it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 10

надрукавана ў "Звяздзе" ад 11 студзеня

Год, як няма ксяндза Юзафа Булькі

Старыя бабулькі стараюцца захаваць "мосарскі цуд", нямала маладзейшых клянуць "зону цвярозасці" і ходзяць па выпіўку ў суседнія вёскі

Год таму, 9 студзеня 2010 года, не стала вядомага на ўсю краіну ксяндза — Юзафа Булькі з Мосара. За час ягонага служэння Мосар справядліва назвалі "беларускай Швейцарыяй". Касцёл святой Ганны 1792 года, калі Булька прыехаў туды служыць напрыканцы 1980-х, не быў надта адметным. Такіх — і яшчэ прыгажэйшых — касцёлаў у Беларусі шмат. Аднак шаноўны ксёндз за два дзесяцігоддзі стварыў пры касцёле цудоўны дэндрапарк, некалькі сажалак, пагорак з альтанкаю, Крыжовы шлях (з высачэзным крыжам на гары), страусіную ферму, спартыўную пляцоўку для дзетак ды шмат іншага. Аднак галоўнай справаю ксяндза было змаганне з п'янствам. Настолькі апантанае, што мясцовыя алкаголікі неўзабаве ўзненавідзелі святара — па чарговую пляшку "чарніла" ім даводзілася цягацца ў суседнія вёскі. Мосар хутка стаў славутай "зонай цвярозасці". Ксяндза баяліся і паважалі. Словам ён мог прысаромець так, што набытую выпіўку людзі неслі здаваць назад у краму (такія распіскі захоўваюцца ў створаным Булькам Музеі цвярозасці). Ксёндз хадзіў ад хаты да хаты і пераконваў людзей не піць алкаголь, не расплачвацца бутэлькаю з трактарыстам за пасяўную, не ператвараць святы ў папойкі. Я шмат разоў быў у Мосары, і аднойчы — на выходных. Так здзівіла, што ў нядзелю людзі масава ідуць на могілкі, прыбіраюць магілы, высаджваюць кветкі!.. Ведаеце, да сваіх дзядоў на мінскіх могілках я хаджу ў розныя дні, але толькі не на Дзяды. У сталіцы (ды і па ўсёй Беларусі) у гэты дзень многія напіваюцца і ляжаць на магілах, могуць і песню заспяваць. Брыдка глядзець, як нявечыцца памяць продкаў, якую ўласна і закліканы ўшанаваць гэты старадаўні паганскі звычай, які захаваўся і ў хрысціянскай Беларусі.

Ксяндза Булькі не стала, калі яму ішоў 84-ы год, а 27 снежня 2010 года мусіла споўніцца 85. Ён не збіраўся паміраць. Я не хачу згадваць, хто і якім чынам паскорыў смерць шаноўнага ксяндза (гл. "Звязду" ад 12.01.2010). Не гэтыя людзі павінны застацца ў гісторыі, а той, хто рабіў Справы. Зямныя грахі паваеннага часу, у якіх вінавацілі святара, так і засталіся на 100% недаказаныя. Калі дакажуць — хай застаецца і гэта. А пакуль я гляджу на справы, якія здзейсніў ксёндз Булька тут, у маёй краіне, за апошнія 20 гадоў. Як сказаў год таму над яго труной Кардынал Казімір Свёнтэк: <І>"Прабач нам. Не толькі нам. Але і тым — і зблізку, і здалёку, якія тым ці іншым спосабам рабілі табе прыкрасць, даканалі несправядлівасцю, пакрыўдзілі цябе. Даруй ім гэтую злосць і нікчэмнасць людскую" .

Цяпер парафіяй Мосар апякуецца ксёндз Аляксей Юркайць. Напэўна, ксяндзу быць "пасля Булькі" гэтак жа цяжка, як папу Бенядыкту ХVІ быць пасля Яна Паўла ІІ, як мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу быць пасля Кардынала Казіміра Свёнтэка. Калі твой папярэднік задаў такую высокую планку, адказнасць узрастае шматкроць.

— Ксёндз Булька напраўду быў незвычайны святар, — кажа ксёндз Аляксей. — Аднак і я незвычайны святар, і ўсе іншыя святары — незвычайныя. Ксёндз Булька трымаўся падобнай пазіцыі — не ўзносіў сябе над іншымі. Хоць парафія мне сапраўды дасталася асаблівая — з гэтым не паспрачаешся... Я кожнае лета прыязджаў да ксяндза Юзафа, можна сказаць, сябраваў з ім. Людзі мяне мясцовыя ведалі ўжо. Ды і служыў я перад тым паблізу — у Глыбокім.

— Ксёндзу, як працягваюцца справы Юзафа Булькі?

— Усё, што ён рабіў, трэба захаваць і памножыць. Я тут з 1 верасня, перад гэтым пэўны час быў ксёндз Уладзімір, але яго перавялі ў іншую парафію. Ужо пры маёй службе была асвечана фігура Церпячага Хрыста — 2 кастрычніка, у Дзень цвярозасці. Парк ды іншая прыгажосць — гэта дзяржаўнае, дзяржава ўзяла гэта пад апеку. З гэтымі паркамі, разумееце, былі складанасці. Ксёндз Юзаф выкапаў сажалку на пустым месцы, дзе нічога не было. Прыехаў дзяржкантроль — далі яму штраф 16  мільёнаў. Ледзьве ўдалося тады даказаць, што ніякага злачынства тут няма — што ксёндз не сабе гэта забраў, не для сябе зрабіў... Праз гэтую прыгажосць некаторыя людзі знаходзілі шлях да Бога. Я рады, што чыноўнікі зразумелі, што нічога дрэннага ў гэтым няма.

— Як ушаноўваецца памяць спачылага святара?

— Якраз перад вашым званком у нас тут была сустрэча ксяндзоў, на якой вырашалі пытанне з надмагільным помнікам ксяндзу Юзафу. Гэта будзе гранітная пліта і крыж.

— Ці хутка з'явіцца?

— Як грошы збяром. Патрэбна 9 мільёнаў рублёў. Чакаю, што далучацца ўсе неабыякавыя людзі!.. Ствараецца, дарэчы, таксама Дом памяці ксяндза Юзафа, дзе будуць ягоныя асабістыя рэчы, ягоныя здымкі...

— Самая вядомая справа Юзафа Булькі — змаганне з п'янствам. Як цяпер з гэтым справы у Мосары? Я чуў, што пасля смерці Булькі мясцовыя п'янчугі патрабавалі аднавіць продаж гарэлкі...

— Няўжо ўвесь гэты "мосарскі цуд" трымаўся на адным чалавеку? Ці ксяндзу Юзафу ўдалося прышчапіць жыхарам прагу да лепшага, да прыгожага?

— Некаторым удалося. Парафіяне апантана дапамагаюць мне падтрымліваць усё гэта, даглядаць. Людзі перажываюць, каб дагледзець усё гэта. Усяго парафія складае 300 чалавек, з іх рэгулярна ходзіць у касцёл каля 100. Актыўныя парафіяне — гэта старыя людзі. Бо маладзейшыя працуюць у калгасе ад рана да рана, а летам суткамі...

...Мосар і пастырскае служэнне ксяндза Юзафа Булькі — яскравы прыклад, колькі змяніць, колькі здзейсніць можа адзін чалавек. Аднак, бачыце, ключавы момант у аповедзе ксяндза Аляксея — што калі ў Мосары людзі не могуць выпіць, тады, мацюкаючыся, ідуць па выпіўку ў суседнія вёскі. А цяпер уявіце, каб і ў суседняй вёсцы не было, каб за 10 кіламетраў не было? Я ведаю некаторыя еўрапейскія сталіцы, дзе на вялікі двухмільённы горад — 5 (!) крамаў, дзе можна набыць моцны алкаголь. Вось гэта — напраўду змаганне з п'янствам.

Ксёндзу Аляксею, поспеху Вам! Працягвайце Справу Юзафа Булькі, і хай такіх прапаведнікаў робіцца больш!


Фота ксяндза Булькі -- аўтар Уладзімір БАГДАНАЎ.

Тэгі: