it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 04

У 1977 годзе Аляксандр Грышкевіч прыехаў у Мінск з Маладзечна — паступаць у мастацкае вучылішча. Хлопец настолькі баяўся, што аўтобус "завязе яго не туды", што пайшоў ад вакзала пехам ажно да цяперашняй вуліцы Сурганава, дзе месцілася вучылішча. Праходзячы каля Нацбанка, Грышкевіч і падумаць не мог, што праз 33 гады будзе сядзець на паддашку суседняга будынка ў сваёй майстэрні і распавядаць спецыяльнаму карэспандэнту "Звязды" Глебу ЛАБАДЗЕНКУ пра свае "маладзечанскія" мары.

— Дарэчы, я паступіў з другога разу — першы раз атрымаў двойку па кампазіцыі, а потым ужо закінуў вучобу, заняўся толькі маляваннем — мара была стаць мастаком.

— А да гэтага вы дзе навучаліся? Ці вось так — ад Бога?

— Ад Бога толькі мара была. Астатняе — ад маіх выдатных настаўнікаў. Цяпер я разумею, як мне пашанцавала!.. У Маладзечанскай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мяне вучылі такія бліскучыя майстры, як Кастусь Іванавіч Харашэвіч, Ядзвіга Іосіфаўна Радзялоўская, Юрый Паўлавіч Герасіменка... Я вельмі ўдзячны ім за гэта. На доме, дзе жыў Юрый Паўлавіч, варта было б павесіць мемарыяльную дошку — ён аформіў вельмі шмат кніг, якія выходзілі агромністымі накладамі!.. Ядзвіга Іосіфаўна таксама заслугоўвае помніка ці мемарыяльнай дошкі! А Кастусь Іванавіч, дзякаваць Богу, яшчэ жыве! Гэта ўнікальны, выбітны мастак — беларускі Пірасмані! Ён атрымаў адукацыю толькі ў вучылішчы, але дасягнуў вельмі высокага ўзроўню!..

— Гэтая Маладзечанская студыя вядзе даўнюю гісторыю?

— Студыі ўжо 55 год. Я прыйшоў туды, калі мне было гадоў 13. Да гэтага часу маляваў дома як умеў, як мог. Потым дазнаўся пра студыю, пайшоў туды вучыцца. Першым маім настаўнікам быў якраз Харашэвіч. Студыя тады была ў бібліятэцы Крупскай — сёння гэта, дзякаваць Богу, бібліятэка імя Багдановіча. Там былі два памяшканні. У адным шчыравалі будучыя скульптары, а ў другім мы сядзелі і малявалі нацюрморты, партрэты... Радзялоўская больш займалася керамікай, прыкладнымі рэчамі, а Харашэвіч вёў дысцыпліны жывапісу, малюнка. Радзялоўскую мы звалі "Пані Ядзя" — яна жыла ў Польшчы, была полькай, потым з мужам пераехала ў Маладзечна. Харашэвіч мне запомніўся як вельмі строгі настаўнік, з якім не пажартуеш. Памятаю, як я пасля лета прынёс пачак сваіх эцюдаў і расклаў іх у фае гарадскога Дома культуры, каб усе любаваліся. Як ён мяне разбамбіў — каменя на камені не пакінуў!..

— І як вы пасля гэтага рукі не апусцілі?

— Я думаю, што ён меў нейкую рацыю. Я, як вучань, глядзеў яму ў рот, мне хацелася навучыцца. Я разумеў, што гэта не так проста.

— Апроч сваіх настаўнікаў, на каго з мастакоў вы раўняліся?

— У тым узросце ўсё, што мне трапляла ў рукі, — усё было мне цікавае. Альбомаў тады не было... Гэта зараз у мяне бібліятэка па мастацтве налічвае 3000 тамоў. Тады былі часопісы — напрыклад, "Огонёк", — дзе ўдавалася пабачыць нейкія рэпрадукцыі. Мы выразалі іх, разглядалі.

— Колькі вядомых мастакоў выйшла з вашай студыі?

— Уладзімір Бірыцкі — зараз выкладае ў Акадэміі мастацтва. Людміла Церах — таксама. Я ў свой час, дарэчы, марыў быць мастаком, які малюе афішы ў кінатэатрах... З Маладзечна паходзіць Меер Аксельрод — ён жыў недалёка ад мяне. Ягоны брат, Зэлік Аксельрод, быў вядомым паэтам... Мяркую, што Меер Аксельрод, сусветна вядомы мастак, заслугоўвае памятнай шыльды ці нават помніка! Гэта напраўду быў выбітны мастак! З іншых маладзечанскіх мастакоў назаву Рамана Семашкевіча... Язэп Драздовіч, Фердынанд Рушчыц — хоць і не паходзяць з Маладзечна, але звязаныя з нашым горадам. І сёння — Мікола Аўчыннікаў, Аляксандр Пашкевіч, Уладзімір Тамашэвіч, Васіль Лазоўскі, Віктар Камлюк... Усе яны — сябры Саюза мастакоў!

— Як вы лічыце, што за феномен — столькі мастакоў з аднаго горада?

— Думаю, усё гэта — дзякуючы толькі студыі і мастакам, якія там выкладалі. Таму што таленавітыя людзі нараджаюцца паўсюль, але талент трэба развіваць, накіроўваць. Што і рабілі нашы цудоўныя выкладчыкі, якія нас "запальвалі"!..

— Існуе меркаванне, што Маладзечна — бедны горад на помнікі архітэктуры. Ці сапраўды настолькі мала захавалася?

— Захавалася сапраўды няшмат. Але нават тое, што захавалася — не заўжды прадстаўлена найлепшым чынам. Скажам, былы кляштар трынітарыяў, які датуецца 1762 годам, — гэта самы стары будынак у Маладзечне. Цяпер ён знаходзіцца на тэрыторыі мэблевай фабрыкі. Думаю, яны захоўваюць яго ў належным стане, але ж да яго не падысці простаму чалавеку — гэта тэрыторыя прадпрыемства!.. Мяркую, варта было б зрабіць нейкі падыход, нейкую сцежачку — і павесіць на будынку мемарыяльную дошку. Бо там, дарэчы, пэўны час месцілася маладзечанская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся выбітныя людзі — Чарот, Рак-Міхайлоўскі, Забэйда-Суміцкі... Калі казаць пра помнікі культуры — засталося таксама месца, дзе стаяў палац Агінскага. Там можна было б зрабіць парк, паставіць памятны знак, праводзіць там мастацкія пленэры...

— Спадар Аляксандр, у наступным годзе ваш родны горад прыме свята ўраджаю "Дажынкі". Думаю, будзе шмат прапаноў, як упрыгожыць горад, што зрабіць, як добраўпарадкаваць. Што прапануеце вы, як вядомы мастак і ўраджэнец Маладзечна?

— Думаю, не буду дужа арыгінальным, калі скажу, што мару пабачыць у Маладзечне мастацкі музей ці хоць бы галерэю, якая стане пляцоўкай для мастакоў, — яны змогуць там паказаць свае творы. Зразумела, гэта павінна быць недзе ў цэнтры. Калі будуць, як збіраюцца, рабіць такі маладзечанскі "арбат" на вуліцы Прытыцкага — я думаю, недзе там і месца для галерэі. А потым галерэя можа перарасці ў музей — бо ўдзячныя мастакі будуць, я ўпэўнены, пасля выставаў пакідаць свае творы. Асабіста я гатовы найперш перадаць у такі музей свае працы, а таксама нешта са сваёй даволі багатай калекцыі прац беларускіх мастакоў!

— Родны горад натхняе вас на творчасць?

— Большасць сюжэтаў маіх карцін — адтуль. Дамочкі пад заснежанымі дахамі... Лясы вакол Маладзечна, пагоркі і палі... Родны горад і цяпер натхняе мяне, я ўвесь час імкнуся туды! Перакананы, што да такой падзеі, як "Дажынкі", мастацкая галерэя стане шыкоўным падарункам нашаму гораду!

Тэгі: