it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 22

Астатнія гарады зайздросцяць самым "прасунутым" райцэнтрам

Лідчукі не перастаюць прыемна здзіўляць. У ліпені, да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, там з'явілася вуліца Грунвальдская. А цяпер вось — бульвар імя князя Гедыміна! Заснавальнік горада ўсё ж, і замак збудаваў ён!

— Так і пішам людзям у дакументах — "бульвар князя Гедыміна", — кажа Аляксандр КАСЦЮЧЭНКА, намеснік начальніка Лідскай філіі Гродзенскага абласнога агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру. — Там шмат прыватных, а таксама шматкватэрных дамоў. Так што жыхароў бульвара князя Гедыміна будзе шмат! Раней гэтая вуліца называлася Чапаева. Некаторыя не зусім разумелі, навошта перайменавалі. Я ім тлумачыў, што Гедымін — заснавальнік Ліды. Тады згаджаліся. А вось жыхары вуліцы Ламаносава, якая стала часткай праспекта Перамогі, абураюцца і дагэтуль. Кажуць, Ламаносаў добры чалавек быў!.. Мы, дарэчы, людзям новы адрас рэгіструем бясплатна, і пашпартысты ім рэгістрацыю бясплатна змяняюць — бо гэта выкананне рашэння выканкама.

Нарэшце прыйшла добрая вестка і з Полацка. Шматпакутная вуліца Грунвальдская зацверджаная! Праўда, не там, дзе планавалася.

— Першапачаткова была ідэя перайменаваць вуліцу Войкава, — кажа Мікалай ІЛЬЮШОНАК, намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама. — Аднак жыхары горада ў часе апытання выказаліся не супраць вуліцы Грунвальдскай, але супраць перайменавання Войкава... Таму і прынялі рашэнне назваць Грунвальдскай вуліцу ў новым мікрараёне. Гэта адпавядае нашай канцэпцыі назваў вуліц — бо ў новым мікрараёне вуліцы ў нас будуць названыя толькі ў гонар гістарычных асобаў, звязаных з Полацкам. Там ужо ёсць вуліца Хруцкага, праспект дойліда Іаана...

— Спадар Мікалай, але чаму не перайменавалі Войкава — ён жа ўдзельнічаў у забойстве царскай сям'і?!.

— Я гэта разумею. Але жыхары кажуць, што гэта — таксама гісторыя...

— Вы вельмі хацелі назваць вуліцу Грунвальдскую да 600-годдзя бітвы. Чаму так прыпазніліся?

— Таму што думка людзей была неаднастайная, мы шукалі варыянт, які ўсіх задаволіць. А наконт прыпазнення... Я лічу, што юбілей — гэта не толькі 15 ліпеня, а ўвесь 2010 год. І мы давялі справу да канца ў гэтым годзе!

Спадар Мікалай кажа, што ў новым раёне запраектаваныя яшчэ дзве новыя вуліцы. Так што неўзабаве, будзем спадзявацца, іншыя імёны выбітных палачан адлюструюцца на мапе горада.

Мікалай Ільюшонак кажа, што ў планах на гэты год — усталяваць помнік дойліду Іаану. А лідчукі, дарэчы, хочуць бачыць у горадзе помнік вялікаму князю Гедыміну. Вітайма ж вяртанне вялікіх беларусаў на вуліцы нашых гарадоў!

ТЫМ ЧАСАМ

Наваполацк зайздросціць Полацку!

— Белай зайздрасцю! — кажа Зміцер ШЧЭРБІК, адзін з вялікіх прыхільнікаў перайменавання вуліцы Грунвальскай, выкладчык юрфака Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук. — Ім — і Грунвальдская, і Хруцкага, і дойліда Іаана. А нам — адна "беларуская" вуліца на ўвесь горад: Якуба Коласа! Астатнія нейкія "абстрактныя" — Маладзёжная, Алімпійская, Камсамольская... У нас збудаваны новы мікрараён, збіраюцца будаваць яшчэ два. Чаму б не назваць новыя вуліцы ў гонар нашых герояў? Скажам, у нас ёсць бібліятэка Караткевіча, пісьменнік бываў тут — добра было б і вуліцу назваць! Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў нарадзіўся не так далёка... Вялікі канцлер Леў Сапега — таксама з суседняга раёна... У наступным годзе спаўняецца 150 гадоў з дня смерці вялікага містыфікатара пісьменніка Яна Баршчэўскага. І ягоную вуліцу хочацца бачыць у горадзе! Можна было б і ў гонар ягонага героя шляхціца Завальні назваць. Годных асобаў шмат, спадзяюся, на іх не забудуцца!..

Тэгі: