it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 05
Абрам Налівай (Анатоль Наліваеў) — і спявак, і мастак у адной асобе. Ён адраджае старадаўнія яўрэйскія спевы пачынаючы ад ХV стагоддзя. Спяваць падпольна вучыўся ў славутага Міхася Забэйды-Суміцкага ў Празе. А ў 1945 годзе Абрам-Анатоль замалёўваў Мінск — што было строга забаронена. Сёння, 5 студзеня, а 18.30 Абрам Налівай дае канцэрт у Мінскім яўрэйскім абшчынным доме (Харужай, 28). Але нават калі вы туды не паспееце, паслухайце, што гаворыць гэты 79-гадовы паважаны чалавек.

"Я папутна скончыў Пражскую кансерваторыю ў Забэйды-Суміцкага!"

— Дык што такое кантарскія спевы? Адкуль яны? Якую гісторыю маюць у Беларусі?

— Усе ведаюць песні Ісака Дунаеўскага. А хто такі Дунаеўскі? Яго бацька і дзед — сусветнавядомыя кантары, выхадцы з Беларусі. І па-сапраўднаму запісваць тутэйшую кантарскую музыку сучаснымі нотамі пачаў менавіта дзед Дунаеўскага і яго паслядоўнікі. Такім чынам, у ХVІІІ-ХІХ стагоддзі была запісаная музыка ІІ-ІІІ стагоддзяў, захаваная ў памяці пакаленняў. Бо кантарская музыка — гэта музыка, якую спявалі "ў часы Торы". Яўрэйскі алфавіт ад пачатку складае 22 літары. І, што цікава, кожная літара "агучана" Усявышнім. Гуслі Давыда таксама былі з 22 струн. І кантарская музыка — адтуль! На Беларусі гэта развіваецца з ХІІІ стагоддзя. Для яўрэяў тут былі найлепшыя ўмовы для малітвы, для стварэння сінагог. І яны сюды прывезлі ўсю старадаўнюю культуру і яе захоўвалі надзвычай строга!

— Гэта выключна рэлігійная музыка?

— Гэта музыка сінагогі і вакол сінагогі. Напрыклад, вечар суботы. А потым пасля вечара суботы ідзе вячэра. А на вячэры гэтыя намоленыя людзі, кантары, маглі заспяваць ужо нешта народнае. Але ў тых жа традыцыях, у тым жа стылі. Па гуках яна ішла ад гэтых 22 літар, самі літары дыктавалі гэтую музыку. Гэта — не цяперашняя папса... Тая музыка, нават народная, яна ўсё адно ішла ад малітваў.

— А спевы гэтыя на ідыш ці на іўрыце?

— У сінагозе — на іўрыце, як напісана ў Торы. А народныя спевы — яны ўжо на народнай мове свайго часу, на ідыш.

— Адкуль у вас талент і імпэт да аднаўлення кантарскіх спеваў?

— Ад 1946 года я працаваў у халтурнай яўрэйскай малярнай брыгадзе. Але гэта былі майстры добрага складу! У 1960 годзе было вырашана паслаць кагосьці на Вышэйшыя курсы рэстаўратараў. Для гэтага трэба было здаць "малюнак". А я з 1945 года займаўся ў мастацкай студыі Каткова. І адзін толькі я здаў! Паехаў. Вучыўся ў праж-
скіх майстроў. Яны рэстаўруюць жывапіс, а я вучань у іх. І вось яны мне кажуць: "А ты ж з Беларусі? Дык заспявай нам якіх беларускіх песень!.." Я стаў спяваць. А міма праходзіў Міхал Забэйда-Суміцкі, наш славуты спявак, які жыў у Празе. Пачуў, зацікавіўся, хто гэта там спявае беларускія песні. Мы з ім пазнаёміліся. І я ў яго фактычна скончыў вакальнае аддзяленне Пражскай кансерваторыі. Папутна. То бок, дыплома я не меў, бо не паступаў, не здаваў іспыты, а проста наведваў заняткі. З пяці гадоў жыцця там 4 гады займаўся ў Мэтра. Па вяртанні апынулася, што драматычны тэнар быццам бы і патрэбны, аднак у Оперны тэатр трэба было ісці на 110 рублёў, а мяне ўзялі ў мастацкі камбінат на 500 рублёў!..

З Максімам Танкам (справа)

"З Вагнерам мы ездзілі на падпольныя кантарскія канцэрты ў Маскву"

— Вы нарадзіліся ў Рагачове. А потым была гісторыя цудоўнага ўратавання з гета. Як так атрымалася?

— Мой бацька быў "папоўскае атроддзе". Самі разумееце, як да такіх ставіліся ў краіне ваяўнічага атэізму. Ён сам са Шклова, з Рыжкавіч, але паехаў у Рагачоў зарабляць сабе "пралетарскую біяграфію", рабіць бондарам. Калі ён жаніўся на маёй маці, то маці паставіла ўмову, каб мне на восьмы дзень абразанне зрабілі! Яе бацька быў забіты бальшавікамі, ён быў вядомы гандляр у Рагачове. Я нарадзіўся ў 1931 годзе ў Рагачове, а ў 1935 мы выехалі адтуль у Мінск. Бацьку запрасілі на піўзавод стварыць бандарны цэх — па вырабе бочак. Дарэчы, яго сапраўднае прозвішча, і дзеда, было Налівай. А ён сабе запісаў Наліваеў, каб больш па-пралетарску было. І пачалася вайна. Маці нас сабрала, і мы хацелі да яе сястры ў Маскву з'ехаць. Але атрымалася так, што маю сястру бацька перад самай вайной завёз да сваіх бацькоў у Рыжкавічы. І мы паехалі праз Магілёў, каб яе забраць, і нас нагналі немцы. Калі немцы ўвайшлі туды, праз тыдзень сабралі ўсіх яўрэяў у Рыжкавічах у гета, а яшчэ праз тыдзень расстралялі... Маму спачатку не схапілі, але нейкая суседка падказала немцам. Так і мы апынуліся ў гета. Уратаваў нас дзед, які быў праваслаўным святаром, пакуль не прыйшлі камуністы — служыў у Шклове. Яго чамусьці называлі сярод людзей "поп-маслёнка". Дзед прыдумаў план. У 20-я гады з нямецкага палону прыехаў сусед, прозвішча Кавалькоў. І дзед аформіў маму як Кавалькову Агаф'ю Кузьмінічну. Апрануў расу, крыж і панёс гэты дакумент да нямецкага каменданта. Пераканаў іх, што нас схапілі памылкова, бо "бальшавіцкія агітатары агаварылі яго-папа, і гэтых людзей таксама". Нас адпусцілі — а літаральна праз паўгадзіны гета цалкам расстралялі... Мы так і не змаглі атрымаць дакументаў аб знаходжанні ў гета, бо яно існавала ўсяго тыдзень...

— Значыцца, спяваць прафесійна вы пачалі ў 1960-х гадах, калі вучыліся ў Забэйды-Суміцкага. А калі пачалі кантарскія спевы выконваць?

— Гэта было ў малярнай брыгадзе, дзе са мной побач працаваў былі віленскі кантар, які скочыў Еўрапейскую кантарскую акадэмію. Ён сябраваў з кампазітарам Генрыхам Вагнерам. А Вагнер у свой час быў канцэртмейсцерам у сусветнавядомага кантара Кусевіцкага ў Варшаве. Мы пазнаёміліся і з Вагнерам, ён даваў мне ўрокі. З Вагнерам мы ездзілі нават у Піцер і Маскву на падпольныя кантарскія канцэрты ў 1960-70-я гады. Інтэлігенцыя збіралася, знаходзілі даволі вялікія памяшканні, прыходзіла больш за 50 чалавек. Вагнер мне давяраў, а я брахаць не збіраўся, нават жонцы не казаў. Я пра гэта ўвогуле распавёў упершыню толькі два гады таму!.. Дарэчы, на адным такім канцэрце ў Маскве была Ганна Герман... Я потым чытаў пра гэта ўспаміны яе мужа.

— А калі пачалі спяваць не падпольна?

— У 1986 годзе мастак Май Данцыг, з якім мы аднагодкі і даўнія сябры, сказаў: "Ведаеш, я тут распачаў фармаваць яўрэйскую абшчыну, а ты фармуй канцэртную групу". І я, як заснавальнік "Гасцёўні Галубка", сфармаваў яе фактычна там. Мне далі штат, памяшканне ў Траецкім прадмесці. Калі прайшло пару такіх канцэртаў, нехта данёс у Міністэрства культуры — і мяне адтуль выгналі... Потым, у 1992 годзе я атрымаў грант на адраджэнне кантарскіх спеваў. У 1995 годзе мы арганізавалі ў Рускім тэатры, дзе я спяваў у спектаклі "Перпетум мобіле", міжнародны кантарскі канцэрт.

— У сінагозе.

— Ну так, Рускі тэатр — гэта ж цудоўна захаваны будынак Галоўнай сінагогі! Так што ўсё супала больш чым дарэчна.

— Дзе вы збіралі ўсе гэтыя мелодыі?

— Народныя песні мне перадавалі былыя акцёры Яўрэйскага тэатра — Арончык такая была спадарыня, Гірш Рэлес... А кантарскія спевы — кружэлкі, архіўныя матэрыялы... Паступова ўдалося аднавіць цыкл спеваў вечара суботы і ягонага працягу. Потым я прыйшоў да сінагогі. Спачатку да мяне ставіліся асцярожна, бо ў мяне ж змененае прозвішча — Наліваеў, гучыць як рускае. Потым я давёў, што я — Абрам Налівай!.. Усё стала цудоўна!.

"Цэлыя вуліцы Мінска знішчылі ўжо пасля вайны..."

— Многія ведаюць вас як мастака, які зафіксаваў Мінск у першыя гады пасля вайны...

— Сяргей Каткоў, у якога я займаўся ў мастацкай студыі, заўважыў, што ў мяне амаль фатаграфічны малюнак. А Мінск забаранялі пасля вайны фіксаваць і мастакам, і фатографам. Каб не было відаць, што разбурана было не так ужо і шмат. Па-першае, разлічвалі, відаць, спагнаць нешта з немцаў. Па-другое, яны ж самі потым усё і панішчылі... І вось Каткоў мяне, 14-гадовага хлопчыка, пасылаў з мальбертам замалёўваць акварэллю старыя вуліцы. А потым у 1946 годзе я пайшоў у малярную брыгаду — трэба было дапамагаць маме, чацвёра дзяцей усё-ткі...

Дамініканскі кляштар, які камуністы ўзарвалі пасьля вайны. Цяпер на гэтым месцы Палац Рэспублікі

— Вы былі ў Мінску ў час вайны і ў першыя гады пасля вызвалення. Як вы ацэньваеце ступень яго разбуранасці ў 1945 годзе?

— Ацэньваць лёгка, бо мне ўдалося зрабіць каля 80-ці работ паваеннага Мінска. Яны дакументальна дакладныя, я нічога там не выдумляў. Немцы, адступаючы, сапраўды шмат што спалілі. Але "каробкі" дамоў стаялі, аднавіць іх не было вельмі складана. Дакладней, не складаней, чым будаваць новае. Моцна разбамбілі толькі частку горада, дзе былі афіцыйныя ўстановы. Гатэль "Еўропа" разбамбілі. Захаваліся некранутыя цэлыя вуліцы, якія бязлітасціва знішчылі пасля вайны... Савецкая вуліца... Гандлёвая... Агромністы, прыгажэнны Дамініканскі кляштар узарвалі ўжо пасля вайны... Царкву на месцы Генеральнай пракуратуры... Некалькі сінагог... Татарскую мячэць, якую знішчылі і на гэтым месцы збудавалі гасцініцу "Юбілейную"... Палац графа Чапскага, на месцы якога цяпер крама "Чараўніца" на праспекце. Планамерна вынішчалася аблічча, абрысы ўтульнага еўрапейскага горада, Мінск рабіўся ўзорным горадам савецкім... Немцы ў 1941 годзе разбамбілі працэнтаў 15-20. Гэта я кажу пра дамы, знішчаныя канчаткова. Разам са згарэлымі "каробкамі" — ну працэнтаў 30, не больш. Зараз я займаюся ўпарадкаваннем сваіх работ. Некаторыя з іх пашкоджаныя, некаторыя патрабуюць рэстаўрацыі, большасць трэба проста аформіць. Мая пенсія маленькая, таму даводзіцца ашчаджаць грошы, прадаваць некаторыя працы, каб аднавіць гэтыя, галоўныя. Гэта не толькі мінскія карціны. Разам з малярнай брыгадай я ездзіў па ўсёй Беларусі, паралельна замалёўваў старыя будынкі, храмы. І нядаўна я раптам зразумеў, што многія з гэтых будынкаў знішчаныя ў 1970-я гады, яны страчаныя незваротна. Таму хачу апрацаваць гэта, уратаваць. Гэта — памяць пра тыя будынкі. Памяць для тых, хто павінен быць лепшым за знішчальнікаў.

Вуліца Савецкая. У гэтым будынку месьцілася рэдакцыя "Звязды"

Раён Опэры

Тэгі: