it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 30

У час Калядаў і Новага года — пары містычнай і таемнай — мы гутарым з па НЛА, палтэргейсце ды іншых беларускіх анамаліях

Ілья Бутаў — старшыня Беларускага ўфалагічнага камітэта. Гэта адзінае ў Беларусі таварыства, якое займаецца праблемамі лятаючых талерак, палтэргейстаў, метэарытаў, анамальных з'яў, прывідаў ды старадаўніх таямнічых абсерваторый. УфаКам (так скарочана называюць таварыства ягоныя сябры) заснаваны ў 2001 годзе. Ілья ўваходзіць у яго ад самага пачатку. Ён — прафесійны біёлаг, скончыў аспірантуру, цяпер з'яўляецца супрацоўнікам навукова-даследчага інстутута ў Мінску. Спадар Ілья не вельмі любіць, калі іх таварыства ўспрымаюць выключна як зборышча дзівакоў — аматараў лятаючых талерак. Таму пра гэта мы размаўлялі найменей. Аднак і апроч прыбышоў з зялёнымі вушамі ў нас, як высветлілася, хапае цікавых анамалій.

"Адзін з заснавальнікаў нашага камітэта знік..."

— Ад 2005 года мы сталі таксама прадстаўніцтвам міжнароднай арганізацыі "Касмапошук", — кажа спадар Ілья. — Гэта дазваляе нам трымаць шчыльныя кантакты з аднадумцамі іншых краін. УфаКам узнік у 2001 годзе ў Гомелі — там сабраліся аднадумцы, якія вырашылі аб'яднацца. Сход адбываўся на кватэры аднаго гамельчука. Цяпер ён знік, не выходзіць на сувязь, перастаў адказваць на лісты, званкі, мы не ведаем, дзе ён падзеўся...

— Здаецца, добрая легенда для аднаго з заснавальнікаў таварыства ўфолагаў...

— Ну так! Аднак я ж не кажу, што яго прыбышы забралі!.. Магчыма, у чалавека змяніліся інтарэсы — і ён аддаліўся ад гэтага...

— Вы сябар арганізацыі ад самага пачатку?

— Так, цяпер я — адзіны чалавек, які ў арганізацыі ад першых дзён...

— Адзіны, які яшчэ не знік?..

— Ну, "знік" толькі адзін чалавек, калі так казаць. Проста склад арганізацыі змяніўся, цяпер наш касцяк — навукоўцы, людзі, якія скончылі аспірантуру. Мы стараемся пазбягаць акультных, містычных азначэнняў. А некаторым было цікава менавіта гэта — эзатэрычны складнік нашай дзейнасці. Яны аддзяліліся.

— Вашае таварыства вядзе актыўную дзейнасць, вы часта сустракаецеся?

— У цяперашні час, калі моцна развіўся інтэрнэт, мабільная сувязь — збольшага кантактуем такім чынам. Але стабільна раз на год ладзім злёт беларускіх уфолагаў. Сёлета гэта было ў Крэве, непадалёк ад замка. Такія сустрэчы традыцыйна праходзяць ці ў нейкай анамальнай зоне, ці ў гістарычным легендарным месцы...

Зьлёт у Крэва

— Я так разумею, Крэва трапіла пад абодва крытэры?

— Так! Там фіксаваліся незвычайныя з'явы. І славутая гісторыя замка спрыяла добрай атмасферы сустрэчы. З замкам звязаныя легенды аб прывідах, таму мы наведвалі яго ў начны час, рабілі там замеры апаратураю. Мясцовыя ўлады, дарэчы, паспрыялі нам, вылучылі месца, нават дровамі для вогнішча дапамаглі, дзякуй ім!

"У падзямеллі Гальшанскага замка гадзіннік стаў паказваць іншы час!"

— Дык народ не дарма гаворыць, што ў старых замках жывуць прывіды?

— Мы даследавалі пакуль не ўсе замкі Беларусі. І ў нас няма таго набору інструментаў і прыбораў, які хацелася б мець, які маюць уфолагі з іншых краін. Але, скажам, у Гальшанскім замку мы правялі даследаванне самай рознай апаратурай, у тым ліку пазычанай у нашых калег з Расіі. Былі атрыманы вельмі цікавыя вынікі! Некаторыя могуць падацца нават кур'ёзнымі — падчас даследаванняў у замку ў нас знік прыбор з замкнёнага пакоя!.. Яго так і не знайшлі! Вось вам — прывід Гальшанскага замка скраў апаратуру!.. (усміхаецца) Дакладна — там нешта ёсць. Мы апытвалі відавочцаў, якія бачылі прывід. Назіралі цікавыя сведчанні прыбораў. У замку была таксама экспедыцыя з расійскага "Касмапошуку". Яны таксама зафіксавалі шмат анамальных з'яў. Напрыклад, адзін з эксперыментаў заключаўся ў тым, што два спецыяльныя гадзіннікі былі настроеныя абсалютна аднолькава. Пасля чалавек спусціўся на некаторы час у падзямелле Гальшанскага замка. А калі падняўся на паверхню — паказанні гадзіннікаў адрозніваліся! У лёхах замка час пайшоў па-іншаму!

— Паводле якіх крытэраў вы праводзіце даследаванне, калі прыязджаеце ў экспедыцыю "па слядах прывіда"?

— У залежнасці ад характару з'явы. Калі гэта прывід — на асноўны план выходзіць фота- і відэафіксацыя. Таксама змена тэмпературных паказчыкаў у месцы анамаліі, калі самапісцы рэгіструюць нязвыклыя скачкі тэмпературы. Ёсць новая распрацоўка — "генератар выпадковых лікаў". Умоўна кажучы, калі вы возьмеце кубік і кінеце сто разоў, то ў Мінску, Гомелі і Паставах ён будзе падаць прыкладна аднолькава. А ў анамальным месцы — напрыклад, старадаўнім замку — ён падае інакш, асаблівым чынам!.. Выкарыстоўваем таксама іншае абсталяванне.

Экспедыцыя ў Гальшаны

— Дык навукоўцы таксама карыстаюцца тэрмінам "прывід"?

— Я ўжываю яго ў якасці народнага падання. Мы не кажам пра прывід. Мы кажам пра незвычайныя паказанні прыбораў. Быў выпадак, калі з дыктафону, які зафіксаваў незразумелыя галасы, сцёрся раптам увесь запіс!..

— А чаму атрымліваецца, што анамальнае месца — роўненька ў замку, а не за 300 метраў ад яго?

— Пэўна ніхто сказаць не можа. Магчыма, таму, што знакавыя будынкі ўзводзілі каля культавых месцаў. Ёсць звесткі, што Гальшанскі замак збудаваны каля старадаўняга капішча — і менавіта там назіралі Багародзіцу!..

"На могілках у Крычаўскім раёне зафіксавалі палтэргейст..."

— Адзін з кірункаў дзейнасці арганізацыі — даследаванне з'явы палтэргейсту. Ёсць такое ў нас?

— Не так даўно да нас паступіў сігнал, што на закінутых могілках пад Крычавам назіраюцца дзіўныя з'явы... Мы арганізавалі там дзяжурства, у часе якога адзін з сяброў арганізацыі на свае вочы пабачыў прывід! Потым, праўда, з’явілася версія пра тое, што гэта ў траве варушыліся вожыкі… Калі туды паехала нашая экспедыцыя, сталі адбывацца незразумелыя рэчы! Проста на нашых вачах павалілася дрэва. І не старое спарахнелае, а маладое моцнае дрэва! Гэта падыходзіць да азначэння палтэргейсту, бо "палтэргейст" — гэта "шумны дух". Пры ягонай праяве могуць назірацца перамяшчэнні прадметаў па паветры, іх узгаранне, з'яўленне, знікненне прадметаў, перамяшчэнне сілуэтаў па кватэры. Бываюць зусім фантастычныя рэчы — падушка можа апынуцца ў лядоўні!

— Што, і такое ў нас бывала?!

— Канкрэтна гэты прыклад быў у Расіі. У нас у Мінску і ў ваколіцах Мінска былі выпадкі, калі самі па сабе дакументы, пашпарт, кнігі рваліся на дробненькія шматочкі. Былі самазагаранні прадметаў — загараўся матрац, адзенне. На падлозе з'яўляліся сляды. Знікалі залатыя рэчы, грошы.

"Пад Полацкам знайшлі старадаўнюю абсерваторыю..."

— А ёсць у нас свой Стоўнхэндж?

— Менавіта так называюць адно месца ў Полацкім раёне, на возеры Янава! Туды былі арганізавана ўжо чатыры экспедыцыі, у тым ліку сумесна з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі. Там знаходзіцца комплекс, які назвалі "Камяні". З кожнай паездкай там узнікае ўсё больш пытанняў і загадак, таму будзем ездзіць яшчэ. Комплекс выглядае, як літара "П", выкладзеная з камянёў сярэдняга памеру. Мы спадзяёмся адшукаць "пятачны" камень, які мусіць быць недзе непадалёк. Гэта камень-арыенцір. Калі людзі стаялі ў сярэдзіне літары "П" і над гэтым каменем з'яўлялася Сонца — людзі ведалі, што гэта, скажам, дзень летняга сонцастаяння. Ёсць сведчанні, што непадалёк ёсць і іншыя камяні, размешчаныя загадкавым чынам. Таксама быў шэраг экспедыцый ва ўрочышча Купа пад Оршаю, дзе таксама ёсць камяні, размешчаныя ў дзіўным парадку. Пра гэтае месца ідзе шмат спрэчак. Мы расчысцілі яго, правялі суботнік. Мяркую, гэты комплекс таксама можа мець астранамічнае прызначэнне.

Экспедыцыя на возера Янава

— Дык такіх абсерваторый было шмат?

— Штогод мы даследуем усё новыя месцы, атрымліваем новыя паведамленні ад людзей. Нядаўна даследавалі такі комплекс у мястэчку Сціберакі на Міншчыне. Гэта камяні, арыентаваныя на Палярную зорку. Яны маюць шмат сімвалаў, напрыклад, у выглядзе перакуленых рагоў жывёлы. Зразумела адно — нашы продкі былі вельмі дасведчаныя, умелі атрымліваць надзвычай карысную для сябе інфармацыю ад назіранняў за небам...

Сціберакі (Сцеберакі)

— Ілья, я ведаю, што метэарыты таксама трапляюць у сферу цікавасцяў УфаКама...

— Так, бо гэта — камяні, якія прыляцелі з космасу, якія могуць даць нам пэўную інфармацыю пра космас. Метэарытаў у Беларусі не так шмат, таму кожны з іх — надзвычай важны для нашай навукі. У Музеі метэарытаў у Мінску паказаныя тыя аскепкі, якія ў нас ёсць. Увогуле, у цэлым свеце метэарытаў знойдзена меней, чым за адзін год здабываецца золата! Таму кожны з іх надзвычай каштоўны для навукі. Мне вельмі шкада, што за апошнія гады ў нас былі фактычна згорнутыя пошукі і даследаванні метэарытаў. А ў заканадаўстве метэарыты апісаныя так туманна, што іх можна спакойна вывозіць за мяжу — ніхто не затрымае! Я сустракаўся з высокім чыноўнікам з Міністэрства прыродных рэсурсаў, і ён абяцаў, што сітуацыя зменіцца.

"Штогод каля 10 сігналаў пра НЛА выглядаюць праўдзівымі..."

— Ілья, у большасці людзей слова "ўфолаг" асацыюецца выключна з НЛА і лятаючымі талеркамі... Прылятаюць да нас такія?

— Летась мы падвялі вынікі за 10 гадоў назіранняў. Паведамленняў ад людзей паступае вельмі шмат, але маем справу як з НЛА, так і з псеўда-НЛА. Часта людзі ўважаюць за НЛА спадарожнікі, атмасферныя з'явы, нейкія пражэктары...

— А сапраўдныя трапляюцца?

— Пры дэталёвым аналізе большасць падобных паведамленняў удаецца растлумачыць аб'ектыўнымі прычынамі. Але штогод здараецца каля дзясятка паведамленняў, якія сапраўды патлумачыць нельга! Я не кажу, што гэта іншапланецяне, гэта проста нявызначаныя аб'екты, якія мы не можам патлумачыць. На Берасцейшчыне ў адной вёсцы назіралі НЛА ўжо некалькі разоў. Там часта бываюць шаравыя маланкі. Над гэтым месцам часам псуюцца прыборы ў самалётаў — пра гэта нам паведаміў адзін лётчык. Мы ўжо колькі разоў ездзілі туды — сапраўды, прыборы зашкальваюць!..

— А што беларусы часцей за ўсё прымаюць за НЛА?

— Шмат такога! Мы даследавалі таксама ўжо два выпадкі кругоў на палях. Пакуль што ёсць сумневы ў іх праўдзівасці... Цяпер на вяселлях модна запускаць "кітайскія ліхтары", якія сапраўды здалёк выглядаюць як НЛА! Таму штотыдзень увечары пятніцы-суботы атрымліваем масу такіх "сігналаў!" Запомніўся выпадак, як па тэлевізары паказалі сюжэт, што жыхары аднае вёскі ўсе да аднаго назіралі НЛА. Зразумела, мы выехалі туды. А там і чуць пра такое не чулі! Нехта проста выдумаў гэта!

БАЙКА АД УФОЛАГАЎ

“Прыязжаце, бачу НЛА!”

Гэтую байку распавядаюць ужо даўно, цяжка сказаць, якая там доля праўды. Сэнс такі. Чалавек у Мінску выйшаў паліць папіроску на балкон – і пабачыў у небе круглы аб’ект, які рухаўся і свяціўся!.. Прычым не проста рухаўся, а – туды-сюды, туды-сюды… Мужчына неадкладна выклікаў спецыялістаў. Пакуль чакаў, паспеў змерзнуць у сямейных трусах, “пільнуючы” НЛА. Высветлілася, што на даху Педагагічнага ўніверсітэта быў усталяваны магутны пражэктар, які для забавы паспалітага люду свяцім прамянём туды-сюды па вечаровым небе! Мужчыну тым не менш падзякавалі за пільнасць і папрасілі паведамляць у выпадку чаго.

ПАБАЧЫЎ НЛА – ПАВЕДАМЛЯЙ!

На сайце Беларускага Уфалагічнага Камітэта http://www.ufo-com.net ёсць кантакты каардынатараў арганізацыі па ўсіх абласцях Беларусі. Калі ведаеце пра нешта, што можа зацікавіць уфолагаў – паведамляйце (а паралельна – на www.labadzenka.by!) Электронны адрас Іллі Бутава ufocom@tut.by, скайп ufocom_butoff.

Тэгі: