — кажа Уладзімір Суцягін. — Нас гэта зацікавіла, я звярнуўся ў Нацыянальны гістарычны архіў да Уладзіміра Дзянісава. Папрасіў даведацца аб тым, хто з праваслаўных святароў, пачынаючы з 1905 года, служыў ва Узьменах. Ён хутка даў адказ: Павел Валынцэвіч. Так у нас з'явілася зачэпка, хоць і 100% пэўнасці не было. А праз тыдзень Зміцер прынёс яшчэ 10 негатываў, на адным з якіх выяўлена ўсталяванне помніка Канстанціну Валынцэвічу, бацьку святара. Усё стала зразумела! Потым мы знайшлі імёны маці, астатніх членаў сям'і. У канцы 2009 года мы выйшлі на ўнучку — Людмілу Сяргееўну Мікашэўскую-Валынцэвіч. Аказалася, што ў яе захоўваецца 15 альбомаў, дзе ёсць здымкі, якіх не было ў нас. Разам выйшла каля 300 фатаграфій, 130 з якіх і склалі выставу! Унучка пазнала многіх людзей на фота, дзякуючы чаму здымкі цудоўна апісаныя. Людміла Сяргееўна, дарэчы, будзе на адкрыцці выставы! Яе лёс — не менш цікавы. Іх з сястрой, як дзяцей святара, пераследвалі: не далі залатыя медалі ў школе, хоць яны і скончылі яе на "выдатна", у медінстытут нават не ўзялі дакументы... Але іх лёс незвычайны. Чаго вартая дэталь, што сведкам на вяселлі яе бацькі быў Генадзь Цітовіч, народны артыст СССР, стваральнак Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР...

— Спадарыня Людміла не патлумачыла, чаму яе дзед займаўся такой незвычайнай для святара справай?

— Яна распавяла, што дзядуля любіў не толькі фатаграфаваць, але і маляваць — пісаў карціны на біблейскія тэмы. Любіў астраномію, матэматыку. Быў вельмі развітым чалавекам — скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Ён хацеў зафіксаваць прыгажосць гэтага свету...

Зацменне сонца ва Узьменах. 8 жніўня 1914 года.

— Спадар Уладзімір, а колькі ў 1900 годзе трэба было стаяць нерухома, каб сфатаграфавацца?

— Экспазіцыі сапраўды былі вялікія!.. Калі на сучасным апараце ёсць вытрымка, скажам, 1/1000 секунды, то тады трэба было не варушыцца каля 1 секунды! Але гэта быў вялікі прагрэс, бо некалькі дзесяцігоддзяў раней не варушыцца трэба было паўтары хвіліны!.. На некаторых здымках твары людзей крыху размазаныя. А на адным здымку сам бацюшка атрымаўся паўпразрысты. Некаторыя могуць пабачыць тут цуд... Я ж, як фатограф, разумею, як так сталася: святар паставіў апарат на штатыў, потым націснуў "спуск" — і сам хуценька стаў у кадр. Атрымалася, што ён стаяў у кадры менш часу, чым астатнія і "адлюстраваўся" не так ярка і выразна. Цяперашнія фатографы на такія выпадкі маюць пульты ад фотаапаратаў!.. (смяецца).

— Фотаапаратамі якіх марак здымаў Валынцэвіч?

— У яго мог быць "Цэйс-Ікан", "Кодак". Дарэчы, Людміла Сяргееўна пацвердзіла, што каля 1910 года дзед набыў другі апарат з "вузкім" кадрам — 8 на 14 (папярэдні быў 9 на 12). І з таго часу здымаў двума апаратамі, у залежнасці ад патрэбы.

— Захапленне фота тады было раскошай?

— З сялян, безумоўна, ніхто не мог сабе гэтага дазволіць. Мала таго, што сам апарат і негатывы каштавалі грошай, дык і для апрацоўкі фота трэба было мець цэлую лабараторыю! На некаторых здымках новай хаты Валынцэвіча мы, дарэчы, пабачылі ў кутку два маленькія акенцы. Мяркуем, што там і была яго лабараторыя. Ён не зарабляў на гэтым, рабіў выключна з-за вялікай любові да фатаграфіі і адчування прыгажосці, магіі кадра.

Сяляне выбіраюць бульбу. Пачатак ХХ стагоддзя.

"Яму было цікава ўсё: прачкі на рацэ, уборка ўраджаю, крыгаход на Дзвіне..."

— Самая першая фотка датуецца 1900 годам. Гэта значыць, што тады ён набыў апарат?

— Так. На яго першым здымку — храм, дзе ён пачаў служыць, — Касута пад Вілейкай. Храм захаваўся. Дарэчы, захаваліся практычна ўсе храмы, дзе ён служыў ці да якіх меў дачыненне. Адзінае што, у Шэрашаве не захаваўся — не перажыў савецкі час...

— Як вы адбіралі здымкі для выставы? Цяжка, пэўна было з 300 выбраць 130?

— Кіраваліся ўласным густам, — кажа Зміцер Сярэбранікаў. — Глядзелі, каб было цікава, каб гэта выглядала нясумна. Вельмі шмат здымкаў яго сям'і — адбіралі самыя эфектныя, каб не стаміць наведвальніка. Мэта была — паказаць самыя разнастайныя фота: сям'я, царква, палац, уборка ўраджаю, нейкае свята... На гэтых здымках паказана Беларусь сто гадоў таму — і гэта надзвычай цікава!.. Вось здымак царкоўна-прыходскай школы. І па тым, як апрануты вучні, можна меркаваць, як жыла кожная сям'я.

— Павел Валынцэвіч нідзе ж не вучыўся здымаць? Як вы ацэньваеце яго ўзровень?

Ён самавучка, — мяркуе спадар Суцягін. — Але кадраваць ён навучыўся выдатна — бо маляваў жа, таму адчуванне кампазіцыі меў добрае. Тое, што ў яго не было амбіцый — кшталту перамогі на выставе, — гэта цудоўна! Бо тады б здымкі не былі такія першародныя, такія нязмушаныя і натуральныя!..

Вяскоўцы. 23 ліпеня 1911 года.

— Што патрапляла ў яго аб'ектыў?

— Апроч сям'і — шмат чаго: уборка ўраджаю, прачкі на рацэ, крыгаход на Дзвіне, сонечнае зацьменне, разліў Дзвіны і затопленая вёска... За ракою ва Юстыніянаве жылі паны Грыбніцкія — ёсць здымкі з сумеснага адпачынку, як яны плывуць на карабельчыку, шпацыруюць па выспе. Дарэчы, дагэтуль лічылася, што здымкаў ці выразнай выявы маёнтка Юстыніянава няма (яго, між іншым, збудаваў выбітны італьянскі архітэктар Спампані). Малюнак Напалеона Орды дае нам няшмат інфармацыі таксама... Пра гэта нават піша польскі даследчык Афтаназі — вядомы спецыяліст у гэтай справе. А цяпер дзякуючы здымкам Валынцэвіча мы маем ажно дзве выявы палаца!.. Закладка царквы ў Дзісне — таксама, пагадзіцеся, надзвычай рэдкі кадр!..

Царква ў Касуце, Вілейскі раён, 1900 год. Тут пачынаў служыць Павел Валынцэвіч, і гэта -- ягонае першае вядомае фота пасьля набыцьця фоціка.

"Царкву зачынілі за паўгода да смерці святара, а вяскоўцы спалілі яго дзённікі..."

— Як змянілася жыццё святара пасля 1917 года?

— Ён застаўся на тэрыторыі Польшчы — і да 1939 года яго не чапалі. Яго гэта ўратавала — бо літаральна побач, за кардонам, бальшавікі рэпрэсавалі і знішчылі ці выслалі практычна ўсіх святароў... Пасля 1939 года, калі Узьмены апынуліся ўжо на савецкай тэрыторыі, яго таксама моцна не чапалі. Я хачу звярнуць асаблівую ўвагу: Павел Валынцэвіч, напэўна, адзіны праваслаўны святар у Беларусі, чыё неперарыўнае служэнне царкве склала 63 гады!..

— Апроч надпісаў на фота, ці ёсць нейкія запісы, дзённікі, успаміны святара?

— Добра, што хоць надпісы ёсць!.. Яны, дарэчы, зроблены на саміх негатывах. Прычым, рабіліся па эмульсіі як адлюстраванне — справа налева!.. Апроч лістоў святара да сваякоў, няма нічога. Толькі ёсць дакладныя ўспаміны, што ён дасканала, штодзённа запісваў усё, што з ім адбывалася. У 1948 годзе падчас пажару частка іх згарэла. Рэшту спалілі бальшавікі, калі зачынілі Свята-Мікалеўскую царкву ва Узьмене. Ва Узьмене і цяпер жывуць людзі, якія палілі гэтыя дзённікі. Яны ўсё нам расказалі. І цяпер вельмі шкадуюць, што рабілі гэта.

Узьменская царкоўна-прыходская школа

— Калі зачынілі царкву, пасля смерці святара?

— Зачынілі царкву трагічна і цынічна — у 1961 годзе. Святар памёр праз паўгода — у 1962-м... Якраз пайшла гэтая хрушчоўская хваля атэістычнага бандытызму...

— У вёсцы цяпер памятаюць святара?

— Так, вельмі добра! Больш за тое, у многіх хатах захоўваюцца яго здымкі. Вось, напрыклад, сфатаграфаваў ён шэсць чалавек з вёскі — кожнаму з іх надрукаваў здымак. Вельмі прыстойны чалавек быў! Мы ўжо, дарэчы, зрабілі экспазіцыю ва Узьменах — у царкве змясцілі некалькі здымкаў, а таксама ў школе, якая, уласна, і ёсць дом Паўла Валынцэвіча і знаходзіцца за 50 метраў ад царквы...

Палац у Юстыніянаве.

'

Сям'я святара. 20 сакавіка 1913 году

6 студзеня 1914 году, Узьмены

Тэгі: