it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 03

Якія выбітныя людзі бывалі ў нашай краіне ці паходзяць адсюль?

Ці мог я падумаць, стоячы ў верасні на плошчы Караля ў Барселоне, што да мяне тут стаяў наш з вамі суайчыннік? І зусім не цікаўны турыст з Лельчыц ці Пухавіч, а самы сапраўдны Хрыстафор Калумб. Так-так, той самы, што ў 1492 годзе адкрыў Амерыку. Менавіта пасля таго трыумфальнага ваяжу яго сустракалі на гэтай плошчы кароль Фердынанд з каралевай Ізабэлай.

Днямі беларускі інтэрнэт страсянула вестка: Калумб — наш! І не проста нейкі селянін з-пад Пружан, а сын самога Ягайлы! Я, прызнацца шчыра, не моцна здзівіўся, бо даўно звыкся, што ўсе выбітныя людзі — з Беларусі. Што каб не мы, не было б Гавайскіх астравоў (першы прэзідэнт — Мікола Судзілоўскі з Магілёва), не было б Ізраіля (першы прэзідэнт — Хаім Вейцман з Моталя пад Пінскам). Цяпер аказваецца, што каб не дзядзька Хрыстафор (ці Крыштап, як яго, напэўна, называла б мясцовая шляхта) — не было б і Амерыкі!..

Пабачыўшы такія навіны, не пачынайце спрачацца. Гэта вялікая загана нашай нацыі — апантана займацца самабічаваннем, самапрыніжэннем. У той час, як іншыя народы не стамляюцца знаходзіць сабе ўсё новых герояў. І вось мы бачым у Варшаве мемарыяльныя табліцы вялікаму польскаму паэту Адаму Міцкевічу з-пад Наваградка, вялікаму польскаму кампазітару Станіславу Манюшку з-пад Мінска. У Вільні героі іншыя — знаны літовец Костас Калінаўскас, выбітная літоўка Барбара Радвілайтэ, шчыры патрыёт Палангі Бенедыктас Тышкявічус і той жа шматпакутны Адам — Адомас Міцкявічус адпаведна. І толькі беларусы, пачуўшы навіну пра Калумба, пачынаюць з пенай у роце даводзіць адно аднаму, што гэта не можа быць праўдай, што ён — генуэзец! А мы — людзі шэрыя, нашая хата з краю. А я веру. Хоць, паглядзеўшы першакрыніцы тае навіны, ад душы парадаваўся фантазіі некаторых сваіх калегаў. З радасцю дадаю Хрыстафора Дамінікавіча Калумба ў спіс выбітных беларусаў. А спіс гэты немалы.

Ад Тадэвуша Касцюшкі да Майкла Дугласа

Вы, безумоўна, усе добра ведаеце гэтыя імёны. Таму дазволю сабе нагадаць іх коратка, тэлеграфна. Спытаецца ў вас неабазнаны замежнік, хто з Беларусі — а вы яму адным махам цэлы спіс!

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі Тадэвуш Касцюшка, як вы ведаеце, паходзіць з Мерачоўшчыны ў Брэсцкай вобласці. Нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка — з Мядзведкі, што непадалёк ад Карэлічаў. Слынны даследчык энергіі Сонца Аляксандр Чыжэўскі — з Гродзенскай вобласці. Нобелеўскі лаўрэат па фізіцы Жарэс Алфёраў нарадзіўся ў Віцебску, а вучыўся ў Мінску. Пра касманаўтаў Клімука і Кавалёнка ведае кожны беларус. З мастакоў — Хаім Суцін, Марк Шагал, Леў Бакст... Навукоўцы Ота Шмідт, Іван Чэрскі, Бенедыкт Дыбоўскі. Славуты авіяканструктар Павел Сухі. Даследчык акіяна Жак Іў Кусто — у Беларусі і цяпер жывуць ягоныя сваякі з прозвішчам Куст. Кампазітар Дзмітрый Шастаковіч. Стваральнік бальзама "Бітнэр" Адольф Бітнэр. Людвік Заменгоф — стваральнік штучнай мовы эсперанта. Зыгмунт Юркоўскі — вынаходнік затвора для фотаапарата, які і па сёння ёсць ва ўсіх без выключэння апаратах! Вынаходнік гіпса Карл Гібенталь — з Віцебска. Адкрывальнік Вавілона Максіміліян Рыло — наш! Заснавальнік найноўшай амерыканскай школы скульптуры Генрых Дмахоўскі. Французскі паэт Гіём Апалінэр, як вы памятаеце, быў блізкім сваяком нашага Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). Дзед рускага паэта Яўгена Яўтушэнкі — з вёскі Хамічы ў Калінкавіцкім раёне, ягоныя сваякі і цяпер жывуць там. Заснавальнік амерыканскай кінакампаніі "Метра-Голдвін-Маер" Луіс Барт Маер нарадзіўся ў Мінску. Цяперашні прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс — з вёскі Вішнева пад Валожыным. Калі ў 2007 годзе генпракурорам ЗША стаў Майкл М'юкейсі, адразу высветлілася, што насамрэч ён — Міша Мукасей, а ў Беларусі жыве нямала ягоных сваякоў!

А нядаўна ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што актор Майкл Дуглас таксама мае беларускія карані. Цяпер ён можа стварыць клуб выбітных беларусаў, куды запросіць таксама актора Харысана Форда, хакеіста Уэйна Грэцкі...

Думаю, кожны з вас з лішкам дапоўніць гэты пералік.

Авідзій і Герадот бывалі ў Пінскіх балотах!

Літаратар Пятро ВАСЮЧЭНКА, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта лічыць, што мы павінны "выкарыстоўваць" на сваю карысць не толькі імёны людзей, якія паходзяць з Беларусі, але і віп-асобаў, якія бывалі тут па розных справах.

— У Вільні вы пабачыце на адным з дамоў шыльду, што "Тут быў Стэндаль", у Празе на кожным кроку сустракаюцца напаміны пра Франца Кафку, у Варшаве — пра Манюшку ці Шапэна, — прыводзіць прыклады Васючэнка. — І толькі мы не выкарыстоўваем такі агромністы патэнцыял. Праз нашу зямлю, з-за нашага "цэнтральнага" становішча, прайшло багата сусветна вядомых дзеячаў! Памятаеце, як за савецкім часам панавешалі шыльдаў на ўсіх станцыях, праз якія праязджаў (нават не спыняючыся!) Ленін?! Дык вось, бывалі тут і іншыя вядомыя людзі!..

Пятро Васючэнка кажа, што пачынаць піяр-акцыю трэба з антычных герояў.

— Не здзіўлю чытачоў "Звязды", калі скажу, што ў Беларусі бываў Герадот, — кажа спадар Пятро. — "Бацька гісторыі", як вядома, шукаў Гіпербарэю — міфалагічную паўночную краіну, дзе жыў нібыта пацалаваны Богам народ гіпербарэяў. І гэтыя пошукі прывялі яго ў палескія балоты. Тады яшчэ некранутыя меліярацыяй, балоты былі настолькі бязмежныя, што падаліся Герадоту морам. Адтуль і пайшоў выраз "Герадотава мора". Так што на Палессі можна смела ставіць мемарыяльныя знакі кшталту "Тут быў Герадот!.."

У кампанію да Герадота Васючэнка прапануе дадаць старажытнарымскага паэта Авідзія.

— З ім яшчэ цікавей, — кажа даследчык. — Яго выслалі на Чорнае мора за тое, што завёў раман з Юліяй — унучкай свайго патрона, імператара Аўгуста. І ў гэтай ссылцы ён нібыта дабраўся і да нашых краёў. Народная памяць зафіксавала гэты міф — каля Кажан-Гарадка Лунінецкага раёна засталіся Авідзіевы горы, а пад Давыд-Гарадком ёсць Відушава гара. "Відуш" — гэта беларуская версія імя Авідзій. Паводле апокрыфа, Авідзій жыў у Беларусі на гары, з якой назіраў за людзьмі і апісваў іх на польска-пінскай мове. Але потым яму стала сорамна, што піша "па-варварску", — і ён пераклаў вершы на лаціну. Ведаеце, перачытваючы Авідзія, можна пры жаданні сапраўды знайсці агульныя месцы з нашымі фальклорам і міфалогіяй!

Мюнхгаўзен служыў у Гродне!

Пра барона Мюнхгаўзена Пятро Васючэнка гаворыць з асаблівай пяшчотай.

— Гістарычна абсалютна дакладна засведчана, што легендарны Карл Фрыдрых Еранім барон фон Мюнхгаўзен аўф Бодэнвердар служыў у Гродне, кіраваў гусарскім полкам! І ў нас яго ўразіў каласальны холад і снег — якраз як у гэтыя дні!.. У прыгодах Мюнхгаўзена ёсць эпізод, дзе ён прывязаў каня за нейкую палку, а калі сышоў снег, высветлілася, што конь вісіць на шпілі касцёльнай званіцы! Чаму гэта не можа быць, скажам, званіца касцёла бернардынцаў у Гродне?..

А свае байкі, лічыць спадар Васючэнка, Мюнхгаўзен "падгледзеў"... у Пане Каханку, Караля Станіслава Радзівіла!

— Яны жылі ў адзін час. І Мюнхгаўзен не мог не чуць дзясяткі легендаў і міфаў пра прыгоды Пане Каханку! Па вяртанні на радзіму Мюнхгаўзен шмат што з гэтага папросту прыпісаў сабе! Напрыклад, байку пра літоўскага каня, якую любіў распавядаць Пане Каханку: як ягонага каня рассеклі ў бітве напалову, і пярэдняя палова пайшла есці траву, а задняя — радаваць усіх кабыл у наваколлі. Пасля чаго нарадзілася шмат літоўскіх коней! Такая ж байка ёсць і ў Мюнхгаўзена!

З іншых "плагіячаных" баек — пра цуда-сродак ад аблысення, ад якога ў конюха выраслі валасы нават на далонях, а конь стаў кучаравы. Пра тое, як князь (а ў іх — барон) выцягваў сам сябе за валасы з балота. Ці пра тое, як на галаве ў аленя вырасла ці то персікавае, ці то вішнёвае дрэва...

Дарэчы, у Глыбокім на старых могілках вы пабачыце магілу Фердынанда і Вільгельміны фон Мюнхгаўзен. Нашчадкі?..

Эйнштэйн мог працаваць у БДУ!

Спадар Васючэнка згадвае гісторыю, як славуты фізік Альберт Эйнштэйн ледзьве не паступіў на працу ў Белдзяржуніверсітэт.

— У 1928 годзе з Нямеччыны на радзіму ў Беларусь вярнуўся адзін з вучняў Эйнштэйна Якаў Громер. Нобелеўскі лаўрэат асабіста пісаў Якаву рэкамендацыйныя лісты! Пазней, у 1931 годзе, калі Эйнштэйн вырашыў з'ехаць з Берліна, Громер як варыянт прапанаваў яму працаваць у БДУ. Кажуць, захаваўся нават ліст Эйнштэйна аб магчымасці ягонай працы ў нашай галоўнай ВНУ. Але тагачасны кіраўнік краіны Мікалай Гікала пабаяўся прымаць рашэнне сам, вырашыў параіцца са Сталіным. І Сталін, паводле легенды, адказаў: "Няхай гэты сіяніст далей грае на скрыпцы ў сінагозе ў сябе дома". Але на галоўным корпусе БДУ я проста бачу шыльду "Тут мог працаваць Эйнштэйн!"

Васючэнка распавядае, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску можна было пачуць выхваленні гаспадароў розных кавярняў, што "вунь за тым столікам сядзеў Оскар Уальд, а за гэтым — Стэндаль". Ёсць у Мінску і будынак, дзе жыў Напалеон — цяпер гэта музычны каледж злева ад каталіцкай Катэдры.

— У 1902 годзе "тата" Шэрлака Холмса Артур Конан Дойль напісаў адну з частак сваіх славутых "Прыгодаў брыгадзіра Жэрара". Называлася яна... "Як брыгадзір пабываў у Менску". Чытаем: "Вось тут, на поўдзень ад нас, — сказаў ён, — горад Менск. Рускі перабежчык паведаміў, што ў гарадской ратушы захоўваюцца вялікія запасы збожжа. Бярыце людзей, колькі лічыце патрэбным, накіроўвайцеся ў Менск, захапіце збожжа, грузіце яго на вазы, якія знойдзеце ў горадзе, і далучайцеся да нас на Смаленскай дарозе..." Так што каля Ратушы можна лёгка ўявіць сабе помнік брыгадзіру Жэрару ці самому Конан Дойлю, з якім ахвотна будуць фатаграфавацца турысты і самі беларусы! Дарэчы, Жэрара ўвяла ў зман адна патрыятычна настроеная беларуская паненка, якая знарок няправільна пераклала ліст, што іх "з нецярпеннем чакаюць у горадзе". Жэрар быў дужа здзіўлены, калі мінчане сустрэлі іх у штыкі!..

Усе ў Бабруйск? Усе з Бабруйска!..

Напэўна, Бабруйск — самы вядомы беларускі горад. Памятаеце, у Ільфа і Пятрова ў "Залатым цяляці": "Усе пагаджаліся ехаць у Бабруйск хоць зараз. Бабруйск лічыўся цудоўным, высокакультурным месцам..."

Калі сказаць, што палова Ізраіля — з Бабруйска, тут не будзе моцнага перабольшання. Тут вы знойдзеце розных ураджэнцаў Бабруйска — ад простага грамадзяніна да высокага дзяржаўнага чыноўніка.

Бабруйск стаў яўрэйскім цэнтрам невыпадкова — пасля выхаду ўказа пра мяжу яўрэйскай аселасці ўсе яўрэі з наваколля Бабруйска мусілі перабрацца ў мястэчка. І, відаць, у гэтым наваколлі іх было нямала.

— У Бабруйску самым распаўсюджаным прозвішчам было Кацнельсон, — кажа Іна ГЕРАСІМАВА, кандыдат гістарычных навук, дырэктар мінскага Музея гісторыі і культуры яўрэяў у Беларусі. — Сто гадоў таму ў Бабруйску нават была такая прымаўка: "Калі кінеш камень — абавязкова патрапіш у Кацнельсона!" З гэтай сям'і, між іншым, выйшла шмат выбітных людзей. Напрыклад, Берл Кацнельсон — заснавальнік прафсаюзнага руху Ізраіля "Гістрадут". Нісон Кацнельсон быў шырока вядомы ў Расіі, уваходзіў у склад першай Дзяржаўнай Думы. Як вядома, гэтую Думу хутка распусцілі, і група дэпутатаў, у тым ліку і Нісон, звярнуліся да грамадзян з заклікам не плаціць падаткі і ўхіляцца ад службы ў войску. Нісона, разам з астатнімі, арыштавалі і прысудзілі тры месяцы турмы. Па іроніі лёсу, гэтае пакаранне ён адбываў... у Бабруйску! Турма месцілася ў крэпасці. Потым Нісон з'ехаў у Латвію, ажаніўся і ўзначаліў эміграцыйны камітэт. Ягоны брат Рэўвен быў у Палесціне адным з арганізатараў страхавых медыцынскіх касаў і сістэмы сацыяльнай дапамогі, займаў пасаду ў рангу міністра.

Але, кажа Іна Паўлаўна, самай вядомай з Кацнельсонаў была Рахель Шазар-Кацнельсон. Яна, простая дзяўчына з Бабруйска, з'ехала ў Ізраіль і стала там жонкай прэзідэнта гэтай краіны. Ці трэба казаць, што сам прэзідэнт Залман Шазар быў з вёскі Свержань пад Стоўбцамі?..

Сканчаючы "бабруйскую" тэму, можна згадаць бабруйчаніна Кадзіша Лоза (быў старшынёй ізраільскага парламента), ягонага сябра Абу Ахімеера (вядомы ізраільскі грамадскі дзеяч). З літаратараў яўрэі шануюць бабруйчан Давіда Шымані, Іцхака Кацнельсона, Мойшу Шведзіка, Піню Плоткіна ды пісьменніка-гумарыста Эфраіма Севелу.

Хачу адразу суцішыць тых, хто будзе разважаць, што гэтыя людзі былі не беларусамі, а яўрэямі. Фармулёўка "ўраджэнец Беларусі" дае нам шырозазнае поле для разваг на тэму "нашых вялікіх землякоў"!.. Да таго ж, ці сталі б яны тымі, кім сталі, калі б нарадзіліся дзе ў іншым месцы — гэта яшчэ пытанне.

Што было і што магло быць

Нават калі вы ўсміхнуліся пры пераліку напаўміфічных імёнаў ці пры пераліку здагадак "хто тут мог бываць" — не спяшайцеся адмаўляць. Гісторыя нацыі складаецца не толькі з таго, што было, але і з таго, што магло быць. Нацыя без міфаў — голая, бездапаможная. Міфы — гэта генетычная памяць народа, здольнасць ганарыцца і гераізаваць уласную гісторыю. Савецкая ўлада старанна выбівала гэтую памяць з беларусаў, прывучаючы нас да думкі, што беларус — гэта "дурны селянін з каўтуном у валасах, які сядзіць пры сваёй гнілой хатцы і плача аб гаротнай долі" (гэтыя словы належаць філосафу Валянціну Акудовічу). Магчыма, хто-ніхто з савецкіх беларусаў такім і быў — усіх іншых знішчаў Сталін і ягоная хунта. Нам засталося аднаўляць нашу гісторыю, нашу нацыянальную памяць па міфах, легендах, па слаўных старонках нашай гісторыі. І ганарыцца найлепшай яе парою, найлепшымі яе людзьмі.

Не будзьма змагацца самі з сабой. Сваякі Калумба, адгукніцеся!..

Тэгі: ,