it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 20

Учора я быў на Плошчы, на Праспэкце, на прыступках Дома Ўраду. Быў як журналіст, таму не буду дзьмуць шчокі, што нешта рабіў. Я не прымаў удзелу ў дзеі, я проста бачыў. І, улічваючы плыню хлусьні адносна ўчорашніх падзеяў, лічу неабходным апісаць тое, што бачыў, па магчымасьці не ацэньваючы гэта.
Я прыйшоў на Плошчу каля паловы на восьмую вечара. На катку коўзалася вельмі шмат людзей, музыка з дынамікаў была падкрэсьлена гучная (потым, калі ўсё пачалося, яе зрабілі настолькі гучнай, што зашкальвала). Першым кандыдатам, якога я пабачыў на Плошчы, быў Цярэшчанка. Нехта сказаў, што ён прыйшоў з цешчай. Ён быў там недзе а 19.40, потым зьнік і болей я яго ня бачыў. Недзе з 16-й гадзіны я бачыў за Палацам Рэспублікі і ў двары “Цэнтральнага” больш за 30 аўтобусаў спецназу і аўтазакаў.
Потым пракацілася чутка, што на Някляева напалі, ён без прытомнасьці. Напачатку людзі ня верылі, казалі, што гэта “качка”. Потым прыйшоў на Плошчу Статкевіч, у якога людзі сталі пытацца, ці гэта праўда. Ён адказаў, што ўсё бачыў на свае вочы – Някляеў з аднадумцамі спрабавалі вывезьці з офіса гукаўзмацняльную апаратуру на Плошчу, ім перагарадзіла дарогу машына ДАІ, пачалася патасоўка, потым на Някляева напалі пераапранутыя байцы спецназу, зьбілі яго, аглушылі шумавымі гранатамі. Статкевіч сказаў, што Някляева павезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі.
На Плошчу прыйшла калона, якая, верагодна, ішла з вакзала. Пачаўся мітынг. Выступалі Рымашэўскі, Саньнікаў, Статкевіч, Кастусёў, Раманчук. Казалі, што выступаў таксама Вус.
У інтэрнэце напісалі, што Статкевіч заклікаў ісьці на рэзідэнцыю прэзідэнта. У рэальнасці ж Статкевіч сказаў прыкладна наступнае: “давайце папросім Лукашэнку вызваліць памяшканьні, якія ён займае”. Ці паказваў ён пры гэтым на адміністрацыю, я ня бачыў.
Людзі выйшлі на праспэкт і пайшлі ў бок макдональдса. Ніхто, праходзячы вуліцу Энгельса, не збочыў да рэзідэнцыі, ніхто да гэтага не заклікаў. Па-сутнасьці, было незразумела, куды ідуць людзі.
Хачу зьвярнуць увагу на “разьятраную калону апазіцыі, якая захапіла Праспэкт”. На шляху ад Кастрычніцкай да Дома Ўрада не была перакуленая ніводная машына, не пабіта ніводная вітрына, не ўзьнікла ніводнай бойкі. Ніякай агрэсіі ў натоўпе не было.Зброі, калоў, сякераў, балончыкаў і петардаў – таксама. Сьведчу пра гэта.
Калі ўсе дайшлі да Плошчы Незалежнасьці, узьнікла вялікая паўза. Апаратуры не было, ніхто не выступаў. Людзі падыйшлі да Леніна, да Дома Ўрада. Прынесьлі калонкі. Атрымалася сітуацыя, што калонкі стаяць на п’едэстале вакол Леніна, а між помнікам і Домам Урада ўзьнікла пустка. У гэты час нехта зь мітынгоўцаў (чалавек 5-10) падбеглі на прыступкі Дома Ўрада. Выбілі першае шкло. Сталі крычаць, каб іншыя падыходзілі. З натоўпа перад Леніным пабеглі людзі адцягваць тых ад дзьвярэй. Некаторыя з натоўпа пачалі крычаць “правакатары”. Цяжка сказаць, ці насамрэч правакатары. Я стаяў побач і бачыў, што сярод тых, хто б’е шкло, шмат звычайных людзей, якія проста знаходзіліся ў стане эйфарыі ад таго, што яны прайшлі да Дома Ўрада. Гэтыя ўдары ў шкло былі фактычна адзіным сродкам у гэтую хвіліну паказаць сваю пазіцыю. Магчыма, шкло білі звычайныя людзі, але падстаракалі іх да гэтага правакатары ў штацкім. Магчыма, сярод тых, хто біў шкло, таксама былі правакатары. У кожным разе, на пляцоўцы перад Домам Урада было шмат спецназаўцаў у цывільным, а таксама правакатараў, якія проста на вачах пілі гарэлку з гарла. Іх старанна здымала БТ і ОНТ (я пазнаў іх твары).
Бакавыя ўваходы ў Дом Урада былі заблакаваныя зь сярэдзіны спецназам са шчытамі. Галоўны ўваход быў забарыкадаваны сталамі, якія зь іншага боку таксама падпіралі спецназаўцы (гэта стала бачна, калі сталы троху ссунулі). Калі людзі разьбілі амаль усе дзьверы і паадчынялі некаторыя зь іх, з боку міністэрства адукацыі выбеглі спецназаўцы ў чорнай форме. Іх было спачатку ня вельмі шмат – яны адпіхвалі ўсіх, занялі ў два шэрагі дзьверы Дома Урада. Пад шуміху зьбілі карэспандэнта “Салідарнасьці” Руслана Гарбачова – спецназаўцы ў цывільным павалілі яго на зямлю, сарвалі бэдж і зьбівалі нагамі ў жывот. Па твары не білі.
Я быў побач з Кастусём Лашкевічам і іншымі тутбаеўцамі. Калі б мы не адцягнулі Кастуся, яго затапталі б адразу – ён апынуўся якраз на дарозе спецназа, стаяў да іх сьпінай і вёў трансляцыю. Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу Някляева, сказаў тутбаю, што “Статкевіч і Саньнікаў” сарвалі ім план мірнай рэвалюцыі і што ён не ўхваляе іх дзеяньняў”.
Кандыдаты працягвалі выступаць зь Леніна. Крычалі “міліцыя з народам”. У пэўны момант думалі, што міліцыя сыходзіць. Насамрэч, яна проста выстройвалася. У нейкі момант спецназаўцы пачалі бегчы на пляцоўку перад Домам Урада хмараю. Усе адыйшлі на плошчу. З плошчы здавалася, што спецназаўцаў 2-3 тысячы. Выступоўцы заставаліся на трыбуне, заклікалі заставацца ўсіх. Але мірныя бяззбройныя людзі баяліся касманаўтаў у касках ды са шчытамі і адыходзілі. Дарэчы, наконт заклікаў з трыбуны адносна Дома Ўрада. Я чуў, як Статкевіч казаў, што яны “увойдуць у Дом Урада, каб весьці перамовы”. Саньнікаў заклікаў заставацца на плошчы і чакаць перамоваў з сілавымі міністрамі. А Рымашэўскі заклікаў спыніць штурм увахода ў Дом Урада, бо “супраціў негвалотоўны”. Заклікаў да штурму Дома Ўрау я ня чуў. Аднак “адрозьненьні ў паказаньнях” кандыдатаў усё адно гучалі дзіўна. Здаецца, час дамовіцца быў. А было адчуваньне, што воз цягнуць “лебедзь, рак і шчупак”
Калі людзі адыйшлі на плошчу, я пабачыў Уладзімера Арлова, якога мянты пакачалі ў сьнезе – паліто было белае. Потым сустрэў Віктара Марціновіча, які па-ангельску тлумачыў замежнаму журналісту, што адбываецца. Замежнік лыпаў вачыма – выгладала, што ён у лёгкім шоку ад пабачанага. Я бачыў людзей з разьбітымі галовамі, у крыві. Сябар распавёў, як яны з жонкай несьлі ў “хуткую дапамогу” скрываўленую жанчыну, якая не магла сама ісьці. Там яны пабачылі сям’ю: бацьку, маці і непаўнагадовую дачку. Бацька быў моцна зьбіты, а дачка была ў істэрыцы: ёй перабілі рукі, яна не магла іх падняць. Спецназ дзейнічаў традыцыйна подла і не па-мужчынску: выхоплівалі слабых бяззбройных людзей ззаду натоўпа, валілі на зямлю, зьбівалі нагамі і дубінкамі.
Уздоўж праспэкта – ад педінстытута да сярэдзіны плошчы выстраіліся салдаты – у зялёнай форме, у жалезных касках. Людзей гналі на скрыжаваньне ля паштамта і гатэлю “Мінск”. Там таксама былі пашыхтаваныя салдаты – каб людзі не пайшлі па праспэкце ў бок Кастрычніцкай плошчы. У выніку натоўп расьсеклі – частка апынулася перад гатэлем “Мінск”, частка – пайшла ў бок стадыёна “Дынама”, частка – на Карламарла. Калі людзі праходзілі міма салдат, яны крычалі ім “здраднікі”, “мразі”.
Пасля гэтага я сыйшоў і на свае вочы больш нічога не бачыў. Званілі відавочцы, якія распавядалі, што бачылі. Як насупраць КДБ даішнікі спынілі чырвоную “таёту”, пабілі шкло і выцягнулі кіроўцу ды пасажыра. Выглядае, што гэта нейкі актывіст спрабаваў выбрацца з раёна дзеяньняў. Каля ўвахода ў метро “Плошча Незалежнасьці” затрымалі Кастуся Лашкевіча з тутбая. Ён стаяў разам з маім сябрам Яўгенам Валошыным. Валошын кажа, што яны ўжо зьбіраліся ісьці ў мэтро, як нехта са спецназаўцаў паказаў на іх пальцам: “сматры, эта то жывотнае, каторае кідала ў нас камянямі”. Спецназаўцы зарагаталі, схапілі іх і пацягнулі ў аўтазак. Валошыну ўдалося вырвацца, паказаўшы пасьведчаньне, на пасьведчаньне Лашкевіча не зьвярнулі ўвагу. Потым Кастусь распавёў, што спецназаўцы, пачуўшы ягоную беларускую мову, казалі: “хапай гэтага паляка!”.
Гэта – тое, што я бачыў ці чуў ад сваіх сяброў. Астатняе вы чыталі ў нэце.