it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 11

Канцэрт 16 снежня на вершы класікаў беларускай літаратуры збіраюцца наведаць Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха.

«Белая яблыня грому» – праграма Лявона Вольскага на вершы беларускіх класікаў: Чачот, Міцкевіч, Багушэвіч, Багдановіч, Купала, Колас, Броўка, Танк, Куляшоў, Геніюш, Панчанка, Барадулін. Прэм’ера праграмы адбылася ў сакавіку ў Купалаўскім тэатры пры поўным аншлагу.

– Нас тады папракалі, што была абраная такая маленькая зала, – кажа Лявон Вольскі. – Але камерны тэатр – выдатнае месца для такіх імпрэзаў!.. Цяпер, калі мы вырашылі прадставіць публіцы пашыраную версію канцэрта супалі 2 рэчы – Купалаўскі тэатр зачыніўся на рэстаўрацыю, і зала мусіла быць ужо большая. Таму 16 снежня “Белая яблыня грому” будзе прадстаўленая ў канцэртнай зале «Мінск»!

Тыя, хто быў на прэм’еры – смела могуць замаўляць квіткі зноў. Па-першае, дадаліся новыя спевы: на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Па-другое, на канцэрце Лявон заспявае шмат новых песень, якія не чулі яшчэ нават самыя адданыя фанаты.

– Пакуль што мы трымаем гэта ў сакрэце, каб зрабіць большы сюрпрыз!.. – усміхаецца Вольскі.

Дарэчы, з дванаццаці паэтаў, на чые вершы напісаная «Белая яблына грому», цяпер жыве толькі адзін – народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, на чый верш была створаная заглаўная песня праграмы. Таму Вольскі проста не мог не запрасіць Дзядзьку Рыгора на канцэрт.

– Мы запрашалі Рыгора Іванавіча яшчэ на першы канцэрт у сакавіку, але тады ён толькі выйшаў з лякарні і прысутнічаць не змог, – кажа Лявон Вольскі. – Гэтым разам, спадзяюся, у класіка атрымаецца.

Апроч Барадуліна, Вольскі вырашыў запрасіць на канцэрт яшчэ двух класікаў сучаснай беларускай літаратуры – паэта Генадзя Бураўкіна (сярод іншага, аўтара славутай «Калыханкі») і перакладчыка Васіля Сёмуху («Біблія», «Фаўст» і г.д.). Перадача запрашэнняў адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы і атрымалася вельмі сімвалічнай.

– Я ўдзельнічаў у прэзентацыі першага непадцэнзурнага твора Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы», – распавядае Лявон Вольскі. – Там жа былі шаноўныя Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха. І ўсё выйшла сімвалічна, амаль як у Дантэ: сама «Белая яблыня грому» створаная на вершы класікаў, і падчас імпрэзы ў памяць класіка Караткевіча я запрасіў на канцэрт жывых класікаў!..

Лявон Вольскі запрашае на канцэрт і Вас – у атачэнні класікаў, напярэдадні Калядаў атрымаць зарад класічнага беларускага пазітыву!

«Белая яблыня грому»
16 снежня (чацвер) а 19-й гадзіне
КЗ «Мінск»

Квіткі (017) 2801510, (029) 6555596
www.soundline.by

Тэгі: